Пошук


7 снежня ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ё. Рау адбылася акцыя для журналістаў «Свет у дотыку», прысвечаная тэме інваліднасці. Адным з арганізатараў выступіў Нацыянальны «Карытас».

Яго дырэктар кс. Віталій Дабраловіч распавёў Catholic.by пра дадзеную акцыю, а таксама пра працу «Карытас» з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі.

— Ксёндз Віталій, як узнікла ідэя наладзіць акцыю «Свет у дотыку»?

— Ідэя ўзнікла даўно, яна выйшла яшчэ з праекту «Новы свет». «Свет у дотыку» — адна з частак гэтага праекту. Гэта магчымасць для звычайных людзей адкрыць вочы на тое, як адчуваюць сябе людзі з абмежаванымі магчымасцямі.

Разумеючы такіх людзей, мы можам падтрымаць іх на ўзроўні духоўным, псіхічным, можам быць упэўнены, што гэтыя людзі стануць у нашай супольнасці простых людзей таксама такімі ж простымі і звыклымі, але трошкі іншымі.

— Ці праводзяцца акцыі, падобныя на «Свет у дотыку», у іншых гарадах?

— Гэта не толькі мінская акцыя. Яна была ўключана ў праект «Карытас» пад назвай «Акно ў свет», у якім удзельнічалі Нацыянальны «Карытас», а таксама «Карытас» у Гомелі і Гродне.

У межах праекту была арганізавана таксама дзіцячая вёска ў Гомелі для дзяцей-інвалідаў. У Гродне пры дзіцячым садку створаны дзве групы для такіх дзяцей. Яны не проста прабываюць там, але маюць магчымасць сустракацца з простымі дзецьмі. У іншых гарадах праводзяцца таксама канферэнцыі і сустрэчы, падобныя да сённяшняй (размова адбылася 7 снежня падчас акцыі «Свет у дотыку»), якія пашыраюць разуменне і свядомасць дадзенай дзейнасці.

— Што асабіста «Карытас» робіць для людзей з абмежаванымі магчымасцямі?

— На працягу ўжо некалькіх гадоў аказваецца матэрыяльная дапамога. Аднак у апошні час мы зразумелі, што недастаткова чалавеку даць ежу ці адзенне, але трэба адкрыць для такога чалавека свет, у якім ён жыве.

Часта атрымліваецца, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі замкнутыя ў сваёй невялікай прасторы і не ведаюць, як можна ўключыцца ў сацыяльны быт звычайнага чалавека. Сёння заданне «Карытас» – даць магчымасць такім людзям адчуць сябе самастойнымі, тымі, хто мае права свайго голасу ў грамадстве.

— Колькі супрацоўнікаў «Карытас» на дадзены момант задзейнічана ў справе дапамогі інвалідам?

— «Карытас» заўсёды меў невялікі штат супрацоўнікаў, таму што больш за ўсё стараецца абапірацца менавіта на валанцёраў.  У кожным аддзяленні «Карытас» па-рознаму — ад трох да дзесяці штатных супрацоўнікаў.

Што датычыць валанцёраў, то ў кожнага «Карытас» іх колькасць розная. Дзесьці можа быць 20-30 чалавек, дзесьці 100-200.

Але бярэм пад увагу, што «Карытас» — частка Каталіцкага Касцёла. Заданнем кожнага католіка, паводле энцыклікі Бенедыкта XVI «Deus Caritas Est», з’яўляецца адкрытасць на патрэбы іншых.
Кожны католік, які хоць крыху гэта разумее і прычыняецца да гэтага, ужо можа сказаць, што з’яўляецца валанцёрам «Карытас».

— Вядома, што праца з інвалідамі патрабуе вялікіх сіл, а ў першую чаргу — ведаў. Ці ёсць нейкія адукацыйныя курсы для валанцёраў у гэтай сферы?

— Працаваць з такімі людзьмі вельмі цяжка, але гэта не значыць, што немагчыма. Першае — гэта жаданне чалавека, які хоча займацца з такімі дзецьмі ці дарослымі. Калі такое жаданне ёсць, тады можна размаўляць аб пэўнай падрыхтоўцы і ўменні падыходзіць да кожнага з такіх дзяцей або дарослых інвалідаў.

На дадзены момант гэта не толькі курсы і семінары для валанцёраў, але ў першую чаргу для выхаваўцаў і бацькоў, якія непасрэдна маюць кантакт з такімі дзецьмі. На такіх курсах бацькі і выхавацелі вучацца, якім чынам з духоўнага боку дапамагаць інвалідам, каб яны былі таксама часткай іх сям’і, маленькай супольнасці і часткай самога грамадства.


— Якую параду Вы б далі тым, хто толькі пачынае працаваць з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі?

— У жаданні дапамагаць павінна быць пачуццё любові. Вельмі важна, калі мы з усмешкай падыдзем да такога чалавека. Але не з усмешкай, якая насміхаецца над ім, а з усмешкай радасці, якая будуе гэтага чалавека. Тады мы можам быць упэўнены, што гэты чалавек будзе таксама адкрыты на нас. І ўжо будзе першы, але важны кантакт з такой асобаю. Гэта заўсёды дзейсна.

Размаўляла Марына Валасар

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа