Пошук


Год таму 27 чэрвеня ў Мінску адбылося біскупскае пасвячэнне кс. Аляксандра Яшэўскага SDB, які стаў дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Сёння іерарх распавядае Catholic.by пра тое, што значыць быць біскупам, і пра праблемы і перспектывы Касцёла на Магілёўшчыне.

Ваша Эксцэленцыя, віншуем з гадавінай біскупскага пасвячэння! Чым для Вас стаў гэты дзень? Як бы Вы сфармулявалі сутнасць місіі біскупа?

— Дзякую шчыра ўсім супрацоўнікам Catholic.by за віншаванні з нагоды першай гадавіны біскупскай сакры і за ваш удзел у маім пастырскім служэнні праз каталіцкі партал на працягу гэтага года. Спадзяюся і надалей на нашае сумеснае супрацоўніцтва дзеля лепшай евангелізацыі і ўмацаванні веры нашага народа.

Дзень біскупскага пасвячэння стаў для мяне момантам асаблівай ласкі новага нараджэння да больш адказнага служэння Пану і Касцёлу ў паўнаце святарства, а таксама зразуменнем неабходнасці мець яшчэ больш цесную сувязь з Хрыстом, без якога жыццё і служэнне пастыра немагчыма. Таксама я ўсвядоміў, што Хрыстус быў Тым, хто выбраў мяне, і за гэта я ўдзячны Богу.

На маю думку, місія біскупа заключаецца ў тым, каб быць у першую чаргу заўсёды адкрытым на дзеянне Духа Святога і дазволіць, каб менавіта Ён кіраваў жыццём і дапамагаў рознымі спосабамі сеяць Божае зерне шляхам прапаведвання Божага слова, цэлебрацыі святых сакрамэнтаў, асабліва Эўхарыстыі, і звычайных сустрэчаў са святарамі, кансэкраванымі асобамі, вернікамі і ўсімі людзьмі без выключэння.

Паводле вучэння Папы Францішка, біскуп абавязкова павінен ісці перад Божым народам як пастыр, як той, хто паказвае і пракладывае дарогу; ісці з народам як той, хто раздзяляе яго жыццё; і за народам як той, хто слухае і вучыцца ад іх.

Ваша Эксцэленцыя, год таму Вы сталі біскупам, які асабліва апякуецца Магілёўшчынай. Якім было Ваша першае ўражанне ад становішча Касцёла ў гэтай частцы Беларусі?

— Магілёўшчына дагэтуль была для мяне невядомай часткай нашай краіны. Першае ўражанне аб становішчы Касцёла на гэтай зямлі было балючым — падарожнічаючы, я ўбачыў столькі руін калісьці прыгожых касцёлаў і кляштараў, забраных у нас будынкаў і маёмасці. Гэта ўсё прывяло да вынішчэння буйнога каталіцкага жыцця. Калі ў іншых частках нашай Бацькаўшчыны перыяд ваяўнічага атэізму трываў больш чым 70 гадоў, то на Магілёўшчыне барацьба з каталіцкасцю пачалася каля 150 гадоў таму вывазам цэлых каталіцкіх вёсак на ўсход Расіі.

Не маючы каталіцкіх святыняў і святароў, шматлікія сем’і былі змушаны ахрысціць сваіх дзяцей у Праваслаўнай Царкве, каб толькі іх дзеці праз ласку хросту сталі Божымі дзецьмі. На сённяшні дзень і па гэтай прычыне шматлікія дзеці Касцёла не маюць сваёй канфесійнай ідэнтычнасці і праяўляюць рэлігійную абыякавасць.

Дзякуючы адвазе біскупаў, якія служылі на Магілёўшчыне да мяне, ахвярнаму служэнню духавенства, руплівасці ў адраджэнні Касцёла, імкненню да адказнага штодзённага сведчання, дзякуючы веры Божага люду Магілёўскай зямлі, Касцёл адраджаецца. На сённяшні дзень разам са мной служаць 15 святароў і адзін дыякан, 8 манахінь.

Ёсць некалькі прэзбітэрскіх пасвячэнняў, і святары, якія атрымалі іх, служаць у мінскай частцы нашай архідыяцэзіі. Ёсць пакліканні ў семінарыю і, напэўна, будуць новыя, калі мы па закліку і прыкладу Папы Францішка будзем больш ісці да людзей, шукаць іх, прабываць з імі і сярод іх. Таму Касцёл на Магілёўшчыне мае сваю будучыню, і яна ўжо відавочна.

Ці змянілася становішча Касцёла на Магілёўшчыне за гэты год, і калі змянілася, то якім чынам?

— Мне асабіста цяжка адказаць на пытанне, ці змянілася за год з маім прыйсцем становішча Касцёла на Магілёўшчыне. Напэўна, на гэтае пытанне могуць лепш адказаць іншыя, асабліва вернікі Магілёўшчыны. Я заўважаю, што пастаяннае прабыванне на Магілёўшчыне біскупа і актывізацыя рэлігійнага жыцця дае свае плады.

Гэты год быў інтэнсіўным для нашай каталіцкай супольнасці праз перажыванне Надзвычайнага Года Божай Міласэрнасці і сустрэчы з рознымі групамі і рухамі, якія існуюць у нашым Касцёле. Усё гэта можна заўважыць у праграме нашага рэгіёна і ў тых падзеях, пра якія мы распавядалі на вашай старонцы і старонцы Каталіцкага Касцёла на Магілёўшчыне.

Таксама кананічная візітацыя стала момантам, калі я лепш пазнаёміўся з парафіямі, святарамі, манахінямі, вернікамі і іншымі людзьмі, з якімі я сустракаўся, а яны пазнаёміліся са мной. Спадзяюся, што досвед гэтага года дапаможа мне ў планаванні душпастырскага служэння ў рэгіёне, каб развіццё Касцёла і ўзмацненне веры яго вернікаў прынесла плён сапраўднага, глыбокага перажывання сустрэчы з Хрыстом.

Касцёл — ці не самая вялікая арганізацыя ў Беларусі, якая ўвесь час карыстаецца беларускай мовай. Якая сітуацыя з роднай мовай на Магілёўшчыне? Як, на Вашу думку, Касцёл у гэтай сферы павінен дапамагаць людзям вяртацца да сваёй нацыянальнай культуры ці пайсці нейкай больш простай і шырокай дарогай?

— Згодны з тым, што менавіта Касцёл на сённяшні дзень найбольш карыстаецца беларускай мовай у нашай краіне кожны дзень. Магілёўшчына не выключэнне, літургічнае і сакрамэнтальнае жыццё тут праводзіцца на беларускай мове. Аднак там, дзе ёсць вернікі іншых нацыянальнасцяў, Касцёл адкрыты для іх і ахвотна служыць і на іншых мовах.

У сферы адраджэння беларускай нацыянальнай культуры Касцёл павінен дапамагаць, і, як мы бачым, дапамагае людзям. Аднак гэта пытанне вельмі складанае, бо ў адраджэнні беларускасці нашай нацыі павінны ўдзельнічаць усе, пачынаючы ад дзяржаўнага ўзроўню і ва ўсіх сфеахы рэлігійнага і грамадскага жыцця нашай краіны.

Таксама па тэме:

Якія першасныя праблемы ў жыцці Касцёла на Магілёўшчыне Вы бачыце і вырашэнне якіх з іх лічыце першачарговым?

— На сённяшні дзень я б вылучыў наступнае:

Час пераследу прынёс духоўнае спусташэнне ў душах і розуме людзей. Шматлікія католікі Магілёўшчыны практыкуюць сваю веру толькі па святах альбо ўвогуле не практыкуюць. Таму выклік для Каталіцкага Касцёла на Магілёўшчыне — гэта як абудзіць рэлігійную свядомасць і падтрымаць жыццё верай у штодзённасці.

Душпастырства студэнтаў і працуючай моладзі таксама займае важнае месца ў маіх думках. Многія студэнты з каталіцкіх сем’яў, прыязджаючы на вучобу на Магілёўшчыну, слаба практыкуюць веру. Гэта яшчэ адзін з выклікаў, каб не страціць іх і не загубіць іх духоўнасць.

