Пошук

10.04.2019 10:26   Тэкст: Яўген Вапа, Юрка Ляшчынскі / «Радыё Рацыя»

9 красавіка Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч даў інтэрв’ю беларускаму «Радыё Рацыя», якое вяшчае з Беластока, дзе цяпер праходзіць рэабілітацыю пасля аперацыі іерарх. Прапануем вашай увазе тэкст інтэрв’ю.

РР: Ваша Эксцэленцыя, першае пытанне звязана з набалелай праблемай — Курапаты.

Арцыбіскуп Кандрусевіч: Я цяпер знаходжуся ў Беластоку пасля цяжкай аперацыі, на лячэнні. Аднак, вядома, сачу за падзеямі. Я моцна ўзрушаны, што здымаюць крыжы. Напэўна, ёсць шмат апанентаў, асвечаныя яны ці не асвечаныя. Не ў гэтым справа.

Крыж застаецца крыжом, нават калі яго намаляваць на сцяне. Тым больш у такім месцы, дзе так шмат людзей загінула. І тым больш, што гэта адбылося падчас посту.

Я паважаю Праваслаўную Царкву. У іх таксама Тыдзень праслаўлення Крыжа.

Напэўна, там трэба рабіць парадак. Гэта трэба было зрабіць даўным-даўно, але ёсць як ёсць. Магчыма, трэба было гэтыя крыжы часова зняць, каб пасля іх паставіць. Мы таксама так робім, але перад гэтым кажам людзям, што так будзе.

І тут трэба было, і я ўпэўнены ў гэтым, заклікаць прадстаўнікоў усіх канфесій, не будзем глядзець: католік, праваслаўны, габрэй, веруючы, няверуючы, каб не было гэтага сацыяльнага выбуху. Ён адбыўся. А трэба было растлумачыць людзям.

І, вядома, я не мог маўчаць, бо знявага крыжа адбываецца. Тым больш у такім месцы і ў такі час!

Я не ведаю, хто такія каманды дае. Гэта час Вялікага посту. У галаве проста не ўкладваецца. Усё гэта можна было зрабіць цывілізавана.

Не ведаю, калі вярнуся, магчыма, нейкія размовы будуць з уладамі. Гэтая праблема не патрэбна ні нашай дзяржаве, ні нашаму грамадству, ні нашаму Касцёлу і Царкве.

РР: Вы родам з памежнага рэгіёну, дзе Беласточчына і Гарадзеншчына была адной прасторай. Крыжы ў гэтым краявідзе існавалі стагоддзямі. Ці ва ўспамінах з дзяцінства, з расказаў бацькоў, дзядоў хтосьці знішчаў крыжы?

Арцыбіскуп Кандрусевіч: Я нарадзіўся ў вёсцы Адэльск Гродзенскага раёна, там жылі католікі, там такога не было. Аднак дзесьці крыж стаяў у полі ці дзе, можа, іх было няшмат, але такія выпадкі былі.

Але ў той самы час — Вітаўтава фара, разбураная ў Гродне. Я вучыўся ў 10 класе, жыў, як кажуць, за Нёманам, у Гродне, <…> у францішканскай парафіі. І мне ў школу трэба было праязджаць праз Савецкую плошчу. Усе мы ведалі, што гэты касцёл хочуць разбурыць.

Да сённяшняга дня ўва мне гучыць голас чалавека. Аўтобус стаў на Савецкай плошчы, быў лістапад, цёмна яшчэ было, і ён сказаў: «Всё, костёла нет». Толькі ўбачыў сівы пыл на асфальце. Гэта таксама знішчэнне крыжа…

РР: У Адэльску касцёл працаваў увесь час?

Арцыбіскуп Кандрусевіч: Увесь час быў адчынены, хоць ксяндза доўгі час не было. Але крыжы ламалі ў многіх месцах.

Паедзьце ў мястэчка Свір, напрыклад, там каля касцёла стаіць крыж — ён такі пагнуты. Калі нам аддалі гэты касцёл на пачатку 90-х гадоў, пачаўся рамонт касцёла, нехта з вернікаў сказаў, што тут закапаны крыж. Адкапалі гэты крыж, які скінулі зверху, ён упаў, пагнуўся. Ксёндз сказаў: «Зробім новы, а гэты пакінем тут, каб людзі бачылі, што людзі зрабілі. Паднялі руку супраць крыжа. Ён сагнуты, аднак ён уверх паказвае».

Гэтыя крыжы, якія знялі ў Курапатах, яны таксама паказваюць уверх. На крыж трэба глядзець як на знак збаўлення, знак надзеі.

Мы ведаем, з чаго складаецца крыж: з дзвюх частак. Адна частка вертыкальная, другая частка гарызантальная. Гарызантальная прадстаўляе чалавека: грэшнага чалавека. Калі няма вертыкальнай, то закон Ньютана дзейнічае паўсюль: падае ўніз. Падае ў гэтае балота граху і застанецца там, таму патрэбная гэтая вертыкальная.

Гэты крыж нагадвае кожнаму чалавеку, што штосьці ёсць. Чаго ж баяцца крыжа? Я не ведаю.

Поўнае інтэрв’ю «Радыё Рацыя» ў аўдыёфармаце ТУТ>>>

Абноўлена 10.04.2019 12:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа