Госцем сёлетняй сустрэчы моладзі ў Івянцы стаў украінскі хрысціянскі гурт «Кана», які заспяваў некалькі сваіх песень на выніковым канцэрце Музычнай майстэрні і падзяліўся сваёй гісторыяй творчасці і натхнення з карэспандэнтам Catholic.by.
— Я ведаю, што ваш гурт быў заснаваны чыста з практычных мэтаў, «бо так было трэба». Цікава, якая гісторыя хаваецца за гэтым выразам?
Хрысціна Падлясецкая (вакал):
— Аднойчы летам мы паехалі ў Польшчу на сустрэчу музыкантаў. Там адбываецца фестываль Strefa Chwaly. Нас было, можа, чалавек пятнаццаць, і мы там зайгралі сваю ўласную песню. Гэтая песня ў музыцы мела адценне нацыянальных каларытаў. Пасля выступлення да нас падышлі арганізатары гэтага музычнага з’езду – гурт New Life’M. Яны сказалі, што прыедуць да нас вясной і зробяць супольны тур па Польшчы і Украіне. У гэты момант мы зразумелі, што ў нас няма назвы, каманды і рэпертуару. Усё гэта трэба было вельмі хутка зрабіць.
Мы вызначылі склад гурта, сабралі песні, якія пісалі нашыя сябры, або мы, каб гэта быў украінскі рэпертуар, і каб не было перакладаў песень з Амерыкі або Польшчы.
І таму мы так хутка мусілі зрабіць гурт, прыдумаць назву і рэпертуар. Да гэтага мы таксама гралі на розных зборах музыкантаў.
— Цікава, а як удзельнікі гурта пазнаёміліся?
Х.П.: — У нас ва Украіне ёсць «Школа хрысціянскага жыцця і евангелізацыі», якую праводзяць айцы капуцыны. І мы ўсе гралі ў гэтай Школе, а таксама дзесьці ў іншых месцах – супольнасцях, на сустрэчах…
Аднойчы адзін брат капуцын сабраў самых лепшых музыкантаў з гэтых месцаў і павёз у Польшчу на з’езд музыкантаў. Але да гэтага мы ўжо ведалі адно аднаго, таму што былі ў адной структуры. З Захарам мы пазнаёміліся на фестывалі, які самі ж арганізавалі спецыяльна для прыезду гурта New Life’М. Тады Захар прыехаў граць з камандай свайго мястэчка. Нам яго ігра спадабалася і, калі наша скрыпачка з бас-гітарыстам паехалі ў Польшчу, мы ўзялі ў сваю каманду Захара.
Захар (скрыпка):
– Мне адразу спадабалася, і я вырашыў, што буду ездзіць з імі на канцэрты.
Аляксей Каплунскі (гітара):
– Я не думаю, што мы вельмі шмат разважалі, трэба гэта або не. Нам гэта падабалася. І мы гэта рабілі.
– Чаму вы абралі для сваёй музыкі сумесь розных музычных жанраў?
Х.П.: – Фолк аб’ядноўвае музычныя густы ўсіх удзельнікаў нашай каманды. І мы стараемся розныя жанры сумясціць менавіта з фолкам. Гэта такая разынка нашага гурта. Гэта ідэнтычнасць, якая нас характарызуе, і мы стараемся максімальна працаваць у гэтым напрамку.
На гэтую ідэю нас натхнілі таксама New Life’М. Гэта былі старэйшыя музыканты, якія ўжо трохі «ведалі жыццё». І мы з імі пагодзімся, таму што, калі граем канцэрты ў славянскіх краінах, то бачым, як людзі ўспрымаюць народныя элементы. Гэта тое, што жыве ў іх сэрцах, і мы гэта добра разумеем, таму ўспрымаем такую музыку і рэагуем на яе.
А.К.: – Мы не хочам быць ксераксам.
Х.П.: – Так, ксераксам Амерыкі, Польшчы, або яшчэ каго. Мы хочам граць сваю музыку, якая ідзе знутры, з нашай украінскай душы.
– Як увогуле развіта хрысціянская музыка на Украіне?
А.К.: – Менавіта ў моладзевым фармаце гэтая музыка пачала развівацца на пачатку 90-х гадоў. Вельмі шмат з’явілася пратэстанцкіх і каталіцкіх гуртоў. Магчыма, мы ўжо другое пакаленне такіх калектываў.
Х.П.: – Калі казаць увогуле пра хрысціянскую культуру самага сучаснага характару, то традыцыйныя песні – гэта нармальна. Яны існавалі, існуюць і будуць існаваць. Мы заснавалі некалькі хрысціянскіх фестываляў, якія ўжо сёння арганізоўваюць іншыя людзі, а мы проста далі ім пачатак.
Таксама шмат зараз арганізоўваецца з’ездаў моладзі, дзе абавязкова павінна быць музыка. Раней такога не было. Асабліва апошні год паўплываў. Усе паехалі ў Польшчу на СДМ, і заўважылі, што без музыкі цяжка прыцягнуць увагу моладзі ў Касцёл, таму пачалі развівацца ў гэтым накірунку. Мы разумеем, што гэта толькі этап нараджэння такога жанру ў Касцёле ва Украіне, у параўнанні, напрыклад, з Польшчай.
– На дадзены момант чым вы займаецеся?
Х.П.: – Мы разумеем, што зараз выжыць толькі на канцэртах хрысціянскай музыкі нерэальна, але кожны з нас штодзённа займаецца музыкай. Кожны з нас мае да музыкі непасрэднае дачыненне.
Скрыпач Захар піша музыку да серыялаў, барабаншчык Віктар выкладае ігру на барабанах, а таксама прадае барабаны. Эдзік – наш бас-гітарыст, мае студыю з сінхронамі да фільмаў. У нас з Аляксеем таксама свая студыя. Таксама наш гурт мае сувязь з хрысціянскімі гуртамі. Мы вучым іх іграць і спяваць, стараемся развіваць іншых хрысціянскіх музыкантаў…
– Вы нядаўна выпусцілі альбом «Крылы». У чым яго асаблівасць?
Віктар Ліснікіўскі (барабаны):
– Гэты альбом адрозніваецца ад папярэдніх па саўнду, ён набыў форму больш жорсткай музыкі, рокавай, страціўшы элементы джазавай гармоніі. Можна пачуць, што там гучаць пераважна струнныя інструменты.
Некалькі песень, якія мы запісалі, не ўвайшлі ў гэты альбом. Магчыма, у іх ёсць шанс быць уключанымі ў наступны. У нас была магчымасць гэты альбом запісваць на вельмі вядомай студыі, якая знаходзіцца ў Гданьску. Гэта быў тыдзень вельмі цікавай супольнай працы з Марцінам Паспяшальскім.
Х.П.: – Мы з імі (Паспяшальскімі – Рэд.) вельмі сябруем і яны нас нібы суправаджаюць у творчасці. Увогуле, запіс новага альбома быў для нас часам вялікага цуду. Нам патрэбна было знайсці вельмі вялікую суму грошай, і мы проста маліліся, прасілі Бога ў гэтай інтэнцыі. І людзі пачалі адгукацца, дапамагаць матэрыяльна. У гэтым выпадку Тата нас благаславіў.
На працягу паловы года, калі мы запісвалі гэты альбом, адбывалася шмат цудаў. З’яўляліся людзі, якія хацелі нас прыняць бясплатна жыць у Польшчы на час запісу альбома, карміць, або проста ахвяраваць грошы на дарогу. Мы бачылі, што Бог нас шмат чаму вучыць і ў той жа час для Яго няма нічога немагчымага. Дзякуючы гэтаму альбому ў нас зусім змяніўся падыход да музыкі. Увогуле, мы вельмі шмат часу адводзім на дэталі ў музыцы, і гэта новы для нас працэс, у якім раней не працавалі.
– Мне вельмі падабаецца вашая песня «Без Тебе». Распавяддзіце, як яна з’явілася на свет?
Х.П.: – Напісала песню я. Не было ніякай гісторыі, з ёй звязанай. Я проста прачнулася раніцай з гэтымі словамі ў галаве, села, і за адзін дзень напісала. Праўда, гэтая песня нікому з гурта тады не спадабалася і мы яе не гралі тры гады, «паклалі ў шуфлядку» надоўга.
Першы раз мы яе зайгралі ў Балгарыі на адной з сустрэч для моладзі. Потым яшчэ была адна гісторыя з гэтай песняй. У нас ва Украіне ёсць такая каманда «Жівяком», якая запісвае кліпы. Калі яны нам запісвалі кліп «Вяснянка», то ўзгадалі, што трэба было б запісаць таксама песню ўжывую. А мы тады былі змучаныя пасля здымак кліпа «Вяснянка», не мелі добрага мікрафона… Але мы знялі кліп і паехалі ў Польшчу.
Ужо пасля мы ўбачылі, што відэа проста «выбухнула» ў інтэрнэце. І гэта быў для мяне сапраўды знак таго, што Бог дзейнічае праз нашыя слабасці, праз тое, што мы лічым зусім няўдалым і нявартым матэрыялам. Бог выкарыстоўвае па-іншаму.