Мне б вельмі хацелася, каб Каталіцкі Касцёл на Магілёўшчыне ўспрымаўся як супольнасць, якая абагачае грамадства, імкнецца садзейнічаць развіццю яе людзей, асабліва моладзі. Хацелася б, каб грамадства было больш адкрытым для Касцёла, больш актыўна карысталася яго патэнцыялам. Таксама і сумеснае з іншымі канфесіямі сведчанне аб хрысціянскіх маральных каштоўнасцях, асабліва з Праваслаўнай Царквой, патрабуе большай адкрытасці і празрыстасці.

Немалаважным з’яўляецца аднова пашкоджаных і будаўніцтва новых месцаў культу ў нашым рэгіёне. Таму хачу падзякаваць усім святарам і кансэкраваным асобам, якія ахвярна і адказна, нягледзячы на цяжкасці, асабліва фінансавыя, аднаўляюць і будуюць святыні сёння.

Як змянілася Вашае жыццё за гэты час?

— Я б сказаў кардынальна, асабліва для мяне як манаха. Калі да складання манаскіх абяцанняў і прэзбітэрскага пасвячэння ты рыхтуешся ў семінарыі, то семінарыі для біскупаў няма. Таму неабходна адразу служыць як біскуп, мудра кіраваць даверанымі табе людзьмі і адказваць на выклікі штодзённасці. Было цяжка прызвычаіцца да жыцця без манаскай супольнасці і братоў.

Аднак любоў Бога як Айца — гэта той новы досвед Бога, які я як біскуп перажываю — і ласка біскупскага стану дапамагаюць ісці наперад і быць шчаслівым.

Які выпадак Вам больш за астатнія запомніўся за гэты час?

— Вельмі вялікае ўражанне пакінула ў мяне маё першае дыяканскае пасвячэнне, якое я меў ласку ўдзяліць цяперашняму святару марыяніну Паўлу Федаровічу. Пачуццё духоўнага айцоўства праз кансэкрацыйную малітву і ўскладанне рук цяжка выказаць словамі, гэта трэба проста перажыць.

З жартоўных момантаў узгадваю прывітанне дзяўчынкі з нагоды майго служэння ў адной парафіі. Дзяўчынка з кветкамі, якая павінна была мяне прывітаць, гледзячы на маю фіялетавую сутану, замест падрыхтаваных слоў выказала сваё захапленне, кажучы: мой любімы колер, і прыгожая шапачка на галаве.

Бачачы гэтае захапленне, я зняў з галавы піюску і сказаў, што з радасцю падараваў бы яе ёй, вось толькі мяне турбуе, што яна не новая, а шмат разоў ношаная. Дзяўчынка падумала і сказала: «Не, паношаную я не хачу». Мы ўсё рассмяяліся, а дзяўчынка падаравала мне кветкі.

Ці з'явілася розніца паміж кс. Аляксандрам Яшэўскім і біскупам Аляксандрам Яшэўскім, і калі з'явілася, то ў чым яна?

— Калі казаць пра розніцу паміж кс. Аляксандрам Яшэўскім і біскупам Аляксандрам Яшэўскім, трэба адзначыць, што яна вялікая. Бо адзін удзельнічаў у святарскай місіі біскупа, а другі сам здзяйсняе місію пастыра, які асвячае, навучае і кіруе.

Вельмі добра гэта бачна на біблійным фрагменце малітвы Майсея і дапамогай, якую, трымаючы яго рукі падчас малітвы, здзяйснялі Аарон і Хур. Калісьці я падтрымліваў рукі пастыраў, а цяпер сам патрабую гэтай падтрымкі ад іншых. Таму відавочна анталагічная розніца паміж мной як святаром і біскупам.

Напрыканцы хачу падзякаваць усім без выключэння за падтрымку і дабразычлівасць, якую я адчуў і ўбачыў на працягу першага года свайго біскупскага служэння. Асаблівую падзяку я скіроўваю да святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў Магілёўшчыны, з якімі сустракаюся кожны дзень і з якімі мы разам здзяйсняем місію Хрыста ў нашым рэгіёне. Божа, аддзяч усім сваёй ласкай!

Размаўляў Аляксандр Гелагаеў

Абноўлена 11.07.2017 22:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.