Пошук

29.05.2019 14:18   Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота Аляксандры Шчыглінскай

З 21 па 30 чэрвеня ў Мінску будуць праходзіць ІІ Еўрапейскія гульні. Кс. Кірыл Бардонаў, адказны за душпастырства іх удзельнікаў, распавёў парталу Catholic.by пра тое, як яно будзе арганізавана.

— Дзеля чаго на спартовым мерапрыемстве патрэбныя святары?

— Плануецца, што ў ІІ Еўрапейскіх гульнях у Мінску возьмуць удзел больш за чатыры тысячы спартоўцаў з пяцідзесяці краін. Арганізатары мяркуюць, што большасць удзельнікаў будуць менавіта католікамі, таму неабходна разам з належнымі ўмовамі для спартовых трэніровак забяспечыць ім таксама адпаведныя ўмовы паўнавартаснага духоўнага жыцця.

— Дзе будзе арганізавана душпастырства ўдзельнікаў каманд?

— Размяшчэнне спартоўцаў, якія бяруць удзел у ІІ Еўрапейскіх гульнях, прадугледжана на тэрыторыі студэнцкага гарадка, што ў раёне станцыі метро «Пятроўшчына».

Гэтая тэрыторыя на час гульняў будзе цалкам закрыта для пабочных асобаў, і туды можна будзе трапіць толькі па спецыяльным пропуску, які маюць акрэдытаваныя душпастыры. Пропуск, дарэчы, дае права таксама на бясплатны праезд на гарадскім грамадскім транспарце на перыяд з 20 чэрвеня па 10 ліпеня.

Для духоўных патрэбаў удзельнікаў гульняў у алімпійскай вёсцы будзе дзейнічаць спецыяльны міжканфесійны цэнтр — вялікая аўдыторыя, якая на нейкі час будзе ператварацца ў каталіцкую капліцу.

— Як будзе выглядаць душпастырства падчас гульняў?

— Гэта перадусім пастаянная магчымасць удзельнічаць у св. Імшы, сустрэцца са святаром, паспавядацца, папрасіць благаслаўленне.

З гэтай мэтай мясцовыя акрэдытаваныя святары павінны забяспечыць пастаяннае дзяжурства ў алімпійскай вёсцы і штодзённую цэлебрацыю св. Імшы на англійскай мове. Гэта, канечне, асабліва актуальна ў нядзелю і ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, якая адзначаецца 29 чэрвеня.

— Хто будзе займацца душпастырствам спартоўцаў?

— Наша «каманда душпастыраў» складаецца з сямі святароў, якія валодаюць рознымі мовамі, каб мець магчымасць размаўляць са спартоўцамі з розных краін і пры неабходнасці цэлебраваць для іх св. Імшу таксама на іншых мовах, акрамя англійскай.

Акрэдытацыю, акрамя мяне, атрымалі а. Максім Варанюк OFMCap, кс. Віктар Гайдукевіч SDB, кс. Дзмітрый Занямонскі ОМІ, кс. Алег Каралёў SDB, а. Сяргей Мацюшонак OFMCap, кс. Ян Шарук SAC.

Усе акрэдытаваныя святары прайшлі працэдуру праверкі службамі бяспекі.

Дарэчы, некаторыя каманды прыедуць са сваімі капеланамі. Так, напрыклад, разам з польскай дружынай у Мінск прыедуць і святар, і біскуп, якія будуць штодзённа цэлебраваць св. Імшу на польскай мове.

Абноўлена 18.07.2019 14:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця