Пошук


«Яну Паўлу ІІ асабліва блізкі быў Касцёл, які цярпеў падчас камунізму. Ён часта ўзгадваў вялікіх святароў гэтага Касцёла. А з сучасных вельмі цаніў кардынала Казіміра Свёнтка», — адзначыў у размове з Catholic.by былы сакратар папы Яна Паўла ІІ арцыбіскуп Мечыслаў Макшыцкі, Мітрапаліт Львоўскі.

Арцыбіскуп Мечыслаў Макшыцкі не толькі быў блізкім супрацоўнікам сёння ўжо святога Папы, але і суправаджаў яго ў апошнія гады жыцця, быў з ім побач да самай смерці.

З чытачамі Catholic.by біскуп Макшыцкі дзеліцца ўспамінамі пра св. Яна Паўла ІІ, які быў аўтарытэтным голасам Касцёла не толькі дзякуючы сваёй эрудыцыі і розуму, але найперш дзякуючы сваёй гуманнасці і любові да Бога і чалавека.

Ян Павел ІІ як кіраўнік і голас Касцёла

«Святы Айцец Ян Павел ІІ быў вялікім тэолагам і адначасова гуманістам, філосафам. Ён быў не толькі кіраўніком Касцёла, але і кіраўніком дзяржавы. І да гэтай функцыі, можна сказаць, рыхтаваўся ўжо ад пачатку свайго жыцця. Ужо з дзяцінства ён быў уважлівым і адказным вучнем.

Гэты чалавек увесь час прагнуў ведаў. Вельмі шмат чытаў. Будучы Папам і маючы мноства абавязкаў, ён тры гадзіны ў дзень прысвячаў чытанню розных кніг: паўтары гадзіны пасля абеду і паўтары гадзіны вечарам — ад 21.00 да 22.30.

Кожны панядзелак ён перадаваў сястры Эміліі, уршулянцы, некалькі кніг для рэзюмэ, і заўсёды быў задаволены тым сціслым пераказам, які яна рыхтавала. Ён называў яе вялікім інтэлектам.

Папа патрабаваў ад сябе, але і ад іншых. У яго былі свае ведамствы, якім ён даручаў пэўныя справы. Кожны дзень сустракаўся са сваімі супрацоўнікамі, якія прыносілі яму навіны пра тое, што адбываецца ў Касцёле і свеце.

Таму Святы Айцец не баяўся сустрэч з людзьмі з розных сфер — тэалогіі, культуры, літаратуры, мастацтва, з людзьмі спорту. Ён з кожным мог паразмаўляць, арыентаваўся ва ўсіх сферах. Таму і засноўваў розныя папскія рады: па справах культуры, медыцыны, біяэтыкі, спорту, свецкіх. Ян Павел ІІ хацеў, каб Касцёл быў прысутны ў кожнай сферы.

Калі ж не ведаў, як адказаць на нейкае пытанне, то заўсёды прасіў, каб яму далі час. Калі штосьці датычыла дактрынаў веры, то ён казаў: “Можна спаць спакойна, у мяне ёсць кардынал Ратцынгер” (папа Бэнэдыкт XVI — заўвага Рэд.). Калі гаворка ішла пра Міністэрства замежных спраў, у Ватыкане гэта называецца адносінамі паміж дзяржавамі, то Святы Айцец заўсёды разлічваў на кампетэнтнасць арцыбіскупа Жана Тарана, які цяпер ужо кардынал.

Святы Айцец напісаў мноства энцыклік, пастырскіх пасланняў. Таксама да ўсіх гамілій, якія прамаўляў, тэалагічныя накіды рыхтаваў самастойна. А мне не раз даводзілася чуць ад іншых: гэта немагчыма, бо нават святары і студэнты не паспяваюць усё гэта чытаць! Я сам меў магчымасць бачыць, як Папа ўласнаручна пісаў гэтыя паўтары старонкі тэалагічных накідаў да кожнай гаміліі».

«Мяне ўражвала, як проста ён ставіўся да іншых людзей»

«Святы Айцец Ян Павел ІІ быў не толькі чалавекам малітвы, чалавекам працы, але таксама ўмеў цешыцца жыццём. І тое, што мяне ўражвала, гэта яго простасць. Як мінімум раз на месяц ён выязджаў у горы, найчасцей у Абруцца, каб там пахадзіць, адпачыць, спаткацца з прыродай. Можна сказаць, што да канца свайго жыцця, нават калі ўжо ездзіў на інвалідным вазку, не апускаў рукі. А падчас яго прабывання ў Кастэль Гандольфа — з ліпеня па кастрычнік — карыстаўся басейнам.

Мяне ўражвала, як проста ён ставіўся да іншых людзей, не рабіў дыстанцыі, заўсёды стараўся кожнага заўважыць, дадаць надзеі. Калі ж бачыў, што нехта не размаўляе, што нехта сумны, то або падыйдзе і пажартуе з ім, або усміхнецца ці скажа нейкае слова, ці проста заўважыць гэтага чалавека звыйным падміргваннем».

Ян Павел ІІ вельмі цаніў кардынала Казіміра Свёнтка

«Гіторыя Еўропы была блізкая Святому Айцу Яну Паўлу ІІ. Асабліва блізкі яму быў Касцёл, які цярпеў падчас камунізму. Ён часта ўзгадваў вялікіх святароў гэтага Касцёла. А з сучасных вельмі цаніў кардынала Казіміра Свёнтка, якога часта прымаў у сваіх апартаментах, асабліва на абедзе. Папа дзякаваў гэтым святарам за іх гераічнасць, за іх служэнне Касцёлу, за яго адраджэнне пасля цяжкіх часоў».

Абноўлена 09.10.2017 14:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа