Пошук


Ён хацеў стаць манахам, але стаў дыпламатам — другім у гісторыі Венгрыі дыпламатам Апостальскай Сталіцы. Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр — пра таямніцу паклікання, ролю каталіцкіх СМІ, фінансаванне Касцёла, а таксама пра адзінства хрысціянаў і планы служэння ў Беларусі.

— Ваша Эксцэленцыя, мінула ўжо паўгода, як Вы прыбылі ў нашу краіну. Як Вас прыняла Беларусь і якія задачы ставіце перад сабой?

— У Беларусі я адчуваю сябе як дома. Нават не чакаў, што так будзе. Пакуль што першачарговая задача — давесці да ладу будынак новай нунцыятуры, дзе яшчэ трываюць аддзелачныя работы.

Калі казаць больш шырэй, то маё знаёмства з беларускім грамадствам і мясцовым Касцёлам адбылося ўжо на 80-90 працэнтаў. Прыярытэтнай жа задачай для сябе лічу падрыхтоўку візіту ў Беларусь Папы Рымскага, таму вельмі важны момант — спраўдзіць, як мы можам арганізаваць гэты візіт.

Ёсць і іншыя важныя тэмы, якімі я хацеў бы заняцца ў Беларусі. Але пра іх пакуль не будзем. У тым і сутнасць дыпламатыі, каб захоўваць таямніцу (усміхаецца — заўв. аўт.). Мы кажам пра тыя рэчы, якія зроблены, а не якія плануюцца.

«Адзінства паміж хрысціянамі магчыма ўжо ў гэтым стагоддзі. Але якім яно будзе?»

— У адным з інтэрв’ю вы згадвалі, што калісьці даследавалі для дысертацыі пытанне экуменізму. Якой Вы бачыце ў гэтым кантэксце Беларусь?

— Трэба ўлічваць, што ёсць розныя меркаванні на тэму экуменізму. Ёсць думка католікаў, а ёсць меркаванні кальвіністаў, лютэран, праваслаўных і г.д. Другі Ватыканскі сабор адкрыў дзверы Касцёла на абмеркаванне гэтай тэмы. І тое, што было дасягнута за гэты час — вялікі прагрэс, бо 900 гадоў таму ўзаемных кантактаў паміж канфесіямі амаль не было.

У цэлым, за апошнія 100 і нават 50 гадоў мы зрабілі вельмі шмат у гэтым кірунку. Першым этапам т.зв. «экуменізму» стала ідэя ўзаемапавагі і супрацоўніцтва, якая прыйшла ў пачатку ХХ стагоддзя.

Сёння адной з галоўных праблем, якая кідаецца ў вочы, — у няведанні адно аднаго. У нашых галовах жывуць стэрэатыпы, і мы нічога не робім, каб іх разбурыць. Для гэтага патрэбен час — і ў першую чаргу, каб пазнаёміцца.
У Беларусі католікі і праваслаўныя жывуць разам стагоддзямі. І праз гэта тут назіраецца мірнае суіснаванне і павага. Вернікі бачаць, што людзі іншай канфесіі нічога дрэннага ім не жадаюць.

Я з аптымізмам гляджу ў будучыню. Хуткасці, на якіх развіваецца грамадства, вельмі ўражваюць. І гэта дае надзею. Не думаю, што для наступнага кроку ў справе «адзінства» давядзецца чакаць стагоддзі. Я нават думаю, што адзінства магчымае хутчэй — ужо ў гэтым стагоддзі. Але як яно будзе выглядаць — гэта ўжо іншае пытанне.

«Мы павінны маліцца за нашых братоў, якія яшчэ не знайшлі свайго паклікання»

— 2 лютага Каталіцкі Касцёла адзначае Дзень кансэкраванага жыцця. А якім быў ваш шлях да святарства? Магчыма, свет манаства таксама вабіў?

— Думкі пра манаства ў мяне сапраўды былі. Я часта пра гэта думаў. Але не толькі пра гэта. Будучы школьнікам, прымерваў да сябе і іншыя прафесіі. Напрыклад, я быў дастаткова паспяховым спікерам у школе, меў досвед выступлення на радыё, умеў добра гаварыць і дэкламаваць.

Мне падабалася вучыцца і я ведаў, што гэтыя якасці могуць прыдасца ў будучай прафесіі. Але якой?

Вызначацца трэба было перад выпускнымі экзаменамі. Пасля многіх начэй разважанняў я зразумеў, што мой шлях — семінарыя. Я хацеў стаць святаром і быць душпастырам на сваёй радзіме. Памятаю, яшчэ дзіцём я разумеў, што павінен добра вучыць англійскую мову...

Ціск на Касцёл у камуністычныя часы ў Венгрыі асабліва вялікім не быў, хоць і магчымасцяў шмат для святара ў тыя часы не было. Аднак мяне гэта не пужала.

На сумоўе да біскупа нас прыйшло, памятаю, чалавек 30-40, але паступілі толькі 12. У семінарыі я працягваў разважаць пра манаства, нягледзячы на тое, што практычна ўсе кляштары ў Венгрыі на той час былі зачынены. Дзейнічалі толькі тры мужчынскія супольнасці: францішкане, піяры і бэнэдыктынцы.

Ім было дазволена займацца школамі, але колькасць законнікаў у кожнай супольнасці не павінна была перавышаць 80 чалавек. Кожная з манаскіх галін мела па дзве гімназіі, якія лічыліся найлепшымі навучальнымі ўстановамі ў сваіх мясцовасцях.

«Я разважаў пра тое, каб далучыцца да бэнэдыктынскага ордэну»

Я ўяўляў сябе дыяцэзіяльным святаром побач з салезіянамі — салезіянскі бэкграўнд у мяне таксама быў. У маёй роднай парафіі працаваў вельмі чулы святар салезіянін. Я, можна сказаць, вырас у гэтай салезіянскай традыцыйнасці, прачытаў шмат кніг Дона Боско, быў знаёмы з іншымі салезіянамі...

Паралельна я разважаў над тым, каб далучыцца да бэнэдыктынскага ордэну. Я шмат разоў наведваў іх кляштары, удзельнічаў у рэкалекцыях паклікання і г.д.

Калі я быў у семінарыі, то думаў: стану святаром і вырашу — далучацца да манаскай супольнасці ці не. Я планаваў застацца ў Венгрыі. Але пасля семінарыі мяне накіравалі вучыцца ў Вену і часу на роздум практычна не засталося — прыйшлі новыя абавязкі.

З пазіцыі сённяшняга дня: я не стаў ні бэнэдыктынцам, ні салезіянінам, але я вельмі рады, што знаёмства з гэтымі манаскімі супольнасцямі было ў маім жыцці.
Я перакананы, што ўсё гэта — вялікі Божы план для мяне. І гэты жыццёвы вопыт падрыхтаваў мяне да сённяшняга жыцця, як біскупа і нунцыя..

— Як Вы лічыце, у чым праблема святарскіх і манаскіх пакліканняў сёння? Чаму юнакі адцягваюць адказ на Божы заклік?

— Кожнае пакліканне — гэта таямніца. Вельмі інтымная і прыватная рэч. У маім выпадку пакліканне выспявала паступова. Я выхоўваўся ў веруючай сям’і.

У 5 гадоў стаў міністрантам — яшчэ нават у школу не хадзіў. Касцёльны асяродак быў для мяне натуральны, і я вельмі ўтульна ў ім сябе адчуваў.
Я ніколі не расчараваўся ў сваім рашэнні стаць святаром. Але гэтае рашэнне заўсёды патрабуе адвагі, таму мы павінны маліцца за нашых братоў, якія яшчэ не знайшлі свайго паклікання.

Часам людзі, разважаючы пра пакліканне, хочуць пачуць гісторыі пра нейкія аб’яўленні. Я ведаю некаторых святароў і нават біскупаў, якія калісьці перажылі ў сваім жыцці канкрэтныя сітуацыі, калі ўсё змянілася і яны зразумелі свой далейшы шлях. Але так бывае не заўсёды.

Большасць пакліканняў да святарства — гэта назапашванне духоўнага вопыту. І гэта працэс многіх гадоў. Чаму сёння для многіх юнакоў так цяжка зразумець, адчуваюць яны пакліканне да Божай службы ці не? Прычына ў нашым грамадстве.

Паглядзіце на сучасныя сем’і: ніхто не хоча рызыкаваць, беручы шлюб на ўсё жыццё. Часта кажуць: «мы паспрабуем: калі пойдзе — добра, а не — пашукаю іншага». Усе хочуць быць «прарокамі», ведаць, што чакае іх наперадзе. Сёння ў нейкай ступені гэта феномен нашага грамадства.

Падобная сітуацыя і з пакліканнем да святарства. Але з той розніцай, што падыход «я паспрабую» ўжо не працуе. Юнакі разумеюць, што рашэнне павінна быць канчатковым, таму і вагаюцца.

— У Вашым «паслужным» спісе — праца ў розных частках свету ад Балівіі да Філіпінаў. Як пачыналася Ваша дыпламатычная служба?

— Адметна, што ў Венгрыі як святар я практычна і не працаваў, а быў толькі інкардынаваны (належаў да духавенства дыяцэзіі Вац — аўт.). Калі я скончыў універсітэт у Будапешце, то быў яшчэ дыяканам, і мой біскуп накіраваў мяне вучыцца ў магістратуру ў адзін з універсітэтаў Вены. Там паралельна з вучобай я выконваў абавязкі дырэктара венгерскага інстытута Pac Maneum.

Па праўдзе кажучы, падчас вучобы я думаў, што вярнуся назад у Венгрыю, аднак, так не адбылося.

Калі я атрымаў дыплом, мяне накіравалі ў Германію, дзе я выконваў абавязкі дырэктара ў адной з прыватных венгерскіх гімназій. Раней у гэтай гімназіі працавала шмат венгерскіх святароў і законных сясцёр, але на той момант яны ўсе былі ўжо на пенсіі, а гімназія хацела, каб быў таксама святар.

Гэта была двухмоўная нямецка-венгерская гімназія, у якой вучыліся дзеці венгерскіх мігрантаў з самых розных краін свету. Мне было тады 25 гадоў. Можаце сабе гэта ўявіць? У 25 гадоў — дырэктар гімназіі.  Я быў самы малады ў калектыве, а ў маім падначаленні былі 63 выкладчыкі.

Я думаў, што буду працаваць там прынамсі некалькі гадоў, аднак сацыяльна-палітычныя змены, звязаныя з падзеннем камуністычнага рэжыму, прынеслі іншы сцэнарый. Неўзабаве мяне накіравалі ў дыпламатычную акадэмію ў Ватыкан.

«Я — другі па ліку венгерскі дыпламат пры Апостальскай Сталіцы»

Арцыбіскуп Габар Пінтэр адзначае, што да Другога Ватыканскага Сабору дыпламатычная служба не была такой інтэрнацыянальнай. Апостальскімі Нунцыямі станавіліся пераважна ўраджэнцы Італіі, Іспаніі і Францыі. І толькі ў 90-х сітуацыя змянілася.

— Цікава, што да апошняга я нічога не ведаў аб тым, што мяне збіраюцца накіраваць на дыпламатычную вучобу ў Ватыкан. Як і належыць, усё абмяркоўвалася ў таямніцы. Я з’яўляюся другім Апостальскім Нунцыем венгерскага паходжання за ўсю гісторыю пасля мансеньёра Лаёса Када.

Мая вучоба ў Ватыкане пачалася ў 1993 годзе. Я вучыўся на юрыдычным факультэце Папскага Латэранскага ўніверсітэта і вывучаў касцёльнае, свецкае і міжнароднае права.

Паралельна я вучыў мовы і наведваў курсы ў Акадэміі дыпламатаў. З 8.30 да 14.00 — вучоба ва ўніверсітэце. Пасля абеду — моўныя курсы. З 17.00 да 20.00 гадзін — дыпламатычныя курсы. І так кожны дзень тры гады запар...

— Якія мовы Вы вучылі?

— Калі я прыехаў у Ватыкан, я ўжо размаўляў па-англійску і па-нямецку, крыху па-руску. На месцы пачаў вывучаць італьянскую, а ўжо пасля — французскую і іспанскую.

Дактарат па тэалогіі я напісаў яшчэ ў Германіі, таму у Рыме я пісаў ліцэнцыят у галіне права. Усе з нас, дыпламатаў, павінны мець адзін дактарат і адзін ліцэнцыят, або ступень магістра ў іншай дысцыпліне. Сістэма такая: калі ў цябе ўжо ёсць дактарат па тэалогіі, ты вывучаеш касцёльнае права, і наадварот.

Пасля двух гадоў вучобы я праходзіў летнюю практыку ў Апостальскай Нунцыятуры ў Ліване. Гэта быў мой першы вопыт дыпламатыі. А першай краінай, куды я паехаў ужо як супрацоўнік нунцыятуры, стала Гаіці. Там я працаваў 4 гады. Пазней былі Балівія (3 гады), Скандынавія (3 гады;  нунцыятура там працуе адразу на пяць краін), Францыя (4 гады), Філіпіны (4 гады) і Аўстрыя (3 гады). 

Касцёл і фінансаванне: дзе, што і як?

Нунцый адзначае, што пра культурныя адрозненні Касцёла ў розных  рэгіёнах можна напісаць кнігу.

Разам з тым, арцыбіскуп Пінтэр упэўнены: нягледзячы на разнастайнасць, Касцёл — гэта месца інтэграцыі самых розных культур, грамадстваў і спосабаў мыслення. А наколькі розняцца між сабой крыніцы фінансавання Касцёла ў розных краінах?

— Існуе шмат розных мадэляў. У Германіі, напрыклад, вернікі плацяць касцёльны падатак. Такі ж падатак уведзены і для вернікаў у Аўстрыі і Швейцарыі. У шэрагу краін Еўропы пэўным чынам Касцёл падтрымлівае дзяржава. Напрыклад, у Італіі і Іспаніі з усіх падаткаў, якія плацяць мясцовыя жыхары, 0,8 працэнта ідзе на фінансаванне Касцёла.

У Скандынавіі працуе т.зв. «прамое фінансаванне». Кожны год дзяржава выдаткоўвае пэўны бюджэт на рамонт касцёлаў, выплату заробкаў святарам і г.д. У Францыі няма такога, але святыні там з’яўляюцца ўласнасцю горада або парафіі, а ўсе катэдры і касцёлы рамантуюцца за муніцыпальныя грошы.

На Філіпінах фінансаванне «непрамое». Там вялікую папулярнасць маюць каталіцкія школы і ўніверсітэты, якія часткова фінансуюцца дзяржавай. Вучоба там платная, але калі студэнт паходзіць з забяспечанай сем’і, то часта ён аплачвае не толькі сваё навучанне, але і вучобу камусьці іншаму, хто не можа заплаціць за сябе сам.  

У ЗША таксама няма «прамога фінансавання», дзяржава падтрымлівае толькі канкрэтныя праекты. Калі ж забяспечаныя вернікі робяць ахвяраванні на Касцёл, то ахвяруюць дастаткова шмат — мільёны долараў. За гэты кошт існуюць каталіцкія школы, універсітэты, каталіцкія шпіталі, прытулкі для бедных і інш.

Я думаю, у Беларусі паступова католікі таксама прыйдуць да гэтай мадэлі — разумення, што ў значнай ступені толькі мы самі можам дапамагчы Касцёлу.

Дзяржпадтрымка і ахвяраванні з іншых краін — гэта добра, але гэта не тыя сумы, за якія Касцёл можа паўнавартасна развівацца. Шмат залежыць ад нас саміх і нашых ахвяраванняў.

«Каталіцкіх сродкаў масавай камунікацыі ніколі не можа быць дастаткова»

— Наколькі добра вы знаёмыя з каталіцкай прэсай у Беларусі? Як думаеце, ці дастаткова такой колькасці СМІ ў мясцовым Касцёле?

— Пакуль не магу даць экспертную ацэнку, бо не знаёмы з усімі рэлігійнымі СМІ ў Беларусі. Але я ведаю пра Catholic.by і дыяцэзіяльныя газеты.

Ці дастаткова гэтых СМІ? Пытанне адноснае. Увогуле, каталіцкіх сродкаў масавай камунікацыі ніколі не можа быць дастаткова: кожнае з іх, як правіла, мае сваю мэтавую аўдыторыю і катэгорыю чытачоў. Хтосьці любіць чытаць друкаваныя газеты і не чытае інтэрнэт-выданні. А хтосьці аддае перавагу сайтам у інтэрнэце.

Каб зрабіць добрае СМІ, найперш патрэбны сродкі. Без грошай шмат не зробіш. Важным, аднак, павінна быць і супрацоўніцтва паміж рэдакцыямі. Вялікага адрознення паміж працай такіх СМІ ў Мінску і Пінску, Гродне і Віцебску няма, таму ствараць цалкам незалежныя інфармацыйныя бюро ў гэтых дыяцэзіях немэтазгодна.

Вядома, асобны рэгіянальны прадукт павінен быць, але павінна быць кааперацыя. Так функцыянуе сістэма СМІ ў іншых краінах. Я ведаю, што ў Беларусі няма каталіцкага тэлебачання, але ваша краіна такая не адна. Якасныя міжнацыянальныя каталіцкія тэлепраграмы і тэлеканалы з Францыі, Італіі, Германіі, Іспаніі, ЗША можна глядзець амаль па ўсім свеце.

— Як выглядае становішча каталіцкай прэсы ў Венгрыі?

— У часы камунізму колькасць каталіцкай прэсы была лімітавана, але не забаронена. Прынамсі, штотыдзень выходзілі дзве каталіцкія газеты, выдаваўся таксама культурна-рэлігійны штомесячнік і тэалагічны двухмесячнік.

У нядзелю нацыянальнае радыё выдаткоўвала гадзіну часу на ранішні эфір для розных цэркваў: 70 працэнтаў з гэтага часу прысвячалася католікам, 25 працэнтаў — пратэстантам, два працэнты — яўрэям і г.д. Пасля 1989 года ўсё пачало змяняцца.

Сёння пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Венгрыі працуе каталіцкае інфармацыйнае агенцтва. Яшчэ адно інфармагенцтва асвятляе дзейнасць 18-ці каталіцкіх дыяцэзій Венгрыі. Працуе і асобнае каталіцкае радыё, а таксама мясцовае «Радыё Марыя». Калі казаць пра друкаваную прэсу, то ёсць некалькі штотыднёвых газет. Шэраг каталіцкіх перадач выходзіць на дзяржаўных радыё і тэлебачанні.

«У часы камуністычнага рэжыму ў Венгрыі не закрылі ніводнага касцёла»

— Наколькі шматлікі Каталіцкі Касцёл у Венгрыі?

— У нас дастаткова вялікі епіскапат: 22 біскупы і 17 дыяцэзій. Католікі складаюць дзве трэція насельніцтва Венгрыі, альбо каля 65 працэнтаў. 25 працэнтаў венграў — пратэстанты, большасць з якіх кальвіністы. Таксама ў краіне ёсць невялікі прыход Евангельскай Царквы.

— Як развіваўся Каталіцкі Касцёл у Венгрыі ў савецкі час?

— Рэлігійнае жыццё ў камуністычнай Венгрыі да 1956 года, калі адбылося антысавецкае паўстанне, было асабліва цяжкім. Аднак пасля рэвалюцыі сітуацыя змянілася ў лепшы бок. Дыяцэзіяльныя святары атрымалі магчымасць больш свабоднай душпастырскай дзейнасці.

Разам з тым улады сталі закрываць кляштары — большасць законнікаў вымушаныя былі шукаць афіцыйную дзяржаўную працу. Школы і гімназіі, якія раней працавалі пры манаскіх супольнасцях, былі пераведзены ў дзяржаўны статус. Касцёлу былі пакінуты толькі восем каталіцкіх гімназій.

