Пошук

19.01.2016 11:42  

19 студзеня адбудзецца агульнабеларускае святкаванне Юбілейнага Года Божай Міласэрнасці для працаўнікоў санктуарыяў. З гэтай нагоды ў гэты дзень пройдзе сустрэча ўсіх супрацоўнікаў санктуарыяў дыяцэзій Беларусі ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы сем’яў у Тракелях (Гродзенская дыяцэзія).

Якое значэнне адкрыццё Святых Дзвярэй мае ў справе навяртання? На гэтае і іншыя пытанні адказвае кусташ санктуарыя Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе кс. Станіслаў Мжыглуд SDS.

— Ксёндз Станіслаў, што дае вернікам адкрыццё ў санктуарыях Брамаў Міласэрнасці?

— Першае, гэта тое, што вернікі могуць зразумець, адкрыць для сябе, чым на самой справе з’яўляецца Божая Міласэрнасць, чаму Бог міласэрны і ў кожны момант гатовы дапамагчы чалавеку. Так можна зразумець таямніцу Божай міласэрнасці. Па-другое, гэта адкрывае сэрца і душу чалавека на свайго бліжняга. Бо, каб атрымаць Божую міласэрнасць, трэба быць адкрытым на іншага чалавека, бачыць чалавека каля сябе, умець дапамагчы яму, умець убачыць у ім Бога. А па-трэцяе, гэта дае магчымасць паглыбляць сваю веру, зразумець, чым насамрэч яна з’яўляецца, кім ёсць Бог у нашым жыцці.

Сам факт таго, што гэтыя Брамы Міласэрнасці ёсць тут, у Браславе, а не недзе далёка ў Рыме, дае адчуванне блізкасці міласэрнага Бога. Кожны дзень можам паглядзець на Брамы, на сімволіку Года Міласэрнасці, і зразумець, што ў кожны момант жыцця можам прыйсці да Бога і атрымаць Яго міласэрнасць.

— Як Вы думаеце, ці можна ў гэты час заахвоціць непрактыкуючых хрысціян прыходзіць да Бога?

— Думаю, што асабліва ў гэты Год Міласэрнасці важна, каб практыкуючыя католікі казалі тым, хто адышоў ад Бога, пра тое, што распачаўся Год Міласэрнасці, што да Бога заўсёды можна вярнуцца як да Міласэрнага Айца. Думаю, што гэта заданне для кожнага хрысціяніна, які разумее гэты дар Божай міласэрнасці, — казаць пра яго тым, хто побач, але забыў пра Бога і Касцёл; выпрошваць праз малітву для іх дар разумення. Казаць і падказваць дарогу да Бога.

— Ці ведаеце Вы прыклады дзейнасці Божай міласэрнасці ў вашых парафіянах?

— Ведаю некалькіх людзей, якія ўжо ў гэтым годзе адчулі на сабе Божую міласэрнасць. Былі далёка ад Бога, але прыйшлі ў дзень адкрыцця Брамаў Міласэрнасці і пасля гэтага, можна сказаць, навярнуліся: прыступілі да сакрамэнту пакаяння (а не былі гадоў 10 ці больш) і зразумелі, што Пан Бог даў ім такую магчымасць, каб у гэтыя дні вярнуцца да Яго. Бо, як казалі яны самі, раней баяліся прыйсці. У іх сэрцах была няёмкасць прасіць прабачэння і нанова пачаць жыццё з Богам.

— Які плён Вам бы хацелася бачыць ад перажывання Года Міласэрнасці?

— Першае, што хацелася б, — каб кожны, хто будзе наведваць наш санктуарый у Год Міласэрнасці, карыстацца адпустамі, на самой справе зразумеў, адкрыў для самога сябе, для свайго жыцця і штодзённасці, наколькі важны Пан Бог, як важна самому быць міласэрным не толькі ў гэты асаблівы перыяд, але заўсёды. Каб у чалавеку засталося разуменне і ўсведамленне таго, наколькі важная Божая міласэрнасць у кожны наш дзень, чым для кожнага асабіста з’яўляецца Божая міласэрнасць і як ён можа сам быць міласэрным да іншых у сваіх штодзённых справах.

— Ці запланаваны асаблівыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Года Міласэрнасці ў вашай парафіі?

— Самыя галоўныя — гэта агульнабеларуская пілігрымка святароў (2 чэрвеня) і агульнабеларуская сустрэча сем’яў (10-11 верасня). А для нашай парафіі – гэта святыя місіі з 6 па 13 лістапада.

Святлана Жылевіч, Ave Maria

(MV)

Абноўлена 16.05.2018 17:38
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця