Пошук



У 2017 годзе прыпадае 500-годдзе Рэфармацыі, якая дала пачатак новаму канфесійнаму руху ў хрысціянстве — пратэстантызму. Адна з яго галін — лютэранства — сёння вельмі распаўсюджана ў Германіі і Скандынавіі.

Пра асаблівасці лютэранства ў Германіі мы гутарым з паслом Германіі ў Беларусі Петэрам Дэтмарам.

Дыпламат распавядае пра веру ў сваёй сям’і і па просьбе Catholic.by дае прагноз на бліжэйшыя выбары ў Бундэстаг.

— Шаноўны спадар Дэтмар, якія мерапрыемствы заплавананы ці праводзяцца ў Германіі з нагоды 500-годдзя Рэфармацыі?

— 2017 год асаблівы год для пратэстантаў. У Германіі арганізавана больш за 1200 розных мерапрыемстваў, прысвечаных юбілейнаму году Рэфармацыі. У Германіі ладзіцца цэлы шэраг самых розных сустрэч, чытанняў і інш.

З гэтага шэрагу асабліва я выдзеліў бы тры тэматычныя выстаўкі. Першая — берлінская выстаўка на тэму «Эфект Лютэра да 500-годдзя пратэстантызму ў свеце», другая выстаўка праходзіць ў Айзенаху (адзін з найбольш наведваемых сёння гарадоў, прысвечаных памяці Лютэра), дзе Марцін Лютэр у Вартбургу перакладаў Біблію. Трэцяя выстаўка — у Вітэнбергу, дзе Лютэр абвясціў 95 тэзісаў.

Першая выстаўка расказвае пра тое, як далёка пратэстантызм распаўсюдзіўся ў свеце. Я бачыў гэту выстаўку і гэта вельмі ўражвае — пратэстантызм развіваўся і распаўсюджваўся ў свеце па-рознаму: ад Карэі, праз Швецыю і да ЗША.

Другая выстаўка паказвае палітычны ўплыў пратэстантызму пасля 1517 года. Найперш гаворка ідзе пра канфлікты, якія здарыліся пасля: напрыклад, сялянская вайна 1524-1526 гг., а таксама Трыццацігадовая вайна, якая распачалася на глебе супрацьстаяння пратэстантаў і католікаў ў 1618 годзе. Усе гэтыя даты маюць значэнне як вынікі Рэфармацыі.

У цэнтры выстаўкі ў Вітэнбергу знаходзіцца асоба Лютэра і значэнне іншых людзей, якія мелі цесную сувязь з Лютэрам і аказалі ўплыў на развіццё пратэстантызму.

— Як бы Вы ацанілі становішча пратэстантаў у Германіі і іх адносіны з католікамі?

— Варта сказаць, што з цягам часу рэчы змяняюцца. Пасля Другой сусветнай вайны ў час заснавання Федэратыўнай Рэспублікі Германія больш за 90 працэнтаў людзей, якія жылі на гэтай тэрыторыі, былі цесна звязаныя з рэлігіяй.

Не важна, католікі ці пратэстанты — яны былі членамі Цэркваў. Сёння гэтыя лічбы моцна скараціліся, і цяпер толькі каля 56 працэнтаў немцаў фактычна належаць да той ці іншай Царквы. Але практыка паказвае, што можна верыць у Бога і не быць членам Царквы.

Адносіны паміж католікамі і пратэстантамі ў Германіі цесныя і добрыя. Вось і зараз на памятныя ўрачыстасці, прысвечаныя 500-годдзю Рэфармацыі, запрошаныя і прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла. У любым выпадку, праблем у сумеснай працы паміж Цэрквамі няма.

Але адрозненні нікуды не падзеліся. Да сёння ёсць рознагалоссе ў тым, як пратэстанты і католікі разумеюць ролю святароў і іерархіі ў Царкве.

— Вы належыце да Лютэранскай Царквы. Як Вы адчуваеце сябе ў Беларусі? Ці ёсць тут магчымасць наведваць набажэнствы?

— У Мінску няма лютэранскай царквы. Бліжэйшая — у Гродне. На жаль, ездзіць туды рэгулярна кожную нядзелю не атрымліваецца.

Калі я працаваў у іншых краінах, магчымасць рэгулярнага наведвання службы была. У Маскве ў нас быў асобны прыход пры пасольстве з уласным пастарам. У Мілане таксама быў прыход нямецкіх пратэстантаў з вельмі прыгожым царкоўным садам.

— Наколькі я ведаю, у вас двое дзяцей. А якую ролю мела рэлігійная традыцыя (калі мела) ў іх выхаванні?

— Вядома, мы ў пэўнай ступені стараліся прывіць дзецям тыя каштоўнасці, якія падзяляем самі, і якія засноўваюцца на традыцыі, у якой выраслі ў свой час мы самі.

Не магу сказаць, што мае бацькі былі вельмі рэлігійнымі людзьмі, аднак мы з братам выхоўваліся ў духу пратэстантызму — у той адмысловай традыцыі, якая прынята ў Лютэранскай Царкве. Мы паважалі традыцыі Лютэранскай Царквы, святкавалі ўрачыстасці, часта хадзілі на службы ў царкву. У школе мы наведвалі заняткі па рэлігіі. Тады гэта яшчэ было абавязкова.

У нашай сям’і гаворка ішла найперш пра перадачу каштоўнасцей: павагу ў стаўленні да людзей, прызнанне таго, што кожны чалавек асаблівы, хоць адначасова і недасканалы. З гэтымі каштоўнасцямі мы спрабавалі жыць у нашым штодзённым жыцці.

Падобна мы імкнуліся выхоўваць і нашых дзяцей. Мае сын і дачка, напрыклад, канфірмаваныя. Для мяне было важна прывіць ім каштоўнасці, якія шмат у чым важныя сёння — павагу да людзей, павагу да таго, што кіруе іншымі — не важна, якой яны рэлігіі, чым яны займаюцца і г.д. Штосьці можна не прымаць, але важна ўмець гэта паважаць.

— Калі казаць пра маладое пакаленне Германіі і іх веру, якія назіранні можаце адзначыць?

— Калі меркаваць па тых, хто наведвае дні католікаў і евангелістаў (у Германіі раз на два гады праводзяцца адмысловыя інфармацыйныя мерапрыемствы — т.зв. Дзень католіка, а таксама Нямецкі пратэстанцкі царкоўны дзень — заўв. аўтара), можна з упэўненасцю сказаць: з кожным разам усё больш маладых людзей прыходзіць у царкву ў параўнанні з тым, як гэта было яшчэ 10-15 гадоў таму.

Маё ўражанне, магчыма, павярхоўнае, не падмацаванае статыстыкай і не апрацаванае навукоўцамі, але я бачу, што ў час, калі ацэнка каштоўнасцей працягвае падаць, Царква і рэлігія зноў прапаноўваюць для многіх, у тым ліку маладых людзей, новую радзіму.

Гэта можна ацэньваць па-рознаму. Але тое, што я заўважыў — у самасвядомасці людзей, у тым ліку і моладзі, рэлігія зноў становіцца важнай.

— Наколькі складана было для Вас як для бацькі выхоўваць дзяцей, прывіваючы ім павагу да царкоўнай традыцыі?

— Не ўсё тут залежыць толькі ад бацькоў. Важную ролю адыгрываюць і пастары, якія нясуць служэнне ў прыходах — наколькі яны могуць заахвоціць дзяцей да ўдзелу ў царкоўных набажэнствах.

Нам з жонкай не даводзілася прымушаць дзяцей ісці на заняткі па рэлігіі, бо яны самі хадзілі туды з радасцю і цікавасцю. Да таго ж, мы шмат размаўлялі пра гэта дома.

У выпадку з дачкой было нават так, што яна захацела прыняць канфірмацыю раней, чым гэта прынята. З пастарам, які вёў у яе заняткі, мы падтрымліваем добрыя стасункі і сёння.

— Што азначае для вас вера ў Бога?

— Я перакананы пратэстант, веруючы хрысціянін. Бог нічога не чакае ад чалавека – менавіта гэта захапляе мяне ў пратэстантызме. Мы вызначаем наша стаўленне да Бога як вельмі індывідуальнае — для гэтага нам не трэба царква або іерархія.

Кожны, хто можа чытаць Біблію, мае індывідуальны доступ да рэлігіі і да Бога. І хто хоча распаўсюджваць каштоўнасці, той павінен сам у пэўнай ступені імі кіравацца.

Самае важнае: навучыцца ўспрымаць чалавека такім, якім ён ёсць — з яго пазітыўнымі і негатыўнымі бакамі. Гэта для мяне з’яўляецца вырашальным. І, канешне, спрабаваць жыць, захоўваючы 10 Божых запаведзяў. Не заўсёды гэта ўдаецца, але спрабаваць варта.

«Пакуль не пачынаеш забараняць іншым думаць ці верыць інакш, усё ў парадку»

— Вы ўжо некалькі гадоў у Беларусі. Як бы Вы апісалі ўзаемаадносіны паміж рознымі канфесіямі?

— Узаемаадносіны паміж канфесіямі ў Беларусі цалкам пазітыўныя. Канешне, Праваслаўная Царква адыгрывае дамінуючую ролю. 80 працэнтаў веруючых вызнае праваслаўе, да Каталіцкага Касцёла сябе адносіць толькі каля 14 працэнтаў вернікаў.

Калі назіраць збоку, то бачна, што абедзве царкоўныя канфесіі запрашаюць адна адну на святкаванні, разам бяруць удзел у розных мерапрыемствах. У ХІ стагоддзі гэтыя канфесіі падзяліліся і з таго часу, вядома, у абедзвюх канфесіях узмацніліся свае традыцыі. Але ў цэлым узаемадзеянне ідзе разважліва.

— Ці чулі вы выказванне Нобелеўскага лаўрэата па літаратуры Святланы Алексіевіч адносна католікаў і праваслаўных?

— Я не сачыў за гэтай дыскусіяй і не магу сказаць, што матывавала пісьменніцу выказацца менавіта так. Вам трэба ў яе спытаць.

Не важна, да якой рэлігіі мы належым, у нас адзін Бог. І да Бога мы ўсе павінны шукаць свой разважлівы шлях. У міжканфесійным дыялогу важная не канфрантацыя, а дыскусія. Праз словы, а не праз іншыя сродкі.

Чаму нельга прыняць, што ёсць адрозненні? Ёсць цудоўнае выказванне аднаго курфюрста: кожны — шчаслівы на свой фасон. Гэтае права «быць шчаслівым на свой фасон» адносіцца да кожнага чалавека.

Не важна, да якой рэлігіі ты належыш, пакуль не пачынаеш забараняць іншым думаць ці верыць інакш, усё ў парадку.

— Напрыканцы хацеў бы пацікавіцца ў Вас ацэнкай шансаў партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (AfD) ўвайсці ў Бундэстаг на бліжэйшых выбарах.

— Трэба глядзець папярэднія даныя апытанняў.  Цяжка спрагназаваць, колькі працэнтаў набярэ партыя на выбарах. Выглядае так, што лічба будзе ў раёне 6-8 працэнтаў. Я амаль перакананы, што AfD набярэ неабходныя для Бундэстага пяці працэнтаў галасоў.

— AfD выступае з крытыкай міграцыйнай палітыкі партыі Меркель, а таксама за выхад з еўразоны. У міграцыйным пытанні ўсё вельмі далікатна, бо большасць бежанцаў — мусульмане. Па-вашаму, якой будзе падтрымка партыі падчас выбараў?

— У Еўропе няма такой краіны, якая прыняла б у сябе так шмат бежанцаў і мігрантаў у апошнія гады, як Германія. Тое, што гэта не ўсім падабаецца, так ці інакш нармальная рэакцыя. Не кожны ідэнтыфікуе сябе з горам гэтых людзей.

Сапраўднае гэта гора ці не, ёсць там тыя, хто прыбыў у Германію з іншымі матывамі ці не — гэта справа палітыкі.

Тое, што AfD, выступаючы супраць міграцыйнай палітыкі, выкарыстоўвае гэта ў палітычных мэтах — частка палітычнай гульні. Але Германія тут не адна такая. Падобнае можна пабачыць у Францыі, Нідэрландах, Фінляндыі, Даніі, Польшчы, Венгрыі і г.д.

Кожная краіна па-рознаму рэагуе на новы феномен, з якім мы вымушаны будзем жыць ў новым дзесяцігоддзі. Якія інструменты мы распрацуем, каб успрымаць гэтую з’яву, залежыць ад многіх фактараў, якія нельга прадугледзіць.

Войны і эканамічныя прычыны прымушаюць людзей пакідаць сваю Радзіму і шукаць жыццё ў міры і бяспецы ў іншых частках свету. Гэта натуральная жаданне. Ці варта даваць шанец тым, хто пакідае сваю краіну па эканамічных прычынах, гэтае пытанне нельга вырашыць за адну ноч. На гэта патрэбен час.

Абноўлена 20.07.2017 15:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.