– Чаму вы вырашылі запісаць альбом на паэзію святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус?
Х.П.: – Гэта насамрэч быў камерцыйны праект. І якраз у той час ва Украіну прывозілі рэліквіі св. Тэрэзы. Да нас падышлі кармэліты і папрасілі зрабіць песні на ўкраінскай мове. І мы вырашылі адгукнуцца. Ажывілі гэтыя тэксты новай аранжыроўкай. Наш бас-гітарыст прыдумаў усе аранжыроўкі. Мы адаптавалі тэкст і проста запісалі гэты альбом у студыі ў Кіеве – той, якая з’яўляецца нашай рэпетыцыйнай студыяй. З таго часу мы вельмі шмат адкрылі з жыцця святой Тэрэзы, яна нам шмат у чым дапамагла...
– На дадзены момант, што кожны з вас ужо знайшоў падчас грання ў гэтым гурце?
А.К.: – Ёсць момант, калі ты граеш і разумееш, што табе гэта падабаецца, потым граеш і бачыш, што гэта цябе развівае, а потым разумееш, што граеш таму, што ты верны Богу. Момант гэтай вернасці для мяне зараз – самае галоўнае.
Х.П.: – У мяне мурашкі ад таго, што я раблю. Я разумею, што музыка – гэта маё. Я маю шмат магчымасцяў хадзіць на канцэрты розных каманд, але разумею, што нішто мяне так не напаўняе, як музыка пра Бога. Гэта сапраўды пакліканне майго жыцця ў пакліканні.
Я хачу гэта рабіць, нягледзячы на «страту сямейнага бюджэту».
Пакуль гэта такая Божая справа, і я спадзяююся, што так будзе да канца жыцця, бо мы дамовіліся, што на пахаванні кожнага з нас зайграем песню «Аданай».
Эдуард (гітара):
– Праслаўленне Бога, пакора перад Ім і сапраўднасць – тое, што я знайшоў у Кане.
В.С.: – Спачатку ў мяне было такое ваганне: адзін час гэтыя вагі падалі на адзін бок і з’яўлялася прагненне заставацца ў Кане і штосьці рабіць, а ў іншы – калі я задумваўся завязаць з гэтай справай, але Бог мяне ўвесь час спыняў і вяртаў назад.
Гэта вялікая ласка – быць супрацоўнікам будавання Божага валадарства на зямлі. Дух Святы нам дапамагае любіць адно аднаго, нягледзячы на розныя цяжкасці і слабасці. Я нават не мог раней уявіць, што Бог падорыць мне такі досвед.
З: – Гэта сапраўды цуд. Мы настолькі розныя (тут і грэка-католікі, і рыма-католікі, і пратэстанты), але ствараем музыку разам і кожны прыносіць штосьці сваё. Гэта вельмі цікава і вельмі моцна мяне напаўняе.
– Перад выступам на сённяшнім канцэрце вы крышку ўзгадалі пра тое, што не ўпершыню ў Беларусі. Што адметнае для сябе тут адкрылі?
– Усё пачалося са Школы хрысціянскага жыцця і евангелізацыі. Памятаю той збор. Было, здаецца 15 дзяцей па 15 гадоў, а мы ім штосьці распавядаем.
Сёння, азіраючыся назад, мы разумеем, што гурт «Рыбы», які ёсць сёння, гэта выхаванцы Школы. І яны трымаюцца вельмі добра: у іх свой рэпертуар, яны верныя Богу. Я ўбачыла, што ў вас (беларусаў) рэальна ёсць свая ідэнтычнасць. Яе хочацца пазнаць і ўбачыць. Таксама нам вельмі падабаецца, што касцёлы ў Беларусі культывуюць беларускую мову. Гэта сапраўды крута – захоўваецца ідэнтычнасць народа.
– Якія ў вас уражанні ад сённяшняга канцэрта?
Х.П.: – Я разумею, што насамрэч гэта ўсё ў руках Бога, а не людзей. Прафесіяналы тут іграюць і спяваюць для Яго. Гэта выклікае шмат эмоцый і слёз унутры. Для Бога – гэта сапраўды вельмі вялікая справа. Мы заўсёды з «Канай» натхняемся такімі падзеямі, бо чэрпаем з іх нейкія новыя ідэі, якія прывозім дадому, а потым рэалізоўваем. Таму гэта была чарговая натхняльная музычная справа. І мы яшчэ пабачым, што мы ад яе ўзялі.
А.К.: – Я павязу з сабой ва Украіну радасць ад таго, што мы ўсе былі разам.