Пошук

16.02.2016 00:00   Ілья Лапато / Catholic.by

Чым адрозніваецца Касцёл у Беларусі ад іншых краін? Якія парады даваў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці перад сваім ад’ездам і над чым павінен будзе працаваць у Беларусі новы Апостальскі Нунцый? Пра гэта і не толькі ў інтэрв’ю Часовага павераванага ў справах Апостальскай Нунцыятуры.


— Маньсеньёр Марынко, прайшло ўжо паўгода з пачатку Вашай дыпламатычнай службы ў Беларусі. Якія Вашы ўражанні?

— Шэсць месяцаў — гэта не такі доўгі перыяд, каб можна было даць дакладную ацэнку, але, калі я азіраюся на час, праведзены ў Беларусі, магу сказаць, што асабіста я вельмі задаволены.

Час майго прабывання ў Беларусі можна падзяліць на дзве часткі: да 15 снежня — да ад'езду Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці, і пасля 15 снежня, калі я быў прызначаны Часовым павераным у справах Апостальскай Нунцыятуры.

У Нунцыятуры я сутыкнуўся з прыязнай і адначасова працавітай атмасферай. Прысутнасць і падтрымка мансеньёра Філіппо Чампанэллі, які яшчэ заставаўся ў Мінску, моцна паспрыялі маёй акліматызацыі ў працы і жыцці на новым месцы службы. Сёння я працягваю займацца тымі ж пытаннямі, за якія адказваў да свайго ад’езду мансеньёр Філіппо.  

 


Мне прыемна працаваць з а. Юрыем Шэндам OP і сёстрамі назарэтанкамі — кожны з іх робіць свой уклад у стварэнне пазітыўнай атмасферы ў Нунцыятуры, а гэта, на маю думку, адзін з асноўных варункаў добрай працы не толькі ў Нунцыятуры, але і ўвогуле.

Кароткі час, праведзены разам з арцыбіскупам Гуджэроцці, быў для мяне вельмі каштоўным. Я змог шмат навучыцца ад яго як ад чалавека, святара і Апостальскага Нунцыя. Рытм працы быў даволі хуткі, і я займаўся шэрагам розных пытанняў адносна Касцёла ў Беларусі, Нунцыятуры, узвядзення новага будынка і г.д.

Пасля ад’езду арцыбіскупа Гуджэроцці мае абавязкі, гэтаксама як і адказнасць, значна змяніліся і іх стала нашмат больш. Але з Божай дапамогай і дзякуючы зычлівай атмасферы, якую ствараюць супрацоўнікі Нунцыятуры, можна зрабіць шмат.

Увогуле, я задаволены тым, што было зроблена да гэтага, і спадзяюся, што мы зможам зрабіць яшчэ больш на карысць Касцёла ў Беларусі і беларускага народа.

— Чым з’яўляецца для Вас дыпламатычная служба ў Беларусі?

— Менавіта службай. З самага пачатку дыпламатычнай службы, а больш дакладна — з часоў Акадэміі (маецца на ўвазе Pontificia Accademia Ecclesiastica у Рыме, дзе мансеньёр вучыўся ў 2005-2008 гг. — заўв. аўт.), для мяне добра зразумела, што праца дыпламата Святога Пасаду заўсёды застаецца працай святара, і таму не можа быць нічым іншым, як толькі службай, службай на карысць Касцёла і ўсіх тых, да каго Бог мяне пасылае і з кім перасякаецца мой жыццёвы шлях. Гэтаксама я бачу і маю працу ў Беларусі.

З іншага боку, дыпламатычная праца ў Беларусі, як і ў іншых краінах, - гэта высілак слухання, разумення, цярплівасці і разважлівасці. Неабходна шмат і ўважліва слухаць, старацца зразумець, цярпліва разважаць і разважна распазнаваць.
— Чым, на Вашу думку, Касцёл у Беларусі адрозніваецца ад іншых краін, дзе Вам ужо даводзілася працаваць?

— Касцёл у Беларусі і вернікі асаблівым чынам уразілі мяне сваёй пабожнасцю, выражанай не толькі ў наведванні святой Імшы і прыняццем сакрамэнтаў, але больш у глыбокай пашане да сакральнага. Менавіта гэта хацеў бы адзначыць. Глыбокая пашана да сакральнага з'яўляецца асаблівам знакам веры ў прысутнасць Бога ў Касцёле і ў іх жыцці. Такая вера дазваляе глядзець з моцнай надзеяй у добрую будучыню.


— Вы ўжо прымалі ўдзел у пасяджэнні беларускага епіскапату. Якія ў Вас засталіся ўражанні ад працы і зносін з беларускімі біскупамі?

— У мяне вельмі станоўчыя ўражанні ад працы Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. З таго, што я мог бачыць да гэтага часу, магу сказаць: ёсць адкрытая дыскусія, пошук рашэнняў. Безумоўна, усе біскупы паказваюць жывую зацікаўленасць усім тым, што датычыць Касцёла, пытаюцца парады, слухаюць заўвагі і, канешне, прымаюць рашэнні.

Адносна камунікацыі з біскупамі, то яшчэ раз хацеў бы асабіста падзякаваць іерархам за зычлівы прыём, спагадлівасць, гатоўнасць слухаць і разважаць разам, і за шацунак да маёй асобы.


— Ці падтрымліваеце Вы кантакт з арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці? Ці даваў ён Вам якіясьці парады або настаўленні, пакідаючы Беларусь?

— З арцыбіскупам Гуджэроцці ў нас склаліся сяброўскія адносіны, і я вельмі гэтаму рады.

Як вы ведаеце, гэта чалавек, якому ўласцівы глыбокая мудрасць, духоўнасць і культура і ў якога можна шмат чаму навучыцца. Я стараўся вучыцца ў яго. Беларусь, якая засталася ў сэрцы арцыбіскупа, і была тэмай нашых размоваў, аж да яго ад’езду ва Украіну. Для мяне былі карыснымі ягоныя парады, якія на пачатку маёй працы ў Беларусі маюць асаблівую вартасць.

— На якіх тэмах, на Ваш погляд, павінен будзе сканцэнтравацца наступны Апостальскі Нунцый, пачынаючы працу ў Беларусі?

— Я не сказаў бы, што ёсць «тэмы» — тэма толькі адна: як найлепш садзейнічаць развіццю Касцёла і як быць бліжэй да беларускага народа праз стасункі і супрацоўніцтва з урадам, з аднаго боку, і партыкулярным Касцёлам, асабліва біскупамі — з іншага боку.


Святы Пасад заўсёды зацікаўлены ў развіцці і ўмацаванні дыпламатычных адносін для ўзаемнага дабра. Што датычыць Касцёла, то роля Нунцыятуры і Нунцыя, безумоўна, яшчэ больш шырокая. Якім прыярытэтам аддасць непасрэдную ўвагу новы Нунцый і што за прыярытэты гэта будуць, убачым у будучыні.

Апрацаваў Ілья Лапато

Абноўлена 11.07.2017 23:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця