Пошук

29.12.2018 18:29   Тэкст: Вольга Качалка / Catholic.by

Фота: oroik.by

Ужо каля двух гадоў у Оршы праводзіцца біблійны курс «Эмаўс», на які з’язджаюцца вернікі з розных гарадоў, каб падчас уік-энду паглыбіць свае веды па Святым Пісанні. У праграме курса ёсць лекцыі, малітва, супольнае чытанне і разважанне над Божым словам, а кожная новая сустрэча прысвечана розным кнігам Бібліі.

Прапануем вашай увазе інтэрв’ю з а. Аляксандрам Жарнасекам, марыянінам, які з’яўляецца арганізатарам гэтага курса.

Айцец Аляксандр, адкуль узнікла назва курса ?

— Гэта вядомая біблійная гісторыя з Евангелля паводле Лукі, калі двое вучняў Езуса пасля Яго ўкрыжавання ўцякаюць з Ерузалема ў вёску Эмаўс. На сваім шляху яны сустракаюць уваскрослага Хрыста, але не пазнаюць Яго. І толькі ў канцы іх размовы, пасля таго, як Езус паламаў хлеб, у іх адкрываюцца вочы і яны задаюцца пытаннем: ці ж не палала іх сэрца, калі Ён тлумачыў ім Пісанні? Такім чынам, вучні пазнаюць уваскрослага Езуса не «чалавечымі» вачыма, а праз Эўхарыстыю; пазнаюць Яго сэрцам, якое гарэла ад таго, што яны чулі Божае слова. Канечне, гэта вобраз, але ён паказвае нешта важнае.

Мы пазнаем Хрыста праз Божае слова. Я вельмі люблю цытаваць людзям словы святога Гераніма: «Хто не ведае Пісання, той не ведае Хрыста».

— Як Вы лічыце, у Касцёле ў Беларусі веруючыя мала чытаюць Біблію?

— Аднойчы адна дзяўчына ехала ў электрычцы і чытала Біблію. Гэта заўважыла іншая дзяўчына і загаварыла з ёю. Аказалася, што гэтая другая дзяўчына была пратэстанткаю. У канцы размовы яна сказала: «Слава Богу, аказваецца, і католікі чытаюць Біблію!»

Прыкра такое чуць, але калі я сустракаю католіка, які чытае і ведае Біблію, стараецца жыць па Божым слове, то мне таксама хочацца закрычаць: «Слава Богу!»

Канечне, гэта праблема не толькі беларускіх католікаў, але ў нас я яе бачу, хіба што, найбольш. Часам мне хочацца ў якасці пакуты даваць людзям памаліцца нейкім псальмам або паразважаць на тым ці іншым урыўкам Пісання. Перш чым гэта зрабіць, мне трэба задаць пытанне, ці людзі ведаюць, дзе шукаць псальмы, ці маюць дома Біблію, ці разгортвалі яе калі-небудзь і ці не блытаюць яны Біблію з малітоўнікам.

Фота: ave-maria.by

Асабіста для мяне гэта страшныя пытанні! Такі абсурд цяжка знайсці ў грамадстве. Калі футбольныя фанаты заяўляюць пра сваё заўзятарства нейкаму клубу, то яны практычна ўсё ведаюць пра гэты клуб. Калі нехта лічыў сябе перакананым камуністам, то павінен быў ведаць погляды сваіх лідараў і г.д. І толькі ў нас можна пачуць, як нехта з гонарам называе сябе хрысціянінам, а ніколі нават не цікавіўся вучэннем Хрыста.

Канечне, практыкуючыя католікі спавядаюцца, моляцца, святкуюць, ходзяць па нядзелях на Імшу, але гэтага, безумоўна, мала. Хрысціянамі называлі вучняў Хрыста, Яго паслядоўнікаў.

Як можна быць вучнем Хрыста, не ведаючы і нават не цікавячыся, чаму Ён вучыў? Я ўжо не кажу пра тое, што гэтай навукай яшчэ трэба жыць!

— Айцец Аляксандр, ці не здаецца Вам, што многія не чытаюць Біблію, таму што яе часам цяжка зразумець?

— Безумоўна. Першы раз я пачаў чытаць Евангелле ў адзінаццатым класе. Я прачытаў некалькі раздзелаў, загарнуў і сказаў сабе, што гэта немагчыма чытаць. Канечне, Біблія няпростая кніга, гэта не любоўны раман і не белетрыстыка. Але хто калі-небудзь стаў хімікам або фізікам, не спрабуючы разабрацца ў гэтых навуках, не чытаючы кніг, не патрабуючы ад сябе?

У гэтым жыцці ніякія сапраўдныя рэчы не даюцца лёгка. Усюды патрэбен час, намаганні, трэба карыстацца вопытам іншых і г.д. І толькі ў хрысціянстве нам хочацца, каб усё плыло само сабою, без нашага высілку. Зразумела, што цяжка чытаць Кнігу, якую з Божага натхнення пісалі больш за дзве тысячы гадоў таму, у чужой нам культуры і незразумелай мовай. Але яе неабходна чытаць. Без гэтага няма адэкватнага хрысціянства. І менавіта таму мы пачалі рабіць біблійны курс «Эмаўс».

Фота: ave-maria.by

— Наколькі я ведаю, Вы праводзіце курс не адзін, а разам са спадаром Уладзіславам Валаховічам?

— Калі быць больш дакладным, то курс нават больш праводзіць Уладзіслаў, паколькі ён доктар біблійнага багаслоўя, а мая задача — правядзенне адной лекцыі падчас курса і святарская паслуга ў сакрамэнце Эўхарыстыі і паяднання. Асабіста для мяне такое супрацоўніцтва — Божы падарунак. З Уладзіславам мы знаёмыя даўно, а чалавек з біблійнай адукацыяй мае вялізную вартасць нават у Польшчы, не кажучы пра Беларусь.

Рэч у тым, што багаслоўе як навука мае розныя часткі. Усюды будзе гучаць Біблія, але біблістыка — гэта штосьці іншае. На біблістыцы, апроч агульных багаслоўскіх ведаў, трэба добра ведаць старажытныя мовы, такія, як габрэйская, грэцкая і лацінская. Далёка не кожны здольны вучыцца на кафедры біблістыкі.

Таму тое, што мы маем магчымасць ужо некалькі гадоў праводзіць біблійны курс разам з Уладзіславам Валаховічам — гэта сапраўды Божая ласка.

— Заняткі па Бібліі ёсць таксама ў нашых тэалагічных каледжах. У вас нейкая іншая праграма?

— Я дакладна не ведаю, якая праграма ў гэтых каледжах, але адназначна тое, што мы бяромся за Біблію больш грунтоўна. Каледж дае базавыя веды па Святым Пісанні, нашмат больш ведаў дае будучым святарам духоўная семінарыя. Аднак, думаю, нават семінарыя не ахоплівае такога аб’ёму інфармацыі па Бібліі, як наш курс. Ва ўсялякім разе, калі я заканчваў марыянскую семінарыю пры Люблінскім каталіцкім універсітэце, я не меў столькі ведаў па Бібліі.

— Айцец Аляксандр, а на курсе «Эмаўс» вы таксама здаяце экзамены?

— Спачатку мы сапраўды спрабавалі так рабіць, але пасля адмовіліся ад гэтай ідэі. На курс прыязджаюць людзі рознага ўзросту: ад моладзі да пенсіянераў. Пенсіянера не так лёгка зрабіць студэнтам. Таму экзаменаў у нас няма, хоць у гэтым ёсць свой мінус.

Фота: ave-maria.by

— Ці можна сказаць, што курс нейкім чынам мяняе людзей, робіць іх сапраўднымі хрысціянамі?

— Спадзяюся, што пасля курса нешта ўнутры нас застаецца і мы становімся іншымі. Рэч у тым, што мы нават не можам гарантаваць, што засвоім усю інфармацыю, якая даецца падчас курса, а што ўжо казаць пра тое, што пачутае слова Божае трэба рэалізоўваць у жыцці... Але ўсё паступова. Найперш Божае слова трэба пачуць і зразумець, а ўжо пасля ім трэба жыць. У прыпавесці пра сейбіта ў Евангеллі паводле Мацвея Езус кажа, што да таго, хто не разумее Слова, прыходзіць злы і вырывае пасеянае.

На курсе «Эмаўс» мы стараемся зразумець Слова, а хто з нас будзе жыць паводле таго, што чуе, — гэта пытанне да кожнага асабіста. Спадзяюся, гэты працэс адбываецца.

Езус казаў апосталам: «Вы ўжо чыстыя дзякуючы слову, якое Я сказаў вам». Думаю, сам факт, што мы чытаем і разважаем над Божым словам, — гэта ўжо само па сабе пакідае ў нас духоўны след.

— Біблійны курс трывае ўжо больш за два гады. Ці можна пачаць прымаць у ім удзел, прапусціўшы папярэднія тэмы?

— Біблія складаецца з дзясяткаў кніг. Некаторыя з іх вельмі падобныя, а некаторыя абсалютна розныя. Таму часам нашыя тэмы крыху перагукаюцца, а часам можна і не адчуць, што ты нешта там прапусціў. Зрэшты, у многіх з розных прычынаў не атрымліваецца наведваць усе нашыя сустрэчы. Канечне, у гэтым ёсць свой мінус, але ў курс можна ўключыцца на любым этапе. Заўсёды можна нешта атрымаць для сябе новае.

— Дзякуй за размову, айцец Аляксандр!

Бліжэйшы біблійны курс «Эмаўс» адбудзецца ў Оршы з 4 па 6 студзеня 2019 г. Пачатак — у пятніцу а 18:00. Заканчэнне — у нядзелю а 16:30.
Запіс — да 2 студзеня ўключна па тэлефоне: +375 29 713 02 33 (а. Аляксандр).

Гутарыла Вольга Качалка

Абноўлена 29.12.2018 19:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця