Пошук

20.11.2018 14:32   Падрыхтаваў: Уладзіслаў Валаховіч / Catholic.by

Прапануем вашай увазе інтэрв’ю з акушэрам-гінеколагам Людмілай Баракавай, аўтаркай методыкі дапамогі парам з паніжанай плоднасцю.

Людміла Баракава — урач акушэр-гінеколаг, больш за 40 гадоў працавала ў радзільнях Санкт-Пецярбурга. З 2006 г. працуе з метадам распазнавання плоднасці. У суаўтарстве з псіхатэрапеўтам з Цэнтра сям’і архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве Галінай Масленікавай стварыла ўнікальную методыку дапамогі парам з паніжанай плоднасцю, якая атрымала назву «міла-тэрапія». Ёю паспяхова скарысталіся сотні сужэнскіх пар, якім ужо паставілі бязлітасны дыягназ — «бясплоднасць».

— Людміла, чаму Вы назвалі Вашу методыку «міла-тэрапія»?

— Скарочана гэта азначае «Міласэрная тэрапія». На першым месцы тут міласэрнасць, разважлівы падыход да ўласнай плоднасці, усведамленне яе як Божага дару, і толькі потым (калі спатрэбіцца) — лячэнне. Сёння занадта часта дыягназ «бясплоднасць» з’яўляецца «камерцыйным», а гэта значыць, што муж і жонка, якія маюць праблемы з зачаццем або выношваннем цяжарнасці, становяцца крыніцай даходу для цэлага шэрагу разнастайных спецыялізаваных лекараў і клінік.

Яшчэ 20–30 гадоў таму такі дыягназ ставіўся толькі ў сітуаціі, калі нараджэнне дзіцяці не наступала пасля некалькіх гадоў жыцця ў шлюбе. Такі падыход быў нашмат больш чалавечным, чым цяпер, бо муж і жонка — гэта не машыны; яны павінны мець час на адаптацыю, дастасаванне адзін да аднаго. За гэты час яны могуць стварыць прастору любові, сямейную спакойную атмасферу, каб потым запрасіць туды сваіх дзяцей.

— А якая сітуацыя з пастаноўкай дыягназу «бясплоднасць» сёння?

— Сёння дыягназ «бясплоднасць» ставіцца ўжо праз год, а ў некаторых выпадках нават праз 6 месяцаў. У спалоханых мужа і жонкі няма часу ўсвядоміць, што з імі адбываецца, яны ў стрэсе, а ім ужо прызначаюць гарманальнае лячэнне, дарагія аналізы, а неўзабаве прапануюць штучнае апладненне.

— Наколькі «міла-тэрапія» эфектыўная і чым яна адрозніваецца ад вядомай у каталіцкіх колах «напратэхналогіі»?

— Напратэхналогія ўключае ў сябе працяглае і дарагое абследаванне, розныя віды лячэння, у тым ліку і гарманальнае лячэнне. Бясспрэчны плюс напратэхналогіі ў адсутнасці антычалавечых прыёмаў і методык, пры ёй не гінуць дзясяткамі эмбрыёны, як у выпадку са штучным апладненнем.

«Міла-тэрапія» адрозніваецца тым, што на першым этапе мы вучым мужа і жонку самастойна зрабіць усё, што ў іх сілах, для таго, каб стварыць умовы для спрыяльнага зачацця і выношвання цяжарнасці. Гаворка ідзе пра ўсведамленне і зразуменне, гэта значыць пра інфармацыйную, псіхалагічную і духоўную падрыхтоўку. І толькі пры адсутнасці жаданага выніку прымаецца рашэнне аб медыцынскай дапамозе, калі яна магчымая і неабходная. Але вопыт паказвае, што да другога этапу, як правіла, справа не даходзіць. Не менш за 80 працэнтаў сужэнскіх пар становяцца шчаслівымі бацькамі ўжо на першым этапе.

— Чаму штучнае апладненне — гэта не выйсце для веруючых сужонкаў?

— Калі коратка, то гэтыя методыкі абсалютна супярэчаць здароваму сэнсу, логіцы, чалавечнасці і пастулатам усіх рэлігій. У сітуацыі штучнага апладнення не прадугледжваюцца магчымасці выпраўлення нейкіх праблем з плоднасцю: гэта па сутнасці прамысловая тэхналогія вытворчасці дзяцей. Гэтыя методыкі звязаны са знішчэннем здароўя маці, а самы вялікі мінус — гэта тое, што аўтаматычна маецца на ўвазе фізічнае знішчэнне «лiшнiх» зачатых дзяцей.

— З якіх прычынаў апошнім часам так моцна павялічылася колькасць дыягназаў «бясплоднасць»?

— Агульнавядомыя прычыны — гэта неўпарадкаваныя сексуальныя кантакты замест цноты і моцных шлюбаў і звязаныя з гэтым венерычныя захворванні, аборты і кантрацэпцыя. У больш шырокім сэнсе, сапраўды, цяжкасці з нараджэннем дзяцей сёння павялічваюцца.

Яны звязаныя і з экалогіяй, і са стратай духоўнасці, і з няправільным харчаваннем ці ладам жыцця. І з гэтымі прычынамі неабходна таксама працаваць. Але, як я ўжо сказала, з майго пункту гледжання, у большасці выпадкаў бясплоднасць — гэта перадусім «камерцыйны» дыягназ. Проста неабходна на этапе падрыхтоўкі да сужэнскага жыцця даць будучым сужонкам прынамсі элементарныя веды аб дзетароднай функцыі. Тады працэнт такіх дыягназаў рэзка скароціцца.

— Дзе можна больш даведацца пра «міла-тэрапію»?

— Самы кароткі шлях — праца з добра падрыхтаваным настаўнікам або на семінарах па метадах распазнання плоднасці. У свецкім грамадстве пакуль гэтая тэма не распаўсюджана, і праца вядзецца пераважна сіламі энтузіястаў у душпастырстве сем’яў ці пры дабрачынным фондзе «Адкрытыя сэрцы» і ў падобных арганізацыях.

У сужэнскіх пар, якія сутыкнуліся з праблемамі з зачаццем або выношваннем цяжарнасці, ёсць магчымасць пазнаёміцца з «міла-тэрапіяй» падчас рэкалекцый, якія пройдуць у Воршы з 23 па 25 лістапада.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа