У ансамблі «Песняры» Аляксандр Віслаўскі працаваў аранжыроўшчыкам, клавішнікам і вакалістам. Цяпер ён піша хрысціянскую музыку і сёлета будзе дырэктарам міжканфесійнага фестываля Laudato Si'.
Пра свой шлях да Бога, адносіны з Уладзімірам Мулявіным і планы на развіццё фестываля музыкант расказаў у гутарцы з Catholic.by.
«У „Песнярах“ Уладзімір Мулявін называў мяне Ісусік»
— Аляксандр, сёлета Вы сталі адным з суарганізатараў фестываля Laudato Si'. Раскажаце нам крыху больш пра сябе.
— Пасля «Песняроў» я працаваў у эстрадным аркестры на Дзяржаўным радыё. Потым я працаваў у аркестры Міхаіла Фінберга, далей быў перыяд працы з рок-гуртом «Рублёвая зона», сумесныя выступленні з камандай «Студыя Нёман».
Музыкай займаюся кожны дзень. Даю таксама прыватныя ўрокі: праводжу майстар-класы па вакале, гарманізацыі, кампазіцыі як у Беларусі, так і за мяжой. Мая жонка таксама музыкант, скрыпачка, выкладае ў гімназіі.
Разам мы ездзім выступаць, праводзім міжканфесійныя евангелізацыйныя канцэрты. Калі кожная канфесія будзе даводзіць сваю рацыю, народзіцца нянавісць, калі ж унутры канфесій мы будзем гаварыць пра Бога, тады народзіцца любоў. Гэта маё разуменне.
— Як пачынаўся Ваш шлях да веры?
— Я належу да Аб’яднання поўнага Евангелля, гэта харызматычны рух. Туды я прыйшоў яшчэ маладым. У часы перабудовы вера прываблівала і сёння я бачу яе плён. Ніколі не пашкадаваў, што я з Богам. Хоць часы былі розныя: не абышлося і без падзенняў.
Сёння мяне запрашаюць з выступленнямі прадстаўнікі розных канфесій. Я не прапаведнік, але мне даюць слова. Я сур'ёзна рыхтуюся, чытаю Біблію. Кожны год у мяне ёсць па адной «праграме» — дыску з духоўнымі песнямі.
У «Песнярах» навучылі працаваць. Па два-тры канцэрты ў дзень, а яшчэ штодня рэпетыцыі. Я працаваў аранжыроўшчыкам — сядзіш гадзінамі і пішаш алоўкам.
— Як вы трапілі ў калектыў і ці былі там іншыя веруючыя?
— Я прыйшоў яшчэ ў студыю «Песняроў», у асноўны склад трапіў ужо пасля. На той час я захапляўся філасофіяй, чытаў разумных мысляроў — Васілія Ключэўскага, напрыклад.
Сёння бачу ў гэтым ганарыстасць, тады ж гэта была даніна модзе. Помню, вырашыў прачытаць і Біблію. Чытаць чытаў, але шмат што было незразумела. Так з’явілася жаданне разабрацца ва ўсіх яе драбніцах.
У «Песнярах» у мяне нават мянушка была «Ісусік». Усе бачылі, што я чытаю Евангелле, таму і кпілі.
Цікава іншае: калі ніхто не бачыў, музыканты па адным прыходзілі і пыталіся — раскажы, а хто быў той і той у Бібліі (усміхаецца — заўв. аўт.).
Гэта датычылася больш гістарычных фактаў, а не хрысціянскіх догмаў. Ці пытаўся Мулявін? Не, як мастацкі кіраўнік не пытаўся, але па-добраму так кпіў (усміхаецца — заўв. аўт.).
Думаю, няма ніводнага чалавека, які б не верыў. Калі хтосьці кажа адваротнае, то хутчэй за ўсё хітрыць.
— З «Песняроў» Вы сышлі ў тым ліку праз гэта — несупадзенне духоўных поглядаў?
— Часткова і так. У той перыяд я пачаў пісаць праграму хрысціянскай музыкі на вершы паэтаў Сярэбранага веку. «Песняры» ўжо нават рэпеціравалі маю хрысціянскую праграму. Але было зразумела, што «Песняры» — праект Мулявіна.
Рэалізоўваць нейкія свае праекты можна было ў іншым месцы, а не тут.
Сам да Бога я прыйшоў амаль праз 10 гадоў пасля працы ў «Песнярах». Гэта была Царква служэння Ісуса Хрыста па вуліцы Матусевіча ў Мінску. Сэнс жыцця я зразумеў тады так: важна прыводзіць людзей да Бога — няважна ў якую канфесію.
Мяркую, пасля смерці Бог не будзе пытацца: «Ты якой канфесіі?» Ён будзе глядзець на тваё сэрца — як ты верыў, што ты зрабіў.
Сёння вера для мяне — мэта жыцця, вызначэнне арыенціру. Бог паказвае, як і куды трэба ісці. Я не ўяўляю сябе без Бога.
«Фестываль Laudato Si' можа стаць новым тварам беларускай культуры»
— Фестываль Laudato Si' пройдзе ў трэці раз і будзе пашыраны да міжканфесійнага. Адбор быў моцным: ці не атрымаецца так, што хтосьці не прайшоў і будзе адчуваць сябе адкінутым?
— Мы імкнемся да таго, каб гэта быў фестываль на ўзроўні. З моцнымі нумарамі і музыкантамі. Гэта будзе паказ культуры нашай краіны.
Усе ўдзельнічаюць на агульных умовах. У нас 28 нумароў.
Фестываль будзе праходзіць два дні. Будзе свой гімп і кліп. Мы хочам адабраць лепшых: не трэба паказваць 200 артыстаў, можна паказаць двух. Галоўнае, каб яны былі ўнікальнымі.
— Чым яшчэ акрамя моцных нумароў гэты фестываль будзе адрознівацца ад папярэдніх?
— Мы пакажам розныя бакі хрысціянскай культуры. На фестывалі выступіць хрысціянскі пісьменнік Уладзімір Бруй, паэт Алесь Камоцкі; рэжысёры, аператары і сцэнарысты Юрый Гарулёў і Сяргей Гараеўскі; хрысціянскі мастак Лявон Грышук, арганісты Віктар Кісцень (Мінск) і Дзмітрый Лотаў (Масква). Таксама будзе прэзентавана прыватная калекцыя Біблій.
Падрыхтоўку мы пачалі ў кастрычніку 2017 года, амаль за год. Я вывучаў іншыя фестывалі. Кожны робіць стаўку на штосьці сваё. Але каб паказаць розныя бакі хрысціянскай культуры Беларусі — такога амаль няма.
На фестывалі будуць і міжнародныя тэлеканалы, якія вяшчаюць за мяжу: рускамоўны канал IRR-TV і іншыя. Галоўнае, каб нас пабачылі, і наш міжканфесійны дыялог.
Пасля фестываля мы плануем выезды па Беларусі, каб праводзіць кастынгі на фестываль ужо наступнага года.
...Як музыканту мне ўжо чатыры разы прапаноўвалі прыняць грамадзянства іншых краін. Але я хачу працаваць і евангелізаваць тут, на радзіме. Вялікі ўплыў зрабіў на маё жыццё Рыгор Барадулін. Дзядзька Рыгор калісьці сказаў: нікуды не едзь, ты патрэбны ў нас.