Пошук


 

Генеральны настаяцель Таварыства cвятога Францішка Сальскага кс. Анхель Фярнандэс Арцімэ SDB напрыканцы візіту ў Беларусь падзяліўся ўражаннямі ад прабывання ў нашай краіне. 

— Ксёндз Анхель, якім было Ваша першае ўражанне аб Беларусі? І як змянілася яно ў канцы Вашага візіту?

— Першым было пачуццё вялікага і цёплага прыняцця. Часу было мала, толькі два з паловай дні, але я павінен сказаць, гэты час быў вельмі інтэнсіўны — з вялікай колькасцю сустрэч з салезіянамі і ўсёй салезіянскай сям’ёй, з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам і біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB, з момантамі малітвы і прыгожай святочнай Эўхарыстыяй, потым было вялікае свята з моладдзю.

Якая мая ацэнка ў канцы? Нясу ў сэрцы па-сапраўднаму вялікае пачуццё. Я адчуваў, што гэта прыняцце не павярхоўнае, але глыбокае. Бачу па-сапраўднаму вялікае адраджэнне веры, што людзі спакойна вызнаюць сваю веру і каталіцкасць, і гляджу з вялікай надзеяй на шматлікіх маладых людзей, якіх я сустрэў.

— З якой мэтай Вы прыехалі ў Беларусь? Якія месцы Вы наведалі?

— Галоўная мэта — быць прысутным, каб падтрымаць у сваім служэнні і развіцці салезіянскую сям’ю ў Беларусі і быць разам з маімі сабратамі, быць сярод іх, бо яны крочаць па дарозе жыцця з вялікай радасцю і надзеяй, але таксама і з цяжкасцямі, характэрнымі для жыцця. Такім чынам, мая мэта, як і ва ўсіх іншых маіх падарожжах у 132 краіны свету, дзе прысутнічаюць салезіяне, — гэта ўмацаваць чаканні, надзеі і салезіянскі энтузіязм ва ўсіх нас. А таксама сустрэцца з маладымі людзьмі, якія знаходзяцца ў мясцовым Касцёле, асабліва з тымі, хто блізкі салезіянскай супольнасці.

— У чым асаблівасць салезіянскай харызмы? Як і чаму Вы сталі салезіянінам?

— Кажучы пра асаблівасць салезіянскай харызмы, я павінен сказаць, што мы (і для нас гэта вельмі выразна і канкрэтна), як і ўсе ў Каталіцкім Касцёле, з’яўляемся Касцёлам і жадаем будаваць Касцёл і еднасць у Касцёле, у гэтым выпадку асабліва ў Касцёле ў Беларусі і ў яе асобных дыяцэзіях. Я выказаў гэта арцыбіскупу Тадэвушу. Ён ведае, што мы заўсёды гатовы быць у еднасці з Панам. Але ў той жа час харызма павінна паказваць сваю асаблівасць, каб узбагачаць аблічча Касцёла, як гэтага заўсёды патрабуе Касцёл ад любой харызмы.

Таму я нагадаў маім салезіянам і салезіянскай сям’і, што мы павінны дэманстраваць тое, што больш характэрна для салезіянскага духу, атрыманага ад ксяндза Боско праз Святога Духа. А гэта значыць, паказваць папераджальную сістэму выхавання, якая будуецца на трох слупах: розум, рэлігія, любоў (добразычлівасць) — а таксама мы павінны паказваць дабрыню і слодыч, атрыманыя ад святога Францішка Сальскага.

Для нас прыярытэт — гэта моладзь і вера ў тое, што маладыя людзі маюць вялікае сэрца, маюць шматлікія магчымасці, каб быць гаспадарамі свайго жыцця, а таксама ў тое, што наша выхаваўча-пастырская дзейнасць, накіраваная на евангелізацыю, заўсёды вядзе да выхавання мужчын і жанчын сумленнымі грамадзянамі і добрымі хрысціянамі. Вось гэта салезіянскі дух, менавіта такім чынам мы паказваем аблічча Пана.

Як я стаў салезіянінам, распавяду коратка. Я не ведаў салезіянаў у маёй маленькай, беднай і далёкай вёсцы ў Іспаніі, якая знаходзіцца каля мора. Потым, дзякуючы аднаму выпадку і з дапамогай адной старэйшай турысткі, я змог паехаць далёка ад дому да салезіянаў і вучыцца ў салезіянскай школе. Скончыўшы вучобу ў школе, я пакінуў салезіянаў і павінен быў пайсці ва ўніверсітэт, але ў гэты момант я адчуў у сэрцы, што, магчыма, Пан Бог мяне кліча, і я жадаў распазнаць, ці кліча мяне Пан рабіць і жыць так, як рабілі гэта ў адносінах да мяне мае выхавацелі. Я не ведаў і не быў упэўнены, але адчуваў у сэрцы, што павінен гэта распазнаць.

Мае бацькі былі вельмі шчодрыя і адпусцілі свайго сына. Яны былі па-сапраўднаму пакорныя і бедныя, і я быў ім патрэбны, каб дапамагаць майму бацьку ў працы ў моры. Але яны сказалі мне: «Сынок, калі гэта зробіць цябе шчаслівым і калі Бог гэтага жадае, можаш ісці». Я пайшоў да салезіянаў, прайшоў навіцыят, і з таго моманту ўжо 38 гадоў я салезіянін ксяндза Боско і па-сапраўднаму шчаслівы.  

— Чым адрозніваецца салезіянская супольнасць у Беларусі ад салезіянскіх супольнасцяў у іншых краінах свету?

— Так, заўсёды ёсць адрозненне, таму што нацыянальная, сацыяльная рэальнасць і культура краіны робяць так, што заўсёды можна знайсці ўласныя рысы ў кожнай супольнасці. Напрыклад, асаблівасць, якую я знаўшоў тут: асаблівая духоўнасць, спосаб маліцца, спосаб спяваць…

Павінен сказаць, што я ўражаны прыгожым спосабам маліцца са спевам падчас Эўхарыстыі, якую мы перажывалі ўчора. Я ўражаны выражэннем веры народа. Таксама тут свой стыль адносін паміж людзьмі, моладдзю. У іншых месцах ёсць свае асаблівасці. І тут, у Беларусі, я прашу маіх салезіянаў і салезіянскую сям’ю рабіць вельмі жывой нашу харызму, захоўваючы гэтыя асаблівасці.

Для нас салезіянская харызма выражаецца не толькі ў малітве або ў парафіі. У ёй задзейнічана ўсё жыццё, таксама і араторый, як месца жыцця і свята. Мы кажам, што ўся салезіянская супольнасць, кожная супольнасць у свеце павінна мець наступныя элементы: павінна быць як дом, які прымае ўсіх, павінна быць як парафія (Касцёл), якая евангелізуе, таксама павінна быць як школа адносін, якая рыхтуе да жыцця, і павінна быць пляцоўкай, дзе адбываюцца сустрэчы з сябрамі. І гэта асаблівасць, якую мы павінны развіваць у Беларусі, бо я веру, што дух людзей і моладзі тут вельмі шчыры і прымае з вялікай радасцю гэтую асаблівасць.

— Што Вы раскажаце Вашым братам па супольнасці аб Беларусі?

— Генеральнаму Савету, а затым і ў іншых месцах свету, я раскажу, што, па-першае, прыём быў вельмі прыгожы, таксама і з боку ўлады; быў дазвол, каб перамяшчацца, прамаўляць у розных месцах. Прыём мяне Касцёлам таксама быў вялікім, як адно вялікае сэрца. Адчувалася, што салезіяне па-сапраўднаму жаданыя ў беларускім Касцёле і грамадстве.

Я вярнуся з адным перакананнем, што, калі мы будзем верныя ўсяму таму, што важна і істотна для нашай харызмы, салезіяне і салезіянская сям’я ў Беларусі змогуць вельмі актыўна развівацца. Веру, што зараз час Духа Святога як для Касцёла ў Беларусі цалкам, так і для салезіянскай сям’і і для салезіянаў ксяндза Боско.

Пытанні задаваў Аляксандр Гелагаеў. Перакладалі Юлія Клевец і Ірына Петрусевіч.

Фота sdb.by

Абноўлена 11.07.2017 15:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа