Пошук


 

Чаму Касцёл падзелены тэрытарыяльна, у чым сэнс і сутнасць прыналежнасці да парафіі, якія правы і абавязкі верніка, ці мае права святар адмовіць у пахаванні па-каталіцку — на гэтыя і іншыя пытанні Сatholic.by адказаў кс. Дзмітрый Пухальскі, канцлер курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Сістэма тэрытарыяльнасці Касцёла — адзін з прынцыпаў існавання Касцёла і яго права

— Католікі ў Беларусі, як вядома, ёсць паўсюль. І гэта адна вялікая супольнасць. Тым не менш, Касцёл падзелены тэрытарыяльна — на дыяцэзіі, дэканаты, парафіі. Для чаго неабходны гэтыя падзелы?

— Як і ўсюды, у Касцёле павінен быць нейкі парадак. Карані прававой сістэмы Касцёла паходзяць з сістэмы Рымскага права. Сістэма тэрытарыяльнасці Касцёла, як Вы сказалі, — гэта адзін з прынцыпаў існавання Касцёла, прынцыпаў існавання яго права.

У сістэме арганізацыі Касцёла існуе парафія — найменшая адзінка. Парафія — гэта група вернікаў, якія жывуць на акрэсленай тэрыторыі і даручаны свайму пробашчу як уласнаму пастыру.

Пробашч, які ад імя Касцёла кіруе парафіяй, адказвае перад біскупам, перад усім Касцёлам і перад Панам Богам за парафію, за збаўленне ўсіх парафіянаў.

Парафіі ў сваю чаргу аб’ядноўваюцца ў дыяцэзіі, таму што пробашч кіруе парафіяй не сам па сабе, а пад кіраўніцтвам біскупа. З часоў Хрыста існуе і трывае да сёння так званая апостальская пераемнасць. Біскупы як наступнікі апосталаў з’яўляюцца тымі, хто перадае веру, хто мае ўладу пасвячэння і ўладу кіравання. Яны кіруюць народам, які даручаны ім.

Такім чынам, у Касцёле існуе вось такая структура — яўная вертыкаль.

Касцёл так падзелены, што няма пустых месцаў

У нашай краіне так склалася, што ў савецкія часы, калі святароў было мала, людзі ішлі маліцца і прымаць сакрамэнты туды, дзе была магчымасць. Часта па месцы жыхарства не было святыні, а нават калі і была, людзі не адважваліся пайсці ў касцёл, каб, скажам, ахрысціць дзіця, — баяліся. Таму ехалі на вёскі, да сваіх дзядоў, бабуляў, і там чорнымі хадамі, праз могілкі, праз сакрыстыю хадзілі да святара, каб атрымаць хрост або павянчацца. На жаль, такая сітуацыя ў нашай краіне была. І, можа, дзякуй Богу, што хоць так было, бо магло быць ніяк.

У савецкія часы ў будынку мінскай архікатэдры дзейнічаў Дом фізкультуры

Але ўжо больш за 25 гадоў у нас існуюць нармальныя структуры Касцёла. На сёння ў Беларусі 4 дыяцэзіі, кожная з якіх тэрытарыяльна падзелена на парафіі. І натуральна, што кожны вернік належыць да сваёй парафіі. Пра гэта гаворыцца таксама ў Кодэксе кананічнага права: па месцы жыхарства (не там, дзе прапісаны, а менавіта там, дзе жыве) чалавек набывае ўласнага пробашча і ўласнага дыяцэзіяльнага біскупа. Гэта значыць чалавек мае над сабой нейкага душпастыра. Касцёл так падзелены, што няма пустых месцаў, — кожны чалавек належыць да нейкай парафіі. Крыху падобна ў дзяржаўнай сістэме. 

Аднак падобная прывязка не азначае, што няма магчымасці пайсці на Імшу ў іншы касцёл або атрымаць хрост у той святыні, якая больш падабаецца.

Напрыклад, чалавек належыць да парафіі, дзе няма святыні. Натуральна, што людзям захочацца вянчацца ў прыгожым касцёле, а не ў ЖЭСе ці ў капліцы на могілках. Гэта нармальнае жаданне чалавека, таму ў Касцёле існуе механізм, як гэта ўсё арганізаваць. Выканаўшы пэўныя працэдуры, можна заключыць сакрамэнт сужэнства ці пахрысціць дзіця не ў сваёй парафіі.

Прыналежнасць да парафіі. Сакрамэнты хросту і сужэнства

— Якія фармальнасці трэба для гэтага выканаць?

— Фармальнасці больш датычаць сакрамэнтаў хросту і сужэнства. Згодна з Кананічным правам, месцам хросту дзіцяці або дарослага чалавека з’яўляецца яго ўласная парафія. Гэта значыць, калі бацькі хочуць пахрысціць дзіця або дарослы чалавек захацеў прыняць хрост, то неабходна ісці ў сваю парафію. Даведацца, дзе яна ёсць, дзе ёсць бліжэйшы касцёл, і звярнуцца да свайго пробашча. Здараецца так, што людзі хочуць хрысціць у нейкай іншай мясцовасці. Напрыклад, там, адкуль яны паходзяць, дзе жывуць іх бацькі ці родныя. Гэта іх права і гэта магчыма. Трэба толькі атрымаць дазвол ад пробашча па месцы пастаяннага жыхарства.

Навошта гэта робіцца? Перадусім для таго, каб святар ведаў сваіх парафіянаў.

Вы хрысціце, дзе вам хочацца, але я вас ужо ведаю. Бо ўсё ж такі вы жывяце на тэрыторыі маёй парафіі і будзеце прыходзіць сюды ў касцёл. Каб не было так, што паехалі ў вёску пахрысцілі, а пробашч не ведае, што католікі ёсць, і самі людзі саромеюцца прыйсці ў касцёл.

Што датычыць сакрамэнту сужэнства, тут сітуацыя вельмі падобная. Зноў жа ўласнай парафіяй сужэнства з’яўляецца ўласная парафія аднаго з нарачоных. І вось, калі яны хочуць узяць шлюб у іншай парафіі, то могуць звярнуцца да свайго пробашча па дазвол. Акрамя гэтага, павінен быць згодны і ксёндз іншай парафіі. Звычайна праблемы няма.

— Гэта павінен быць пісьмовы дазвол?

— Адносна хросту па сутнасці можа быць нават у вуснай форме. Што датычыць сужэнства, там усё крыху складаней, больш фармальнасцяў. Бо праз святара адбываецца ажыццяўленне ўлады кіравання. І тут магчымы сітуацыі, калі патрэбна ліцэнзія — спецыяльны дакумент. Гэта значыць, ксёндз рыхтуе нарачоных да сакрамэнту сужэнства, правярае, ці не быў хтосьці з іх раней замужам ці жанаты, ці не быў хтосьці з іх вянчаны, можа, існуюць нейкія іншыя перашкоды. Ксёндз выпісвае ліцэнзію, і на падставе гэтага дакумента святар у іншай парафіі можа вянчаць людзей.

Прыналежнасць да парафіі. Сакрамэнт канфірмацыі

— Канфірмацыю ўдзяляе біскуп, і часам мы можам назіраць, што гэты сакрамэнт прымаюць вернікі адразу некалькіх парафій...

— Так, сакрамэнт канфірмацыі ўдзяляе заўсёды біскуп. Ёсць сітуацыі, калі гэта можа рабіць святар, але яны выключныя і вельмі рэдкія. Тут мае значэнне падрыхтоўка да сакрамэнту. І адбывацца яна павінна ў сваёй парафіі.

Як можна зразумець, біскуп не можа кожны год наведваць усе парафіі для ўдзялення сакрамэнту канфірмацыі. Таму ў Касцёле практыкуецца, што біскуп удзяляе канфірмацыю вернікам не толькі той парафіі, якую ён наведвае, але і навакольных парафій.

У Мінску звычайна кожны год удзяляецца канфірмацыя. У невялікіх супольнасцях — раз на два, тры, пяць гадоў. І прыняцце сакрамэнту канфірмацыі не залежыць ад узросту. Гэта сакрамэнт хрысціянскай сталасці. Прымаецца ён прыкладна з 16 гадоў. Ізноў жа гэта залежыць ад мясцовых умоў.

— Вернікі, якія атрымалі хрост у Праваслаўнай Царкве, адначасова атрымалі і канфірмацыю. Ці ёсць неабходнасць ізноў рыхтавацца і прымаць сакрамэнт канфірмацыі для праваслаўных, якія перайшлі ў Каталіцкі Касцёл?

— Трэба ведаць, што ў Праваслаўнай Царкве і наогул ва ўсходніх Касцёлах, таксама ў грэка-католікаў, пры хросце ўдзяляюцца адразу тры сакрамэнты: хрост, канфірмацыя і Эўхарыстыя — незалежна ад узросту. Таму чалавеку, якога ў дзяцінстве пахрысцілі ў Царкве, у Грэка-Каталіцкай ці Праваслаўнай, сакрамэнт канфірмацыі не трэба ўдзяляць другі раз.

Канфірмацыя, як і хрост, — гэта сакрамэнт, які ўдзяляецца раз у жыцці, які пакідае сакрамэнтальную пячатку.

Крыху пра гісторыю таго, чаму ў нашых Касцёлах існуе такая розніца. Ізноў-такі гэта справа традыцыі. Спачатку ўсе сакрамэнты ўдзяляліся разам. Калі хрысціянскія супольнасці яшчэ былі невялікімі, то прыязджаў біскуп і ўдзяляў хрост, канфірмацыю і Эўхарыстыю. Пасля IV стагоддзя, калі Касцёл пачаў разрастацца, парафій і жадаючых прыняць хрост стала вельмі многа, з’явілася дылема: што рабіць, бо біскуп фізічна не мог прыехаць усюды. Была магчымасць або аддзяліць сакрамэнт хросту — дазволіць прэзбітэрам удзяляць яго, а канфірмацыю пакінуць за біскупам, — або дазволіць святару ўдзяляць усе сакрамэнты. Усходняя традыцыя пайшла ў тым кірунку, дзе ўсе тры сакрамэнты ўдзяляе святар, у заходняй — канфірмацыю ўдзяляе біскуп, а хрост — святар. Гэта не значыць, што адна традыцыя лепшая, а другая горшая. Гэта проста дзве традыцыі.

У Каталіцкім Касцёле, калі хрост удзяляецца даросламу чалавеку, таксама адразу павінны быць удзелены тры сакрамэнты.

— І ўсё ж такі, напэўна, здараюцца такія выпадкі, калі чалавек, ахрышчаны ў праваслаўі, настойвае на паўторным прыняцці канфірмацыі...

— Гэта не залежыць ад нашага жадання. Сакрамэнт — гэта дзеянне Божай ласкі. І ён ужо быў удзелены. Часта ў некаторых парафіях практыкуецца катэхізацыя такіх вернікаў. З душпастырскага пункту гледжання, няхай яны ходзяць на катэхезу па падрыхтоўцы да канфірмацыі, рыхтуюцца да сакрамэнту хрысціянскай сталасці, але, вядома, потым яго не прымаюць. Удзел у гэтых занятках, несумненна, вельмі карысны.

Прыналежнасць да парафіі. Пахаванне

— Ці можа тэрытарыяльная прыналежнасць да парафіі адыгрываць ролю ў тым, дзе будзе пахаваны чалавек?

— Наконт пахаванняў справа крыху іншая. Па-першае, пахаванне — гэта не сакрамэнт, а сакрамэнталія. Па-другое, месца пахавання залежыць ад таго, дзе знаходзяцца могілкі. У нашай краіне паняцця «каталіцкія могілкі» па сутнасці не існуе. У нас могілкі ўсе дзяржаўныя.

Перш за ўсё, калі чалавек памірае, трэба звярнуцца да свайго пробашча. Тады альбо пробашч сам удзельнічае ў пахаванні на тэрыторыі іншай парафіі, альбо часцей адбываецца так, што святар едзе дадому да нябожчыка ці ў рытуальную залу і там моліцца. І, безумоўна, цэлебруе святую Імшу за памерлага — гэта вельмі важны момант пахавання. Часам памерлага вязуць на радзіму, і там ужо моліцца мясцовы святар.

Тут гаворка ідзе больш не пра дазвол, а пра інфармаванне свайго пробашча, што пахаванне адбудзецца ў іншым месцы.