Варта, аднак, адзначыць, што ў часы бальшавісцкага рэжыму ў Венгрыі не закрылі ніводнага касцёла.

— Якія асаблівасці Вы маглі б назваць, супастаўляючы развіццё Касцёла ў Венгрыі з Касцёлам ва Усходняй Еўропе?

— Усе краіны Усходняй Еўропы былі пад ціскам савецкай улады. Але развіццё Касцёла ў кожнай з краін рознілася. Польскі Касцёл быў найбольш рэлігійным. У савецкай Беларусі з рэлігіяй было куды цяжэй, чым, напрыклад, у Венгрыі ці Польшчы. Няпростым было становішча вернікаў у Чэхаславакіі, ГДР і Румыніі. Прасцей са свабодай веравызнання было ў Югаславіі.

Cёння кожная краіна развіваецца па-свойму. Розныя менталітэты і ўзровень рэлігійнасці. Але ў большасці краін людзі не настолькі веруючыя, як можна было б спадзявацца.

У Беларусі ж я бачу вельмі дынамічны і актыўны Каталіцкі Касцёл, шмат практыкуючых вернікаў у параўнанні з венграмі, аўстрыйцамі або швейцарцамі. Мяркую, што тут католікі яшчэ радуюцца той свабодзе рэлігіі, а гэта ў сваю чаргу надае сілы і дынамізму Касцёлу, які столькі выцярпеў у савецкія часы.

«З нецярпеннем чакаю сустрэч з вернікамі ў рэгіёнах»

— Як Апостальскі Нунцый прывык бавіць свой вольны час?

— На жаль, вольнага часу ў мяне амаль не бывае. Калі ж такая хвіліна выпадае, я займаюся спортам. Усё жыццё любіў ездзіць на ровары — яшчэ з юнацтва. Спадзяюся, атрымаецца гэта зрабіць і ў Мінску. Я ўжо атрымаў на гэты конт шмат карысных парадаў ад Мітрапаліта Кандрусевіча (усміхаецца — заўв. аўт.).

Таксама люблю плаваць. Калі з’яўляецца час і магчымасць, з радасцю хаджу ў басейн. А яшчэ люблю чытаць. Гэта, вядома, частка маёй працы, але чытаю і для сябе. Вось і зараз 20-30 кніг чакаюць сваёй чаргі.

— Магчыма, Вы ўжо чыталі Святлану Алексіевіч, беларускую Нобелеўскую лаўрэатку?

— Яшчэ не. Безумоўна, прозвішча мне знаёмае, але творы яшчэ не чытаў. Спадзяюся, яшчэ паспею.

— Ці была ў вас магчымасць пазнаёміцца з вашым папярэднікам арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці?

— Так, канешне. Мы ўжо некалькі разоў размаўлялі з ім. У нас шмат тэмаў для абмеркавання. Напрыканцы жніўня я наведваў яго ў Кіеве. У верасні бачыліся таксама ў Рыме. Мы падтрымліваем кантакт. Арцыбіскуп Гаджэроцці мае багаты вопыт. Яго парады — вялікая дапамога для мяне.

— Якія далейшыя планы ў новага Апостальскага Нунцыя ў Беларусі?

— Я тут ужо некалькі месяцаў, але акрамя сталіцы амаль нічога і не бачыў. Маёй наступнай задачай стане наведванне каталіцкіх дыяцэзій Беларусі.  Спачатку завітаю ў Магілёў — гістарычную сталіцу найбуйнейшай каталіцкай дыяцэзіі ў свеце. У сакавіку на пару дзён планую наведаць Гродна, затым — Віцебск і Пінск. З біскупамі я знаёмы, але хачу на свае вочы пазнаёміцца з жыццём дыяцэзій. А яшчэ з нецярпеннем чакаю сустрэч з вернікамі ў рэгіёнах!

Гутарыў Ілья Лапато, фота Віталія Палінеўскага

Абноўлена 11.07.2017 11:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.