Пошук


11 верасня ў Карагандзе адбылася беатыфікацыя выдатнага дзеяча ХХ стагоддзя, «апостала Казахстана» кс. Уладзіслава Букавінскага. У беатыфікацыйных урачыстасцях прымаў удзел канцлер курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. Дзмітрый Пухальскі.

Пра сваё «знаёмства» з кс. Букавінскім і асобу гэтага гераічнага святара канцлер распавядае ў інтэрв’ю Catholic.by.

— Ксёндз Дзмітрый, Вы былі ў Карагандзе на беатыфікацыі кс. Букавінскага. Гэта была Ваша ўласная ініцыятыва?

— Цяпер я ўжо бачу, што ў гэтым быў Божы Провід. Што датычыць асобы кс. Букавінскага, пра яго я даведаўся, калі жыў у Маскве, а жыў я там шэсць гадоў — з 1998 па 2004 год.

Канешне, у Расіі Касцёл быў нашмат больш зруйнаваны, але былі постаці, пра якіх казалі многія людзі. І сярод тых, каго людзі памяталі, быў ксёндз Букавінскі. Ён памёр у Казахстане, але ў Маскве было шмат тых, каго ён хрысціў. Справа ў тым, што многія выхадцы з Беларусі і Украіны пазней выехалі з Казахстана ў Расію і жылі, між іншым, у Маскве. Пра гэтага чалавека я чуў вельмі шмат. Таксама ведаў, што пачаўся яго беатыфікацыйны працэс. Але, як я ўзгадваў, з Расіі я выехаў у 2004 годзе — гэта ўжо 12 гадоў прайшло...

І вось у сакавіку кампанія «Белавіа» аб’явіла два дні скідак, калі можна набыць танныя білеты. Я сабе думаў, куды паляцець. Астана была па алфавіту амаль што першая. Я ўзгадаў, што хрыстусоўцы з мінскай парафіі ў Кунцаўшчыне даўно хацелі наведаць дом іх сабратоў у Астане. Я сазваніўся з кс. Уладзімірам Марушэўскім TChr, прапанаваў паехаць, ён згадзіўся. Я набыў білеты. Атрымоўвалася, што ў Астане мы будзем з 5 па 14 верасня. І тут выпадкова прачытаў, што 11 верасня ў Карагандзе адбудзецца беатыфікацыя кс. Букавінскага. Гэта была Божая справа. Бо трэба ж было мне мець адпачынак акурат у гэты час і купіць білеты менавіта ў Астану. Думаю, гэта справа кс. Букавінскага. Таму не магу сказаць, што я спецыяльна выбіраўся на яго беатыфікацыю. Не заплануй я адпачынак у Астане, думаю, я ўсё роўна б паехаў туды.

Падчас беатыфікацыі кс. Уладзіслава Букавінскага ў Карагандзе

— Што Вас найбольш уражвае ў гэтым чалавеку? Хоць Вы не ведалі яго асабіста, не жылі ў рэаліях яго часу, аднак асоба яго Вас нечым прыцягнула і запомнілася.

— Запал гэтага чалавека, ягонае служэнне, ягоная вернасць Богу, вернасць свайму пакліканню — вось тое, што мяне ўразіла. Напэўна, у тыя часы не адзін святар меў магчымасць пасля першай сваёй адсідкі вярнуцца ў Польшчу. А вось ён бачыў, што святары патрэбны тут, што людзі застануцца без пастыра. Ён стаў грамадзянінам Савецкага Саюза. І пасля, моцна рызыкуючы, ён жыў, па сутнасці, вандруючы з месца на месца. Ехаў кудысьці на некалькі дзён, хрысціў, вянчаў, і праз гэта ставіў пад небяспеку сябе і, можа, гэтых людзей. Было вельмі цяжка, міліцыя пільнавала. Вельмі шмат можна казаць пра яго, але галоўнае тое, што ён не зламаўся. Ён казаў: «Хворы святар — гэта таксама святар». Пасля ссылкі ў яго былі праблемы з нагамі. Паводле сведчання адной жанчыны, ён хадзіў паволі і мусіў спыняцца ледзь не кожныя сто метраў, каб адпачыць.

Ксёндз Букавінскі часам наведваўся ў Польшчу, сустракаўся там, між іншым, з кардыналам Каралем Вайтылам, бо першапачаткова належаў да Кракаўскай архідыяцэзіі. Там з прычыны пажылога ўзросту яму прапаноўвалі не вяртацца ў Казахстан. На гэта ён казаў: «Не. Нават магіла святара спрыяе евангелізацыі». І сапраўды, ля яго магілы потым збіраліся і маліліся.

Такім чынам, для мяне гэта прыклад святарства — вельмі моцнага, канкрэтнага, рэальнага святарства. Гэты чалавек заўсёды выбіраў тое, што Божае. Нам, святарам, маладым святарам, варта гэтаму вучыцца, браць з яго прыклад.

Падчас беатыфікацыі кс. Уладзіслава Букавінскага ў Карагандзе

— Сапраўды, ужо толькі памяць пра гераічныя цноты святых натхняе чалавека на добрае. На Вашу думку, ці можа бл. ксёндз Букавінскі стаць такім натхненнем для народаў постсавецкай прасторы?

— Мне здаецца, так. І не толькі ён. Такія святары былі паўсюль, і людзі памятаюць іх на тых месцах, дзе яны працавалі. У Беларусі таксама памятаюць старэйшых святароў. У савецкія часы, калі быць святаром каштавала, вельмі дорага каштавала (я не кажу, што цяпер не каштуе), калі былі пастаянныя ганенні, пастаянны пераслед, нейкае напружанне, бясконцая падазронасць, яны ўсё ж такі ўмелі выбраць тое, што Божае, яны заўсёды заставаліся вернымі свайму пакліканню.

І, мне здаецца, не толькі святарам, але і свецкім людзям у кожнай сітуацыі, якой бы цяжкай яна ні была (а цяпер сітуацыя адносна пытання веры нашмат больш лёгкая, чым у тыя часы), важна ўмець выбіраць тое, што Божае. Зламацца заўсёды можна, гэта чалавечае... Але варта імкнуцца выбіраць і трымацца Хрыста. Таму, я думаю, кс. Букавінскі не толькі для святароў, але і для вернікаў можа быць апекуном у добрай, моцнай веры.

— Пагаджуся з Вамі. Рыхтуючыся да гэтай размовы і разважаючы пра асобу бл. Букавінскага, я ўбачыла ў ім менавіта чалавека, які рабіў па-хрысціянску, па-чалавечы правільныя выбары.

— Можа, якраз па-чалавечы было б лепш не вяртацца яму ў Казахстан, не ездзіць чарговы раз у нейкі горад, бо быў ужо цяжка хворы. І яго зразумелі б людзі. Напэўна, ніхто б не асудзіў, калі б ён у Польшчу выехаў, але выбар Божага, выбар хрысціянскі быў у яго заўсёды на першым месцы. Ён быў верны свайму пакліканню і абяцанню быць святаром да канца. І ён выканаў сваё пакліканне.

— Дзякую за размову!

Размаўляла Валянціна Грамыка

Абноўлена 11.07.2017 15:06
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.