Пошук

10.10.2015 18:11  

Пасля дакладаў з малых лiнгвiстычных груп Catholic.by папрасiў Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які ўдзельнічае ў Сінодзе Біскупаў на тэму «Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і сучасным свеце», што праходзіць у Ватыкане, адказаць на некаторыя пытаннi i выказаць свае меркаваннi адносна працы гэтага сусветнага форуму бiскупаў.

— Вечарам 8 кастрычнiка завяршылiся працы ў лiнгвiстычных групах. На наступны дзень ў зале Сiнода падчас чарговай Генеральнай кангрэгацыi рэлятары груп прадставiлi iх працу, якая была сканцэнтравана на абмеркаваннi першай часткi працоўнага дакумента «Instrumentum laboris» аб выклiках сям’i ў святле як яго тэксту, так i даклада Галоўнага рэлятара Сiнода кардынала Пэтэра Эрдзё i выступленняў удзельнiкаў Сінода. Ваша Эксцэленцыя, якое значэнне мае гэты факт у працы Сiнода?

— Трэба адзначыць, што дакладамi з малых лiнгвiстычных груп завяршаецца першы этап прац Сiнода ў падрыхтоўцы фiнальнага дакумента, базай для якога з’яўляецца працоўны дакумент «Instrumentum laboris». Прапановы, якiя ўносiлiся ў яго, з’яўляюцца вынiкам калегiяльнага абмеркавання ў малых лiнгвiстычных групах i прымалiся галасаваннем. Маючы на ўвазе тое, што гэтых груп было 13 i ў iх былi прадстаўнiкi розных традыцый i культур, такi аналiз з’яўляецца вельмi багатым i карысным, каб лепей зразумець праблемы i выклiкi сучаснай сям’i ва ўсiм свеце з мэтай знайсцi адпаведнае iх вырашэнне.

— Ваша Эксцэленцыя, як Вы сказалi, завяршыўся першы этап працы Сiнода Бiскупаў. Якiя Вашы ўражаннi i цi апраўдваюцца Вашы чаканнi?

— Найперш трэба падкрэслiць тое, што на самым пачатку Сiнода Папа Францiшак нагадаў аб тым, што Сiнод — гэта не парламент, дзе шукаюць кампрамiсу. На Сiнодзе неабходна пакінуць месца Богу i даверыцца Святому Духу, каб пад Яго ўплывам калегiяльна шукаць рашэнняў. Па-другое, трэба памятаць аб тым, што Сiнод заўсёды з’яўляецца пастаральным i не разглядае дактрынальных праблем. Гэта пацвердзiў i Папа, выразна падкрэслiваючы, што мова не iдзе пра змену вучэння аб сям’i. Аднак пры гэтым заўсёды неабходна пашыраць нашы гарызонты ў пошуку шляхоў вырашэння праблем.

Усё гэта i вопыт Сiнода мiнулага года, як здаецца, спрыяе таму, што Сiнод праходзiць у духу ўзаемнай павагi i любовi. Першы тыдзень працы Сiнода паказаў, што ён на самой справе не з’яўляецца парламентам цi рынгам, дзе прагрэсiсты i традыцыяналiсты, як часам медыя называюць Айцоў Сiнода i што не адпавядае рэчаiснасцi, стараюцца паслаць супернiка ў накаўт. Гэты этап прац Сiнода паказаў пачуццё калегiяльнай адказнасцi бiскупаў за лёс сям’i.

У прынцыпе я задаволены працай Сiнода. Дыскусii як у сiнадальнай зале, так i ў малых лiнгвiстычных групах носяць працоўны i канструктыўны  характар. Ёсць рознiцы ў падыходзе i меркаваннях, але мэта адна — вывесцi сям’ю з крызiсу.

Карыстаючыся гэтай нагодай, хачу выказаць удзячнасць беларускiм вернiкам за iх малітвы ў iнтэнцыi Сiнода i прашу малiцца далей.

— Калi «Instrumentum laboris» з’яўляецца базай для апрацоўкi фiнальнага дакумента, то як удзельнiкi Сiнода яго ўспрынялi i якiя прапановы ўнеслi ў яго?

— У прынцыпе дакумент «Instrumentum laboris» быў прыняты пазiтыўна. Аднак, як усiм вядома, толькi Бог дасканалы. Таму кожны прадукт чалавечай дзейнасцi патрабуе ўдасканалення. Тое ж самае можна сказаць i аб гэтым дакуменце. У сувязi з гэтым удзельнiкi Сiнода выказалi пажаданне, каб фiнальны дакумент форуму меў большае абгрунтаванне Святым Пiсаннем i вучэннем Касцёла.

Таксама падкрэслiваўся яго праеўрапейскi i нават, як выказвалiся некаторыя бiскупы, праамерыканскi характар, якi не дастаткова звяртае ўвагу на канкрэтную сiтуацыю сям’i i сямейныя традыцыi iншых культур.

У дакуменце моцна падкрэслiваюцца негатыўныя элементы i праблемы сучаснай сям’i i мала пазiтыўных, такiх, як, напрыклад, тое, што, нягледзячы на iснуючыя цяжкасцi, у свеце ёсць шмат сем’яў, якiя ведаюць, як перамагчы складаныя моманты свайго жыцця i застацца вернымi свайму паклiканню. Гэта пацвярджаюць сведчаннi прысутных на Сiнодзе сужэнскiх пар.

Асаблiвая ўвага звярталася на тое, што дакумент па сваёй сутнасцi з’яўляецца вынікам сацыялагiчнага аналiзу сучаснай сям’i, чаго далёка не дастаткова, бо да праблем сям’i неабходна падыходзiць таксама i з пункту гледжання вучэння Касцёла. Канчатковы дакумент павiнен выяўляць жаданне Касцёла даць надзею перамагчы крызiс iнстытуту сям’i, якая вынікае з крызiсу веры. Таму актуальнымі з’яўляюцца новая евангелiзацыя i пошук новых шляхоў душпастырства сям’i, чытаючы знакi часу i адказваючы на яго выклiкi, якiя змяняюцца. Усе гэта нагадвае пра тое, што Касцёл павiнен быць больш дынамiчным у сваёй дзейнасцi i пашыраць яе гарызонты, выходзiць на перыферыю.

Шмат увагi ўдзялялася неабходнасці змены мовы, на якой Касцёл звяртаецца да сучаснага чалавека i да сем’яў. Яна павiнна быць зразумелай i ўносiць свежасць у жыццё сям’i.

Была падкрэслена роля старых людзей у сям’i, iх досведу, дапамозе маладым сужэнцам сваёй парадай у цяжкiх сiтуацыях, удзелу ў выхаваннi маладога пакалення i стварэннi сапраўднага клiмату любовi i ўзаемапавагi. Асаблiвая ўвага была звернута на людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якiя могуць адыграць вялiкую ролю ў выхаваннi маладога пакалення да ўспрыняцця цярпенняў у духу Евангелля.

Удзельнiкi Сiнода не абышлi ўвагай i праблему выхавання маладога пакалення на хрысцiянскiх каштоўнасцях i ролю медыя ў гэтым працэсе. Яна можа быць пазiтыўнай i негатыўнай, калi выкарыстоўваецца без захавання маральных нормаў.

— Цi закраналіся пытаннi гомасексуальных саюзаў, святой Камунii для тых, хто развёўся і ўступіў у новы шлюб, гендэрнай iдэалогii i выкарыстання найноўшых дасягненняў генетыкi ў пракрэацыi жыцця, аб чым так часта нагадваюць медыя?

— Касцёл не ўцякае ад цяжкіх праблем, не загортвае iх у вату i не закругляе вострых вуглоў. Таму з усёй адказнасцю ён падыходзiць i да ўзгаданых Вамi праблем, якiя ў вачах медыя з’яўляюцца найбольш важнымi. Гэта зусiм не так, бо гэта не адзiныя праблемы, якiмi займаецца Сiнод.

На Сiнодзе ўжо абмяркоўвалiся пагрозы гендэрнай iдэалогii, якая прымае форму новай iдэалогіi i нават дыктатуры. Касцёл не можа яе прыняць, бо яна супярэчыць Божаму плану, падобна як не можа згадзiцца з практыкай штучнага апладнення. Касцёл не выключае з пастырскай апекi гомасексуалiстаў, разведзеных i тых, хто ўступіў у новы сужэнскi саюз i хоча iм дапамагчы. Аднак ён не можа прызнаць гомасексуальны саюз нармальнай сям’ёй, бо ён супярэчыць устаноўленаму Богам iнстытуту сям’i, як адзiнаму i непарушнаму саюзу мужчыны i жанчыны. Не можа Касцёл пагадзiцца i з Камунiяй для разведзеных i тых, хто жыве ў грамадзянскім шлюбе, бо яны не знаходзяцца ў стане Божай ласкi, якая патрэбна для прыняцця Эўхарыстыi. Будучы домам мiласэрнага Айца, Касцёл чакае тых, хто знаходзіцца ў такiх складаных сiтуацыях. Дзверы Касцёла адчынены для iх праз навяртанне.

Упэўнены, што падчас абмеркавання наступных частак «Instrumentum laboris», асаблiва трэцяй, аб мiсii сям’i ў Касцёле i свеце, гэтыя пытанні яшчэ паўстануць, i магчымы нават гарачыя дыскусii. Але, як кажа прыказка, iсцiна нараджаецца ў спрэчцы. Няхай з Божай дапамогай так станецца.

— Дзякуем за размову, жадаем годна прадстаўляць Касцёл на Сiнодзе i застаемся з Вамi ў далёкiм геаграфiчна i вельмi блiзкiм духоўна Рыме.

(DN), (AG)

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця