Пошук

24.08.2017 15:17   Catholic.by

Ксёндз доктар Ян Крэміс, дырэктар Мінскага тэалагічнага каледжа імя св. Яна Хрысціцеля, завітаў у студыю «Радыё Марыя» і распавёў пра гісторыю заснавання ўстановы, яе дзейнасць, пра тое, ці можа ў ёй навучацца няверуючы і ці трэба плаціць за навучанне.

З чаго ўсё пачыналася?

— Ідэя заснаваць у сталіцы каталіцкую навучальную ўстанову для свецкіх была здаўна, і рэалізоўвацца яна пачала з вяртаннем у Беларусь Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча. Першым крокам стала заснаванне ў 2010 годзе так званага Цэнтра падрыхтоўкі катэхетаў у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Фактычна гэта і быў пачатак каледжа.

Дзяржаўную рэгістрацыю Мінскі тэалагічны каледж імя св. Яна Хрысціцеля атрымаў 29 жніўня 2013 года.

Апекуном установы быў абраны св. Ян Хрысціцель — 29 жніўня Касцёл адзначае ўспамін смерці гэтага святога. Акрамя гэтага, святы Ян Хрысціцель з’яўляецца прарокам Старога Запавету і Новага, які абвяшчаў Божае слова і рыхтаваў дарогу для прыйсця Хрыста.

Таксама Святы Айцец Ян Павел ІІ падчас міжнароднай сустрэчы катэхетаў у Рыме ў 2000 годзе параўнаў іх місію з дзейнасцю прарока Яна Хрысціцеля.

Мэты заснавання каледжа

— Сярод мэтаў каледжа — паглыбленне рэлігійных ведаў, умацаванне веры і падрыхтоўка спецыялістаў для рэлігійнай дзейнасці. Установу можна скончыць з ухілам катэхізацыі і атрымаць спецыялізацыю катэхета, з ухілам касцёльнага спеву і стаць кантарам. З гэтага года таксама ўведзена група з паглыбленым вывучэннем сродкаў масавай камунікацыі.

Тым не менш, каледж можна скончыць і для сябе, дзеля паглыблення рэлігійных ведаў. Такія студэнты наведваюць усе заняткі акрамя кваліфікацыйных прадметаў.

Новая справа — гэта заўсёды пэўныя складанасці

— Калі бярэшся за новую справу, заўсёды ёсць нейкія цяжкасці, але ёсць і Божая дапамога. Таму найбольш памятаецца не штосьці надзвычай складанае, а добрае. Напрыклад, на першы курс у цэнтр паступілі 58 чалавек — гэта добры пачатак.

Больш складанасцяў было з матэрыяльнага пункту гледжання. Каледж і да сёння не мае свайго памяшкання для навучання, праходзіць яно пры Чырвоным касцёле ў Мінску.

Што вывучаюць у каледжы?

— Студэнты маюць магчымасць атрымаць веды па тэалогіі (дагматычнай, маральнай і пастаральнай), Святым Пісанні, гісторыі Касцёла, Кананічным праве, літургіі, патралогіі, рэлігіязнаўстве, сацыяльным вучэнні Касцёла, філасофіі, псіхалогіі, педагогіцы, катэхетыцы, сродках масавай камунікацыі. Выкладаюцца і іншыя прадметы, згодна з прадпісаннямі Рыма-Каталіцкага Касцёла.

Гэтыя прадметы вывучаюцца ў каледжы на працягу трох гадоў. Заняткі праходзяць з верасня па чэрвень у другую і чацвёртую суботу месяца з 8.30 да 18.00.

Ці трэба здаваць іспыты?

— Пры паступленні ў каледж ёсць пэўны парадак падачы дакуменатаў (заява, напісаная ўласнаручна, біяграфія, рэкамендацыйны ліст ад пробашча парафіі, для законнікаў — ад кіраўніка супольнасці, копіі пасведчанняў аб удзяленні сакрамэнту хросту, канфірмацыі, копіі дакументаў аб атрыманай адукацыі, тры фотаздымкі, медыцынская даведка, запаўняецца анкета).

У каледж можна паступаць і неканфірмаванаму, бо гэты сакрамэнт ёсць магчымасць прыняць і на працягу вучобы.

Іспыт уключае праверку агульных ведаў пра Каталіцкі Касцёл і Катэхізіс, праводзіцца кваліфікацыйная размова, пісьмовы або вусны тэст (форма залежыць ад колькасці паступаючых).

Ці можа навучацца ў каледжы чалавек няверуючы або іншай канфесіі?

— На сёння ўстанова адкрыта для ўсіх жадаючых. У гэтым выпадку ад першага пункту іспыту асоба вызваляецца альбо праводзіцца адаптаваная размова адносна агульных ведаў пра Касцёл. Чалавек, нават калі і няверуючы, але ідзе здабываць веды ў каталіцкую навучальную ўстанову, напэўна, мае нейкае ўяўленне пра Касцёл.

Рэалізацыя ведаў, атрыманых у каледжы

— На сёння каледж скончылі 59 чалавек. Без уліку апошняга выпуску, палова людзей, якія скончылі нашу ўстанову, з’яўляюцца катэхетамі пры парафіях і такім чынам рэалізоўваюць сябе на практыцы. Многія вучацца для сябе. Найчасцей гэта старэйшыя асобы, бо ва ўстанову прымаюцца навучэнцы з 18 да 55 гадоў, у асобных выпадках — і старэйшага ўзросту. Прыходзяць вучыцца, каб пазней сваіх унукаў вучыць. Іншыя вучацца, каб у сваім працоўным асяроддзі размаўляць на рэлігійныя тэмы.

Выкладчыкі і працэс навучання

— У каледжы працуюць 22 выкладчыкі. Сярод іх біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, святары, некалькі сясцёр законных і свецкіх. Кожны мае адпаведную адукацыю. Заняткі арганізаваны на адпаведным узроўні: чытаюцца лекцыі, праводзяцца практычныя заняткі, існуе пэўная форма залічэння.

У каледжы няма зімовай сесіі, ёсць толькі летняя. Выключэннем з’яўляюцца экзамены пасля заканчэння прадмета, напрыклад, калі яго выкладанне заканчваецца ў сярэдзіне навучальнага года.

На трэцім курсе — абарона дыпломнай працы па прадмеце, які выбірае студэнт. Працу пачынаюць пісаць з другога курса, выконваючы належныя патрабаванні. Аб’ём — 30-50 старонак. Абарона працы з’яўляецца ўмовай допуску да выпускнога экзамену — ex universa. У яго ўваходзяць чатыры прадметы: Святое Пісанне — Стары і Новы Запавет, дагматычная тэалогія і кананічнае права. Для тых, хто дадаткова набывае спецыялізацыю, ёсць яшчэ кваліфікацыйны прадмет (катэхетыка, касцёльны спеў, СМІ).

Колькі каштуе вучоба?

— Навучанне ў каледжы бясплатнае.

Ці можна з дыпломамі каледжа працаваць у дзяржаўных установах?

— Дыплом, які выдае каледж, мае вартасць у касцёльным асяроддзі. Гэты дакумент пацвярджае адукацыю, з якой выпускнік можа рэалізоўваць сябе ў касцёльных структурах. Дзяржаўнай моцы ён не мае.

Аднак, калі асоба мае намер працаваць катэхетам пры парафіі, то аднаго дыплома не дастаткова. Патрэбна кананічная місія. Для гэтага пробашч павінен скіраваць у курыю спецыяльную просьбу і атрымаць кананічную місію на выкладанне ў парафіі.

Хто можа стаць выкладчыкам у каледжы?

— На сёння камплект поўны (усміхаецца — заўв. рэд.). Падбіраюцца асобы, якія маюць адпаведную кваліфікацыю па прадметах, вызначаных паводле праграмы. Мітрапаліт, у сваю чаргу, падпісвае дэкрэт аб прызначэнні выкладчыкам. Гэта людзі, якія маюць асноўнае месца працы, а ў каледжы працуюць на валанцёрскай аснове.

Чым адрозніваецца мінскі каледж ад катэхетычнага каледжа ў Баранавічах і Цэнтра падрыхтоўкі катэхетаў у Гродне?

— Вышэйназваныя ўстановы маюць пераважна катэхетычны ўхіл. Мінскі ж каледж з’яўляецца тэалагічным, і ў падрыхтоўцы па пэўнай спецыялізацыі базай з’яўляецца тэалогія, як аб гэтым адзначана ўжо ў самой назве каледжа — «тэалагічны».

Планы, мары, перспектывы

— Хацелася б мець свой будынак, з адпаведнымі аўдыторыямі і структурай. Гэта асноўная мара. Што адносна адукацыйных праектаў, то дасканаласць не мае межаў, можна равіваць і ўдасканальваць тое, што ёсць, і ўводзіць нешта іншае. Усё ў руках Божых!

Абноўлена 25.08.2017 14:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця