Пошук


Перад 25-гадовым юбілеем адраджэння каталіцкіх структур у Беларусі вышэйшы каталіцкі іерарх на нашай зямлі распавёў, якім быў шлях да 13 красавіка 1991 года, якімі былі тыя лёсавызначальныя часы для Касцёла, Беларусі і для яго асабіста.

— У якім стане быў Касцёл у Беларусі, калі ў 1989 годзе Папа Ян Павел II прызначыў Вас Апостальскім адміністратарам Мінскай дыяцэзіі для католікаў лацінскага абраду ў Беларусі?

— Касцёл знаходзіўся ў вартым жалю становішчы. Некалькі пакаленняў (на ўсходзе тры, на захадзе – два) у Беларусі не было біскупаў і не было духоўнай семінарыі, таму колькасць святароў з кожным годам катастрафічна памяншалася і на 1989 год складала каля 60. У абсалютнай большасці гэта былі вельмі старыя святары, якія скончылі семінарыі ў Вільнюсе або Пінску. Колькасць касцёлаў была каля 115. Дзеці да 16 гадоў без бацькоў або апекуноў не маглі прымаць удзел у набажэнствах.

Катэхізацыя дзяцей была забаронена. Не хапала рэлігійнай літаратуры. Не было рэлігійных медыя. Ніхто не ведаў, што такое дабрачыннае служэнне Касцёла.

— Што гэта быў за час, які прайшоў з 1989 года да 1991 года, калі былі нармалізаваны касцёльныя структуры ў Беларусі? Што было ў гэты час самым характэрным для Касцёла ў Беларусі і беларускага грамадства?

— Гэта быў час вялікага духоўнага пад’ёму. З’явіўся біскуп і ўзяў на сябе адказнасць за Касцёл. Вернікі яму вельмі моцна дапамагалі. Яны былі рашучымі ў сваіх дзеяннях і стараліся, каб канфіскаваныя касцёлы былі перададзены ім. Як прыклад такой рашучасці можна прывесці змаганні за Чырвоны касцёл у Мінску, калі вернікі арганізавалі галадоўку на плошчы перад святыняй.

Надыходзіў час сацыяльна-палітычных змен, і тагачасная ўлада разумела, што настаюць новыя часы і трэба размаўляць з Касцёлам на іншай мове, чым да гэтага. Наогул, людзі сталі больш адважнымі ў змаганні за свае правы, і яны мелі новую надзею.

— Фактычна Вы выконвалі гэтыя два гады абавязкі кіраўніка Касцёла ва ўсёй Беларусі. Якія былі Вашыя галоўныя абавязкі? Што прыходзілася рабіць часцей за ўсё? Што ў гэты гістарычны час Вы адчувалі як католік, беларускі грамадзянін і адзіны ва ўсёй Беларусі біскуп?

— Галоўным было аднаўленне структур Каталіцкага Касцёла ў краіне, найперш парафій. Далей трэба было клапаціцца пра вяртанне раней канфіскаваных касцёлаў і іх рэстаўрацыю, што звязана з матэрыяльнымі затратамі. Новыя сацыяльна-палітычныя ўмовы таго часу (перабудова, прадчуванне змены палітычнага ладу і агульны настрой доўгачаканых зменаў, які панаваў у грамадстве) спрыялі гэтаму, хаця не заўсёды ўсё ішло гладка і не раз трэба было пастаяць за сябе і за Касцёл. Аднак у выніку ўсяго за мой час біскупскага служэння ў Беларусі было вернута 97 канфіскаваных раней касцёлаў.

Пасяджэнне ў Доме Кіно (тады яшчэ не вернуты католікам Чырвоны касцёл). Народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў выступае супраць камуністычных функцыянераў.

Трэба было думаць аб стварэнні духоўнай семінарыі, якая ў 1991 г. была заснавана ў Гродне. Касцёлаў станавілася ўсё больш, а святароў не было. Таму трэба было шукаць іх за мяжой. Для вырашэння гэтых праблем трэба было весці перамовы з дзяржаўнымі ўладамі. І для ўладаў, і для мяне гэта была новая сітуацыя, аднак атрымлівалася дамовіцца, і вялікая частка задуманага была здзейснена.

Я ўдзяліў пасвячэнне некалькім маладым святарам, якія атрымалі фармацыю ў семінарыях у Каўнасе і Рызе. Шмат увагі звяртаў на падрыхтоўку літаратуры для набажэнстваў на беларускай мове.

Калі сёння справа перакладу рэлігійнай літаратуры яшчэ застаецца нялёгкай, то ў той час яна было архіскладанай, найперш таму, што не было кваліфікаваных рэлігійных перакладчыкаў і апрацаванай рэлігійнай тэрміналогіі.

Папяровай працай тады я займаўся мала, за выключэннем дэкрэтаў на прызначэнні новых пробашчаў ці рэактывацыю парафій. Як біскуп у дачыненні вернікаў стараўся дзейнічаць паводле слоў св. Аўгустына: для вас я біскуп, а з вамі — хрысціянін. Як грамадзянін радаваўся духоўнаму адраджэнню сваёй радзімы, бо імкнуўся і надалей імкнуся, каб сваю будучыню яна будавала на хрысціянскіх каштоўнасцях.  

У нядаўна вернутым касцёле святога Мікалая ў Свіры, 1990 г.

— Як беларускае грамадства рэагавала на адраджэнне структур Каталіцкага Касцёла ў 1989-1991 гадах?

— Было па-рознаму. Гродзенскія ўлады прымалі ўдзел у маёй інтранізацыі 28 кастрычніка 1989 г., але потым мяне выклікалі ў Маскву (яшчэ існаваў СССР) і ў апараце Упаўнаважанага па справах рэлігій сказалі, што не прызнаюць мяне біскупам, бо маё прызначэнне не было ўзгоднена з уладамі. Пасля тое ж самае пачалося і ў Беларусі.

Аднак, як часта бывае ў жыцці, улада таксама мела праблемы ў той ці іншай парафіі. У Гродне мяне папрасілі дапамагчы з вырашэннем падобных праблем. Я адказаў, што не магу дапамагаць у вырашэнні адносін уладаў з парафіямі, бо ўлада мяне не прызнае. Праз нейкі час мне сказалі: «Забудем об этом».  

Вельмі цяжка ішла справа з перадачай касцёлаў у Мінску, аднак нам удалося атрымаць дазвол увайсці ў Чырвоны касцёл і на трэці паверх катэдры. У апошні дзень перад маім пераводам у Маскву, 12 красавіка 1991 г., удалося дамовіцца з Міністэрствам культуры аб сумесным выкарыстанні касцёла на Залатой Горцы, што стала першым крокам да яго вяртання вернікам. У размовах з уладамі я стараўся ісці шляхам дыялогу, і такім чынам атрымалася шмат учыніць для Касцёла.

Малітва на прыступках мінскага катэдральнага касцёла.

— Ці была загадзя падрыхтаваная нейкая «дарожная карта», пасля выканання якой Святы Пасад быў гатовы да афіцыйнага прыняцця рашэння?

— У 1989 г. мы радаваліся прызначэнню першага біскупа і толькі паціху думалі, што, напэўна, прыйдзе час, калі будуць адроджаны нармальныя структуры. Тады ў былым СССР быў вельмі здольны і мудры прадстаўнік Святога Айца, арцыбіскуп Франчэско Каласуонна, які быў чалавекам дыялогу, і я ад яго вельмі многаму навучыўся. Адначасова ён быў рашучым і хутка прымаў рашэнні. Ён вельмі часта прыязджаў у Беларусь, удзельнічаў у набажэнствах і бачыў, што аднаму біскупу не пад сілу весці нармальную пастырскую дзейнасць, і неабходна адраджаць нармальныя структуры.

Справа проста наспела. Я яго вельмі падтрымліваў, і мы правялі разам шмат часу, каб падрыхтаваць прапановы Папу. Святы Ян Павел II прыняў нашы прапановы, выдатна прачытаў знакі часу, асэнсаваў сацыяльна-палітычныя змены і прыняў адпаведныя рашэнні. Гісторыя паказала, што ён іх прыняў у адпаведны час. Так што ніякай «дарожнай карты» не было.

Галоўным для нас было своечасова адказваць на выклікі часу. Гэта быў працэс эвалюцыі. Проста прыйшоў час на структурныя змены, мы не спалі — і структуры былі адроджаны.

— Ці ведалі Вы, што ў дзень Вашай асабістай перамогі — афіцыйнага прызначэння біскупаў і заснавання мітраполіі Вас адразу «кінуць» на яшчэ больш складаную працу, у Расію?

— У Касцёле ёсць прынцып, што Нунцый пытаецца згоды кандыдатаў падчас прызначэння біскупаў ці іх пераводу на іншае месца. Я салдат і ніколі не ставіў сваіх інтарэсаў вышэй за касцёльныя.

Акрамя таго, мяне навучылі правілу: Папу не адмаўляюць.

Так, я ведаў, што набліжаюцца змены, і за некалькі дзён прадстаўнік Святога Айца мне паведаміў аб іх. Я прыняў новае прызначэнне з пакорай і малітвай аб Божай дапамозе для служэння на новым месцы ў Расіі. Там таксама ёсць католікі, у тым ліку беларусы, і яны маюць патрэбу ў духоўнай апецы. Я адправіўся ў Расію служыць і сваё служэнне даверыў Марыі, якая заўсёды мне дапамагала.

Катэдральны касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Маскве, адабраны і адноўлены падчас кіраўніцтва Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча.

— Што Вы адчувалі ў дзень 13 красавіка 1991 года?

— Радасць з таго, што Касцёл у Беларусі, якому я служыў, нарэшце мае нармальныя структуры, і поўную клопату радасць, што ён таксама будзе адраджацца ў Расіі. Таксама пэўны гонар, што мне, ўраджэнцу Беларусі, Папа Ян Павел II даверыў гэтую місію.

— Прыкладна праз 10 гадоў пад Вашым кіраўніцтвам у Расіі адбыліся падобныя ж змены — Папа Ян Павел ІІ устанавіў нармальныя касцёльныя структуры. Што агульнага і адрознага было паміж гэтымі падзеямі ў Беларусі і ў Расіі, паміж рэакцыямі двух грамадстваў?

— У Беларусі значна больш католікаў, і, нягледзячы на ганенні, вернікі чакалі і не маглі дачакацца біскупаў і дыяцэзій. Таму іх радасць была вялікай. У Расіі ўсё было больш складана. Цягам многіх дзесяцігоддзяў у такой вялікай краіне дзейнічала толькі два касцёла – у Маскве і Ленінградзе, у якіх працавалі два старыя святары.

Мітрапаліт (зараз Патрыярх Маскоўскі) Кірыл і Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у Маскве

Раскіданыя па бязмежных прасторах Расіі католікі таксама з радасцю ўспрынялі вестку аб прызначэнні біскупаў у Маскву і Навасібірск. Іх цярпенні і малітвы Бог выслухаў. Ужо мая інтранізацыя ў Маскве 28 мая 1991 г. і першыя сустрэчы з вернікамі, асабліва падрыхтоўка моладзі да сустрэчы з Папам Янам Паўлам II у Чэнстахове, паказалі, што можна паспяхова працаваць з расійскімі католікамі і адраджаць Касцёл там. І я не памыліўся. Было цяжка, часам вельмі цяжка, аднак мы сумесна ішлі наперад.

— Напэўна, Вы зараз адзіны іерарх як мінімум у Еўропе, а можа, і ва ўсім свеце, які мае такі падвойны досвед каталіцкага адраджэння ў дзвюх чымсьці падобных, але ўсё ж вельмі розных краінах. Што б Вы маглі параіць сваім братам-іерархам і святарам, якія таксама могуць апынуцца перад патрэбай аднаўлення ці пабудовы амаль з нулю каталіцкіх структур? Якая тут можа быць самая практычная парада?

— Мы, біскупы, святары, кансэкраваныя асобы, пакліканы Богам да служэння, пасвечаны не толькі для канкрэтнага мясцовага Касцёла, але і для Паўсюднага, і ў нас павінен жыць дух паўсюднасці Касцёла і служэння яму.

Нельга замкнуцца толькі ў мясцовым Касцёле. Касцёл па сваёй прыродзе місійны, і калі ён пасылае місіянераў, то потым Бог яму благаслаўляе новымі пакліканнямі.

У місійнасці Касцёла праяўляецца яго дынамізм і жыццядзейнасць. Неабходна з радасцю прымаць кожнае прызначэнне касцёльнай улады і даверыць сваё служэнне Богу. Шукаць не сваёй славы, а Божай.

Аляксандр Гелагаеў

Абноўлена 11.07.2017 23:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.