Пошук

09.02.2016 00:00   Тэкст і фота: Ілья Лапато / Catholic.by

Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB — першы каталіцкі біскуп Беларусі, які актыўна карыстаецца Фэйсбукам. Пра што піша іерарх, як рэагуе на негатыўныя каментарыі і ў чым бачыць карысць сацыяльных сетак?

Біскуп і яго 1 416 сяброў

— Ваша Экцэленцыя, Вы сталі першым каталіцкім біскупам у Беларусі, які стварыў свой акаўнт у Фэйсбуку. Чым стаў для Вас гэты крок?

— Старонку ў Фэйсбуку я ствараў ужо пасля таго, як стаў біскупам. І рабіў гэта для таго, каб дзяліцца навінамі пра Каталіцкі Касцёл і наш Магілёўскі рэгіён, быць больш дасяжным людзям.

Распавядаць людзям пра тую ці іншую падзею ў Касцёле, папярэдне іх на яе не запрасіўшы, я не хацеў бы. Таму сацыяльныя сеткі ў гэтым вельмі дапамагаюць.

Сёння ў спісе маіх сяброў на Фэйсбуку 1 416 чалавек. Канешне, перад тым, як пацвердзіць запыт у сябры, я абавязкова праглядаю старонку патэнцыйнага «сябра», звяртаю ўвагу на тое, ці ёсць у нас агульныя сябры.

Часам і паведамленне напішу — пацікаўлюся, як чалавек знайшоў маю старонку і якім чынам мы можам быць знаёмымі.

Для мяне гэта вельмі важна, бо, будучы біскупам — асобай публічнай — я не хацеў бы, каб нехта выкарыстоўваў інфармацыю, якую змяшчаю я або нехта іншы на маёй старонцы, у непажаданых для мяне мэтах.
— Колькі ж паведамленняў атрымлівае біскуп за дзень?

— Буду шчырым — не ведаю (усміхаецца — заўв. аўт.). Пішуць часта, але я не сачу за колькасцю атрыманых паведамленняў. Ды і з дня на дзень прыпадае па-рознаму. Калі ёсць час, паведамленні праглядаю, адказваю на іх. Хтосьці просіць аб малітве, іншыя звяртаюцца за кансультацыяй, просяць парады або дзеляцца навінамі са свайго жыцця.

Часцей пішуць свецкія людзі, але і са святарамі мы абмяркоўваем тую ці іншую тэму таксама і праз Фэйсбук. Я нават атрымліваў запрашэнні на парафіяльныя фэсты ад пробашчаў у сеціве, і на мой погляд, гэта адзін са спосабаў хуткай камунікацыі паміж намі. Увогуле тут шмат карыснай і цікавай інфармацыі. Адзін з сяброў, напрыклад, піша да мяне па-французску, таму карыстанне сацсеткамі матывуе і да вывучэння замежных моў (усміхаецца — заўв. аўт.).

— Ці шмат знаёмых Вам святароў карыстаецца Фэйсбукам?

— Шматлікія святары майго Магілёўскага рэгіёна маюць акаўнты ў ФБ. Больш за тое: час ад часу дамаўляюцца і праз скайп разам моляцца Нешпары і Малітву на завяршэнне дня.

Сярод святароў, з якімі я калісьці разам праходзіў фармацыю ў семінарыі, прысутнасць у ФБ амаль стопрацэнтная. Калі казаць пра біскупаў і іх прысутнасць у сеціве, то яна ёсць.


Напрыклад, праз Фэйсбук я падтрымліваю кантакт з бразільскім біскупам, з якім мы былі разам на курсе ў Рыме для іерархаў, якія атрымалі біскупскую сакру за апошні год.

— А ці дапамагае старонка ў сеціве падтрымліваць кантакты з вернікамі?

— Безумоўна. Мінулай восенню я змясціў на сваёй старонцы аб’яву з просьбай дапамагчы ва ўпарадкаванні тэрыторыі будынка, які ў будучыні плануецца прыстасаваць у якасці душпастырскага цэнтра для Касцёла на Магілёўшчыне. І людзі адгукнуліся: дзякуючы падтрымцы душпастыраў нашага рэгіёну і вернікаў мы зладзілі сапраўдны каталіцкі суботнік.

А на пачатку Адвэнту я запосціў аб’яву з просьбай дапамагчы з дзяжурствам у магілёўскай катэдры, каб касцёл змог быць адкрытым на працягу дня. І людзі таксама адгукнуліся, за што я ім бязмерна ўдзячны! Вельмі шмат магілёўскіх вернікаў сябруе са мною ў Фэйсбуку, таму пасля маёй публікацыі многія адразу прапанавалі дапамогу.

Нядаўна я зарэгістраваў Брамы Міласэрнасці ў Магілёве на сайце www.im.va, дзе рэгіструюць брамы святыняў з усяго свету.

Пры рэгістрацыі трэба было ўказаць адрас старонкі ў ФБ. Я пазначыў сваю (усміхаецца — заўв. аўт.). Таму зараз акрамя сваёй прыватнай старонкі адначасова адмініструю яшчэ адну... Цешуся, што магу прынесці карысць Касцёлу і ў гэтай справе. Тое, што магу — распавядаць пра жыццё Касцёла ў Беларусі і асабліва на Магілёўшчыне, — я з радасцю раблю.

— Часта сацыяльныя сеткі крытыкуюць за тое, што людзі праводзяць у іх зашмат часу. Ці сутыкаўся біскуп з такой праблемай?

— Мая прысутнасць у сацыяльных сетках больш пастаральная. Бо прабыванне ў віртуальным свеце патрабуе і евангелізацыі.

Да таго, як стаць біскупам, у мяне былі старонкі «Вконтакте» і на «Аднакласніках». «Вк» я выкарыстоўваў пераважна для працы з моладдзю, бо гэтай сеткай карыстаецца даволі шмат салезіянскай моладзі.

Фэйсбукам сёння я карыстаюся толькі тады, калі маю адпаведны на гэта час. Дзень жа трэба планаваць і раскладаць такім чынам, каб сацыяльныя сеткі былі толькі ў вольны час, а не ў працоўны.

Чалавек становіцца залежны ад сацыяльных сетак толькі тады, калі не мае распарадку свайго дня і не расстаўляе прыярытэты.

«З “сяброў” пакуль нікога не выдаляў»


— Ці часта сустракаеце сяброў з Фэйсбука ў рэальным жыцці?

— Дастаткова часта. І большасць з маіх сяброў вядомыя мне. Аднак падчас сустрэч з вернікамі часта чую: «А мы з вамі сябры на Фэйсбуку!», — і я цешуся, бо мне вельмі важна сустрэцца з імі ў рэальным жыцці і пазнаваць асабіста людзей.

Увогуле, я сачу за сваёй старонкай і за тым, якія запісы пакідаюць на ёй віртуальныя сябры. Пэўныя каментарыі або спасылкі я магу і выдаліць, калі не хачу, каб людзі на маёй старонцы сварыліся. Але з «сяброў» пакуль нікога не выдаляў.

— Як успрымаюць Вашу прысутнасць у сеціве іншыя святары?

— Пазітыўна. Многія святары, дарэчы, публікуюць у Фэйсбуку свае аб’явы з парафій. Да таго ж і камунікаваць бывае прасцей, калі абодва анлайн. Самае важнае — фармаваць і фармавацца, а таксама заставацца тымі, кім мы ёсць.

Да слоў святога Паўла, «усё мне можна, але не ўсё карысна» (1Кар 6, 12), я дадам яшчэ сцвярджэнне таго, што не ўсё нам дазволена. Карыстанне сацыяльнымі сеткамі патрабуе вялікай культуры і выхавання. Тое, што дазволена свецкім, не заўсёды дазволена духоўным асобам, і аб гэтым мы павінны заўсёды памятаць.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB у сваім пакоі ў Магілёве. Снежань 2015

Фэйсбук — у пэўнай ступені праверка нашай сапраўднай даросласці — як святара, так і свецкага чалавека. Гэта не проста старонка, але пэўны адбітак чалавека.
— Магчыма, Ваш прыклад наватара ў сацыяльных сетках паслужыць натхненнем і для іншых членаў епіскапату?

— Магчыма, і так. Што да іншых сродкаў сувязі, то паміж сабой мы актыўна карыстаемся тым жа скайпам ці, напрыклад, вайберам, не кажучы ўжо пра электронную пошту.

— Кожная старонка — як адлюстраванне асобы, якой яна належыць. Аб чым, на Вашу думку, заўсёды трэба памятаць яе ўладальніку?

— Гледзячы на маю старонку, людзі ведаюць: гэта старонка біскупа, які хоча распавесці пра Касцёл, таму шукаць нейкую сенсацыйную інфармацыю на ёй няма сэнсу.

Варта зразумець, для чаго мы стварылі сваю старонку: дзяліцца сямейнай радасцю ці расказваць пра праблемы сям’і? Тое ж датычыць і выказванняў пра Касцёл. Касцёл — гэта сям’я, і пэўныя праблемы павінны вырашацца ўнутры яе, а не ў сацыяльных сетках.


Не лічу, аднак, што трэба маўчаць на некаторыя каментарыі ў адрас Касцёла. Пісакаў шмат. Некаторым у прыватныя паведамленні я пішу і тлумачу, чаму не падзяляю іх думкі і каментарыі або чаму яны памылковыя.

Ёсць у сацыяльных сетках і яшчэ адна праблема. Калі прасцей «напісаць», чым «сказаць» ужывую. Гэта не ёсць добра. Трэба не толькі пісаць, але і гаварыць. Важныя вочы, позірк, пастава. Фэйсбук не дазваляе сказаць. І ў нас застаюцца словы, так патрэбныя камусьці, але якія так і не сталі сказамі...

Памятаеце, як у прыпавесці аб марнатраўным сыне: «Устану і пайду да айца майго, і скажу яму:  Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою» (Лк 15, 18). Заўважце, евангеліст выкарыстоўвае форму «скажу», а не «напішу».

Таму, напрыклад, нельга прымаць споведзь праз Фэйсбук, скайп і іншыя каналы сувязі. Па-першае, нельга выключыць прысутнасць іншых асобаў. Да таго ж у сакрамэнце пакаяння прысутны Бог, гэта вельмі інтымны працэс, які павінен адбывацца рэальна.

Абноўлена 16.05.2018 17:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.