На завяршэнне Года кансэкраванага жыцця прапануем чытачам пазнаёміцца з досведам і развагамі прадстаўніка мужчынскай і жаночай манаскіх супольнасцяў — а. Яўгенам Голубам OFMConv і с. Таццянай Гмыза SJE.
Тры абяцанні
— Жыццё ў доўгім цёмным габіце, манаскія абяцанні ўбоства, чыстасці і паслухмянасці. Як раскрываецца сэнс кожнага з іх у Вашым жыцці?
Сястра Таццяна: «Увогуле сэнс манаскага жыцця — гэта поўнае адданне Богу. Падчас ускладання крыжа, якія носяць сёстры эўхарысткі, нам кажуць такія словы: "Свет укрыжаваны для цябе, а ты — для свету". Таму жыццё паводле манаскіх абяцанняў вынікае з разумення гэтай рэчаіснасці. Абяцанні з’яўляюцца дарам Бога. Гэта Ён выбірае чалавека да такога стылю жыцця і дае сілы жыць звышнатуральным жыццём. Ад чалавека патрабуецца толькі згода і паслухмянасць.
Дзякуючы абяцанню чыстасці, чалавек можа цалкам прысвяціць сваё жыццё Богу. Сэрца манаха становіцца адкрытым на служэнне Богу і іншаму чалавеку, яно свабоднае. Убогі чалавек ўсю надзею ўскладае на Бога, таму складвае абяцанне ўбоства. Наш Айцец апякуецца намі і робіць гэта лепш, чым чалавек, таму без страху можна давяраць Яму сваё жыццё і сваю штодзённасць. Абяцанне паслухмянасці вядзе да таго, што чалавек аддае сябе ў рукі Бога. Праз вусны настаяцеляў Ён прамаўляе да яго і кіруе жыццём. Чым больш буду паслухмянай, тым лягчэй Богу дзейнічаць у маім жыцці.
Асабіста для мяне гэта дапамога для рэалізацыі таго, чаго хоча ад мяне Бог. Гэтыя абяцанні робяць маё сэрца свабодным, і Богу лягчэй кіраваць маім жыццём, накіроўваць да тых людзей, да каго хоча Ён, і дапамагаць праз мяне ім.
Айцец Яўген: «І як тут змясціць у некалькі сказаў тое, чаму прысвечаны не адзін змястоўны том! Насамрэч, наш Заснавальнік вельмі проста і трапна выявіў сэнс манаскіх абяцанняў — гэта жыццё Евангеллем! Добрая (хоць часамі і цяжкая для выканання) Навіна, якая нясе дзейсныя лекі ад “хваробаў” свету: пажадлівасці цела, пажадлівасці вачэй і жыццёвай пыхі.
Паслухмянасць — навука чуць Божы голас праз чалавека, такога ж грэшнага і недасканалага, як і ты сам. Чыстасць — будаванне асабістых і глыбокіх адносін з Богам, без якіх манаства — ды і ўвогуле хрысціянства — не мае сэнсу. Жыццё без уласнасці — “скіданне баласту”, які перашкаджае ў вандраванні за Хрыстом. Тры абяцанні падобныя да трох калонаў аднаго гмаху — хопіць знішчыць адну з іх, каб разбурыўся ўвесь будынак.
З цягам часу пачынаю разумець адно: манаскія абяцанні – не толькі мае абяцанні, складзеныя Богу, але яшчэ і абяцанне, дадзенае мне Ім, што змагу трываць і быць шчаслівым, жывучы паводле гэтых абяцанняў. Манах, як Абрагам, увесь час жыве абяцаннем. Гэта такое суцэльнае пажыццёвае навяртанне».
Пра звычкі:
— У кожнага чалавека ў сувязі з яго ладам жыцця выпрацоўваюцца звычкі, часам вельмі карысныя, часам і шкодныя. У сувязі з ладам жыцця кансэкраванай асобы якія звычкі выпрацаваліся ў Вас, а якія б яшчэ хацелася выпрацаваць?
Айцец Яўген: «Францішканскае жыццё вельмі дынамічнае, таму я набыў у манастве звычку не адкладаць на заўтра таго, на што сёння маеш час. А калі сур’ёзна, адзін з самых карысных навыкаў — шукаць адказ на розныя жыццёвыя пытанні ў Божым слове».
Сястра Таццяна: «Па-першае, гэта распарадак дня. Кожны законнік добра гэта ведае, што тут усё належыць не яму, а Богу. Нават час. Малітва, праца, адпачынак — і ўсё гэта важнае! Асабіста я прызвычаілася да ўсталяванага дня вельмі хутка. Што датычыць астатняга, то многае змяняецца, напрыклад, супольнасць (я падчас свайго законнага жыцця была ў шасці супольнасцях): праца, людзі, з якімі працуеш, — гэта мабілізуе чалавека, каб не стаяць на месцы ў сваім развіцці, але, незалежна ад гэтага, распарадак манаскіх дамоў падобны і абавязвае кожнага, хто прысвяціў сябе Богу!
Наконт новых супрацоўнікаў жніва:
— Год кансэкраванага жыцця падышоў да заканчэння, людзей пазнаёмілі з многімі манаскімі супольнасцямі, якія нясуць служэнне ў Беларусі, і кожная з іх спадзяецца на павелічэнне гарачых сэрцаў і моцных рук новапакліканых. Ці папаўняецца Ваша супольнасць беларусамі?
Сястра Таццяна: «Так! І за гэта хвала Пану! У Беларусі ў нас шэсць манаскіх дамоў, у іх працуюць у большасці сёстры з Беларусі, таксама беларускі працуюць у Вільні. На сённяшні дзень у навіцыяце дзве сястры з Беларусі рыхтуюцца да першых манаскіх абяцанняў».
Айцец Яўген: «Харызма францішканаў заўсёды прыцягвала маладыя сэрцы, і Беларусь не выключэнне: некалькі нашых братоў вучацца ў францішканскай семінарыі ў Лодзі, адзін з іх нават рыхтуецца да прэзбітэрскага пасвячэння, якое хутка атрымае. А наконт новых пакліканняў? Тут ужо Гаспадар жніва няхай клапоціцца, а ад нас залежыць толькі маліцца, жыць у згодзе са сваёй харызмай і быць адкрытымі на новых патэнцыйных францішканаў, якіх добры Бог неўзабаве пакліча ў нашу супольнасць. Дарэчы, усіх маладых людзей, зацікаўленых у нашай харызме, стылі жыцця і дзейнасці францішканаў у Беларусі і не толькі, запрашаю дасылаць лісты на адрас: bratjaugen@gmail.com
Шмат пакліканых, але мала выбраных
— Ці часта здараецца, што ў кляштар прыходзяць маладыя дзяўчаты ці хлопцы, якія потым разумеюць, што іх жыццёвы шлях усё ж не манаства?
Сястра Таццяна: «Здараецца. Але таму ў манастве ёсць доўгі шлях фармацыі, каб чалавек зразумеў, ці сапраўды гэта яго пакліканне. Малады чалавек можа захапіцца пэўным манахам, стылем жыцця ці чымсьці іншым, але ў распазнанні паклікання самае галоўнае — пачуць голас Таго, Хто кліча. І толькі дзякуючы Яму можна перажыць цяжкія сітуацыі і спакусы».
Айцец Яўген: «Напэўна, большасць з тых, хто пераступіў парог кляштара, калі не ўсе, задаюць сабе пытанне: “Ці гэта сапраўды маё?” І ў некаторых выпадках адказ будзе адмоўны. Кляштар — не вязніца, дзе дзверы за табою зачыняюцца адразу пасля ўваходу. Менавіта таму падрыхтоўка да манаскіх абяцанняў на ўсё жыццё займае досыць працяглы час. Чалавек павінен добра пазнаць супольнасць і асабіста згадзіцца на законнае жыццё ў менавіта такім стылі. Больш за тое — супольнасць таксама выказвае сваю згоду на прыняцце канкрэтнага брата. І калі гэтыя згоды супадаюць — можна лічыць гэта пацвярджэннем паклікання».
—Які вопыт яны выносяць з манаскага жыцця, ці падтрымліваюць сувязь з супольнасцю пазней? Куды ідуць іх шляхі і якім чынам ім становіцца карысным час, праведзены ў кляштары?
Сястра Таццяна: «Ні ў якім разе нельга сказаць, што гэта страчаны час! Манаскае жыццё вучыць дысцыпліне, развівае светапогляд, вучыць многім рэчам, якім не кожная сям’я можа навучыць. Ці падтрымліваюць сувязь з сёстрамі? Па-рознаму бывае. Ёсць такія, што тэлефануюць, прыязджаюць, а многія проста з-за таго, што не маюць часу, губляюцца. Па-рознаму складваецца іх жыццё: хтосьці стварае сям’ю, хтосьці выязджае за мяжу, хтосьці застаецца адзін. З нашага боку гэта малітва за тых, хто адышоў з Кангрэгацыі.
Айцец Яўген: «Здараецца па-рознаму: некаторыя абіраюць шлях сужэнства і бацькоўства, хтосьці праз пару гадоў вяртаецца на кансэкраваны шлях, але пасталелым, з пэўным жыццёвым досведам. Аднак большасць з маіх знаёмых і сяброў, якія мелі ў жыцці прыгоду з манаствам, у адзін голас сцвярджаюць, што гэты час не быў пражыты дарэмна, што ён дапамог ім наладзіць трывалую сувязь з Хрыстом і шмат у сабе змяніць.
Вобраз сучаснай кансэкраванай асобы
— Хто такія ён ці яна, якія жадаюць прысвяціць сябе Богу цалкам? Якія іх рысы, погляды? Чаму яны стукаюць у вашы дзверы?
Сястра Таццяна: «Па-рознаму Бог кліча чалавека! Гэта Яго справа і Яго таямніца! У сучаснага чалавека шмат планаў, але ўваходзіць дзеянне Святога Духа, і чалавек гэта ведае! Кліча зусім розных людзей, нават такіх, хто не ведаў з маленства пра Яго існаванне. Кліча і дае розныя служэнні. Кожны манах таксама атрымоўвае нейкае асабістае служэнне, асабістае месца.
Але не кожны адказвае Яму “так”. Ёсць сярод маіх знаёмых тыя, хто дакладна ведае, што іх кліча Бог, але адкладваюць, баяцца, увесь час вырашаюцца. Я бачу іх вялікае цярпенне, гэта сапраўднае мучэнне. Тыя справы, якія Бог хоча ўчыніць, Ён зробіць! Але бяда чалавеку, калі не выканае свайго задання. Сучасная кансэкраваная асоба — гэта тая, якая не баіцца гэтага свету, не палохаецца зменаў у людзях і іх мыслення, але дазваляе Богу служыць праз яе асобу.
Айцец Яўген: «Хто ён? Малады, адважны, нясмелы, “душа кампаніі” або ціхі і задумлівы, цікавы свету, не баіцца пытанняў і адказаў на іх, грэшны, радыкальны… Розны… А перадусім — закаханы ў Хрыста і Яго Евангелле.
Не пра страты, але пра набытак
— Кансэкраванае жыццё ў многіх асацыюецца з пэўнай адмовай, абмежаваннем, магчыма, ахвярай, нават стратай... А вось пра набытак і скарб, які знаходзіць чалавек, калі прысвячае сябе асабліваму жыццю ў манастве, не ўсе могуць сказаць адразу. Але што знайшлі, калі вырушылі ў сваю манаскую дарогу?
Сястра Таццяна: «Па-першае, гэта людзей, сярод якіх працавала. Сэрца манахіні праз кожную змену кляштара, парафіі становіцца большым, таму што тых людзей, якім служыла ў адным месцы, не забываеш, а едзеш на іншае — і знаходзіш новых. Былі розныя людзі, сітуацыі, і смешныя, і цяжкія, і непрыемныя, і вельмі радасныя, але за ўсе і ўсіх я дзякую Богу. Не ўяўляю свайго жыцця без іх.
Айцец Яўген: «Гэта такі незвычайны шлях, які з аднаго боку пазбаўляе, а з іншага — адорвае. І адорвае нашмат больш. Думаю, што лепш за Аўтара манаства ніхто не адкажа на гэтае пытанне: кожны, хто пакінуў дом, ці братоў, ці сясцёр, ці бацьку, ці маці, ці дзяцей, ці землі дзеля Майго імя, здабудзе ў сто разоў больш і атрымае ў спадчыну жыццё вечнае».
Шлях прыгажосці і прыгод
— Аднойчы адзін капуцын пасля святой Імшы, на якую я патрапіла ў капліцу парафіі Св. Казіміра ў Маладзечне, падышоў і сказаў: “Ведаеш, дарога паклікання – гэта неверагодна прыгожы шлях, які поўніцца шматлікімі прыгодамі”.
І я ведаю, што гэта так. Таму ці не маглі б падзяліцца прынамсі адным прыгожым момантам, з якіх складаецца Ваша кансэкраванае жыццё?
Сястра Таццяна: Шмат прыгодаў, нават не ведаю, што ўзгадаць. Было шмат летнікаў з дзецьмі і моладдзю, пілігрымкі, адпачынкі ў Польшчы, вандроўкі са скаўтамі, удзел у сустрэчы моладзі ў духу Тэзэ, чуванні, і гэтак далей. Але сярод усяго гэтага часу, за які я вельмі ўдзячна Богу, асабліва ўспамінаецца дзень вечных абяцанняў. Гэта было ў Полацку 29 чэрвеня.
На Імшы было шмат блізкіх майму сэрцу людзей, шмат хвалявання. Напярэдадні і ў гэты дзень чула такі выраз: "А можа, лепш падумай? Гэта ж на ўсё жыццё…" І мой быў адказ упэўнены: "Калі Бог мяне вёў па гэтай дарозе дзесяць гадоў, як можна сумнявацца? Я давяраю ў сваім рашэнні не сабе, але Богу, які мяне паклікаў"».
Айцец Яўген: «Быць францішканінам — гэта ўвогуле суцэльная прыгода! Думаю, кожная кансэкраваная асоба мае столькі “кветак” – розных, цікавых, узнёслых і нечаканых гісторый, — што хапіла б не на адну вазу.
Бясконцыя размовы “за жыццё” падчас вандровак аўтаспынам, якія вельмі часта заканчваліся вельмі важнымі і глыбокімі пытаннямі. Рэкалекцыі ў францішканскім духу для хлопцаў, дзе кожны адказна “вартаваў” Пана Езуса ў сваю гадзіну начной адарацыі. Наша моладзь з Гродна, з якой разам пашыраем гарызонты веры і шукаем Хрыста.
Супольнасць братоў, якая паказвае праўду пра цябе самога і вучыць любові да бліжняга ў штодзённасці. І той найзвычайнейшы момант дня, калі прыходзіш і застаешся моўчкі ў прысутнасці Божай, перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. І разумееш, што ўся гэтая манаская “вандроўка” мае сэнс».
Сястра Таццяна: «Жадаю кожнаму знайсці свой шлях, сваё прызначэнне і быць яму верным, таму што толькі так ён стане шчаслівым».
Гутарыла Аксана Ючкавіч