Пра экскурсіі па Нальшанскім краі я даведалася падчас пілігрымкі з Мінска ў Будслаў, калі пазнаёмілася з Казімірам Білем з парафіі Божага Цела ў Беразінскім. Казімір Біль усё сваё жыццё прысвяціў навучанню дзяцей. Настаўнік гісторыі і геаграфіі, Настаўнік года Гомельскага раёна 1994 года, знаходзячыся на пенсіі, не занядбаў сваё захапленне гісторыяй і зараз разам з пробашчам парафіі Божага Цела ў Беразінскім праводзіць экскурсіі па розных мясцінах Беларусі.
— Распавядзіце крыху пра сябе.
— Нарадзіўся я ў вёсцы Юрацішкі Іўеўскага раёна. Доўгі час працаваў у Гомельскім раёне. Па спецыяльнасці настаўнік. Заканчваў двойчы педінстытут, а потым выкладаў у школах Гомельшчыны гісторыю і геаграфію.
Калі жыў у прыгарадзе Гомеля, у мяне была рэдкая магчымасць наведваць касцёл. Калі паўстала пытанне, заставацца там на пенсіі або ехаць дадому, я вырашыў быць бліжэй да родных, бо застаўся чатыры гады таму адзін. Выбраў тут у Беразінскім месца. І якраз аказалася, што яно знаходзіцца насупраць касцёла.
— Большую частку свайго жыцця Вы прапрацавалі ў савецкі перыяд. Ці былі ў Вас праблемы ў школе, звязаныя з тым, што Вы веруючы?
— У прафесійным плане я быў на высокім узроўні, таму да мяне прэтэнзій ніколі не было. Кіраўніцтва гэта разумела ў душы і позіркам падтрымлівала, калі я выказваў свой пункт гледжання на семінарах. Я як мог прапагандаваў, што з’яўляюся католікам, і прымусіў сябе паважаць. Да ўсяго, у нашым сельскім савеце католікам быў толькі я.
— Ці ўдавалася з дзецьмі размаўляць пра веру?
— Калі дзеці на другі дзень Вялікадня не прыходзілі ў школу, я ніколі не рабіў ім заўвагі. І, безумоўна, дзе б я ні быў, я заўсёды заходзіў у касцёл. Я заўсёды казаў дзецям: «Ніколі з дрэнным намерам не кажыце імені Бога і паверце, што вы да Яго дойдзеце». Я маю даволі дэмакратычны погляд па жыцці, і я гэта ніколі не прыхоўваў.
— А Вы самі даўно прыйшлі да Бога?
— У дзяцінстве мяне бацькі вучылі, а пасля вучоба, савецкія часы... Я нават тайна быў хросным бацькам для дзяцей. Настаўнік гісторыі, католік, паляк, як называлі раней.
Па-сапраўднаму я прыйшоў да Бога, мабыць, гады два таму, пасля 65 гадоў. Дай Бог, каб гэта ў людзей было раней. А ў каго з дзяцінства, то гэта шчасце. У мінулым годзе ў нас на практыцы быў семінарыст з Пінска Андрэй Бурак. Я ўбачыў у ім такую шчырасць, самаадданасць і чысціню, што ён перавярнуў мой светапогляд. Таму ў значнай частцы за сваё навяртанне я ўдзячны яму.
Але я да гэтага ішоў усё жыццё. У 1988 годзе ў Гомель прыехаў кс. Славамір. Дзякуючы ксяндзу і гэтаму семінарысту я стаў больш чытаць рэлігійную літаратуру, глядзець хрысціянскія фільмы і слухаць хрысціянскую музыку. Галоўнае — я чытаю пра жыццё святых. Гэта людзі, якія з’яўляюцца прыкладам для мяне.
З гадамі прыходзіць мудрасць. Зараз я вырашыў уважліва (што не рабіў у маладосці) прачытаць Біблію, і зразумеў, што не вельмі дасканала яе чытаў.
Для мяне зараз не толькі Біблія — рэлігійнае жыццё замяніла ўсё. І мне вельмі хочацца штосьці рабіць для людзей і Касцёла. Я стаў дабрэйшы, лепшы ў адносінах да людзей, дзякуючы Богу. Таму з такой удзячнасцю пайшоў у Будслаў.
— Як атрымалася, што Вы пачалі захапляцца экскурсійнай дзейнасцю?
— Гэта не маё захапленне, а ініцыятыва нашага пробашча – кс. Сяргея Бараўнёва. Аднойчы разам з ім я паехаў на адну з экскурсій. Той расповед экскурсавода, які я пачуў, мяне не задаволіў; я зразумеў, што тут павінны быць цікавыя гістарычныя факты, а я, як настаўнік гісторыі і геаграфіі, маю неабходныя веды. Тады я падумаў, што магу правесці гэтую экскурсію і распавесці больш. Падыйшоў да кс. Сяргея і папрасіў правесці. Яму спадабалася мая экскурсія. І вось такім чынам мы зараз разам праводзім экскурсіі ў розных накірунках.
