Пошук

11.03.2018 08:07   Ілья Лапато / Фота: з архіва Віталя Воранава / Catholic.by

Cваю першую дуду Віталь Воранаў замовіў у 2016 годзе. Спачатку ён займаўся праз скайп — браў урокі ў дудара Юрася Панкевіча, даследчыка дударскай традыцыі з 15-гадовым стажам.

Заняткі далі плён. Ужо праз пару месяцаў Віталь іграў на дударскіх фэстах у Польшчы і Славакіі, а ў мінулым годзе арганізаваў на Глыбоччыне «Дударскі рэй». Сёлета фэст пройдзе 4-6 мая.

У інтэрв’ю для Catholic.by Віталь расказаў пра выкарыстанне дуды падчас святых Імшаў і пра тое, чаму лічыць Глыбоччыну цэнтрам дударскага Паазер’я.

— Віталь, сёлета «Дударскі рэй» пройдзе ў другі раз. Ужо традыцыйна ў апошні дзень фэсту дудары іграюць на святой Імшы ва Удзеле. Як часта гучыць дуда ў касцёле ў іншых краінах?

— Гэта агульнаеўрапейская традыцыя, якая найбольш захавалася ў святынях у Польшчы і Славакіі. У Славакіі нават ёсць ксёндз дудар — Пётр Матыс.

У Беларусі таксама сустракаюцца згадкі пра дуду ў святыні. У кнізе «Залесская Георгиевская, старая, деревянная церковь (Ошмянского уезда, Виленской губернии)», выдадзенай у Віцебску ў 1895 годзе рускім гісторыкам і этнографам Іванам Спрогісам, чытаем: «в церкви были устроены особые небольшие хоры, на которых вместо органа, во время богослужения, трубили… свои доморощенные рожечники».

Cяргей Лескець, фатограф і даследчык традыцыйнай культуры, піша пра гэта так: «Вядома, што дударства ў старажытнасці на нашай зямлі мела сакральны рытуальны характар, пэўны магічны сэнс. І такі сінтэз уніяцкага набажэнства і грання дуды не выглядаў дзіўным для народа».

— Наколькі складана развучыць на дудзе музычную частку для аздаблення святой Імшы?

— Падчас сталых частак Імшы іграе арган. А падчас уваходу, ахвяравання, на Камунію і на заканчэнне грае дуда. Дудары выконваюць рэлігійныя песні ў залежнасці ад літургічнага перыяду, а таксама звычайныя рэлігійныя песні, папулярныя ў сваіх краінах. Часам гэта таксама спакойныя, адпаведныя для літургічнага настрою народныя мелодыі.

Дуда як інструмент мае багатыя магчымасці грання і аздаблення любых мелодый. Ва Удзеле беларуская дуда гучала таксама ў дуэце з арганам. Яўген Барышнікаў і Вольга Фёдарава выканалі разам «Магутны Божа».

— Ці адчуваеце Вы як дудар розніцу ў ігры на дудзе рэлігійных твораў і народных песень?

— Адрозніваюцца, хіба што, акалічнасці выканання. Дудар не выступае са сваім сола, а, хутчэй, аздабляе музычным фонам святую Імшу. Я гадаваўся (яшчэ пры ксяндзу Ёзасу Бульку) у такой каталіцкай традыцыі, у якой непрымальным лічылася б нават выкарыстанне гітары...

Дуда, наадварот, інструмент вельмі велічны, узнёслы. Ён надае Імшы яшчэ большай павагі, а людзям — канцэнтрацыі ў малітвах.

— Ці можа авалодаць ігрой на дудзе чалавек без музычнай адукацыі?

— Так. Я сказаў бы нават, што няведанне нот тут будзе плюсам, а не мінусам. Дударскае майстэрства заўсёды засвойвалася традыцыйным шляхам — ад майстра да вучня. Спецыфіку мелодыі надае манера грання — аздабленне мелодый, а не дакладнае паўтарэнне нота ў ноту.

Дуда толькі прабіваецца ў акадэмічнае асяроддзе, і вынікі такога пранікнення бываюць рознымі. Са свайго досведу бачу, як дапамагае веданне духавых інструментаў, кларнета, саксафона і г.д. Я сам вучыўся ў музычнай школе па класе кларнета.

Самастойнаму вывучэнню базавых навыкаў могуць спрыяць запісаныя нядаўна відэаўрокі Юрася Панкевіча. Для больш дасканалай тэхнікі лепш адразу вучыцца ў дудара, або ў некалькіх дудароў, калі ўлічыць, што кожны мае непаўторную манеру выканання.

— Якія з краін можна назваць «дударскімі»?

— Дударскімі я назваў бы не краіны, а этна-рэгіёны. Адметная дуда ёсць амаль ва ўсіх краінах Еўропы, але традыцыя выкарыстання дуды звычайна звязаная з канкрэтным субрэгіёнам — ад вобласці да маленечкіх вёсак, у кожнай з якіх дуда магла гучаць са сваімі адметнасцямі.

Рэгіянальная прыналежнасць не перашкаджае некаторым краінам, такім, як Славакіі, выкарыстоўваць інструмент як нацыянальны брэнд.

Славацкая дуда — гайда — была нядаўна ўнесеная ў спіс ЮНЕСКА, што дало велізарны штуршок для пашырэння дударскай традыцыі ў гэтай краіне.

Дуда — нацыянальны інструмент і Беларусі, але ў першую чаргу гэта інструмент нашага Паазер’я. Менавіта таму якраз на Глыбоччыне мы праводзілі «Фэст дударскіх рэгіёнаў», на якім выступалі прадстаўнікі Маравіі (Чэхія), Вялікапольшчы (Польшча), Шатландыі (Злучанае Каралеўства), Валоніі і Фландрыі (Бельгія) і г.д.

— Чаму менавіта на Глыбоччыне?

— На Глыбоччыне дзейнічала першая прафесійная беларуская тэатральная трупа Ігната Буйніцкага, у склад якой уваходзіў і свой дудар — Адам Шульга.

Многія беларускія пісьменнікі і паэты рэгіёну згадвалі дуду ў сваіх творах: Вацлаў Ластоўскі, Янка Пачопка, Кастусь Акула, Віталь Гарановіч.

Захаваліся звесткі і фотаздымкі пра іншых дудароў Глыбоччыны і ваколіц. Усё гэта я сабраў у кнізе «Дударская Глыбоччына», якая выйшла перад першым фэстам «Дударскі рэй» у 2017 годзе.

Дарэчы, з Глыбокага выйшлі і два дзейныя дудары — я і Дзмітры Дзёмін, прафесійны музыкант, які сёння жыве ў Карэліі і апрача беларускай дуды іграе таксама на эстонскай торупіл. Гэта дае падставу гаварыць пра носьбітаў традыцыі.

— Што выдзяляе «Дударскі рэй» на фоне астатніх фестываляў?

— Глыбокае мае вопыт правядзення міжнародных фэстаў, у горадзе ужо пяты год праходзіць «Вішнёвы фэст» [таксама ў Глыбокім традыцыйна праводзіўся міжнародны фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм Magnificat — Рэд.].

І вось да фэсту, які адраджае кулінарную традыцыю рэгіёна, дадаўся і фэст, які канцэнтруецца на музычнай спадчыне.

У Мінску вядомы «Дударскі фэст». Там акцэнт апошнім часам робіцца на гурты, якія выкарыстоўваюць дуду ў самых розных музычных напрамках: ад фолку да тэхна і року.

Нас не вельмі цікавіць моднае сярэднявечча, або магчымасці дуды ў сучаснай музыцы. Мы робім акцэнт на традыцыйнае выкананне, этна-фальклор і сола, якое ва ўсім свеце з’яўляецца больш натуральным для дударскай традыцыі. Задача максімум — навучыць людзей чуць і ўспрымаць музыку, як яе ўспрымалі нашыя продкі.

Як у вершы Янкі Купалы, прысвечаным Ігнату Буйніцкаму:

Важна рэй Ігнат Буйніцкі
Ў танцах нашых водзіць,
Аж здаецца — усё чыста
Хадыром з ім ходзіць…
Пад дуду і пад цымбалы
Топне, прыспявае...
Сцеражыцеся, ўсе людзі: Беларус гуляе!

— Наколькі папулярная дуда як музычны інструмент сярод дзяўчат?

— У традыцыйнай культуры беларусаў дзяўчаты на дудзе не гралі. Не зафіксаваны ніводны выпадак ні ў гісторыі, ні ў літаратуры, ні ў фальклоры, а значыць, гэта было чымсьці непрымальным.

У эстэтычным і ідэалагічным сэнсе дуда — чыста мужчынскі інструмент.
Прычынаў гэтаму магло быць шмат. Інтэнсіўнае надзіманне меха, які, хутчэй за ўсё, быў негерметычны і хутка спускаў паветра, патрабавала фізічнай вынослівасці. Да таго ж дудар звычайна граў у карчме ці на вяселлі даволі працяглы час.

Гэта была не жаночая праца, як і кавальства ці некаторыя іншыя цяжкія прафесіі. Іншая прычына магла быць побытавай.

Праца ў карчме або сярод падхмеленых наведвальнікаў не магла быць нармальнай для дзяўчыны з маральнага пункту гледжання. Як сцвярджае польскі даследчык дударства прафесар Збігнеў Пшэрэмбскі, у такім выпадку — для бяспекі — яе мусіў бы няспынна суправаджаць бацька або брат.

Cтаронкі фэсту:
facebook.com/DudarskiRej
vk.com/dudarskirej

Абноўлена 12.03.2018 12:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа