Пошук


Catholic.by паразмаўляў з Мітрапалітам Кандрусевічам і пацікавіўся, што змянілася з моманту яго дакладу 2 мая ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь пра адносіны Касцёла і дзяржавы.

— Эсцэленцыя, мінула амаль тры месяцы пасля Вашага выступлення з дакладам у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Ці змянілася што-небудзь у адносінах паміж Касцёлам і беларускай дзяржавай з таго часу?

— Адбылося некалькі сустрэч з кіраўніцтвам Адміністрацыі Прэзідэнта, дзе абмяркоўваліся ўзнятыя мной праблемы. Як мне падаецца, яны былі пачуты і таму спадзяюся на іх вырашэнне.

Адносіны Касцёла і дзяржавы не замарожаны і развіваюцца. Будуюцца новыя касцёлы, хоць дазвол на будаўніцтва атрымаць нялёгка.

Хочацца падкрэсліць добрае ўзаемадзеянне ў арганізацыі ўрачыстасцей, як, напрыклад, працэсіі Божага Цела па вуліцах гарадоў і вёсак, пілігрымкі ў разныя санктуарыі, найперш у Будслаў і сам будслаўскі фэст. У гэтым годзе ўпершыню будслаўскія ўрачыстасці трансліраваліся ў прамым эфіры па дзяржаўным тэлебачанні.

— Безумоўна, гэта станоўчыя праяўленні ўзаемадзення. Але ў той жа час улады не ўзгаднілі служэнне некаторых замежных святароў, а многім узгаднілі на шэсць або толькі на тры месяцы. Як бы Вы пракаментавалі такое іх рашэнне?

— Адна з самых галоўных праблем у працы Касцёла — гэта неатрыманне замежнымі святарамі дазволу на выкананне святарскай паслугі ў Беларусі.

Апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў тлумачыць гэту сітуацыю наяўнасцю ў некаторых святароў шматлікіх парушэнняў хуткасці ў перыяд з 31 ліпеня 2016 года па 30 ліпеня 2017 года. Паводле заканадаўства Беларусі, парушэнне хуткасці два разы ці больш можа стаць прычынай неўзгаднення далейшай працы. У выпадку некаторых святароў гэты факт быў заяўлены як прычына ўзгаднення іх паслугі на абмежаваны  перыяд у тры або шэсць месяцаў.

Абвінавачванне ў парушэнні хуткасці, аднак, не заўсёды адпавядае рэчаіснасці. Парадаксальнасць сітуацыі ў тым, што на афіцыйны запыт у УУС Мінаблвыканкама прыйшоў адказ, згодна з якім за названы перыяд у святароў, праца якіх не была ўзгоднена, адсутнічаюць адміністрацыйныя правапарушэнні, якія дазвалялі б гэта зрабіць.

А сярод тых святароў, якія атрымалі дазвол на шэсць або тры месяцы — адзін зусім не водзіць аўтамабіль, бо не мае правоў. Як можна ў такіх умовах казаць пра арганізацыю стабільнага служэння святароў і доўгатэрміновыя планы?

Хоць Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў адклікаў сваё рашэнне аб неўзгадненні на працу двум замежным святарам з мэтай далейшага вывучэння існуючай сітуацыі, тым не менш гэта не вырашае праблемы.

Нельга выкарыстоўваць непраўдзівыя абвінавачанні святароў, якія так многа зрабілі для развіцця Касцёла на Беларусі і самой Беларусі.

— У чым істотны бок гэтай праблемы для мясцовага Касцёла?

— У пачатку 1990-х, калі прыйшла свабода веравызнання, у нашай краіне заставалася каля 60 святароў, пераважна ў пажылым ўзросце. Дзякуючы новым умовам сёння лічба святароў-беларусаў павялічылася да амаль 400, аднак, і гэтай колькасці яшчэ недастаткова для нармальнай пастырскай дзейнасці. Ні Папа Рымскі, ні я і ніякі чыноўнік, ніхто не можа загадаць юнаку стаць святаром. Гэта свабодны выбар няпростага шляху.

Тут таксама хачу ўзгадаць іншую праблему. Дзяржава патрабуе ад нас больш актыўнай працы для таго, каб з’яўляліся святары мясцовага паходжання. Улічваючы недахоп духавенства, мы просім для святароў, грамадзян Беларусі, якім не споўнілася 27 гадоў, адтэрміноўку ад вайсковай службы.

У гэтым годзе адзін святар быў выкрэслены Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў са спісу тых, для каго мы прасілі аб  адтэрміноўцы. У дадзены момант ён з’яўляецца дактарантам Грыгарыянскага каталіцкага універсітэту ў Рыме. Таксама ўзніклі праблемы з атрыманнем адтэрміноўкі для семінарыстаў, якія навучаюцца за мяжой. Узнікае лагічнае пытанне: чаму?

Падсумоўваючы сказанае вышэй, сама сабой напрошваецца выснова пра дыскрымінацыю Касцёла.

— Вы доўгі час служылі ў Маскве і актыўна падарожнічаеце. Ці сутыкаліся Вы з падобнымі праблемамі ў іншых краінах?

— Названых мной вышэй праблем у Расіі я не сустракаў, няма іх і ў еўрапейскіх краінах. Гэта ўсё не спрыяе іміджу Беларусі за мяжой.

Спадзяюся, што дзяржаўныя ўлады будуць адкрытыя да дыялогу, бо часта адносіны з Касцёлам нагадваюць маналог і нават дыктат.

Абноўлена 11.09.2017 12:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.