— А як Вы звычайна рыхтуецеся да экскурсій?
— Ну, па-першае, у мяне ёсць гістарычная і геаграфічная адукацыя. Гэта вельмі вялікая база. Па-другое, я бяру даведачную літаратуру і вывучаю яе. А пра гісторыю касцёлаў распавядае ксёндз Сяргей. Ён таксама праводзіць малітвы.
Сёлета мы ўжо правялі тры пілігрымкі-экскурсіі. Гэта паездкі ў Росіцу, па Нарачанскім краі (Паставы-Лынтупы-Камаі-Свір-Вішнева) і па Міншчыне (Маладзечна-Залессе-Смаргонь-Крэва-Баруны-Гальшаны-Багданава-Вішнева-Валожын-Беразінскае). У экскурсіях, якія я праводжу выключна па-беларуску, удзельнічаюць вернікі з розных парафій Беларусі.
— Кожная гістарычная мясціна – гэта пэўнае адкрыццё. А як Вы ўпершыню адкрылі для сябе Будслаў?
— Калісьці мой брат працаваў шафёрам, і ён мне распавядаў, што ў Будславе надта добры касцёл і абраз. Ну так, між іншым. А даведаўся я пра яго яшчэ 20 гадоў таму. І калі ў Гомелі я стаў наведваць касцёл, то пачаў прыязджаць у Будслаў, але толькі на аўтобусе. Я адчуваю Божую абарону ў многіх учынках: Ён мяне часта папярэджвае, адводзіць ад ліхога.
— Што ў Вашым жыцці змянілася пасля пілігрымкі ў Будслаў і ў Вільнюс у Вострую Браму?
— Кожны дзень дарогі я ішоў, і ў мяне нібы ачышчалася душа. Я ўжо ў думках ішоў на каленях да Маці Божай.
Пілігрымка ў Будслаў дапамагла мне шукаць Бога ў сабе. Я стаў дабрэйшым, чысцейшым і больш стрыманым. Яна змяніла мяне ў маральным плане.
А зараз я ішоў у Вострую Браму ў складзе вялікай групы палякаў і беларусаў. Мяне прыемна здзіўляла, што людзі, якія нам сустракаліся, стаялі на каленях каля дарог.
Людзі нас частавалі тым, чым маглі. Мяне асабіста ўразіла дарожка ў лесе, да якой на ровары прыехалі вельмі старыя людзі. Яны паставілі там табурэтку, накрылі яе сурвэткай, паставілі абразок і два вядры чыстай вады... І каля касцёлаў нас таксама гасцінна сустракалі.
Калі мой сябар з пілігрымкі спяваў у суправаджэнні хора беластоцкай катэдры, я слухаў яго спеў і спеў хору і, калі чуў малітвы і глядзеў на абразы, то не адчуваў свайго цела. Я перажываў духоўнае ачышчэнне. У маёй душы з'явілася светласць і напоўненасць Святым Духам.
— Якую параду Вы, як настаўнік са стажам, далі б маладым настаўнікам і дзецям?
— Я не лічу, што хтосьці спытае ў мяне парады, таму гэтае пытанне для мяне трошкі нечаканае. Але я дам параду настаўнікам беларускай мовы і літаратуры.
Вы — носьбіты мовы Коласа, Купалы і іншых пісьменнікаў. Будзьце ў жыцці праваднікамі беларускай мовы. Калі будзеце вы — пойдуць за вамі, хоць крыху, хоць маленькі клін. Гэта не нацыяналізм, а проста просьба — захавайце нацыю.
Памятайце, што ў кожным дзіцяці жыве добрая асоба. Калі дзіця нават і здаецца злым, гэта значыць, што яно чагосьці не атрымала ў жыцці. Паважайце вучня, яго душу, таму што ён вырасце чалавекам, і настаўнік павінен зараз засеяць добрае.
Акрамя гэтага, настаўніку патрэбна працаваць над сабой штодзённа, быць інтэлігентам і набірацца глыбіні з кніг.
Дзецям хачу параіць быць крытычнымі да ўсяго, што ім кажуць, і паважаць Радзіму, вось і ўсё. Праца, павага да бацькоў, спорт і культура. Каб дзеці раслі дзецьмі, а не камп’ютарнымі няшчаснымі робатамі.
— А што, на Ваш погляд, галоўнае ў выхаванні?
— Галоўнае — не спяшаючыся, развіць асобу кожнага чалавека. Не ператвараць яго ў робата-раба, а вучыць быць патрыётам, асобай і працаўніком, а неабходныя веды ён набярэ, калі будзе вучыцца па спецыяльнасці. Патрэбна выхоўваць чалавека таленавітага, інтэлігентнага і дапытлівага.