Пошук

03.12.2018 12:36   Catholic.by

Суддзя архідыяцэзіяльнага суда Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. Кірыл Бардонаў у эфіры «Радыё Марыя» расказаў пра асноўныя пытанні, з якімі вернікі звяртаюцца ў касцёльны суд.

Змяшчаем адаптаваную версію радыёразмовы.

«Касцёл не прызнае разводаў»

— У наш суд звычайна звяртаюцца людзі, якія вянчаліся ў касцёле або ў царкве і хочуць высветліць, ці было іх сужэнства сапраўдным.

Каталіцкія святары адразу звернуць увагу: калі сужонкі заключылі шлюб у праваслаўнай царкве, то для Касцёла яны — асобы, якія павянчаліся перад Богам і жывуць у шлюбе, і «зняцце благаслаўлення», як часам называюць у Праваслаўнай Царкве такую практыку, не будзе прызнана, таму што Касцёл не прызнае разводу, — адзначае кс. Кірыл.

— Ці толькі па справах сцвярджэння факту несапраўднасці сакрамэнту сужэнства варта звяртацца ў касцёльны суд? Ці існуюць іншыя справы, па якіх звычайны вернік мае такую магчымасць?

— Цяжка ўявіць якое-небудзь іншае пытанне, якое ўзнікла б у звычайнага верніка і якое можа вырашыць менавіта касцёльны суд.

Ва ўсім свеце касцёльны суд займаецца пераважна пытаннямі сцвярджэння несапраўднасці сужэнства. Ёсць і іншыя пытанні, але яны ўзнікаюць вельмі рэдка.

«У Касцёле няма разводу, але бываюць выпадкі, калі шлюб несапраўдны»

— Як павінен выглядаць алгарытм дзеянняў, калі вернік хоча звярнуцца ў касцёльны суд з пытаннем аб несапраўднасці сакрамэнту сужэнства?

— Першы крок: падысці да свайго пробашча, г.зн. да пробашча той парафіі, на тэрыторыі якой вернік жыве (дзе фактычна пражывае, а не дзе прапісаны). Пробашч пастараецца ўдзяліць верніку ўступную кансультацыю, а таксама даць кантакты касцёльнага суда.

Я хацеў бы звярнуць увагу, што сцвярджэнне несапраўднасці сужэнства — гэта не працэдура разводу.

Велізарнай памылкай было б думаць, што калі людзі ўжо не жывуць разам, атрымалі грамадзянскі развод, то можна прыйсці да святара, той скіруе ў касцёльны суд, і адтуль прыйдзе адказ, што можна мець другі шлюб у касцёле або ў царкве.

У Касцёле няма разводу. Але бываюць выпадкі, што шлюб несапраўдны, г. зн. што мужчына і жанчына не сталі перад Богам мужам і жонкай.

Напрыклад, маладыя дзяўчына і хлопец сустракаюцца, здарылася так, што яна зацяжарыла, і бацькі кажуць ёй: або вы распісваецеся і бераце шлюб у касцёле, бо для нас як католікаў гэта важна, або мы цябе не ведаем, выкідваем цябе з дома.

Гэта прымус. Ён можа быць не толькі фізічны, але і маральны, а гэтыя маладыя людзі яшчэ нявопытныя, каб яму супраціўляцца, і залежныя ад сваіх бацькоў.

Калі даказаць, што такая сітуацыя сапраўды існавала — што калі б не цяжарнасць і не прымус бацькоў, то шлюбу не было б, — то сужэнства несапраўднае, бо яно заключана, можна сказаць, супраць волі гэтага чалавека.

Алкагалізм у сям’і — не падстава для несапраўднасці шлюбу

Часам вернікі заключаюць сужэнства паспешліва, неабдумана. Магчыма, так атрымліваецца таму, што сужэнства ўспрымаецца як абавязковая традыцыя або панацэя ад сямейных праблем.

Бываюць выпадкі, што чалавек не гатовы да сужэнства. Адсутнасць добрага прыкладу сямейных адносін, непаўрадкаванасць у сексуальнай сферы і г.д. уплываюць на гатоўнасць да сужэнства.

Калі нейкія праблемы — захворванні ці алкагалізм — узніклі ў шлюбе ўжо пасля таго, як сужэнства заключана, гэта не з’яўляецца падставай, каб прызнаць яго несапраўдным.

Пры сцвярджэнні несапраўднасці істотным з’яўляецца момант заключэння сужэнства: што адбывалася ў той час. Судовы працэс канцэнтруецца менавіта на гэтым моманце. Усё, што было да гэтага і пасля, можа быць ускоснымі доказамі.

«Калі доказы несапраўднасці не прадстаўлены, шлюб прызнаецца сапраўдным»

Яшчэ раз падкрэслю, што гэта не дзейнічае ў 100 працэнтах выпадкаў: людзі звярнуліся, бо існуе нейкая праблема, і атрымалі станоўчы адказ, што іх шлюб несапраўдны. Не будзем прыводзіць якуюсьці статыстыку: усё залежыць ад многіх фактараў.

Працэс прызнання шлюбу несапраўдным падобны да працэсу ў дзяржаўным грамадзянскім праве: чалавек, які выносіць справу ў суд, сам прадстаўляе неабходныя доказы для пацвярджэння сваёй просьбы.

Часцей за ўсё доказамі з’яўляюцца словы сведкаў — не столькі сведкаў на шлюбе, колькі людзей, якія могуць пацвердзіць словы чалавека, які звярнуўся ў касцёльны суд. Калі доказы несапраўднасці не прадстаўлены або гэтых доказаў недастаткова, суддзі калегіяльна прымаюць рашэнне, што шлюб сапраўдны.

На жаль, у касцёльным судзе нашай архідыяцэзіі супрацоўнікаў не так шмат, і часам канчатковага рашэння трэба чакаць дастаткова доўга, варта набрацца цярплівасці.

У некаторых сітуацыях можна паспрабаваць звярнуцца ў суды суседніх дыяцэзій, калі справа знаходзіцца ў іх кампетэнцыі.

— Калі касцёльны суд пацвердзіў сапраўднасць сакрамэнту сужэнства, ці ёсць магчымасці нейкім чынам адклікаць гэтае рашэнне, звярнуцца ў іншыя ўстановы?

— Раней, да зменаў у працэсе сцвярджэння сапраўднасці сужэнства, працэдура выглядала так: калі выносіўся прысуд, то аўтаматычна справа разглядалася яшчэ іншым судом — апеляцыйным, у нашым выпадку судом у Гродне.

Цяпер такой аўтаматычнасці няма. Калі выносіцца прысуд, то ісцец, адказчык і святар, які з’яўляецца абаронцам сужэнскага саюза, могуць на працягу 15 дзён звярнуцца з апеляцыяй у суд у Гродне.

Усё будзе залежаць ад таго, які прысуд вынесуць там. Калі ён будзе такі ж самы — то гэта канчатковае рашэнне і магчымасці апеляцыі няма; калі ж іншы — справа разглядаецца ў судзе Апостальскай Сталіцы, які называецца Трыбуналам Рымскай Роты.

Абноўлена 04.12.2018 10:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.