Пошук

15.10.2015 14:49  

Дзіцячы дом… Рознымі шляхамі трапляюць сюды ягоныя выхаванцы. Большасць з іх да таго, як з’явіцца ў дзіцячым доме, за плячыма маюць цэлы багаж болю, крыўдаў, душэўных, а то й фізічных ранаў, нанесеных блізкімі людзьмі. Самая вялікая рана — адчуванне сваёй непатрэбнасці для тых, хто яшчэ нядаўна быў блізкім.

Тады чалавек, які становіцца лішнім, непатрэбным у сваім родным доме, трапляе сюды, у дзіцячы дом. Тут яго накормяць, напояць, апрануць, тут ён будзе жыць у цёплым, чыстым памяшканні, дзяржава забяспечыць яму вучобу ў школе.

Але ці сустрэне хлопчык ці дзяўчынка на сваім шляху чалавека, якому ён альбо яна будуць па-сапраўднаму патрэбныя? Ці адчуюць яны, што іх хтосьці любіць? Балюча зраніўшы сваю неакрэплую яшчэ душу ў былым доме, ці знойдуць яны гаючыя лекі ў новым?

Пра ўсё гэта — гутарка з настаяцельніцай кляштара сясцёр эўхарыстак у Друі с. Наталляй Арлянковіч SJE.

— Сястра Наталля, я ведаю, што ў Вас ужо немалы досвед працы з выхаванцамі дзіцячага дома. Скажыце, што трэба для таго, каб яны, трапіўшы ў дзіцячы дом, сустрэлі ў сваім новым жыцці людзей, якія б іх разумелі?

— Трэба выходзіць ім насустрач. Адна наша сястра, Ірэна Сапун, калі служыла ў Друі, літаральна так і рабіла — выходзіла насустрач дзетдомаўцам, калі яны вярталіся пасля ўрокаў са школы ў дзіцячы дом. Проста выходзіла на дарогу, пачынала з імі размаўляць. Так завязваліся знаёмствы, а ў некаторых выпадках і сяброўства.

Потым мы пайшлі да кіраўніцтва дзіцячага дома з просьбай, каб дазволілі дзецям наведваць розныя імпрэзы ў касцёле, удзельнічаць у святах, набажэнствах.

Там вельмі адкрыта паставіліся да нашых просьбаў, і ў нас завязалася сяброўства. Мы, вядома, дастасоўваем нашы некаторыя імпрэзы для дзяцей да раскладу працы дзіцячага дома, ні ў якім разе не прэтэндуючы на тое, каб дзеці прыходзілі да нас замест нейкіх мерапрыемстваў дзіцячага дома.

— Да вас прыходзяць толькі католікі альбо і іншыя дзеці?

— Мы прагнем працаваць для ўсіх, не зважаючы на канфесійную прыналежнасць. Бываюць і неахрышчаныя дзеці, але гэта зусім не азначае, што яны для нас нечым горшыя. Без дазволу бацькоў іх, вядома, ніхто не будзе хрысціць. Тады расшукваем бацькоў, звяртаемся да іх і, калі яны згодныя, распачынаем падрыхтоўку да хросту.

Неяк, памятаю, у Друю прыязджала бабуля з Латвіі і пісала просьбу на імя пробашча і дырэкцыі дзіцячага дома, каб яе ўнукі былі ахрышчаны.

— У асноўным у дзіцячым доме знаходзяцца дзеці, чые бацькі пазбаўлены бацькоўскіх правоў?

— Альбо пазбаўлены, альбо знаходзяцца на лячэнні, альбо ў турме. Розныя лёсы. Усіх іх яднае тое, што гэтыя дзеці востра адчуваюць недахоп любові.

Увогуле я лічу, што нашай задачай з’яўляецца не проста ахрысціць дзіця, давесці яго да Першай святой Камуніі, але найперш пастарацца даць яму тую любоў, якой яму так не стае. Многія дзеці пазбаўлены яе ад нараджэння. Адсюль — іх дэпрэсіўны стан, які часта выліваецца ў агрэсію.

— Сапраўды, цяжка ўявіць, што чалавек, якога ніхто не любіць, будзе добры, зычлівы да іншых, спагадлівы…

— Менавіта. Таму маім дэвізам працы з гэтымі і іншымі дзецьмі з’яўляецца такое правіла: «Жыць — каб любіць, любіць — каб жыць». Гэта значыць, што дзеля таго, каб яны напоўніцу жылі, трэба навучыць іх любіць, а для таго, каб яны любілі, трэба навучыць іх жыць. Некаторыя людзі скардзяцца, што выхаванцы дзіцячых дамоў адно і чакаюць, каб ім штосьці далі — такія вось меркантыльныя інтарэсы…

— А Вы гэта таксама адчуваеце?

— Не, я гэтага не адчуваю. Хоць, шчыра кажучы, без матэрыяльнай дапамогі таксама цяжкавата абысціся.

Напрыклад, мы ў кляштары арганізавалі кулінарны гурток, на занятках якога вучым дзяцей гатаваць розныя стравы. Кожную суботу ад 15.00 да 18.00 мы дружненька працуем на нашай кухні. Ну а дзеля гэтага трэба ж мець і неабходныя прадукты. І тады нам на дапамогу прыходзяць дабрачынцы — вернікі з верхнядзвінскай, браслаўскай парафій, наш «Карытас». Мы вельмі ўдзячныя іх ахвяраванням, без якіх нам было б нашмат цяжэй.

— І што смачнага вы гатуеце?

— Дранікі робім, піццу, пірагі, салаты розныя… Калі прыязджаюць якія госці, нашы дабрадзеі, мы можам сустрэць іх смачнай гарбатай з пірагамі, якія самі пячэм.

А ў Адвэнт мы робім цэлую акцыю — пячэм смачнае пячэнне ў выглядзе зорачак, прыгожа пакуем яго і дарым нашым сябрам, дабрачынцам, святарам, якія падтрымліваюць з намі сувязь.

— Памятаю, сястра Наталля, як напярэдадні святаў Божага Нараджэння я таксама атрымала ад вашай грамады такі цудоўны падарунак. Дзякуй вашым шчодрым кулінарам!

— На здароўе! Такім чынам нашы дзеці вучацца не толькі браць штосьці ад іншых, але і самі штосьці для іх рабіць. У Вялікі пост, напрыклад, мы маліліся за святароў нашай дыяцэзіі. Назвалі гэтую малітву «васількамі». Дзеці прыходзілі да нас у капліцу, выцягвалі імёны святароў, напісаныя на папяровых «васільках», і маліліся за іх. А потым многія святары атрымалі ад нашых дзяцей віншавальную паштоўку на Вялікі чацвер з выяваю васілька. Так мы вучымся духоўна служыць іншым.

— Гэта вельмі важна для дзіцяці — навучыцца служыць іншым…

— А для таго, каб навучыцца служыць, гэтаму дзіцяці трэба найперш адчуць, што яно само патрэбнае некаму.

Да каго звычайна бяжыць няхай сабе і дарослы чалавек, калі яму цяжка? Калі ёсць мама, то, вядома, да яе. Яна і выслухае, і падзеліцца апошнім са сваім дзіцем.

А да каго бегчы гэтым дзеткам, калі іх мамы не жадаюць іх ні слухаць, ні разумець? Вось і трэба, каб мы, хрысціяне, адгукаліся на гэтую бяду, заўважалі іх адзіноту. Ды, на жаль, пакуль што мала такіх хрысціянскіх сем’яў, якія хочуць падзяліцца сваёй любоўю з гэтымі дзецьмі.

— Што Вы маеце на ўвазе?

— Напрыклад, як добра было б, калі б больш сем’яў жадалі браць дзяцей з дзіцячага дома на выхадныя альбо на канікулы.

Ёсць нават такі тэрмін — патранатныя сем’і, гэта значыць тыя, якія запрашаюць дзетдомаўцаў на некалькі дзён у свой дом. Пабыць колькі дзён, а то й больш, у нармальнай, зычлівай атмасферы — як жа гэта шмат для іх!

З дня ў дзень яны жывуць па раскладзе, нібы ў войску. Памятаю, адна дзяўчынка, Маша Кузанкова, трапіла на лета ў сям’ю католікаў з Полацка. Колькі добрых уражанняў яна атрымала! Яна і ў пілігрымку схадзіла, і малілася разам з гаспадарамі і іх дзецьмі, і працавала, і адпачывала з імі. Для яе гэта быў незабыўны час. Маша вярнулася з Полацка перамененай, яна ўся свяцілася станоўчымі эмоцыямі.

Калі б больш было такіх сем’яў, якія жадалі б дзяліцца з гэтымі дзецьмі сваім жыццём, тады б у гэтых дзяцей было менш той самай агрэсіі, на якую людзі часам наракаюць.

— А не можа так быць, што людзі проста баяцца гэта рабіць? Баяцца за сябе? Ведаю адну сям’ю, якая менавіта так узяла на выхадныя дзіця з дзіцячага дома, а потым маці проста не змагла адмовіць гэтаму дзіцяці і яны ўсынавілі яго, хоць самі гадавалі ўжо чатырох сваіх дзяцей.

— І што, яны шкадуюць аб гэтым?

— Нельга назваць гэта шкадаваннем, бо гэта вельмі прыстойная, добрая сям’я. Але яны цяпер перажываюць даволі сур’ёзныя праблемы ў сувязі з усынаўленнем.

— Усынаўленне — вельмі сур’ёзны крок, і рабіць яго трэба толькі добра ўсё ўзважыўшы. Вядома, шмат чаго не прадугледзіш, але нельга ў такой важнай справе кіравацца эмоцыямі. Трэба найперш дакладна ведаць усё, што перажыло гэтае дзіця, праз што прайшло, якія раны нясе на сабе.

Напрыклад, ёсць адна дзяўчынка, якую маці аддала ў дзіцячы дом, а яе старэйшую і малодшую сястру пакінула пры сабе. Што можа адчуваць такое дзіця, выштурхнутае са свайго дому? Мы рыхтавалі яе да Першай святой Камуніі, дык яна задавала мне такія пытанні: «Сястра, а Вы праўду кажаце, што я прыгожая? Сястра, а чаму Вы кажаце, што мяне любіце?» Чалавек зняверыўся, яму цяжка паверыць у звычайнае добрае слова!

Не трэба баяцца гэтых дзяцей. І не трэба ставіць задачу паказаць ім штосьці ідэальнае. Няхай яны бачаць, што іншыя людзі таксама могуць пасварыцца і што ім таксама бывае няпроста штосьці перажываць.

Важна, каб гэтыя дзеці бачылі прыклад хрысціянскага жыцця ў звычайных штодзённых умовах. Гэта будзе вучыць іх жыццю, працы, бо яны ж шмат чаго не ўмеюць з таго, што лёгка даецца дзецям, якія растуць у сем’ях.

— Напрыклад?

— Напрыклад, у іх вельмі часта не выхавана цярплівасць у працы. Вось прыйдуць хлопцы і пытаюць: «Чым, сястра, дапамагчы?» Папрашу іх скласці дровы. Яны схопяцца з энтузіязмам, з радасцю, а праз колькі хвілін ім ужо гэта і нецікава, яны ўжо гатовыя кінуць тыя дровы і заняцца нечым іншым.

— Шмат хлопцаў у дзіцячым доме?

— Так, шмат. І асабліва ім так важна было б пабыць хоць трохі ў нармальных сем’ях, там, дзе тата — гаспадар, галава сям’і, якога паважаюць і цэняць. Ім жа трэба будзе самім ствараць сем’і, і трэба да гэтага быць падрыхтаванымі. У сваім жа асяроддзі яны гэтаму не навучацца. І адных выхаваўчых гутарак таксама мала, важна бачыць прыклад у жыцці, каб сказаць потым: «Я таксама хачу быць такім, каб мяне паважалі».

— Спадзяюся, сястра Наталля, хтосьці прачытае Ваш гэты заклік — стаць патранатнай сям’ёй, не баяцца дзетдомаўскіх дзяцей…

— Менавіта не баяцца! У дзіцячым доме ёсць добры псіхолаг. Яна заўсёды падкажа, на што трэба звярнуць увагу, параіць, як трэба паводзіць сябе з тым альбо іншым дзіцём. А тым, хто, магчыма, думае ўсынавіць дзіця, я параіла б спачатку добра прыгледзецца, браць тое дзіця на выхадныя, не даючы яму ніякіх абяцанняў, на канікулы, і толькі потым, усё ўзважыўшы, рабіць крок да ўсынаўлення.


— Моліцеся за гэтых дзетак, сястра Наталля?

— Вядома, молімся за іх. Мы таксама практыкуем своеасаблівую духоўную апеку над асобнымі дзецьмі.

Напрыклад, быў у нас вельмі дуроны хлопец, які часта прыходзіў да нас, але толькі дзеля таго, каб папрасіць цукерку. Дам яму цукерку, запрашу на нейкую сустрэчу, ён прыйдзе, але так кепска сябе паводзіць, нервуецца, злуецца, лаецца брыдкімі словамі… Ну і што, адмовіцца з ім мець стасункі? Нельга, бо хто яго падтрымае, калі і мы адступімся?

І мы аддалі яго пад духоўную апеку сястры Гэлены Лабанарскай, якая служыць у Барысаве. Гэта старэйшая наша сястра, з вялікім вопытам працы з такімі дзецьмі. Яна набыла яго ў свой час у Грузіі. І, ведаеце, цяпер малюнак гэтага хлопца стаіць на яе століку, яна штодня моліцца за яго, а таксама за ягонага брата, які таксама трапіў у дзіцячы дом.

Хлопчыкі моцна змяніліся, яны служаць міністрантамі пры алтары, удзельнічаюць ва ўсіх нашых справах. А сёлета іх усынаўляе вельмі добрая пабожная сям’я з Італіі. Дзякуй Богу!

— Я чула, што Вы працуеце таксама з хроснымі бацькамі дзяцей, якія ў вашым касцёле атрымалі сакрамэнт хросту.

— Так. Мы вельмі ўдзячныя тым хросным, якія ставяцца да сваіх хрэснікаў з любоўю і адказнасцю. Некаторыя з іх падтрымліваюць вельмі цесную сувязь, цікавяцца іх справамі, наведваюць, віншуюць са святамі.

— А ці даводзілася Вам калі сустракацца з роднымі бацькамі гэтых дзяцей?

— Неяк дзіцячы дом праводзіў сустрэчу з бацькамі, і выхавацелі запрасілі нас паўдзельнічаць у ёй. Мы думалі-думалі, што можам там сказаць альбо зрабіць, і вырашылі, што няхай лепш скажуць самі дзеці.

Мы прапанавалі ім адказаць на пытанні анкеты: «Што значыць для мяне сям’я». Дзеці вельмі шчыра адгукнуліся на яе. Трэба было бачыць вочы тых маці і татаў, у якіх стаялі слёзы, калі ім чыталі гэтыя анкеты! І неўзабаве пасля той сустрэчы некалькі дзяцей вярнуліся ў свае сем’і. Ведаеце, калі б нават адно дзіця вярнулася, то ўсё роўна вынік тае сустрэчы быў бы цудоўны! Дзякуй Богу!

— І як да Вас прыходзяць такія самыя розныя ідэі? Тыя ж анкеты…

— Дух Божы кіруе. Ён жа ведае, што мы хочам зрабіць як найлепш, вось і падказвае… Я проста пераканана, што Дух Божы кіруе нашымі стасункамі і з дзецьмі, і з выхавацелямі, і з дырэкцыяй дзіцячага дома. Мы вельмі ўдзячныя ўсім супрацоўнікам Дома за іх адкрытасць і жаданне рабіць усё як найлепш.

— А пробашч парафіі, ксёндз Сяргей Сурыновіч, падтрымлівае вас у гэтым служэнні?

— Ну а што ж бы мы зрабілі без яго? Так, ён вельмі адкрыты на гэтую працу. Дарэчы, неяк ён казаў пра тое, што калі гэтыя дзеці пачынаюць жыць хрысціянскім жыццём, то робяць гэта ўжо напоўніцу і вельмі глыбока перажываюць свае адносіны з Богам. Важна, што на тэрыторыі нашай парафіі святар благаслаўляе кожную справу, у якой удзельнічаюць выхаванцы дзіцячага дома.

— Дзякуй, сястра Наталля, за гутарку. Няхай Пан Бог благаслаўляе гэтае Вашае высакароднае служэнне!

Гутарыла Ірына Жарнасек, Ave Maria               

(MV)    

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа