Пошук


25 гадоў з моманту заснавання спаўняецца cёлета Гродзенскай дыяцэзіі. Яе першым біскупам 13 красавіка 1991 г. быў прызначаны сённяшні ардынарый дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч.

У эксклюзіўным інтэрв’ю Catholic.by іерарх ацаніў стан развіцця дыяцэзіі за гэты час, прыгадаў працу ў адной парафіі з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам і распавёў пра невядомыя дагэтуль факты з гісторыі абраза Езуса Міласэрнага...

Біскуп і гісторыя

Мы гутарым у дыяцэзіяльнай курыі Гродна, па якой, здаецца, ужо сёння можна вадзіць экскурсійныя групы: кожны абраз на сцяне, кожнае пано або карціна, кожны здымак у нечым памятны, а кожны з пакояў захоўвае ў сабе часцінку гісторыі таго, хто ў іх спыняўся, працаваў ці жыў.

Біскуп Гродзенскі — адзін з тых, хто добра ведае тут кожны куток. Увага да дэталяў заўважаецца ў ім і падчас інтэрв’ю.


Прыгадваючы канкрэтны выпадак ці апісанне падзеі, іерарх імкнецца згадаць усё да драбніц — ён называе і год, і месяц, і нават дзень, што і калі адбывалася.

— Ваша Эксцэленцыя, што Вы адчувалі 25 гадоў таму, калі даведаліся пра сваё прызначэнне біскупам і стварэнне новай дыяцэзіі?

— Уражанні былі змешаныя. З аднаго боку стварэнне новай дыяцэзіі давала надзею на аднаўленне Касцёла ў Беларусі. Але з іншага боку засмучаў ад'езд арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, бо якраз у гэты час ён быў накіраваны Святым Айцом на працу ў Расію.

Таксама я непакоіўся, ці дам рады справіцца з новымі, вельмі складанымі і адказнымі заданнямі.

Разам са мной біскупскую намінацыю атрымаў і будучы кардынал, 77-гадовы Казімір Свёнтэк. Памятаю, як ён звярнуўся да мяне тады адносна біскупскага герба: запытаў, што я думаю наконт таго, каб ён узяў у герб словы «Mater Misericordiae» (Маці Міласэрнасці).

Я працаваў тады ў Вільнюсе, апякункай якога з’яўляецца Маці Божая Міласэрнасці з Вострай Брамы.

Зразумела, я вельмі ўзрадаваўся, што менавіта словы «Маці Міласэрнасці» будуць дэвізам біскупа Казіміра, які стаў першым Мітрапалітам новастворанай Мінска-Магілёўскай мітраполіі і Апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі.

— Дэвізам Вашага герба сталі словы «Jesu in Te confido» (Езу, давяраю Табе) з абраза Езуса Міласэрнага. Мяркую, такі выбар таксама не быў выпадковым?

— У абраза Езуса Міласэрнага доўгая гісторыя. Напісаны ў 1934 годзе Эўгеніюшам Казіміроўскім па просьбе с. Фаўстыны, у лістападзе 1956 года абраз быў вывезены з Вільнюса ў Беларусь.

Яго змясцілі ў касцёле св. Юрыя ў Новай Рудзе па просьбе мясцовага пробашча кс. Юзафа Грасевіча, які вельмі шанаваў культ Божай Міласэрнасці і сябраваў з ксяндзом Міхалам Сапоцькам, які і даў дазвол на перавоз абраза.

Ардынарый Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч на ганку дыяцэзіяльнай курыі

Але пасля ксяндза Юзафа перавялі ў Крамяніцу, затым у Каменку, а абраз так і заставаўся ў Новай Рудзе — ужо без святара. Так было да 1986 года, калі абраз вырашылі вярнуць у Вільнюс. Ужо тады ён карыстаўся пашанай як у Беларусі, так і ў Літве.  

Ксёндз Юзаф Грасевіч дамовіўся наконт таго, каб зняць з абраза копію, якая б і замяніла арыгінал у Новай Рудзе.

Усё рабілася ў вялікай таямніцы. Пра замену абраза, акрамя ксяндза Юзафа, ведалі толькі дзве манахіні.

Гэта адбывалася ў ліспападзе 1986 года. Мы тады дамовіліся, што абраз прывязуць у Вільнюс. Памятаю, я сядзеў у канфесіянале, калі законная сястра ў свецкім адзенні падышла і кажа: «Я прывезла абраз».

— А дзе ён?

— Тут.

— Стаўце скрутак ля канфесіянала.

Сястра пакінула скрутак з абразом ля канфесіянала і пайшла. Пазней я ўзяў яго і перанёс у сакрыстыю. Мы тады якраз думалі, куды павесіць гэты абраз, і вырашылі, што змесцім яго насупраць амбоны.

На тым месцы спачатку вісеў абраз св. Вінцэнта Ферарыі, пазней — вялікі крыж, і там мы змясцілі абраз Езуса Міласэрнага.

Гэта было ўжо пасля новага года, у пачатку 1987-га. Якраз была гатова пазалочаная рама для абраза. Калі абраз быў змешчаны ў касцёле, было бачна, што людзі з радасцю прыходяць да яго. Бо абраз не быў чужым. Культ Божай Міласэрнасці ў той час яшчэ больш пашыраўся.

— Сённяшні арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на той час таксама працаваў у Вільнюсе, толькі ў іншай парафіі. Ці праўда, што нейкі час ён быў Вашым вікарыем?

— Сапраўды. Мы не сустрэліся з арцыбіскупам Тадэвушам у семінарыі, бо ў 1976 годзе я яе скончыў, а арцыбіскуп толькі паступіў.

Пасля заканчэння семінарыі ён атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне і ў 1981 годзе як вікарый прыехаў у Вострую Браму.

Сённяшні біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч на першых курсах семінарыі ў Каўнасе (у першым шэрагу другі справа)

У канцы 1987 года арцыбіскуп Тадэвуш быў накіраваны вікарыем у парафію Святога Духа ў Вільнюсе, дзе я на той час працаваў пробашчам.

Арцыбіскуп быў практычным і працавітым святаром. Ён ужо тады быў здольным і зарэкамендаваў сябе добрым прапаведнікам. Ён абараніў ліцэнцыят і дысертацыю ў Каўнасе. Ужо тады некаторыя казалі, што гэта будучы біскуп.

Такім чынам, сённяшні арцыбіскуп быў тады маім вікарыем, але нядоўга, толькі тры ці чатыры месяцы, бо ў лютым 1988 года яго прызначылі пробашчам у францішканскі касцёл у Гродне. У той жа час мясцовыя ўлады дазволілі праводзіць Імшу таксама і ў гродзенскім фарным касцёле.

 

«Стаць біскупам новай дыяцэзіі ў часы адраджэння Касцёла — гэта вялікая адказнасць»

— Якія чаканні былі ў Вас і ў духавенства таго часу ад стварэння новай дыяцэзіі?

— Для кожнага біскупа гэта было неспадзяванкай. Ведаючы, што я стану першым біскупам гэтай дыяцэзіі, я адчуваў вялікую адказнасць. Нават маючы досвед святарства, разумеў, што лёгка не будзе.

Трэба было браць крыж і несці яго: стаць біскупам новай дыяцэзіі ў часы адраджэння Касцёла — гэта вялікая адказнасць.

За гэтыя 25 гадоў зроблена нямала. Трэба з пакорай дзякаваць Богу за тое, што зроблена з Яго дапамогай. Каб зрабіць што-небудзь добрае, заўсёды вельмі патрэбная малітва. І малітва вернікаў дапамагала тады і дапамагае сёння.

 

Трэба заўсёды быць моцнымі і не падаць духам, старацца ісці наперад. Касцёл развіваецца, і гэта радуе. У большасці раёнаў сёння будуюцца новыя касцёлы. Але самым важным заданнем нават праз 25 гадоў з’яўляецца катэхізацыя.

Наколькі важным, на Вашу думку, было б падпісанне канкардату? Пэўныя дамовы паміж Праваслаўнай Царквой і дзяржавай ужо існуюць, у некаторых школах ужо ўведзены курс па асновах праваслаўя. Дзеці католікаў пакуль жа не маюць магчымасці вывучаць асновы сваёй канфесіі ў школе...

— Гэта вельмі важная справа. Сапраўды, пэўны план быў падрыхтаваны, але размовы так і засталіся размовамі. Сёння, думаю, самы час вярнуцца да іх.

Каталіцкі Касцёл у Беларусі сёння не мае магчымасці ісці ў школы.

Часам дырэктар школы можа запрасіць святара. Раз на год у некаторых школах каталіцкі святар наведвае вучняў разам з бацюшкам, але не заўсёды і не ўсюды.

Калі б школьную праграму можна было дапрацаваць і дадаць туды ўрокі рэлігіі, то яго маглі б праводзіць святар або манахіня. Бо праблема катэхізацыі ў Каталіцкім Касцёле застаецца сёння адной з найбольш вострых. Дзеці і моладзь недастаткова ведаюць пра Бога.

Пакуль заняткі рэлігіі існуюць толькі пры парафіях. Але дзеці, прыходзячы на такія заняткі пасля школы, ужо змучаныя. Ды й ходзяць на рэлігію пераважна дзеці з практыкуючых каталіцкіх сем’яў.

Калі б святары маглі прыходзіць у школы, дзеці з сем’яў непрактыкуючых католікаў даведваліся б пра Бога больш...

— А як было ў Вашым дзяцінстве? Магчыма, якраз адтуль бярэ пачатак крыніца Вашага паклікання?

— Я нарадзіўся на памежжы Літвы і Беларусі ў парафіі ў Эйшышках. Сёння каля 80 працэнтаў гэтай парафіі знаходзіцца ў Літве, а рэшта ў Беларусі. З катэхізацыяй у маім дзяцінстве дзецям было крыху лягчэй: побач быў парафіяльны касцёл і асяроддзе было пераважна каталіцкім. Настаўнікі ў школе былі веруючымі людзьмі, ды і ў нашай сям’і дзень пачынаўся з малітвы.



Я вырас у веруючай сям’і, з самага дзяцінства захапляючыся святарствам. Я вельмі любіў слухаць гаміліі майго пробашча...

Думка аб святарстве ў мяне была яшчэ са школы. Ідучы ў армію, я ўжо пра гэта разважаў. Служыў я ў 1968-70 гг. Пасля арміі паўгады адпрацаваў на пошце, пасля чаго паехаў паступаць у духоўную семінарыю ў Каўнас.

30 мая 1976 года ў Панявежысе мне было ўдзелена прэзбітэрскае пасвячэнне. Пяць гадоў я быў вікарыем у катэдры ў Панявежысе. У 1981 годзе біскуп Крыкшчунас дазволіў мне вярнуцца ў родную Віленскую дыяцэзію.

Семінарыйная супольнасць у Каўнасе. Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч — у трэцім шэразе злева чацвёрты па ліку

Помню, семінарыстам прыехаў да касцёла ў Беняконях. Святыня там ужо не дзейнічала, у касцёле былі пастаўлены краты, але праз іх можна было бачыць, што адбываецца ў сярэдзіне. У святыні ляжала куча брыкету — касцёл выкарыстоўвалі пад склад...

Я тады думаў: «Пане Божа, ці гэта прыйдзе калі час, калі ўсё гэта адродзіцца?!»

Але Літва, хоць таксама была савецкай рэспублікай, крыху адрознівалася ад Беларусі ў пытаннях рэлігіі. У Беларусі было цяжэй, бо вельмі шмат святыняў было зачынена, святароў не хапала. Беларускім католікам даводзілася ездзіць у Вільню, каб узяць шлюб ці ахрысціць дзіця.

Калі на захадзе Беларусі святары яшчэ неяк маглі прыехаць у іншую парафію, то ў рэгіёнах на Магілёўшчыне, Гомельшчыне было цяжэй — калі ксёндз паміраў, касцёл зачынялі.

У Гродне, напрыклад, фарны касцёл 27 гадоў стаяў без святара, але зачынены не быў. Святыня выстаяла толькі дзякучы вернікам, якія маліліся, збіралі ахвяру і плацілі з яе падаткі. Трэба было мець вялікае перакананне і верыць, бо хто б мог падумаць, што ўсё зменіцца ўжо праз 30 гадоў?


— Якія пытанні застаюцца актуальнымі ў Гродзенскай дыяцэзіі і пасля 25 гадоў яе існавання?

— Ізноў жа катэхізацыя. У сучасным свеце масавай культуры ўсё перамешана, таму хрысціянам трэба вучыцца адрозніваць добрае ад злога, каб не згубіцца ў патоку інфармацыі і не забыць пра сапраўдныя каштоўнасці.

Веру трэба ўсведамляць, бо вера — гэта не якаясьці матэматычная формула, якую можна вывучыць...

Калі няма веры, практыкі і рэлігійнай свядомасці ў сям’і, застанецца толькі формула. Таму вельмі важна, каб дзеці хадзілі ў касцёл разам з бацькамі. Лепш за бацькоў не навучыць ніхто.
У 1988 годзе ў Гродна прыехаў кардынал Юзаф Глемп. Увесь парк на Савецкай плошчы быў запоўнены людзьмі. Эйфарыя!

Але сёння, у сучаснай сітуацыі патрэбная не эйфарыя, але грунтоўная праца, каб людзі трывалі ў Касцёле не пад уплывам эмоцыі, але з глыбокага пераканання і сапраўднай патрэбы сэрца. Таму здаровая атмасфера і навука ў Касцёле вельмі важныя.


Кожны з нас розны і патрабуе асаблівага інтэлектуальнага падыходу. Трэба мець сілы і цярплівасць, каб данесці Божае слова людзям. І галоўнае, трэба маліцца, каб Божая ласка дзейнічала ў нас.

Сын павінен маліцца за маці, маці — за сына, святар — за сваю аўчарню, а парафія — за святара. А Пан Бог будзе дзейнічаць далей. А яшчэ патрэбна ўмець з радасцю глядзець у заўтрашні дзень.

— Што б Вы пажадалі святарам Гродзеншчыны ў 25-годдзе дыяцэзіі?

— Хачу пажадаць еднасці. Хрыстус прасіў Айца, каб Яго вучні былі адно. Гэта актуальна сёння як у звычайнай сям’і, так і ў святарскай.

Каб не было падзелаў, каб мы сустракаліся і размаўлялі паміж сабой, дзяліліся радасцю, ведамі і малітвай. Каб нас яднала любоў, бо мы — браты ў святарстве.

Гутарыў Ілья Лапато,Гродна-Мінск
фота Віталія Палінеўскага і з прыватнага архіва біскупа


Фотарэпартаж >>>

Абноўлена 11.07.2017 22:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.