5 кастрычніка ўрачыста пачынаецца навучальны год у Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску. З гэтай нагоды Catholic.by публікуе інтэрв'ю з кіраўніком установы — прызначаным у жніўні на пасаду рэктара кс. Андрэем Рылкам.
— Ксёндз Андрэй, распавядзіце крыху пра сябе.
— Я паходжу са шчаслівай шматдзетнай сям’і. Тата быў звычайным рабочым. Маці большасць свайго жыцця прысвяціла выхаванню дзяцей.
У канфесійным плане сярод маіх продкаў ёсць і католікі, і праваслаўныя. Так што належу да тыповай беларускай сям’і, дзе з увагі на радню адзначаюцца дзве Пасхі і двое Калядаў.
Мне 36 год. Нарадзіўся і жыву на Палессі. Мая родная вёска Люсіна знаходзіцца на памежжы гістарычнай Случчыны і Піншчыны (цяперашні Ганцавіцкі р-н). Вёска цесна звязана з лёсам класіка беларускай літаратуры Якубам Коласам. Тут ён працаваў маладым настаўнікам, тут сустрэў сваё першае каханне — Ядвісю, тут пачаў пісаць свае першыя сур’ёзныя творы. І менавіта гэтым мясцінам прысвяціў першы том аднаго з асноўных твораў свайго жыцця — трылогіі «На ростанях». Першая частка трылогіі «У палескай глушы» – гэта фактычна біяграфічны аповед пра яго жыццё на маёй маленькай радзіме.
Памятны знак у вёсцы Люсіна, дзе працаваў Якуб Колас.
— Як Вы прыйшлі да веры і вырашылі стаць святаром?
— На пачатку 1990-х, калі пасля ліхалеццяў камунізму нашае грамадства перажывала вялікі рэлігійны ўздым, таксама і наша сям’я больш актыўна пачала наведваць касцёл. У тыя часы многія бацькі прыходзілі да веры праз дзяцей. Так было і ў нашай сям’і. Спачатку мы, дзеці, актыўна ўключыліся ў жыццё парафіі, а пасля за намі пайшлі і бацькі.
Памятаю, як у 1993 г. да нас прыехаў першы паслясавецкі пробашч. Усіх захапляла яго вера, культура, эрудыцыя, бязмежная ахвярнасць і пашана да кожнага чалавека. З цягам часу ён пачаў ладзіць у нас дома катэхетычныя заняткі для мясцовых католікаў і ўсіх жадаючых пазнаць глыбей хрысціянства.
Гэтыя сустрэчы са святаром былі для мяне, крытычнага да аўтарытэтаў падлетка, сапраўдным адкрыццём. Пасля ягоных катэхез я «пералапачваў» усю, якую толькі мог знайсці, літаратуру, каб «абвергнуць» для сябе яго каталіцкія тэзісы ў абарону веры, падлавіць на памылцы.
Але кожны раз пераконваўся, што ксёндз меў рацыю, што яго вера разумная, лагічная, беспамылковая.
Думаю, што ў гэтым пошуку праўды нарадзілася жаданне адкрыць сапраўдную веру і сапраўднага Бога, а пасля — прага дзяліцца адкрытым з іншымі. Спачатку я марыў стаць свецкім місіянерам-прапаведнікам. Потым у сэрцы перамагаў унутраны голас, які клікаў на шлях святарства. Я разумеў, што на гэтым шляху змагу не толькі абвяшчаць адкрытую Праўду, якая захапляла да глыбіні душы, але змагу і дапамагаць людзям канкрэтнымі дзеяннямі: вырываць іх з путаў хлусні і бессэнсоўнасці жыцця, яднаць з Богам не толькі праз слова, але і праз сакрамэнты. А святарства — гэта магутнейшы інструмент выратавання чалавека.
— Якую маеце духоўную і свецкую адукацыю? У якой семінарыі вучыліся? Дзе служылі як святар?
— Пасля заканчэння сярэдняй школы я паступіў у адзіную тады ў Беларусі Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне. Пасля заканчэння семінарыі ў 2003 г. абараніў магістарскую дысертацыю па тэалогіі ў Люблінскім каталіцкім універсітэце. Прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне. Два гады служыў як душпастыр у парафіях Пінскай дыяцэзіі. Пасля па рэкамендацыі кардынала Казіміра Свёнтка вярнуўся ў Люблінскі ўніверсітэт, але ўжо на факультэт філасофіі, дзе спачатку скончыў магістратуру. Пасля там жа скончыў дактарантуру і цяпер рыхтуюся да абароны доктарскай дысертацыі, прысвечанай праблематыцы каталіцкай адукацыі ва ўмовах секулярызму.