Сёння ўсё часцей арганізацыяй пахаванняў займаюцца рытуальныя фірмы. І гэта сапраўды вельмі зручна для сям’і памерлага. Такія фірмы аказваюць увесь спектр рытуальных паслуг. У многіх з іх, асабліва ў вялікіх гарадах, ёсць і такая паслуга, як запрашэнне святара. Аднак Касцёл настойвае, каб вернікі самі звярталіся да душпастыраў, а не рабілі гэта праз фірму, бо для святара таксама важна, каго ён хавае.

— Часам здараецца так, што святар не жадае ісці маліцца за спачылага з той прычыны, што гэты чалавек пры жыцці не быў практыкуючым вернікам і святар яго проста не ведае. Гэта датычыць больш вясковых парафій. Ці мае права святар адмовіць родным у малітве за іх спачылага блізкага?

— У Кодэксе кананічнага права ёсць цэлы раздзел, каму трэба адмовіць у каталіцкім пахаванні. На жаль, ёсць такія сітуацыі. Напрыклад, калі чалавек публічна выракся сваёй веры, калі жыў у яўным граху і перад смерцю не выказаў ніякага жадання навярнуцца, калі гэта быў публічны ерэтык, які адышоў ад веры, або схізматык. Гэта канкрэтныя сітуацыі, калі трэба адмовіць у каталіцкім пахаванні. На жаль, але так ёсць. Гэта выбар чалавека. Калі ён усё сваё жыццё не хадзіў у касцёл, а больш за тое, варожа ставіўся да Касцёла, то няма сэнсу ў каталіцкім пахаванні. Трэба шанаваць волю чалавека. Аднак выпадкі, калі трэба адмовіць у пахаванні па-каталіцку, вельмі рыгарыстычныя.

Святар можа адмовіцца ісці на могілкі, што не пазбаўляе яго права цэлебраваць за памерлага святую Імшу.

Ізноў жа, трэба памятаць, што малітва святара пры нябожчыку дома, на могілках — гэта сакрамэнталія. І звычайна абрад пахавання ўключае тры стацыі: дома, у касцёле, на могілках. Але ў пэўных сітуацыях святар можа не паехаць на могілкі, і часта сапраўды таму, што людзі не былі практыкуючымі. У маленькіх парафіях людзі ведаюць пра гэта. Яны ведаюць, што, напрыклад, па першых пятніцах ксёндз адведвае хворых, але некаторыя адмаўляюцца ад гэтай паслугі святара або ад калядных наведванняў. У выніку, калі хтосьці ў сям’і памірае і ксёндз адмаўляецца ісці на пахаванне, людзі пачынаюць скардзіцца на гэтага святара, тэлефануюць у курыю.

У Мінску гэтая сітуацыя крыху інакш выглядае. Стараемся ехаць да ўсіх, бо, па-першае, усіх людзей у горадзе не ведаеш. Па-другое, пахаванне — гэта заўсёды нагода для катэхізацыі тых, хто яшчэ жыве. Практыка паказвае, што гэта прыносіць свой плён. Людзі пасля пачынаюць задумвацца, прымаюць хрост, сакрамэнт сужэнства. Часам трэба, каб нехта памёр у сям’і, каб іншыя крыху падумалі пра сваю веру ў Бога.

Парафія — свайго роду сям’я, са сваімі святамі, клопатамі, абавязкамі

— Чаму важна пастаянна, а нават і актыўна, удзельнічаць у жыцці менавіта сваёй парафіі?

— Касцёл — гэта перадусім супольнасць людзей, вернікаў. Возьмем за прыклад Мінск. Раней, калі ў горадзе было толькі чатыры галоўныя святыні ў цэнтры, то яны былі больш ананімныя. Шмат людзей прыходзіла ў катэдру, Чырвоны касцёл, на Залатую горку, Кальварыю. Аднак, калі пачалі з’яўляцца новыя парафіі на ўскраінах, то ў людзей з’явілася адчуванне адказнасці за сваю парафію, за Касцёл, за душпастыра, адказнасць за тое, што адбываецца ў парафіі. Вернікі такіх парафій адчуваюць сябе як адна сям’я, нават калі ў іх яшчэ няма месца для малітвы. Калі нейкія цяжкасці людзі пераадольваюць разам, са сваім душпастырам, гэта вельмі ўмацоўвае ўсю супольнасць і Касцёл таксама.

— Прыналежнасць да парафіі прадугледжвае не толькі права верніка на сакрамэнты або пастырскую апеку. Адначасова ў верніка з’яўляюцца абавязкі...

— Найперш, кожны хрысціянін мае абавязак прымаць сакрамэнты, удзельнічаць у святой Імшы. Існуе таксама абавязак малітвы верніка за свайго душпастыра і парафію. Таксама абвязак абвяшчэння Божага слова праз прыклад свайго жыцця — мы сведчым сваю веру ў парафіі, на працы і ў іншых месцах. Таксама ёсць пятая касцёльная запаведзь: удзельнічаць у матэрыяльных патрэбах Касцёла. Гэта значыць, вернік мае абавязак падтрымліваць Касцёл сваімі ахвярамі, сваёй працай і магчымасцямі.

Вернік — ці то пачынаючы, ці то дасведчаны, — заўсёды павінен памятаць: Касцёл — гэта справа не толькі святароў. Гэта мая справа, гэта мой Касцёл, гэта мая парафія. Калі я ўваходжу ў гэтую супольнасць, калі я з’яўляюся вернікам, то абавязкі і клопаты Касцёла — гэта мае абавязкі і клопаты.

Вельмі важна, каб людзі мелі такую паставу. У кожнай пэўнай сітуацыі могуць вынікаць абавязкі: спеў, катэхізацыя — кожны можа дапамагаць тым, на што мае здольнасці. Каб сапраўды гэта была сям’я, моцная супольнасць.

— Узгадайце, калі ласка, самыя прыгожыя звычаі ў жыцці парафіі. Адзін з іх, на маю думку, — гэта калядныя наведванні.

— Калядныя наведванні — гэта, канешне, прыгожы звычай. Зноў-такі вернемся да права: пробашч павінен ведаць сваіх парафіянаў. У невялікіх мясцовасцях з гэтым лягчэй — адзін аднаго ведаюць. Што датычыць вялікіх гарадоў, напрыклад, Мінска, то трэба з людзьмі мець нейкі кантакт. І заўсёды душпастырскае адведванне сем’яў у перыяд Божага Нараджэння моцна гэтаму спрыяе. Святар прыходзіць да людзей не толькі асвяціць памяшканне, дзе яны жывуць, але і пагаварыць з людзьмі. Пагаварыць з няверуючымі, пра нейкія праблемы, бо ў людзей сёння шмат пытанняў, цяжкасцяў, і яны не заўсёды з гэтым адважацца прыйсці ў касцёл. А тут святар сам прыходзіць. І вось гэтую нагоду ніколі нельга губляць. Святары стараюцца не шкадаваць часу на такія размовы. Часам людзі закрытыя, яны не ведаюць, як сябе паводзіць, але адкрытасць святара заўсёды выклікае адкрытасць і вернікаў. І вырашаюцца вельмі многія пытанні. Калядныя наведванні сем’яў — гэта, несумненна, вельмі важная справа.

Таксама вельмі прыгожая рэч — гэта ўсё, што звязана з катэхізацыяй. Ведаю, што ў многіх парафіях падчас заняткаў для дзетак бацькамі таксама нехта займаецца. Гэта важна. Сучаснае пакаленне бацькоў не мела катэхезы, і для іх таксама пэўныя рэчы цікавыя, яны з радасцю выконваюць хатнія заданні разам з дзецьмі, разгадваюць хрысціянскія крыжаванкі.

Прыгожым звычаем з’яўляецца і святкаванне — парафіяльнага свята, Божага Нараджэння, Вялікадня. Гэта таксама аплатковыя сустрэчы з рознымі парафіяльнымі коламі і групамі. У невялікіх мясцовасцях парафіяльныя фэсты — гэта заўсёды падзея на ўвесь раён, калі на свята збіраюцца людзі і з навакольных парафій.

Часам у парафіях існуе традыцыя святкавання гадавіны шлюбу — 20, 25, 50 гадоў. Усе ведаюць пра гэтыя сужэнствы, моляцца за іх усёй парафіяй.

Усё гэта спрыяе дабру і адзінству Касцёла, парафіі і вернікаў.

Размаўляла Валянціна Грамыка

Абноўлена 11.07.2017 15:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.