Спеў Юліі Шэдзько суправаджае літургію ў многіх касцёлах Мінска. Пра спеў у яе жыцці — у інтэрв’ю часопіса «Дыялог».
— Юля, а чым для цябе з’яўляецца літургія і якую ролю адыгрывае ў ёй спеў? Што табе дае малітва спевам? Ці бывае, што часам хочацца проста сесці ў касцёльную лаўку і не спяваць?
— Наўрад ці я скажу нешта новае адносна свайго разумення літургіі — пра гэта столькі ўжо напісана і сказана, што мне нават няёмка раўняцца са святымі і тэолагамі, нашмат разумнейшымі. Мяне не перастае здзіўляць і захапляць у літургіі тая «пазачасовасць», якая ёй уласціва, калі ўсе перакрыжаванні часу сыходзяцца ў адно, і ўсе этапы Хрыстовай Ахвяры становяцца нашай рэальнасцю ў кропцы, дзе святар уздымае ў руках Гостыю, перамененую ў Божае Цела. Гэта неймаверна, калі пачынаць асэнсоўваць гэтую рэальнасць.
Спеў тут мае абсалютна другаснае значэнне, няправільна было б надаваць яму першую ролю. Ціхую Імшу я таксама люблю, як і Імшу з аркестрам і арганамі. Але і змяншаць значэнне музыкі не стала б. Спевам людзі заўжды славілі Бога і ўсклікалі да Яго. У даўнія часы, напрыклад, спевы былі для простага люду цэлым катэхізісам, дзе ў 20-30 куплетах, бывала, і больш, простымі словамі тлумачылася біблійная і касцёльная навука, і ў такой форме яна запаміналася лепш.
Вера, укладзеная кампазітарамі, аўтарамі слоў, выканаўцамі ў музыку, перадаецца і слухачам. Я асабіста ведаю людзей, якія прыйшлі да Бога менавіта праз духоўную музыку. І, апроч усяго гэтага, музыка — гэта прыгожа, і ў гэтай прыгажосці таксама водбліск Божай славы.
Мне музыка дапамагае лепш выразіць тое, што я перажываю падчас Імшы, і глыбей яе перажываць. Бывае, што хочацца адпачыць і паўдзельнічаць у Імшы не з касцёльных хораў, бо там патрэбна нашмат больш канцэнтраванасці і засяроджанасці, але доўга я ўсё адно не вытрымліваю і, калі сыходжу ўніз, таксама пачынаю спяваць.
— Наогул, Юля, што азначае спеў у тваім жыцці? Што хочаш перадаць людзям праз яго?
— Спеў стаў неад’емнаю маёю часткаю, мне лёгка выяўляць тое, што я адчуваю і што думаю, праз музыку. Супольны спеў чыніць людзей блізкімі, я цешуся, калі спрычыняюся да гэтага, калі ў касцёле або на канцэртах дапамагаю слухачу лепш адчуць прыгажосць свету, адкрыцца Богу і іншаму чалавеку. Асабіста мне музыка з гэтым вельмі дапамагае.
— А як ставішся да моладзевых Імшаў, падчас якіх граюць на тамтамах, гітарах і г.д.?
— Залежыць ад таго, што выходзіць на першы план у такіх Імшах, важна, каб яны не ператвараліся ў канцэрт. Музыка павінна адпавядаць той таямніцы і таму цуду, сведкамі якога мы становімся падчас Імшы, нічога не парушаць. Ад таго, што ў песні дзесяць разоў гучыць слова «Бог» або «Езус», яна яшчэ не становіцца сапраўды пабожнаю; важна, які дух у гэтай песні і ў якім духу яна выконваецца.
Яшчэ адна заўвага: духоўная музыка ўсё адно будзе дзяліцца на літургічную і нелітургічную. Для святой Імшы ўсё ж трэба выбіраць адпаведную музыку, каб грукат ударных, круты гітарны «запіл» або шыкоўны джазавы вакаліз не перашкаджалі галоўнаму — яднанню з Хрыстом, унутранай малітоўнай засяроджанасці, глыбокаму перажыванню літургіі. Уся іншая хрысціянская музыка будзе цудоўна гучаць у канцэртнай зале або на канцэртнай пляцоўцы. Вядома ж, праслаўляць Бога можна не толькі ў святыні.
— Ці памятаеш, калі ўпершыню спявала ў касцёле? Якім быў твой шлях да Бога?
— Калі спявала ўпершыню, не памятаю. Памятаю, як мы, малыя, вучылі разам з а. Янушам, дамініканінам з маёй роднай віцебскай парафіі, калядкі на Божае Нараджэнне, і атмасферу той дзіцячай весялосці. Мне пашанцавала з дзяцінства быць побач з Богам. Добра памятаю, калі мая вера з «натуральнай» дзіцячай стала асэнсаванай і сталай. Але пытання «ці я сапраўды веру» не было ніколі.
— Юля, зараз цябе многія ведаюць не толькі як спявачку ў касцёле, але і як аўтара перакладу гімна Сусветных дзён моладзі ў Кракаве. Скажы, калі ласка, якія словы з яго табе больш блізкія і чаму? Як атрымалася, што менавіта ты пераклала гэты тэкст?
— У тэксце гімна мне найбольш блізкі заклік быць міласэрнымі. Гэта тая душэўная якасць, якой не хапае сучаснаму свету і якая вельмі яму патрэбная. Я ўпэўнена, калі заўжды памятаць пра міласэрнасць і вучыць сваё сэрца міласэрнасці, многае ў жыцці стане прасцей і правільней.
Тэксты гімнаў СДМ я перакладала ўжо не раз, але гэты праект запісу і стварэння відэагімна па-беларуску, задуманы а. Сяргеем Трысценем OCD, — зусім іншае. Справа патрабавала шмат высілкаў, і а. Сяргей звяртаўся па дапамогу да людзей, творчыя здольнасці і магчымасці якіх ведаў, і сабраў такім чынам добрую каманду.
Вельмі няпроста напісаць спеў, які запомніцца людзям і будзе мець жыццё пасля заканчэння міжнароднай сустрэчы. Думаю, у гімна, напісанага для СДМ у Кракаве, ёсць шанец спадабацца беларусам-слухачам і выконвацца надалей, у тым ліку і дзякуючы зробленай намі працы.
Поўны тэкст інтэрв’ю на www.dialog1994.by
(AG)