Пошук

31.07.2019 14:18   Паводле: рускатолик.рф / Catholic.by
Фота pixaby.com

Ксёндз Цім Байран SІ, які працуе з навучальнымі ўстановамі як супрацоўнік «Інстытута езуітаў», а да нядаўняга часу — каталіцкі капелан універсітэтаў Манчэстэра, разважае над асаблівасцямі жыцця ў інтэрнэце і дзеліцца некаторымі рэкамендацыямі.

Разважанні святара прыводзіць Рускатолик.рф.

У 2009 г. папа Бэнэдыкт XVI вобразна, але вельмі дакладна апісаў інтэрнэт як «Новы кантынент». Аднойчы я правёў цудоўны вечар, абмяркоўваючы са студэнтамі, як можна быць «лічбавымі місіянерамі» гэтага новага кантыненту. Мы закранулі самыя розныя тэмы: распазнаванне ў інтэрнэце, «лічбавая навігацыя» і спосабы пазбягаць лічбавых меляў і падводных камянёў, каб не пацярпець караблекрушэння.

Урэшце мы прыйшлі да згоды, што знаходзімся на крутым і невядомым раней віражы, таму павінны вучыць адзін аднаго, як выкарыстоўваць лічбавыя тэхналогіі мудра і на дабро. Магчыма, нават варта было б заснаваць «Групу адказнага карыстання лічбавымі тэхналогіямі», каб дзяліцца такімі ідэямі.

Агульнымі намаганнямі ўсіх удзельнікаў абмеркавання мы сфармулявалі «10 лічбавых запаведзяў»:

1. Будзь верны сабе і праўдзівы ў тым, хто ты ёсць

Многія ствараюць у інтэрнэце ілжывыя вобразы сябе і свайго ладу жыцця. І гэта вядзе да зайздрасці з-за пастаяннага параўноўвання сябе з іншымі. Каб быць «місіянерам у лічбавым свеце», патрабуецца аўтэнтычнасць і цэласнасць. Гэта несумяшчальна з выкарыстаннем фальшывага імя, адрэтушаванай фоташопам знешнасці, выдуманых падзей і да т.п.


2. Захоўвай нядзелю — дзень адпачынку ад інтэрнэту і лічбавага асяроддзя

Усе згадзіліся, што лічбавая залежнасць — гэта рэальная праблема. Пагрузіўшыся ў Фэйсбук, Укантакце ці іншую сацсетку, мы праводзім там занадта шмат часу, прычым велізарная частка гэтага часу праходзіць дарэмна або нават ідзе на шкоду. Мае суразмоўцы ўсё больш цэняць нелічбавую рэальнасць.


3. Паважай сваіх сяброў і пытайся дазволу, перш чым іх тэгаць

Пад усепранікальным наглядам камер людзі сталі губляць разуменне таго, што з’яўляецца асабістым, а што — публічным. Мы заўсёды павінны памятаць, што згода ці дазвол іншага чалавека, нават самага блізкага, не з’яўляюцца само сабой зразумелымі: пра іх нельга меркаваць, аб іх трэба прасіць.


4. Пазбягай шматзадачнасці

Пасля бурнага абмеркавання мы ўсе, урэшце, згадзіліся з тым, што для мозгу шматзадачнасць — «шкодная ежа» і што ў інтэрнэце, як і ўсюды, трэба больш цаніць якасць, чым колькасць.


5. Запавольвай тэмп і рабі паўзы

Вельмі важна практыкаваць свядомы кантроль над сваімі імпульсамі, калі знаходзішся ў інтэрнэце, асабліва калі ён уцягвае цябе ў гарачую перапалку: зусім недарэчы і нягодна рабіцца самазадаволеным кіберхуліганам-католікам (асабліва калі ты святар).

У інтэрнэце і так дастаткова нянавісці, таму давайце не будзем дадаваць яшчэ.


6. Не марнуй і не рабі ставак у інтэрнэце на тыя грошы, якіх у цябе няма

Гэта стала тэмай самага гарачага амбмяркоўвання ў той вечар. Некаторыя з маладых людзей чулі жудасныя гісторыі пра тых, хто прамарнаваў у інтэрнэце ўсе грошы, узятыя ў крэдыт на атрыманне адукацыі і да т.п. Хаця адзін з удзельнікаў заўважыў: «Калі ведаеш, што пасля заканчэння ўніверсітэта на табе будзе паўмільёна доўгу па крэдытах, яшчэ адзін крэдыт не выглядае такой ужо сур’ёзнай праблемай… пакуль у дзверы не пачнуць грукаць судовыя прыставы».


7. Аддавай перавагу размовам з рэальнымі, а не віртуальнымі сябрамі

Мы абмяркоўвалі праблему сацыяльнай ізаляцыі, асабліва вострую самоту, якая становіцца ўсё больш распаўсюджанай у вялікіх студэнцкіх кампусах.

Мы ўсе згадзіліся, што нашмат больш дзейсна дзяліцца сваімі праблемамі з нямногімі рэальнымі сябрамі — твар у твар, за кубкам гарбаты, — чым выліваць іх у інтэрнэт.

Студэнты вельмі зацікавіліся працамі прафесара Масачусэцкага тэхналагічнага інстытута Шэры Тэркл, у прыватнасці, яе кнігай «Самотныя разам: чаму мы больш чакаем ад тэхналогій, чым адзін ад аднаго».


8. Пазбягай фальшывай блізкасці (інтымнасці)

Здаецца, усе згодныя, што, калі ты самотны (а гэта часам здараецца з усімі), спроба збегчы ад самоты анлайн прыводзіць ва ўсялякія цёмныя куткі, пасля наведвання якіх істотна ўзрастае рызыка шантажу і маніпуляцый. Вось дзе і калі так важная здольнасць да распазнавання ў лічбавай рэальнасці.


9. Не размяшчай пасты, не пасылай паведамленні, не каментуй, калі ты п’яны

Тут не трэба асаблівых тлумачэнняў: дастаткова сказаць, што інтэрнэт не ўмее ні забываць, ні прабачаць.


10. Будзь міратворцам у інтэрнэце і віртуальнай рэальнасці

У інтэрнэце і віртуальных рэальнасцях так шмат гневу, і нам не трэба нагнятаць яго яшчэ больш.

Абноўлена 31.07.2019 14:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа