Пошук

02.02.2016 00:00   Тэкст і фота: Марына Валасар / Catholic.by

30 студзеня ў Баранавічах прайшоў пяты фестываль хрысціянскай музыкі «Дастукацца да нябёсаў», на якім выступіў самы малады гурт «The Crossway» з Баранавіч.  У калектыў уваходзіць моладзь ад 15 да 19 гадоў.

З чаго ўсё пачыналася і чым жыве гурт сёння – на гэтыя і іншыя пытанні Catolic.by адказаў арганізатар гурта кс. Павел Рудзьман і некаторыя ўдзельнікі.

– Ксёндз Павел, мы ведаем, што Вы арганізавалі гэты гурт. Распавядзіце, калі ласка, з чаго пачалася яго гісторыя?

– Усё пачалося з драўлянага стула ў падвале на Куйбышава (у баранавіцкім касцёле Узвышэння Святога Крыжа – рэд.), са звычайнай гітары і пяці чалавек, якія зусім не ўмелі граць і спяваць. Толькі я заўсёды ім казаў, што яны вельмі добра граюць і спяваюць. Пазней кожны меў магчымасць штосьці рабіць у гурце, і да гэтага часу так ёсць. Сёння ўсіх разам нас 14 чалавек, а 15 лютага гурту споўніцца ўжо два гады.

– А чаму для гурта была абрана менавіта такая назва?

– Назва ўзнікла перад першым нашым выступленнем. Спачатку гурт называўся не «The Crossway», а «The Crossroad». Пазней мы разам перарабілі назву.

«The Crossway» – гэта скрыжаванне. А ў іх узросце моладзь заўсёды стаіць на скрыжаванні дарог: які выбраць шлях? Гэты шлях можа быць негатыўным або пазітыўным... Я проста стараюся ісці з імі па правільным шляху.

– Ваш гурт ужо другі раз выступае на фестывалі. Што змянілася ў жыцці гурта пасля першага выступлення на «Дастукацца да нябёсаў»?

– Жыццё гурта – гэта не толькі выступленні. Гэта нашая штодзённасць, якую мы перажываем разам. Кожны з нас зусім розны і мае свае таленты, амбіцыі і характар. Пасля першага выступлення зменаў зусім ніякіх не было. Увогуле, казаць аб нейкіх зменах пасля выступлення нельга. Трэба толькі дбаць, каб удзельнікі гурта не “зазвяздзіліся”. Яны проста перадаюць людзям тую радасць, якую адчуваюць кожны дзень. І змены адбываюцца кожны дзень у іх розумах і сэрцах.

Я не кажу, што ў нас усё ідэальна. Неаднойчы паміж намі ўзнікаюць непаразуменні. Гэта нармальна. Там, дзе ёсць людзі, ёсць і непаразуменні. Але мы заўсёды стараемся быць адзін для аднаго апорай. Не змяняць іншага чалавека, а проста прымаць яго такім, якім ён ёсць.

– Чаму ўзнікла ідэя ўключыць у гурт малых дзяцей?

– Каб распачаць ужо з маленства. Я прыйшоў да высновы, што мне таксама часамі патрэбен чалавек, які паставіць мяне на правільны шлях, і я заўсёды памыляўся, думаючы, што гэта мой духоўны айцец, біскуп ці яшчэ хто-небудзь. Маёй зоркай стаў Езус Хрыстус. Калі мы ўгледзімся ў Евангелле, то ўбачым, што Езус Хрыстус быў усюды, Яго было шмат, але Ён мог адыйсці ў цень, калі патрэбна. Ён быў з людзьмі і іх любіў да канца.

– На канцэрце Вы прызналіся, што гурт будзе выступаць падчас СДМ у Кракаве. Ці будзеце вы там спяваць песні на беларускай мове?

– На англійскай мове будзе толькі дзве-чатыры песні. Гэта залежыць ад часу, які нам дадуць. Калі гэта будзе 15 хвілін, то мы будзем спяваць толькі на роднай мове.  Тым больш, што мы будзем граць для славянскай моладзі на адной з дзевяці сцэн, як мне вядома на гэты час.

Для нас СДМ будзе часам, калі мы зможам 16 дзён пабыць разам. Мы і так разам, але калі мы дома, то заўсёды вяртаемся ў бацькоўскія хаты. Гэта не тое… Людзі змяняюцца ў дарозе. Падчас сёлетняй пілігрымкі ў Будслаў, напрыклад, упершыню за 17 гадоў я зразумеў, дзеля чаго я іду ў пілігрымку. На жаль, мы забываемся вельмі часта пра мэту.

І сапраўнай мэтай нашай паездкі на СДМ не з’яўляецца Кракаў. Мэтай з’яўляецца проста абвяшчаць сваёй маладосцю Езуса Хрыста, абвяшчаць, што Ён таксама жывы.

– Пытанне да ўдзельнікаў: вы ўсе ў большасці вучыцеся ў школе. Як удаецца сумяшчаць гурт і вучобу?

Кацярына Несцяровіч, вакал: Нашыя канцэрты і рэпетыцыі займаюць шмат часу, таму не заўсёды яго хапае на ўрокі. Але мы адзін аднаму дапамагаем у вучобе, у нейкіх праблемах, і калі не паспяваем, то падтрымліваем адзін аднаго, таму гэта не асабліва ўплывае на нашу вучобу.

Ягор Яўсеенка, гітара: Не заўсёды гэта проста. Часцей за ўсё ўрокі робяцца ў гадзіну ночы, таму што там не толькі гурт, але яшчэ шмат усяго. Гэта складана, але гэта таго каштуе.

– Што для вас значыць удзел у гэтым гурце?

Кацярына Несцяровіч: Канешне, у першую чаргу гэта праслаўленне Бога. Увогуле, у касцёл я пачала хадзіць нядаўна, але ён кардынальна змяніў маё жыццё. У мяне змянілася манера паводзін і погляды на жыццё, я стала па-іншаму размаўляць. Я проста не ўяўляю, якой я была б, калі б не хадзіла ў касцёл.

Гэта настолькі цябе напаўняе духоўна, што ты гатовы несці гэтую радасць і гэтае святло людзям.

У гурце ў мяне з’явіліся людзі, якія ў любой сітуацыі мяне падтрымаюць, выслухаюць. Вельмі важна для кожнага чалавека мець менавіта такіх сапраўдных сяброў.

Кацярына Пятрушка, вакал:  «The Crossway» – гэта мая сям’я, таму што мы з імі раслі, мелі стасункі. Гэта маё кола. На самой справе ўсе гэтыя людзі мне бліжэй за тых, што ёсць ва ўніверсітэце, на вуліцы. Яны мне даюць падтрымку.

Я думаю, што мы настолькі адзін да аднаго прывыклі, што я магу да любога з іх падыйсці з нейкай просьбай, паразмаўляць. Мы ўсе блізкія ў такім духу. З гэтага вынікае, што мы маем добрыя зносіны і вельмі добра праводзім час разам.

Павел Пагасай, барабаны, рэп-выканаўца: У першую чаргу для мяне гэта праслаўленне Бога. Нават перад тым, як пачынаць пісаць свае песні, я маліўся і прасіў Бога, каб Ён дапамог мне напісаць, каб гэтыя тэксты пачулі ўсе людзі, а словы дайшлі да іх сэрцаў і тыя, хто не верыць, паверылі, а тыя, хто ўжо верыць, умацаваліся ў сваёй веры.

Ягор Яўсеенка: Гэта пастаянная праца ў калектыве. Ты пастаянна знаходзішся ў добрым стане, таму што гэтыя людзі сталі другой сям’ёй, можна так сказаць, і ты перажываеш з імі ўсе свае поспехі і няўдачы і разам з імі праслаўляеш Бога.

Абноўлена 16.05.2018 17:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.