Паралельна з вучобай ва ўніверсітэце за мяжой я працягваў служыць Касцёлу ў Беларусі. З 2006 г. пачаў выкладаць некаторыя філасофскія прадметы, а пасля і сацыяльнае вучэнне Касцёла ў адроджанай духоўнай семінарыі ў Пінску. У той жа час разам з кардыналам Свёнткам пачалі падрыхтоўку да адкрыцця ў Беларусі першай каталіцкай навучальнай установы для свецкіх. Так у 2009 г. мы атрымалі дзяржаўную рэгістрацыю і адкрылі Катэхетычны каледж у Баранавічах, дзе мне прыходзілася выконваць функцыі намесніка і дырэктара да 2015 г. Працягваю працаваць там выкладчыкам. Акрамя таго, па рэкамендацыі кардынала Казіміра Свёнтка паралельна я прайшоў навучанне ў Кракаве ў Школе падрыхтоўкі выхаваўцаў духоўных семінарый.
Уся гэтая вучоба, а таксама іншыя навуковыя і моўныя курсы, школы, практыкі ў некаторых краінах Заходняй Еўропы сталі цудоўным досведам адзінага і адначасова шматкультурнага Касцёла.
З 2013 г. я нясу служэнне ў Пінску ў якасці канцлера дыяцэзіяльнай курыі, а таксама з’яўляюся пробашчам маладой парафіі, якая ахоплівае некалькі мікрараёнаў таго ж горада. Разам з вернікамі спадзяемся ў бліжэйшы час скончыць будаўніцтва парафіяльнага касцёла ў маладой частцы Пінска.
— Менш чым два месяцы таму Вы сталі рэктарам Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску. Наколькі Вы былі знаёмыя з працай семінарыі?
— У жніўні 2015 г. нашы біскупы даверылі мне служэнне ў пінскай духоўнай семінарыі ў якасці рэктара. Гэта новае і вельмі сур'ёзнае заданне. Хоць я добра знаёмы з жыццём гэтай навучальнай установы, бо працую ў ёй выкладчыкам ужо дзевяць год, аднак кіраванне такой установай і ў наш няпросты час – гэта зусім іншае.
Пасля перыяду рэлігійнага ўздыму ў 1990-я апошнім часам у нашай частцы свету назіраецца пэўнае запавольванне гэтай актыўнасці. У параўнанні з высокім скокам канца ХХ ст. гэта можа здавацца спадам цікавасці да веры, але на самой справе гэта звычайная нармалізацыя рэлігійнасці. Пра гэта сведчаць таксама і душпастыры, і сацыёлагі.
Назіраючы за жыццём Касцёла ў Беларусі і непасрэдна ўдзельнічаючы ў многіх працэсах, якія ў ім адбываюцца, я поўны аптымізму. Нашае грамадства мае значны і далёка не раскрыты духоўны патэнцыял. Хоць з практыкай веры многія маюць праблемы, аднак у цэлым адчуваецца цікавасць, пазітыўнае стаўленне і адкрытасць да хрысціянства і веры ўвогуле.
Наш Касцёл мае ў многім маладое аблічча. Гэта знак надзеі. Аднак ёсць справы, над якімі неабходна шмат працаваць. Гэта боязь маладых вернікаў пайсці шляхам безумоўнага служэння Богу ў якасці святара, манаха, манахіні. Бачым гэта па невялікай колькасці кандыдатаў да святарства. У нас добрая моладзь, але некаторым не хапае адвагі. Над гэтым трэба шмат працаваць.
— Якія абавязкі мае рэктар? Толькі адміністратыўныя ці Вы ведзяце таксама заняткі з семінарыстамі? Па якіх прадметах?
— Рэктар — гэта кіраўнік семінарыі, адказны за ўсё, што ў ёй адбываецца. Вядома, гэтае кіраванне адбываецца пад наглядам біскупаў. Выхаванне будучых святароў — гэта супольная справа Касцёла. Таму рэктар узгадняе свае дзеянні і рашэнні ў першую чаргу з біскупамі. Мае таксама памочнікаў — святароў-фарматараў, якія кіруюць рознымі аспектамі семінарыйнага жыцця: справамі духоўнымі — айцец духоўны, навучальным працэсам — віцэ-рэктар, выхаваннем семінарыстаў — прэфект, адміністрацыйна-эканамічнымі справамі — пракуратар.
Кожны святар, які служыць у семінарыі, мае навуковую ступень, з’яўляецца выкладчыкам. Таксама і мне прыходзіцца не толькі выконваць абавязкі рэктара, але і чытаць лекцыі паводле сваёй навуковай спецыялізацыі — па філасофскіх прадметах і па сацыяльным вучэнні Касцёла.
— У чым, на Ваш погляд, асаблівасць пінскай семінарыі, калі такая адметнасць ёсць?
— У духоўнай семінарыі ў Пінску я бачу прынамсі дзве асаблівасці: яе гістарычнасць і сучасную шматграннасць. Першая — гэта яе вялікая мінуўшчына. Другая — яе цяперашні міждыяцэзіяльны характар.
У сценах гэтай унікальнай духоўнай установы, калі яна была яшчэ толькі кляштарам, узрасталі вялікія сыны беларускай зямлі пачынаючы з XIV стагоддзя! Гэтыя муры прасякнуты малітвай дзясяткаў пакаленняў манахаў, святароў, біскупаў.
Невыпадкова на пачатку ХХ ст., 90 год таму, менавіта тут Апостальская Сталіца вырашыла арганізаваць вышэйшую духоўную семінарыю. І за невялікі адрэзак міжваеннага перыяду гэтая ўстанова выхавала такое пакаленне святароў, імёны якіх залатымі літарамі ўпісаны ў гісторыю Беларусі і Паўсюднага Касцёла нароўні з найбольш слаўнымі мучанікамі і святымі. Дастаткова ўзгадаць подзвіг веры такіх выпускнікоў пінскай духоўнай семінарыі, як мучаніцтва благаслаўлёнага святара Мечыслава Багаткевіча, гераічнае служэнне ў часы пераследу святароў Зянкевіча, Каласоўскага, кардынала Свёнтка і дзясяткаў іншых.
Таксама і выкладчыкі гэтай семінарыі адзначаліся не толькі руплівасцю ва ўзорным выкананні сваіх душпастырскіх і навуковых абавязкаў. У крытычныя часы расстрэлаў, пераследу і катаванняў многія з іх паўтарылі лёс мучанікаў першых стагоддзяў хрысціянства.
Можна тут узгадаць, напрыклад, кандыдата на алтар ксяндза Вітальда Івіцкага, генеральнага вікарыя Пінскай дыяцэзіі, які паўтарыў мучаніцкі подзвіг святога Максімільяна Кольбэ, ахвяраваўшы сваё жыццё дзеля выратавання жыхароў Пінска. Таксама выкладчык і выхаваўца пінскай семінарыі кс. Вацлаў Пянткоўскі ў гады савецкіх пераследаў, калі ўсё было зруйнавана, здолеў арганізаваць на Палессі падпольную духоўную семінарыю і па ўзгадненні з Апостальскай Сталіцай паспеў выхаваць 12 святароў, з якіх двое пазней сталі біскупамі.
Cучасная адметнасць пінскай духоўнай семінарыі — гэта яе скіраванасць менавіта на надзённыя беларускія рэаліі, а таксама тое, што яна рыхтуе святароў не толькі для Пінскай дыяцэзіі, але і для Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Віцебскай дыяцэзіі. Ад пачатку 1990-х, калі ішлі працы па адраджэнні семінарыі, яе галоўным прызначэннем было выхаванне новага пакалення беларускіх каталіцкіх святароў у найпрыгажэйшых традыцыях Касцёла, улічваючы як багатую спадчыну мінулага, так і выклікі сучаснасці.
— Колькі зараз навучэнцаў у семінарыі? Колькі было ў мінулым годзе? Ці можна адсачыць дынаміку?
— На сённяшні дзень у семінарыі вучыцца 13 чалавек. У апошнія гады колькасць семінарыстаў зменшылася дзесьці ў сярэднім на 10 чалавек. У першыя гады пасля яе адраджэння, на пачатку 2000-х, на вучобу прыйшла даволі значная група. Пасля з кожным годам прыходзіла ўсё менш кандыдатаў, пакуль не засталася стабільная колькасць паступаючых — у сярэднім па 2-3 асобы штогод.
Вядома, з гэтых 2-3 паступаючых да святарства даходзіць пасля 6 гадоў у сярэднім 1-2 асобы. Гэта характэрна для сучаснай Еўропы.
Хоць ва ўмовах Беларусі колькасць магла б быць большая. Ведаем, што Касцёл у нашай краіне мае вялікі патэнцыял. Пры нагодзе разнастайных рэкалекцый для моладзі ці пілігрымак прыходзіцца сустракацца з вялікай колькасцю юнакоў, якія адчуваюць пакліканне да святарства і кажуць пра яго, але баяцца вызначыцца, прыняць канчатковае рашэнне.
— Такім чынам, у Беларусі таксама можна казаць, як і ў многіх краінах Захаду, пра крызіс пакліканняў? У чым, на Ваш погляд, прычыны гэтай з'явы ў Беларусі? Ці можа сама семінарыя штосьці зрабіць, каб выправіць гэтую праблему?
— Як паўтарае і Папа, і нашы біскупы, у Бога няма праблем з пакліканнем, ёсць праблема з адказам чалавека на яго. Таму, калі гаворым пра крызіс, то ён датычыць не пакліканняў, але грамадства, канкрэтных людзей, а дакладней — канкрэтных сем’яў. Існуе пэўная сузалежнасць паміж шчаслівай веруючай сям’ёй і далейшым духоўным лёсам выходзячых з яе дзяцей. Чым больш абездухоўленае грамадства, сем’і, тым менш яны адкрытыя на ахвярнасць, служэнне, прысвячэнне. А гэта тыя якасці, без якіх няма ні манаства, ні святарства.
Быць святаром — гэта велікадушна прысвяціць сябе служэнню людзям з любові да Бога. Чым мацнейшы ў сем’ях дух служэння і глыбокай веры, тым больш шанцаў, што з яе выйдзе святар.
Усе мы родам з дзяцінства. Немагчыма даросламу чалавеку закласці тое, што павінна быць закладзена ў заранні яго жыцця. Таму нельга перабольшваць ролю семінарыі. Яна не можа вярнуць чалавека ў дзяцінства і закласці новы фундамент яго асобы. Але яна можа (і гэта робіць) дапамагчы развіць найлепшыя якасці душы, якія мае кандыдат да святарства.
Семінарыя — гэта шанец, дар, прастора для фарміравання будучага святара паводле Божай думкі і чаканняў Касцёла. І ёсць нямала шляхетных юнакоў, якія адчуваюць пакліканне да святарства, але ім не хапае адвагі пайсці за Хрыстом, не хапае ўнутранага пераканання, што варта пазмагацца за гэты шлях.
І вось тут семінарыя можа падтрымаць, выйсці насустрач такім людзям. Для гэтага арганізоўваюцца разнастайныя сустрэчы, рэкалекцыі на тэму паклікання, святары і семінарысты праводзяць сустрэчы з моладдзю.
— Як вы ацэньваеце сітуацыю са адукацыяй святароў у Беларусі ў цэлым? Большасці святароў у Беларусі, якія атрымліваюць парафію, неабходна быць адначасова і мэнеджэрамі, і будаўнікамі, а часам і юрыстамі. Можа, ксяндзу варта мець не толькі святарскую, але і свецкую адукацыю?
— Абсалютная большасць святароў, асабліва маладое пакаленне, не толькі мае вышэйшую адукацыю, але і выходзіць з семінарыі са ступенню магістра тэалогіі. Гэта значыць, што яны маюць сур’ёзны інтэлектуальны патэнцыял і прэзентуюць высокі ўзровень адукацыі.
Праблема толькі ў тым, што на плечы гэтых маладых людзей часта ўскладаецца цяжар заданняў, далёкіх ад іх паклікання: вырашэнне вельмі складаных будаўнічых, юрыдычных, бухгалтарскіх, эканамічных і шматлікіх іншых спраў.
Трэба быць вельмі моцнай асобай, каб вытрымаць такую нагрузку. Добра, калі ёсць зычлівыя парафіяне, на якіх можна пакладацца. Але і ў гэтым плане не ўсё проста. Мы жывём у сітуацыі, калі мінулае пакаленне духавенства на 99% было фізічна знішчана, а новае пакаленне сілай факту — гэта на 90% людзі маладога і сярэдняга ўзросту. Касцёл узняты з руінаў. З чалавечага пункту гледжання яго хочацца як найхутчэй адрадзіць, адбудаваць, пабудаваць чаканае дзесяцігоддзямі. Патрэбы ў дзясяткі разоў перавышаюць магчымасці.
І тут нельга чакаць ад святара, каб ён быў супермэнам і ўніверсальным чалавекам з усімі магчымымі адукацыямі і прафесіямі, але пачаць разумна размяркоўваць працу паміж усімі парафіянамі.
Гэта вялікае заданне для нашых лакальных супольнасцяў. Гэта выклік для пэўных нездаровых тэндэнцый у ментальнасці нашага грамадства, дзе многія чакаюць, што нехта павінен ім і за іх зрабіць.
На маю думку, варта перастаць думаць толькі пра рэформу святарства, неабходна заняцца сур’ёзным выхаваннем духу ўзаемнай адказнасці, пачынаючы з малых парафіяльных супольнасцяў.
А з добрай парафіі, як з добрай сям’і, напэўна, будуць выходзіць добрыя і шматлікія святары.
— Вялікі дзякуй за змястоўныя адказы! Віншуем з пачаткам новага навучальнага года!
Аляксандр Гелагаеў, фота seminaryja.by і radzima.org.