У 2016 годзе дамініканскі ордэн святкуе свой 800-гадовы юбілей. З гэтай нагоды, а таксама з нагоды распачацця Тыдня малітваў аб пакліканнях, мы паразмаўлялі з братам Аляксандрам Жмурко з Брэста, які другі год вучыцца ў Дамініканскім калегіуме ў Кракаве.
— Брат Аляксандр, як сталася так, што Вы пайшлі менавіта ў дамініканскі ордэн?
— У ордэн братоў прапаведнікаў я ўвогуле ісці не планаваў. Нават нічога не ведаў тады пра дамініканаў. Аднак на працягу некалькіх гадоў маім пробашчам быў біскуп Казімір Велікаселец, які з’яўляўся дамініканінам.
Тады я быў міністрантам. Часам ён цікавіўся маімі справамі ва ўніверсітэце, пытаўся, колькі яшчэ гадоў мне засталося вучыцца, і прапаноўваў пайсці ў пінскую семінарыю. Я заўсёды адмаўляўся, хоць і задумваўся аб такой дарозе. Нават два разы ездзіў на рэкалекцыі ў Пінск, але ў выніку выбраў іншую дарогу.
А даведаўся я пра тое, што біскуп быў дамініканінам, калі ў парафіі змяніўся пробашч. Тады ў мяне быццам адкрыліся вочы. Аказваецца, дамінікане некалькі разоў праводзілі рэкалекцыі ў маёй парафіі. Я нават памятаў гэтых людзей, аднак раней дамініканскі ордэн заставаўся для мяне таямніцай, якая мяне не цікавіла.
Маё першае знаёмства з постаццю святога Дамініка адбылося, калі я прачытаў кнігу пра яго жыццё. З гэтага часу я пачаў цікавіцца дамініканскім ордэнам. Што б я ні рабіў, у думках узгадваліся гады жыцця святога. Таксама заўсёды круціліся ў галаве словы святога Дамініка, якімі ён маліўся ўначы: «Што будзе з грэшнікамі?» Гэта былі першыя думкі, звязаныя з ордэнам, якія адбіліся ў маім сэрцы.
У той час я ездзіў на рэкалекцыі «Школы хрысціянскага жыцця і евангелізацыі» і там упершыню сустрэў дамініканіна — айца Тамаша Міку OP. Але тады я толькі «прыглядаўся». Айцец Міка быў аніматарам у маёй групе. Я, аднак, не рабіў хуткіх высноваў адносна Божага Провіду і не збіраўся размаўляць на тэму паклікання.
Толькі праз два або тры месяцы, на наступныя рэкалекцыі школы, я ехаў з большым прагненнем і разуменнем, што хачу шукаць такой дарогі, хачу сустрэцца з дамініканамі і паразмаўляць на тэму паклікання.
У суботу, памятаю гэты момант, якраз а. Тамаш Міка OP цэлебраваў святую Імшу ў «Школе». На малітве верных ён маліўся аб пакліканнях у дамініканскі ордэн з Беларусі.
У той момант, у прамым і пераносным сэнсе, я адчуў у вобласці грудзей дотык і жаданне служыць, якія не былі ад мяне. Пасля Імшы вырашыў паразмаўляць з айцом.
Ён распавёў пра жыццё ордэна і параіў мне патэлефанаваць іншаму айцу, адказнаму за пакліканні ў ордэне ў Беларусі. Я збіраўся патэлефанаваць на наступны дзень, але адважыўся толькі праз тры ці чатыры тыдні. Яшчэ нядаўнія перажыванні не пазбавілі мяне страху.
У чэрвені ў Віцебску я паразмаўляў з а. Крыштафам Коцянам OP, а пазней, у жніўні, паехаў у Польшчу на рэкалекцыі. Там напісаў просьбу з жаданнем распачаць вучобу ў навіцыяце. І так пачаўся мой шлях.
Прэнавіцыят – гэта час падрыхтоўкі перад навіцыятам. У гэты час кандыдат працягвае жыць у свеце. На працягу аднаго года, менавіта столькі працягваецца гэты перыяд, кандыдаты сустракаюцца на фармацыйных сустрэчах, рэкалекцыях і з магістрам прэнавіцыяту.
Так атрымалася, што прэнавіцыят супаў з маім апошнім годам вучобы ва ўніверсітэце. І адразу пасля заканчэння ўніверсітэта ў Брэсце я паехаў у Польшчу на апошнюю сесію прэнавіцыяту, якая працягвалася 40 дзён. Пасля гэтай сесіі пачаўся навіцыят. Гэта для мяне быў час, якога я раней не планаваў.
— Распавядзіце крыху пра сваё жыццё ў ордэне.
— Пасля навіцыяту браты распачынаюць вучобу, якая працягваецца 6 гадоў. Я зараз знаходжуся на другім годзе вучобы.
У нашым ордэне вучоба разам з малітвай стаяць на першым месцы і разам вядуць да кантэмпляцыі. Кантэмпляцыя – гэта прабыванне ў любові з Богам. Не можам раздзяляць малітву і вучобу, яны перасякаюцца і дапаўняюць адна адну.
Наш дэвіз Contemplare et contemplata aliis tradere «кантэмпліраваць і дзяліцца пладамі кантэмпляцыі з іншымі». Для нас вучоба – гэта форма аскезы. Вучоба таксама азначае прастору барацьбы, самадысцыпліны і прабывання ў адзіноце.
З раніцы ў нас асноўныя заняткі — з 8.00 да 11.30, а пасля абеду бываюць дадатковыя — па вывучэнні моў. Абавязковая праграма не прадугледжвае вялікай колькасці заняткаў, аднак час, які застаецца, адводзіцца на самастойную вучобу.
Ужо падчас студэнтату пачынаем у невялікім аб’ёме рэалізоўваць нашу місію прапаведвання. Некаторыя з нас ужо дапамагаюць у падрыхтоўцы людзей да канфірмацыі і хросту.
Таксама раз на тыдзень мы ходзім у два цэнтры для бяздомных людзей. Там ёсць розныя служэнні: нядзельнае Евангелле, канферэнцыя або малітоўная сустрэча. Разам са школьнай моладдзю мы ходзім у два дамы сацыяльнай дапамогі (DPS), у адным знаходзяцца дзеці, а ў другім дарослыя.
Перад Пасхальным Трыдуумам і Божым Нараджэннем у нашай базыліцы браты арганізоўваюць рэпетыцыі хору.
Акрамя гэтага, 24 гады таму на студэнтаце з'явіўся іншы спосаб прапаведвання – часопіс «Teofil», які рэдагуюць браты. Выданне заўсёды цалкам прысвечана адной тэме. Апошні нумар выйшаў на днях і быў прысвечаны малітве.
У кожнага з нас ёсць досвед прапаведвання. Ужо два разы ў навіцыяце мы прамаўлялі канферэнцыі ў нашай навіцыяцкай капліцы ў Варшаве. Ты стаіш перад найбольш патрабавальнай аўдыторыяй, перад людзьмі, якія цябе ведаюць, з якімі ты пастаянна жывеш побач. Гэта цяжкі досвед, але адначасова досвед прыняцця сябе такім, які ты ёсць — з усімі тваімі слабасцямі.
Другі раз таксама кожны з нас прамаўляў казанне ў навіцыяце, але гэта ўжо была наступная ступень — спантанная. Наш субмагістр разгортваў брэвіярый на любой старонцы і выбіраў адтуль кароткае чытанне. Пасля кароткай малітвы кожны з нас выходзіў і прамаўляў казанне.
Наш ордэн быў заснаваны для прапаведвання і выратавання душаў. Першым месцам нашага прапаведвання з’яўляецца супольнасць, таму што яна з’яўляецца цэнтральным пунктам нашага паклікання.
Нашу супольнасць можна параўнаць з мяшком, напоўненым камянямі. Каб гэтыя камяні занялі сваё месца і сталі гладкімі, у іх павінны сцерціся вострыя вуглы. Гэта момант нашага ачышчэння і падрыхтоўкі да прапаведвання, выйсця ў свет да людзей. Першапачатковай нашай задачай з’яўляецца менавіта аднадушнае жыццё ў супольнасці.
— Наколькі вялікая вашая супольнасць?
— Галоўны дом нашага навучання знаходзіцца ў Кракаве. Усяго нас 53 браты. Большасць — гэта, канешне, браты з Польшчы. З Беларусі два — я і яшчэ адзін брат, таксама адзін брат з Украіны. Акрамя нас у кляштары жыве 41 айцец. Самаму старэйшаму з іх 95 гадоў, і ён выдатна сябе адчувае.
— Распавядзіце, калі ласка, падрабязней пра гэтую супольнасць, пра тых людзей, якія яе ўтвараюць.
— Гэта асобы, з якімі ты ствараеш супольнасць. Галоўная асаблівасць навіцыяту — гэта перыяд спробы і распазнання свайго паклікання.
Кожны з нас розны — рознага ўзросту, з розным жыццёвым вопытам, але мы аб’яднаныя адной мэтай. Мы вырваны са свету, дзе сустракаліся з сябрамі, хадзілі ў кіно, бары... І навіцыят — гэта час, калі ты з гэтымі ўсімі рэчамі развітваешся. Іх у цябе ўжо няма.
Ты жывеш сярод людзей, якіх сам не выбіраў. Гэта час, калі ты вучышся прымаць тое, што дае рэчаіснасць. Час, калі твае ўяўленні сутыкаюцца з рэальнасцю, і Бог карыстаецца такімі момантамі, каб паказаць, які я насамрэч і што сам з сабой не спраўлюся.
Я толькі выбіраю гэтую дарогу, але частка мне проста дадзена. Цэлы ордэн са сваёй гісторыяй, з цёмнымі і светлымі куткамі — гэта мне дадзена. І я не магу на гэта неяк паўплываць, магу толькі навучыцца глядзець інакш на тое, што знаходзіцца вакол мяне. Я або гэта прымаю, або спрабую з гэтым змагацца, але тым самым магу сабе нашкодзіць.
Гэта такі досвед прыняцця іншай асобы, пазбаўлення ад эгаізму, узаемнага чэрпання сілаў, стварэння супольнасці. Мы вучымся прымаць агульныя рашэнні, бо часам гэта вельмі цяжка, калі ёсць дзесяць або нават больш чалавек, і вы не маеце аднаго рашэння. У гэтым сэнсе наш ордэн вядомы яшчэ сваёй дэмакратыяй.
— Што для Вас самае цяжкае, а што прыносіць радасць у манаскім жыцці?
— Самае цяжкае для мяне – гэта менавіта жыццё ў супольнасці. Вялікую частку свайго часу ты праводзіш сярод братоў. Жыццё ў супольнасці — гэта такое выйсце па-за сябе, па-за межы свайго мыслення; межы, якія я сам сабе ствараю. Гэта досвед слухання адзін аднаго, прысвячэння свайго часу іншай асобе, выхаду са свайго эгаізму, са сваёй каморы.
Гэта такі парадокс, але жыццё ў супольнасці можа прыносіць адначасова найбольшую радасць. Брат — гэта той, з кім ты можаш паразмаўляць, хто цябе выслухае, дасць нейкую параду, перад кім ты таксама адкрываешся як асоба. Брат — гэта той, з кім я магу дзяліцца тым, што адбываецца ў маёй душы. Аказваецца, найбольшую радасць магу перажыць падчас размоваў і сумесных шпацыраў з братамі.
— Як вы праводзіце вольны час у ордэне?
— Кожны дзень пасля абеду ёсць агульная рэкрэацыя. Гэта час звычайнага прыбывання разам, без канкрэтных заняткаў. Хтосьці размаўляе, іншыя чытаюць і каментуюць газеты, а некаторыя выходзяць на вуліцу.
Афіцыйна мы ў сераду і нядзелю пасля абеду можам выйсці ў горад на шпацыр. Раз на месяц ёсць аднадзённая прагулка, падчас якой можна выехаць за межы Кракава.
Таксама па-за кляштарам ёсць магчымасць пагуляць у футбол, валейбол, пабегаць. У нашай канстытуцыі напісана, што кожны брат адказвае за сваё фармаванне сам. Канешне, у нас ёсць пэўны рэжым, які ўключае заняткі, пасілкі, малітвы і г. д. Але апрача гэтага ты сам сабе павінен арганізаваць час.
— Ужо гэтым летам у Кракаве будуць праходзіць Сусветныя дні моладзі. Якім чынам ваш ордэн будзе ў іх удзельнічаць?
— Мы святкуем 800-гадовы юбілей нашага ордэну. І падчас гэтых Дзён будзе сустрэча моладзі дамініканскіх душпастырстваў з усяго свету. Будзе таксама моладзевае чуванне.
Адным з апекуноў гэтых Дзён моладзі з’яўляецца благаслаўлёны Юрый Прасаці, які жыў у XX стагоддзі і быў чалавекам васьмі благаслаўленняў.
Ён вылучаўся вялікай міласэрнасцю і цалкам аддаваў сябе служэнню бедным і бяздомным людзям. Памёр ва ўзросце 24 гадоў. Яго рэліквіі будуць знаходзіцца ў нашым касцёле, у базыліцы Святой Тройцы якраз падчас гэтых Дзён моладзі. Таму запрашаю ад імя нашага ордэна прыходзіць у наш дамініканскі касцёл ушанаваць гэтыя рэліквіі.
— Што асабіста для Вас значыць прабыванне ў ордэне?
— Гэта час вучобы і фармацыі. Для мяне асабіста гэта час распазнання і ўмацавання свайго паклікання, прабывання з іншымі людзьмі, стварэння супольнасці, час падрыхтоўкі да будучых абавязкаў. Тут успамінаецца выраз аднаго з братоў: «Каб стаць прапаведнікам, ты павінен стаць у першую чаргу чалавекам малітвы». Гэты час з’яўляецца менавіта тым часам, калі ты будуеш гэтыя адносіны са свайго боку і дазваляеш Богу дзейнічаць і кіраваць тваім жыццём. Калі казаць агульна — вучыцца быць чалавекам малітвы за той час, які нам дадзены.
Яшчэ хачу дадаць, што за нашымі спінамі ёсць сёстры дамініканкі. Святы Дамінік пачаў з прапаведвання. Ён бачыў людзей, якія цікавіліся памылковымі вучэннямі ерэтыкоў, і хацеў ім дапамагчы адкрыць праўду. Менавіта жанчыны былі першымі, хто навярнуўся. Такім чынам, за 10 гадоў да заснавання ордэна з’явілася жаночая супольнасць.
Гэта такі нябачны матор, які дае энергію цэламу нашаму ордэну. Гэта сёстры, якія прысвяцілі сябе жыццю ў кантэмпляцыі.
Кожны з нас, калі прыходзіць у навіцыят, атрымлівае дамініканскі габіт, а таксама духоўную падтрымку — малітву трох сясцёр дамініканак. Трох, таму што ў нашай традыцыі ў Польшчы ёсць тры кляштары кантэмпляцыйных сясцёр дамініканак. І ў кожным кляштары падчас жараб’ёўкі сёстры выбіраюць, за каго з братоў будуць маліцца.
— І апошняе пытанне. Ці маглі б Вы падабраць некалькі слоў-асацыяцый да жыцця ў дамініканскім ордэне?
— Прастата, радасць, вольнасць і пошук.