Пошук

24.06.2018 09:01   Падрыхтаваў: Ілья Лапато / Catholic.by

Пілігрымы ў Будславе змогуць наведаць асобны павільён «Карытас», прыняць удзел у інстаграм-акцыі, пабачыць сацыяльныя ролікі і атрымаць прызы ў дабрачыннай гульні.

Пра тое, як дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас» рыхтуецца да фэсту ў Будславе, расказвае намесніца дырэктара нацыянальнага «Карытас» Вераніка Шэнда.

— Што новага мы ўбачым ад нацыянальнага «Карытас» у Будславе ў гэтым годзе?

— Сёлета мы плануем правесці маштабную акцыю пад назвай «Далучайся да #Caritas». Мы хочам расказаць пра значнасць валанцёрскага руху, прыцягнуць увагу людзей да сацыяльных праблем Беларусі, заклікаючы да ўзаемнай дапамогі і міласэрнасці.

Акцыя дазволіць распавесці пра дзейнасць «Карытас», сфарміраваўшы больш дакладнае ўяўленне пра дабрачынныя праекты, якія мы рэалізуем. Мы пастараемся растлумачыць розніцу ў працы паміж нацыянальнай, парафіяльнымі і дыяцэзіяльнымі арганізацыямі «Карытас», каб тыя, хто ўжо з намі, не блыталіся і маглі дакладна разумець, куды ісці і да каго звяртацца.

Акрамя таго, «Карытас» арганізуе тры зоны актыўнасці. У адным пункце будзе арганізаваная выстава, якая раскажа пра дзейнасць «Карытас» па ўсёй Беларусі, пра асаблівасці яго арганізацыйнай структуры і функцыі.

На экране побач з выставай будуць транслявацца сацыяльныя відэаролікі. Мы знялі інтэрв’ю з медыйнымі і вядомымі сярод хрысціян асобамі, якія дзеляцца сваім вопытам супрацоўніцтва, валанцёрства ці знаёмства з «Карытас».

Паколькі большасць пешых пілігрымаў — гэта маладыя людзі, то мы хочам узаемадзейнічаць з імі на іх мове. У другім пункце будзе арганізаваная інстаграм-акцыя з хэштэгам #BudzCaritas. Гэты хэштэг аб’яднае ініцыятыўных людзей, адкрытых для дабрачыннасці з «Карытас»: «Будслаў+Карытас=будзь з Карытас».

Калі акцыя набярэ вялікую колькасць удзельнікаў, мы разыграем сярод іх прызы.

Трэці пункт — наш павільён, які разам з іншымі дыяцэзіяльнымі «Карытас» мы плануем размясціць насупраць галоўнага алтара ў парку. Завітаўшы да нас, кожны ахвотны зможа паўдзельнічаць у сацыяльным апытанні, пакінуць заяўку і далучыцца да валанцёрскай дзейнасці ў «Карытас».

— Магчыма, у павільёне «Карытас» можна будзе штосьці набыць за ахвяраванні. Калі так, то куды плануецца накіраваць сродкі?

— Так, у нашым намёце за ахвяраванні можна будзе набыць прома-сувернірную прадукцыю. Мы прадставім прадукцыю з майстэрняў для людзей з інваліднасцю і асаблівасцямі развіцця, якую звычайна прывозяць нашыя дыяцэзіяльныя арганізацыі.

Як нацыянальная арганізацыя «Карытас» мы будзем прапаноўваць майкі і экасумкі з рознымі прынтамі, якія спецыяльна для нас намалявалі нашы валанцёры. Таксама будуць тэматычныя паштоўкі, календары і г.д.

Сабраныя сродкі пойдуць на падтрымку працы майстэрняў для людзей з інваліднасцю, цэнтраў сацыяльнай рэабілітацыі «Карытас» у Беларусі. Частку сабраных сродкаў мы плануем накіраваць на развіццё парафіяльных «Карытас» у гарадах і вёсках па ўсёй Беларусі.

— Якім бачыць сябе «Карытас» праз пяць гадоў? Да чаго імкнецца і чаго хоча дасягнуць?

— Планаў і жаданняў вельмі шмат, але найбольш хацелася б, каб праз пяць гадоў слова «Карытас» не выклікала ў людзей неразуменне і разгубленасць.

Мы хацелі б атрымаць большую падтрымку і стаць больш вядомай каталіцкай арганізацыяй не толькі сярод святароў, але і сярод свецкіх асобаў.

У беларускім грамадстве да гэтага часу існуе стэрэатып, что касцёлы — гэта закрытае месца, прызначанае толькі для малітвы, куды «звычайным» людзям нельга прыходзіць.

Касцёл жа, асабліва ў невялікіх вёсках, часта з’яўляецца адзіным адкрытым месцам, куды людзі прыходзяць рэгулярна, абменьваюцца інфармацыяй, даведваюцца пра важныя падзеі, атрымліваюць падтрымку і дапамогу і, наогул, гавораць пра жыццё сваёй мясцовасці.

У многіх рэгіёнах Беларусі касцёл з’яўляецца цэнтрам развіцця, «сэрцам» гэтага мястэчка не толькі для католікаў, але і ўсіх ахвотных, незалежна ад іх веравызнання, палітычнай, нацыянальнай і расавай прыналежнасці.

Менавіта гэты пасыл мы хацелі б несці праз сваю дзейнасць у бліжэйшыя гады, дапамагаючы людзям, скарачаючы беднасць і сацыяльную ізаляцыю ў Беларусі.

— Колькі чалавек працуе сёння ў камандзе «Карытас»? Як можна далучыцца да вас тым, хто хацеў бы быць карысным?

— Структура нашай арганізацыі паўтарае структуру Касцёла: асобныя арганізацыі прывязаныя да каталіцкіх дыяцэзій і парафій.

Напрыклад, «Карытас» у Беларусі складаецца з адной нацыянальнай арганізацыі (офіс знаходзіцца ў Мінску), 4 дыяцэзіяльных арганізацый з цэнтрамі ў Мінску, Гродне, Віцебску і в. Чарнаўчыцы Брэсцкай вобласці. Парафіяльныя арганізацыі працуюць у 486 парафіях па ўсёй краіне. Наш штат у цэлым — гэта дзясяткі супрацоўнікаў і валанцёраў.

Валанцёрам у «Карытас» можа быць кожны, хто хоча дапамагаць іншым, хоча праявіць сябе і зрабіць штосьці добрае.

Мы не звяртаем увагі на яго рэлігійную, палітычную, нацыянальную ці расавую прыналежнасць.

Нам можна напісаць у сацыяльных сетках (імя Caritas Belarus) або праз кантакты на сайце www.caritas.by. Мы адказваем тым, хто хоча да нас далучыцца, задаючы больш канкрэтныя пытанні: што чалавек хацеў бы рабіць, колькі вольнага часу ён мае на валанцёрства і г.д.

Але большасць людзей звычайна хочуць дапамагаць адрасна, г.зн. наўпрост людзям у патрэбе. Напрыклад, наведваць дзяцей у інтэрнатах ці дапамагаць бяздомным.

У такім выпадку мы перадаём кантакт гэтага чалавека нашым дыяцэзіяльным арганізацыям, якія далей узгадняюць мэты і жаданні валанцёра і, адпаведна, прапаноўваюць варыянты супрацоўніцтва.

Канешне, нашай дзейнасці можна дапамагчы і фінансава. У нас падключаная паслуга збору ахвяраванняў праз адзіную разліковую сістэму (ЕРИП), дабрачынную тэлефонную лінію і смс-ахвяраванні. Пералічыць сродкі можна і наўпрост на разліковы рахунак «Карытас». Усе даныя ёсць у нас на сайце www.caritas.by.

Мы вельмі ўдзячныя ўсім людзям, якія ўжо дапамагаюць нам і нашай дзейнасці. Дзякуй за вашу малітву і падтрымку.

Абноўлена 24.06.2018 17:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.