Старшыня беларускага епіскапату арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч па просьбе Catholic.by прыгадаў свае сустрэчы з сястрой Люцыяй — адной з трох дзяцей, якім у 1917 годзе ў Фаціме аб’яўлялася Маці Божая.
У 2017 годзе адзначаецца 100-годдзе фацімскіх аб’яўленняў.
— Ваша Эксцэленцыя, пры якіх абставінах Вы ўпершыню пабачылі сястру Люцыю?
— З сястрой я сустракаўся тры разы. Усе сустрэчы адбыліся ў 1990-я, калі я быў біскупам у Расіі, і праходзілі ў кляштары сясцёр кармэлітак, да якіх належала с. Люцыя, у Каімбры (пад Фацімай).
Першы раз мы бачыліся ў кастрычніку 1991 года, калі разам з невялікай групай расійскіх католікаў — гэта была моладзь — паехалі на галоўныя святкаванні ў Фаціму.
Нас прымалі вельмі добра. Што казаць — у той час у сувязі з палітычнымі зменамі гэта была эйфарыя. Быў нават тэлемост Фаціма — Чырвоная плошча. Тады, чвэрць стагоддзя таму, гэта было для мяне ў навіну.
Тады ж у мяне ўзнікла ідэя паразмаўляць з сястрой Люцыяй.
Для гэтага патрэбны быў дазвол з Кангрэгацыі Веравучэння, якую на той час узначальваў кардынал Ёзаф Ратцынгер (пазней — папа Бэнэдыкт XVI). Дазвол далі, але толькі мне.
Было зазначана, што я не маю права пытацца пра трэцюю таямніцу (яе абвесцяць толькі ў 2000 годзе — заўв. рэд.).
Мы размаўлялі праз краты, бо кляштар, у якім прабывала сястра, быў кляўзуровы, г.зн закрыты. Размаўлялі праз перакладчыка. Я прадставіўся — біскуп з Масквы.
Яна перапытала два ці тры разы: «Што? Сапраўды?! Гэта азначае, што Фацімскае прароцтва збываецца», — сказала яна.
Ужо ў той час яна была заклапочана маральным станам свету. І падкрэслівала, што нам, католікам з Усходу, трэба працаваць з Праваслаўнай Царквой, каб разам бараніць хрысціянскія каштоўнасці.
Потым яшчэ сказала вельмі важную рэч: прысвячэнне свету Беззаганнаму Зачаццю Марыі, здзейсненае папам Янам Паўлам II у 1984 годзе, адбылося так, як аб гэтым прасіла Божая Маці.
«Гарбачоў — гэта інструмент у Божых руках»
— Яна таксама папрасіла перадаць фігурку Маці Божай для Патрыярха Алексія II. Я перадаў (потым бачыў яе ў яго на стале). Сястра таксама казала пра палітычныя перамены ў свеце і пра тое, што Гарбачоў — гэта інструмент у Божых руках.
Гэта была нібыта звычайная паўгадзінная размова, але ўявіце мой стан: я размаўляю з чалавекам, які размаўляў з Божай Маці. Уяўляеце?!
Калісьці з Савецкага Саюза і выехаць было немагчыма. А тут усё так імкліва адбываецца ў свеце і ўсё на тваіх вачах. Гэта вельмі ўзрушвала.
— Але, бачыце, хоць кляштар і быў закрыты, яна ведала асноўных палітычных гульцоў...
— Так-так. Але нездарма ж кажуць: хочаш штосьці даведацца, спытай у кляўзуровых сясцёр (усміхаецца — заўв. рэд.).
Пасля с. Люцыя падарыла мне таксама ружанец, які падчас маіх пераездаў, на жаль, дзесьці згубіўся.
— Ці сутыкаліся Вы з нейкай афіцыйнай рэакцыяй расійскіх палітыкаў у той час?
— У 1991 годзе, калі ў адным з касцёлаў Лісабона ў нашай расійскай групы была Імша, на яе прыйшоў пасол Савецкага Саюза ў Партугаліі. Адкуль ён ведаў, што мы прыедзем, не ведаю. Відаць, з газет.
Пасля Імшы ён падышоў да мяне і сказаў: я няверуючы чалавек, але некалькі разоў я быў у Фаціме — аднак, як ён сказаў, «здесь что-то есть». Дзеці, якія былі непісьменныя, не маглі чытаць і не ведалі геаграфіі, прадказалі будучыню, якая збываецца. Ён быў вельмі ўражаны.
— Вам даводзілася сустракацца і размаўляць з людзьмі, якія пазней былі абвешчаны благаслаўлёнымі і святымі: Маці Тэрэза, Ян Павел ІІ, сястра Люцыя. Ці былі яны ў чымсьці падобныя паміж сабой?
— Было бачна, што чалавек вядзе глыбокае духоўнае жыццё. Па манеры размаўляць, па смеху, па вачах. Асабліва вочы гаварылі пра гэта.
«Пад Расіяй трэба разумець увесь свет, бо грэх не мае нацыянальнасці»
— Як праходзілі дзве іншыя сустрэчы са сведкай фацімскіх аб’яўленняў?
— Наступная сустрэча была ў кастрычніку 1996 года. Мы прыехалі ў Партугалію па фігуру Божай Маці для перэгрынацыі ў Расіі і Казахстане. Перад гэтым фігура пілігрымавала па Польшчы.
Галоўную ўрачыстасць цэлебраваў кардынал Ратцынгер. Пасля Імшы нас, траіх біскупаў — з Расіі, Польшчы і Казахстана — разам з кардыналам Ратцынгерам запрасілі ў кляштар на сустрэчу з сястрой Люцыяй.
Сустрэча была ў асобнай зале, ужо не праз агароджаныя краты — як у мой першы раз.
Сястра выйшла да нас разам з настаяцельніцай. Што цікава: перш чым штосьці нам адказаць, яна пыталася дазволу ў настаяцельніцы — такія былі правілы.
Я гаварыў па-англійску. Сястра размаўляла па-партугальску праз перакладчыка. Тады яна яшчэ раз нагадала, што падзеі ў Расіі — Усходняй Еўропе — гэта ажыццяўленне фацімскага паслання, а пад Расіяй трэба разумець увесь свет, бо грэх не мае нацыянальнасці.
Калі мы выйшлі, кардынал Ратцынгер яшчэ заставаўся з сястрой сам-насам. Перад кляштарам стаяла процьма журналістаў. Калі выйшаў кардынал, яго пачалі пытацца пра трэцюю таямніцу — ён сказаў, што не можа раскрываць трэцюю таямніцу заўчасна, хоць і ведае яе. Аднак адзначыў, што ў ёй няма ніякага катаклізму.
Трэцяя сустрэча была ціхай. Гэта было ў ліпені 1997 года, калі мы вярталі фігуру Маці Божай назад у Фаціму. Мы яшчэ прывезлі з сабой абраз Маці Божай Фацімскай, які цяпер знаходзіцца ў маскоўскай катэдры. Ён быў спецыяльна напісаны ў Расіі з гэтай нагоды.
Падчас Імшы ў капліцы аб’яўленняў я яго асвяціў, і з гэтым абразом мы паехалі ў кляштар у Каімбры. Нам сказалі тады, што сястра ўжо не вельмі добра чуе. Разам з іншымі сёстрамі яна прымала ўдзел у святой Імшы, пасля якой я паразмаўляў з с. Люцыяй праз краты і распавёў пра перэгрынацыю фігуры, пра абраз.
— Што яшчэ засталося ў памяці пасля сустрэчы?
— Падчас першай сустрэчы ў 1991 годзе яна казала аб тым, што яны, дзеці, спачатку вельмі перапалохаліся, калі ім аб’явілася Марыя. Маці Божая папрасіла іх маліцца ў інтэнцыі навяртання «Руш». А Расія па-партугальску — Руш.
Як расказвала с. Люцыя, спачатку яны не зразумелі, пра што гаворка: маліцца за нейкага «вельмі злога чалавека»... Яны не ведалі геаграфіі! Таму спачатку і не зразумелі, што такое Руш.
Варта памятаць, што фацімскае пасланне актуальнае і сёння. У сваім лісце да Яна Паўла ІІ сястра Люцыя сказала, што сэнс аб’яўленняў — гэта словы Марыі: калі мы будзем маліцца і навяртацца — усё будзе добра. Калі ж не, то будуць праблемы.
Гэта важна для ўсіх нас, ва усім свеце, не наступіць на адны і тыя ж граблі двойчы — старацца пазбегнуць паўтарэння канфліктаў...