На гэту пару немагчыма не звярнуць увагі. Калі яны прыходзяць на Імшу ў касцёл на Залатой Горцы ў Мінску, многія азіраюцца і глядзяць на іх з цікавасцю і захапленнем.
Яна — светлая, ён — чорнаскуры. Яе завуць Анастасія Якшына, а яго — Нана Эвузі Чыгозі Фрэдалін, але для яе ён проста Нана.
Прыкметны хлопец шэсць гадоў таму прыляцеў з Нігерыі ў Мінск, каб паступаць у БНТУ, і сустрэў тут сваё каханне. Нана — выпускнік факультэта машынабудаўніцтва, Анастасія — піяністка. У касцёл яны ходзяць не толькі на Імшу: цяпер яны праходзяць падрыхтоўку да шлюбу, які прызначаны на 14 ліпеня.
Напярэдадні важнай падзеі я сустрэлася з Нанам і Насцяй, каб запісаць з імі інтэрв’ю.
— Анастасія і Нана, як вы пазнаёміліся?
Анастасія:
— Тры гады таму я пабачыла рэкламу мабільнай сувязі з фотаздымкам Наны. Помню, там яшчэ было напісана: «Забудзьцеся пра ўсё, што было раней», — і я яшчэ падумала: «Які цікавы малады чалавек. Дзе яны яго знайшлі?»
Кожны дзень я ехала па адным і тым жа маршруце на вучобу і глядзела на гэту рэкламу з цёмнаскурым прыгажуном.
І вось праз некалькі месяцаў мая знаёмая распавяла, што пазнаёмілася з адным маладым чалавекам, які вельмі падобны на майго любімага акцёра Уіла Сміта, і хацела б яго пазнаёміць са мной.
Яна дала мне спасылку на яго старонку ў сацыяльных сетках, і я адважылася і напісала яму першай, хоць гэта не ў маіх правілах. Мы спадабаліся адно аднаму з першага погляду. Гэта сустрэча шмат змяніла ў маім жыцці. Нана прывёў мяне да веры.
— Нана, вы з каталіцкай сям’і?
— Я нарадзіўся і вырас у горадзе Анамбра. Насельніцтва ў ім — чатыры мільёны чалавек. Гэта горад католікаў, там шмат касцёлаў. Я вырас у каталіцкай сям’і. У нас абавязкова трэба хадзіць у касцёл не толькі па нядзелях, але і пажадана зранку ў буднія дні.
Пасля я пайшоў у каталіцкую школу і нават правёў у семінарыі тры гады.
Я збіраўся стаць каталіцкім святаром, але пасля сышоў. Проста я першы і адзіны сын у сям’і, бацька быў супраць.
Калі я прыехаў дадому з Беларусі і сказаў, што ў мяне ёсць дзяўчына, першае пытанне бацькоў было: «Яна веруючая?»
І тады тата сказаў: «Калі не, то яна не зможа стаць тваёй жонкай, пакуль не прыме Бога». Я шмат расказваў Насці пра Бога, і спачатку яна супраціўлялася, але я разумеў, што гэты працэс паступовы.
— Як вы прыйшлі ў касцёл Найсв. Тройцы (св. Роха)?
Анастасія:
— Да гэтага Нана хадзіў на Імшу ў Чырвоны касцёл, але нічога там не разумеў, таму што Імшы па-беларуску, а ён разумее толькі рускую.
Мы шукалі, дзе ўзяць шлюб, і выпадкова завіталі ў гэты касцёл на Залатой Горцы. Якой жа была наша радасць, калі нам сказалі, што вучобу ў нас будзе весці с. Аўгустына на рускай мове.
Пасля першай сустрэчы я зразумела, што тут я буду расці духоўна. Мы ходзім на гэтыя заняткі з вялікім задавальненнем і хочам застацца ў гэтай парафіі.
— У якой краіне вы бачыце сваю будучыню?
Нана:
— Першы час я буду жыць на дзве краіны — Нігерыю і Беларусь, таму што ў мяне такая праца. Увогуле ў Нігерыі мне ўжо занадта горача і некамфортна. Зімой я планую паляцець туды з Насцяй, каб пазнаёміць з роднымі, а сям’я ў мяне вялікая — 89 чалавек.
— Анастасія, як да вашага выбару паставіліся бацькі?
— Мама спачатку была ў шоку ад майго выбару, але пасля прывыкла. Тату я скінула фотаздымак і, памятаю, напісала ў паведамленні: «Я запрашаю цябе на выпускны, і там будзе мой малады чалавек. Калі ты не перадумаў, то прыходзь».
Ён адказаў, што хлопец добры, што прыйдзе. А пасля расказаў мне, што якраз стаяў на касе і ў яго ледзь не выпаў тэлефон з рук.
Ужо пасля гутаркі з Нанам папа зразумеў, што той разумны і інтэлігентны чалавек, які любіць яго дачку, а гэта — самае галоўнае.