Пошук


Вярхоўны арцыбіскуп Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Святаслаў Шаўчук у размове з Catholic.by распавёў пра адносіны УГКЦ з дзяржавай і праваслаўнымі ва Украіне, а таксама пра будаўніцтва патрыярхату УГКЦ.

— Уладыка, як на сёння выглядаюць адносіны УГКЦ з дзяржавай?

Наша Царква заўсёды выступала за партнёрскія адносіны паміж Царквой і Касцёлам. Менавіта гэтая мадэль сёння ляжыць у аснове нашых адносін, якія будуюць усе Цэрквы Украіны і дзяржава.

Мы адышлі ад часоў Савецкага Саюза, калі дзяржава кантралявала Цэрквы, а Цэрквы не мелі свайго прадстаўніцтва ў дзяржаўных органах. Гэта значыць існавала структура ўпаўнаважанага, які быў «біскупам» над біскупамі і прадстаўляў перад дзяржаўнымі структурамі рэлігійнае жыццё ў краіне. Гэтая сістэма ва Украіне была скасавана, бо Цэрквы лічылі магчымым самастойна прадстаўляць сябе ў адносінах з дзяржавай. І гэты спосаб адносін — адносіны партнёраў.

Мы хочам супрацоўнічаць з дзяржавай дзеля дабра нашай айчыны, дзеля дабра нашага народа. І, канешне, нашае супрацоўніцтва датычыць нашых кампетэнцый: Царква займаецца пастырскім служэннем, сацыяльным служэннем. Каталіцкі Касцёл, між іншым, актыўна ўваходзіць у сферу адукацыі — ад дзіцячага садка, каталіцкай школы да львоўскага каталіцкага ўніверсітэта, які на сёння адзіны на ўсёй постсавецкай прасторы.

Для нас, як для Царквы, вельмі важна трымаць дыстанцыю ад дзяржаўных органаў і ад палітычнага жыцця ў краіне. Гэта нам дае свабоду. Дае свабоду нават крытыкаваць, казаць праўду, выконваць прароцкую функцыю, якую мае Царква ў адносінах да дзяржаўнай улады.

З гісторыі мы ведаем, што паміж каронай і тронам існуе блізкі саюз. Такі канкубінат паміж дзяржаўнай уладай і Царквой (…) з’яўляецца вельмі небяспечным для Царквы, бо структуры дзяржаўныя, палітычныя прыходзяць і адыходзяць, а Царква вечная. Здаровы падзел паміж дзяржавай і Царквой ідзе на карысць і дзяржаве, і Касцёлу. Аднак падзел не азначае супрацьпастаўленне. Вось на такім падзеле якраз і будуецца партнёрства, дзе мы, з’яўляючыся рознымі структурамі, выконваем розную місію, але служым аднаму народу.

— Ці заўсёды на ініцыятывы Царквы дзяржава дае пазітыўны адказ?

Не заўсёды. Ідзе дыялог, часам вельмі няпросты. Дзяржаўныя палітыкі маюць спакусу інструменталізаваць Царкву, гэта значыць выкарыстоўваць яе як інструмент у сваёй дзейнасці, асабліва калі рэйтынг, пашана да Царквы вышэй за рэйтынг або пашану тых ці іншых палітычных партый і дзяржаўных структур. Гэта значыць, небяспека інструменталізацыі Царквы дзяржавай заўсёды існуе. І мы гэта добра разумеем.

Мы імкнёмся развіваць рэлігійную свабоду і разумеем, што ўзровень развіцця дзяржавы заўсёды можна выявіць па ўзроўню рэлігійнай свабоды.

Калі Царква інструменталізуецца, калі Царква заганяецца ў нейкія вузкія канфесійныя рамкі, калі дзейнасць дазваляецца толькі ўнутры святыні, абвяшчэнне хрысціянскіх прынцыпаў у грамадстве абмяжоўваецца, то ёсць усе аргументы сцвярджаць, што свабода, дэмакратычнасць такой дзяржавы знаходзіцца на нізкім узроўні.
— Як выглядаюць адносіны паміж Грэка-Каталіцкай Царквой і праваслаўнымі ва Украіне?

У нас адносіны гістарычна складваліся няпроста. Грэка-католікаў ва Украіне 10% ад агульнай колькасці насельніцтва. Мы, з’яўляючыся меншасцю, канешне, молімся за лучнасць украінскага праваслаўя і імкнёмся рабіць усё, каб лячыць раны мінулага, не крыўдзіць нашых братоў і сясцёр, а таксама рабіць усё, каб наш дыялог, нашая ўзаемапавага і супрацоўніцтва развіваліся.

— Ці працуюць замежныя святары ва Украінскай Грэка-Каталіцкай Царкве? Ці не ўзнікаюць праблемы з магчымасцю іх прабывання і служэння ва Украіне?

У нас амаль няма замежных святароў. Ёсць адзінкі, якія прыязджаюць выкладаць. У пачатку 1990-х гадоў прыязджалі святары з захаду, але для таго, каб адрадзіць структуры. Зараз замежных святароў у нас практычна няма.

 

 

Абноўлена 25.10.2017 20:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.