З 5 па 12 лютага Беларусь наведалі прадстаўнікі самай вялікай пралайф-арганізацыі Human Life International – яе прэзідэнт, каталіцкі святар Шэнан Боке (ЗША) і Ёханес Бухер (Аўстрыя) – каардынатар для еўрапейскага рэгіёна. Госці правялі ў Беларусі цэлую серыю семінараў і сустрэч, прысвечаных абароне жыцця, у перапынку паміж якімі завіталі ў рэдакцыю Catholic.by.
— Ксёндз Шэнан, Human Life International — сёння самая масавая пралайф-арганізацыя свету. Распавядзіце, з чаго ўсё пачыналася?
Ксёндз Шэнан Боке:
— Human Life International была створана манахам-бэнэдыктынцам Полам Марксам OSB у 1972 годзе. Спачатку ён назваў арганізацыю Human Life Center — «Цэнтр чалавечага жыцця». Галоўнай яе ідэяй было вырашэнне пытання кантрацэпцыі, таму што ў той час кантрацэпцыя шырока ўвайшла ў культуру.
У 1968 годзе Папа Павел VI напісаў энцыкліку «Humanаe Vitaе», супраць якой у Касцёле адразу ж узнікла апазіцыя. Айцец Пол Маркс убачыў гэта і адным з першых пачаў знаёміць людзей з вучэннем Касцёла аб сужэнстве і сям’і.
«35 мільёнаў кіламетраў за 43 гады»
У 1972 годзе ў ЗША легалізавалі аборты. Айцец Пол Маркс зразумеў, што плёнам кантрацэпцыі з’яўляюцца аборты, бо калі ў людзей ужо ёсць кантрацэптыўная ментальнасць, яны схільныя зрабіць аборт.
Ён стараўся растлумачыць людзям, што адбываецца — працаваў са свецкімі і духоўнымі асобамі, каб сфарміраваць у іх пралайф-светапогляд.
А ў 1981 годзе, разумеючы, што праблема разрастаецца па ўсім свеце, ён заснаваў Human Life International. Каб распаўсюдзіць тую ж місію з ЗША па ўсім свеце, ён сфарміраваў цэлую пралайф-сетку: падтрымліваў актывістаў у розных краінах.
Як вынік, за 43 гады існавання арганізацыі ў нас ёсць 7 міжнародных дырэктараў і 93 афіліраваныя арганізацыі па ўсім свеце. З часу заснавання Human Life International мы і нашыя кіраўнікі аддзяленняў праехалі больш за 35 мільёнаў кіламетраў.
— Чым канкрэтна вы займаецеся на дадзены момант?
Кс. Ш. Б:
— Зараз адной з самых маштабных нашых праграм з’яўляецца праца з семінарыстамі. У Афрыцы, напрыклад, мы стварылі сетку з многіх афрыканскіх біскупаў і абмеркавалі з імі стратэгію дзеяння ў іх рэгіёне.
Мы прыязджаем у семінарыі і распавядаем семінарыстам пра вучэнне Касцёла адносна шлюбу і сям’і, тлумачым, як яны могуць выкарыстаць гэтыя веды ў сваім пастырскім служэнні.
Таксама мы працуем са святарамі. Мы бачым, што многія з іх, таксама як і семінарысты, не ведаюць вучэння Касцёла адносна сям’і, таму не падымаюць такія пытанні ў парафіях або каталіцкіх школах. Мы такім чынам можам дапамагчы выправіць іх памылкі.
А трэці ўзровень — гэта свецкія вернікі. Мы можам сярод гэтых вернікаў знайсці лідараў, а яны потым будуць вучыць іншых.
Мы можам праводзіць такія канферэнцыі, дзякуючы падтрымцы лакальных біскупаў ці Канферэнцыі Біскупаў. Звычайна мы робім гэта на працягу сямі дзён. Тры дні займаемся з духоўнымі асобамі і тры-чатыры — са свецкімі.
Да ўсяго мы працуем з палітыкамі на розных узроўнях. Мы імкнёмся дапамагчы ім разабрацца ў пытаннях абароны жыцця і традыцыйных сямейных каштоўнасцях, каб яны ведалі, як размаўляць з іншымі палітыкамі на гэтую тэму.
Сярод нашых валанцёраў ёсць таксама людзі, якія апякуюцца цэнтрамі дапамогі адзінокім маці.
Ёханес Бухер:
— У Аўстрыі валанцёры нашай арганізацыі ходзяць маліцца ў абартарыі за жанчын, якія збіраюцца зрабіць аборт, а таксама моляцца падчас 24-гадзіннай адарацыі. Такім чынам яны робяць быццам духоўнае ўсынаўленне.
Задоўга да таго, як жанчына робіць аборт фізічна, яна ўжо робіць яго псіхалагічна. І калі мы молімся за яе, то Бог дае ёй асаблівую ласку — другі погляд на жыццё.
Гэта праект, які працягвае працаваць. Я, як рэгіянальны дырэктар Human Life International, з 2009 года распаўсюджваю яго ва ўсходніх краінах Еўропы, такіх, як Славенія, Албанія, Румынія, тут, у Беларусі, ва Украіне і інш.
«Афіцыйна ў Аўстрыі больш за 17 тысяч дзяцей выратавана ад абортаў»
— Чаго ўдалося дасягнуць у справе абароны жыцця за перыяд існавання вашай арганізацыі?
Кс. Ш. Б.:
— Напрыклад, падчас акцыі «40 дзён за жыццё», якую праводзіць арганізацыя, людзі прыходзяць маліцца ў абартарыі, і праз пэўны час некаторыя з іх зачыняюцца (у Аўстрыі, напрыклад, зачынілася пяць абартыўных клінік, у якіх маліліся валанцёры — Рэд).
Мы бачым таксама семінарыстаў, якія, як святары, зараз сталі актыўныя. Яны займаюцца абаронай жыцця ў сваіх парафіях і школах.
Гаворка ідзе аб выніках нашых адукацыйных праграм. Юрысты, настаўнікі або ўрачы, з якімі мы працуем, распаўсюджваюць вучэнне Касцёла ў сваім асяроддзі.
У Кеніі, напрыклад, зараз у Вярхоўным судзе працуе адзін з пралайф-актывістаў, які скончыў нашу праграму. Канешне ж, ён мае ўплыў і працуе ў абарону жыцця. І гэта перамога.
Ё. Б.:
— Калі казаць пра абартыўныя цэнтры, то іх з духоўнага пункту гледжання можна назваць сучаснай Галготай. Там мы бездапаможныя.
Але калі мы молімся за жанчын, якія туды прыйшлі, змяняецца іх сэрца і яны выбіраюць жыццё для свайго дзіцяці.
У Аўстрыі, напрыклад, мы пачалі маліцца амаль 18 гадоў таму. І кожны год каля тысячы дзяцей выратоўваецца ад аборту. Афіцыйна ў Аўстрыі выратавана больш за 17 тысяч дзяцей. Гэта заслуга Бога.
— А ёсць канкрэтная лічба выратаваных дзяцей ва ўсім свеце?
Кс. Ш. Б.:
— Насамрэч яе цяжка вызначыць. У Лацінскай Амерыцы, напрыклад, адным з вынікаў працы Human Life International было стварэнне цэлай сеткі цэнтраў дапамогі маці. Першы такі цэнтр быў створаны ў Мехіка і называўся «Цэнтр дапамогі жанчынам». А зараз існуе 160 такіх цэнтраў, і ўсе з іх працуюць. У Мексіцы фармальна забаронены аборты, але ў самім Мехіка аборты дазволены. Там мы працуем з сем’ямі і вучым іх натуральнаму планаванню сям’і.
— Сёння вельмі папулярнымі з’яўляюцца маршы за жыццё, самым вялікім з якіх з’яўляецца Вашынгтонскі. Якім чынам вы далучаецеся да такіх маршаў?
Кс. Ш. Б.:
— Кожны год наша арганізацыя ўдзельнічае ў Вашынгтонскім маршы. Колькасць удзельнікаў з года ў год змяняецца ў залежнасці ад надвор’я. У рамках марша праводзяцца трэнінгі для тых, хто прыязджае.
Нэлі Грэй (заснавальніца Вашынгтонскага марша ў абарону жыцця — Рэд.) распачала такія маршы, каб абудзіць людзей. У першым маршы ёй удалося сабраць некалькі соцень людзей, а сёння ў ім удзельнічае ўжо паўмільёна.
На апошнім маршы было 80 тысяч чалавек. Гэта неверагодна! Мы хочам гэта зрабіць у Беларусі. І кожны, хто будзе чытаць гэтае інтэрв’ю, таксама можа задаць сабе пытанне: «а што я магу зрабіць, каб спыніць аборты ў Беларусі?»
«Мы змяняем абартыўны закон паступова»
— Якія захады робяцца для таго, каб адмяніць або часткова адмяніць аборты ў тых краінах, дзе яны легалізаваны?
Кс. Ш. Б.:
— Разам з мясцовымі лідарамі мы вывучаем законы той або іншай краіны, а таксама ментальнасць і культурны кантэкст. Напрыклад, мы ведаем, што ў многіх краінах Усходняй Еўропы менавіта камунізм вінаваты ў тым, што аборты дазволілі. Але зараз, на жаль, гэта ўжо ўбудавана ў мысленне людзей. Таму змяняць закон мы пачынаем на простым узроўні.
Напрыклад, у маім родным штаце ўведзены закон частковай адказнасці за аборт. Там нельга зрабіць аборт пазней за 22-і тыдзень. Гэта не ідэальна, але гэта спосаб, каб паступова закон абмежаваць.
Ёсць спосабы ўплыву і на высокім узроўні, калі можна паўплываць на рашэнне Вярхоўнага суда. І мы бачым, што падобная тактыка выкарыстоўваецца ва ўсім свеце.
Канешне, добра было б, каб аборты поўнасцю забаранілі. Але гэта нельга зрабіць у адзін момант. Гэта павінен быць паступовы працэс.
Але ў людзей павінна быць надзея, што гэтае зло можна перамагчы. Мы можам паглядзець на палякаў, якія ў 1993 годзе забаранілі аборты, або на Венгрыю, якая змяніла сваю Канстытуцыю, і іншыя прыклады па свеце.
Вельмі шмат залежыць ад мясцовых лідараў. Мы шукаем пакрокавыя спосабы адмены абортаў. І тыя метады, якія мы выкарыстоўваем у ЗША, могуць не працаваць у Беларусі. Але мы адзін у аднаго можам вучыцца, як гэта зрабіць. І тады можам пабудаваць стратэгію і тактыку.
«Нам трэба ратаваць ненароджаных дзяцей у Беларусі»
— Ёханес, Вы заснавальнік пралайф-руху на Беларусі. Што стала рухавіком, каб распачаць гэтую справу?
— Калі мяне прызначылі рэгіянальным дырэктарам у Еўропе, я думаў, з чаго можна было б пачаць. Я маліўся і зразумеў, што трэба ехаць у Беларусь.
Я патэлефанаваў Уладзіславу (Уладзіславу Валаховічу — дырэктару беларускага фонда «Адкрытыя сэрцы» – Рэд.). Ён якраз тады быў у Польшчы на вучобе. Мы сустрэліся на мяжы з Беларуссю.
Я сказаў яму: «Нам трэба ратаваць ненароджаных дзяцей у Беларусі», — і Уладзіслаў згадзіўся.
Тады за 5 хвілін да закрыцця візавага цэнтра ў Бялай Падлясцы мы зайшлі рабіць візу. У мяне нават не было добрага фотаздымка. Была толькі ксеракопія нейкага дакумента з маёй фатаграфіяй. У пасольстве проста выразалі гэтую фатаграфію і наклеілі на візавую анкету…
Ужо тады я займаўся натуральным планаваннем сям’і. Я распавёў, чым мы займаемся ў Аўстрыі, і ўсё пачалося. Я думаю, што гэта проста пытанне Божага Провіду.
Бог мог бы зрабіць цуд і выратоўваць свет праз цуды, але Ён хоча выратоўваць свет праз нас. Уся Беларусь можа падтрымаць гэтую справу.
— Вы ўжо чацвёрты раз у Беларусі. Што змянілася ў Беларусі падчас гэтых візітаў?
— Калі я ўпершыню прыехаў у Беларусь, я плакаў. Не ведаю, чаму, але вельмі шмат суму мяне ахапіла. Я не бачыў дзяцей у гарадах, а зараз мы бачым. Я шчаслівы, што ў кожным рэгіёне ёсць нейкі пралайф-рух. Узяць да прыкладу «Адкрытыя сэрцы», якія маюць 70 валанцёраў па Беларусі і прыцягваюць да гэтай справы іншых людзей.
Я думаю, што самае важнае — гэта тое, што мы кажам пра жыццё. Мы змагаемся за жыццё духоўна — праз малітву, і праз канкрэтныя дзеянні.
— Што б Вы як прадстаўнікі міжнароднага руху «Pro-life» хацелі пажадаць Беларусі?
Кс. Ш. Б.:
— Беларусь займае вельмі важнае месца ва Усходняй Еўропе. Я жадаю пралайф у Беларусі не толькі расці, але і прыносіць плён, каб людзі на самой справе бачылі прыгажосць жыцця, сям’і і нашай веры. Гэтага я хацеў бы для любой краіны. Але ў маіх падарожжах я быў ужо больш чым у 50 краінах. Я праехаў больш за два мільёны кіламетраў. Я бачу падобную сітуацыю амаль ва ўсім свеце.
Але таксама я бачу штосьці асаблівае — людзей духоўна галодных. Яны чагосьці прагнуць. Яны хочуць дабрыні і прыгажосці. Я хачу, каб гэтая прыгажосць і дабрыня раслі. І для таго, каб гэта адбывалася, патрэбна прыцягваць людзей зацікаўленых, для якіх справа абароны жыцця мае вялікае значэнне, каб іх дзейнасць «зачапіла» кожнага беларуса.
Ё. Б.:
— Мы павінны разумець, што ў многіх сем’ях аборты рабіліся пакаленнямі, таму нацыя зранена. Патрэбна казаць з вялікай любоўю пра гэта і давяраць гэтую праблему міласэрнаму сэрцу Езуса.
Гэта значыць, што мы прыносім Евангелле жыцця, міласэрнага Езуса. Мы кажам усім людзям у Беларусі, што калі ў вас быў аборт, то патрэбна яго вызнаць падчас споведзі.
Бог хоча вылечыць вашыя сэрцы. Бог хоча вылечыць сем’і. Пачынайце ісці добрым шляхам. Гэта наша будучыня! Мы любім Беларусь!