24 студзеня, у дзень святога Францішка Сальскага, апекуна журналістаў, мы гутарым з Інай Сабалеўскай, якая амаль 20 гадоў прысвяціла рэпарцёрскай працы і большую частку — хрысціянскай журналістыцы.
Пра маральную мяжу ў працы журналіста-хрысціяніна, «непрэстыжнасць» рэлігійных тэм у свецкіх СМІ, прафесійны выбар і хрысціянскае пакліканне Іна расказала ў інтэрв’ю Catholic.by.
— Іна, якой была Вашая дарога ў журналістыку і чаму Вы абралі менавіта тэму рэлігіі?
— Калі мне даводзілася рабіць інтэрв’ю з законнымі сёстрамі альбо святарамі ці нават біскупамі, я заўсёды задавала ім пытанне аб пакліканні. І нязменна ў адказ чула адно: «Гэта таямніца». Цяпер, калі Вы пытаецеся ў мяне пра мой выбар і я ўспамінаю свой прафесійны шлях і тое, як складваліся абставіны майго жыцця на той перыяд, то магу сказаць, што гэта было пакліканне.
Пакліканне, якое я ўспрымаю сапраўды як таямніцу. Я ніколі не марыла быць журналісткай і не магу растлумачыць той факт, што Бог вёў (і зараз вядзе) мяне менавіта гэтым шляхам, а не іншым. Я вучылася ў Беларускай акадэміі мастацтваў і была на чацвёртым курсе, калі прыйшла да хрысціянства і стала наведваць праваслаўную царкву.
Хрысцілі мяне ў праваслаўі, калі мне было тры гады — тады яшчэ таемна, бо у той час мама была камуністкай. А першы прыклад веры мне дала мая бабуля-каталічка, якая брала мяне з сабой у касцёл, вучыла па-польску малітвам на ружанцы.
У яе быў таксама такі медалік з выявай Сэрца Езуса з аднаго боку, а з другога — Сэрца Марыі. Яна яго хавала, каб ніхто не пабачыў. Але я ведала, дзе ён схаваны, і часта даставала, разглядвала. Гэты медалік са мной і сёння…
Пасля заканчэння акадэміі, шукаючы хрысціянскага духоўнага вопыту, я паступіла на рэгенцкае аддзяленне духоўнай семінарыі ў Жыровічах. Журналістыку там тады не вывучалі, але якраз у той час у семінарыі пачаў выходзіць студэнцкі часопіс «Ступені», з якога, дарэчы, і пачаліся не толькі мае крокі ў хрысціянскую журналістыку, але і досвед духоўнага жыцця.
Пасля вучобы ў Жыровічах я даведалася, што на той час у Баранавічах пры культурна-рэлігійным часопісе «Дыялог» працуе Школа журналістыкі і камунікацый, дзе вывучалі менавіта хрысціянскую журналістыку. Гэта было як Провід Божы! Я пайшла туды вучыцца.
І гэты перыяд даў мне вельмі шмат. Я ўдзячная і айцам вербістам з Баранавіч, і айцам езуітам з Варшавы за прыклад дзейснай веры — у той час яны яшчэ больш заахвоцілі мяне да прафесіі і да хрысціянскай місіі.
А праз некалькі год атрымалася так, што мяне запрасілі працаваць у той самы часопіс «Дыялог» і на пасаду дырэктара Школы журналістыкі. Менавіта там адбылася яшчэ адна важная для мяне сустрэча — з Юрыем Гарулёвым, дырэктарам Міжнароднага каталіцкага фестываля хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Мagnificat». Я паехала на фестываль у якасці журналісткі і была проста зачараваная атмасферай фестывалю. Кіно захапіла мяне адразу.
Калі пасля часопіса «Дыялог» я пачала працаваць на тэлебачанні ў праграме «Існасць», там спатрэбіліся не толькі журналісцкія ўменні і веды, але і досвед працы ў рэлігійнай сферы. На працягу пяці гадоў я рабіла тэлеперадачы і фільмы і пра праваслаўе, і пра каталіцтва. Дзіўлюся яшчэ раз Божаму Провіду, які мною кіруе ў гэтым жыцці.
— Што, на Вашу думку, адрознівае сёння хрысціянскага журналіста?
— Варта размяжоўваць хрысціянскую журналістыку і журналістыку пра хрысціянства. Вядома, што не кожны, хто піша ці здымае тэлеперадачы пра рэлігію, лічыць сябе хрысціянінам. Рэпартаж пра парафіяльнае свята ці нейкую святыню можа стаць першым крокам да веры, а можа застацца проста адным з эпізодаў прафесіі.
Хрысціянскі журналіст — найперш той, хто ідзе за Хрыстом. Ён добра ўсведамляе, што робіць, навошта і дзеля Каго.
— Іна, што, на Вашу думку, перашкаджае хрысціянскім тэмам стаць больш прэстыжнымі ў свецкіх СМІ?
— Калісьці я вельмі перажывала за прэстыж і папулярнасць хрысціянскіх сродкаў масавай інфармацыі. Але зараз думаю, што дарэмна. Бо не толькі хрысціянскія СМІ, але і само хрысціянства не павінна імкнуцца да прэстыжу. Гэта абсурд.
У Хрыста, як і ў Яго паслядоўнікаў, ніколі не было такой задачы. Як Езус пачаў сваё жыццё і як яго скончыў? Па чалавечых мерках — нарадзіўся на сене ў беднай стайні і памёр на крыжы, як апошні злодзей. Пра які прэстыж тут можа ісці гаворка?
Ёсць і яшчэ адзін момант. Не сакрэт, што многія хрысціяне існуюць у своеасаблівым «хрысціянскім гета». Праваслаўныя — у сваім, католікі — у сваім, пратэстанты — у сваім. Здымаць ці пісаць для «веруючай аўдыторыі» лягчэй, але данесці Хрыста «звычайным» людзям, якіх мы, хрысціяне, пыхліва называем «мірскімі людзьмі» і якія не прысвяцілі сябе пэўнай традыцыі — гэта ўжо складаней.
Я перакананая, што хрысціянства можна данесці да кожнага чалавека праз прафесіяналізм, дабрыню, разуменне і спачуванне. Але часам мы так захапляемся сваім утульным карпаратыўным хрысціянствам, што не заўважаем тых, хто мае патрэбу ў Хрысце і шукае Яго.
— З вопыту працы ў свецкіх СМІ я заўважыў, што «культурныя» і «рэлігійныя» тэмы звычайна «саступаюць у папулярнасці» грамадска-палітычным. Як Вы прааналізавалі б гэту тэндэнцыю?
— Хрысціянства — гэта не салодзенькія ружовыя пялёсткі, хаця часта яго менавіта так паказваюць у свецкіх або нават і хрысціянскіх СМІ. Гэта не ідэалізм і не наіўнасць, а багацце, дабрыня і прабачэнне насуперак усяму: пагардзе, нянавісці, болі, непавазе. На словах гэта гучыць прыгожа, але на практыцы ў жыцці звычайна складаней.
А ў сродках масавай камунікацыі не прынята казаць пра складаныя рэчы. Пра тыя рэчы, на разуменне якіх патрэбны час і намаганні. Бо прырода масавай камунікацыі іншая. Таму «цяжкія» тэмы пакутаў, калецтва ці смерці прымаюцца аўдыторыяй вельмі насцярожана — часта людзі проста не здольныя ўспрымаць такую інфармацыю.
У маёй практыцы быў такі прыклад. Адзін з выпускаў тэлепраграмы «Таямніца душы» (праект на тэлеканале Беларусь 2 — заўв. рэд.) быў прысвечаны руху «Святы Мікалай ідзе да дзяцей». Мы здымалі, як валанцёры гэтага руху наведвалі віцебскі інтэрнат для асобаў з абмежаванымі магчымасцямі і дзяцей з цэрэбральным паралічом.
Матэрыял быў праўдзівы, а таму кранальны і балючы. У канцы выпуска былі такія словы: «Бог можа ўсё, але ёсць адна рэч, з якой Бог не можа зрабіць анічога: Ён не можа прымусіць нас любіць іншага чалавека». Памятаю, як мяне выклікала тады прадзюсар... Мне далі зразумець, што ў будучыні трэба выбіраць менш эмацыйныя тэмы.
— Чым з’яўляецца для Вас вера ў Бога?
— Вера для мяне — гэта адчуванне вечнасці тут, на зямлі і ў першую чаргу — сэнс. Гэта дапамога і падтрымка там, дзе я слабая і бездапаможная. Калі я звяртаюся да Бога, тады адчуваю Яго моц, якая дзейнічае ў маім жыцці. Сама я мала што магу, Бог жа адорвае мяне здольнасцю любіць і прабачаць, дае адвагу і сілу на тыя рэчы, якія я не адважваюся рабіць сама. А яшчэ Бог дае давер і сілы, каб жыць далей дзеля Яго хвалы.
Гутарыў Ілья Лапато
Даведка: Іна Сабалеўская — журналіст, сцэнарыст. Скончыла Беларускую акадэмію мастацтваў. У журналістыцы з 1998 года. Працавала ў часопісе «Ступені», газеце «Царкоўнае слова», часопісе «Дыялог», на тэлебачанні ў духоўна-асветніцкай праграме «Існасць», у праекце «Обратный отсчёт».