21 верасня беларускія пілігрымы на чале са старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі распачнуць сямідзённую Нацыянальную пілігрымку на Святую Зямлю. Яе вынікам стане ўсталяванне ў святынях рэгіёна памятных дошак «Magnificat» і «Benedictus» на беларускай мове.
Пра будучае падарожжа і арганізацыйныя справы мы гутарым з каардынатарам Нацыянальнай пілігрымкі кс. Раманам Факсінскім.
— Ксёндз Раман, чаму такія месцы, як Святая Зямля, трэба глядзець з экскурсіяй і гідам?
— Пілігрымку ў Ізраіль рана ці позна павінен здзейсніць кожны. Пабываць у горадзе нараджэння Хрыста — Бэтлееме, у месцы Яго дзяцінства і юнацтва — Назарэце, пабачыць Галілейскае возера, дзе Ён лавіў рыбу разам з Пятром, і адчуць гарачыню пустыні, дзе Езус сустрэўся з Янам Хрысціцелем…
Пілігрымка на Святую Зямлю — адна з самых важных у жыцці верніка. Лічу, што кожны хрысціянін павінен хоць раз у жыцці наведаць гэтыя мясціны! Калі ж мы хочам паглядзець на гэтыя месцы вачыма веры, то без святара і ўдзелу гіда не будзе зразумела, што там і да чаго, тыя месцы пададуцца кучай камянёў…
Падчас жа пілігрымкі на кожным месцы, дзе мы будзем праходзіць, зачытваецца ўрывак са Святога Евангелля, у якім ёсць згадка пра яго.
Чытайце таксама:
Месцазнаходжанне таго ці іншага аб’екта за 2000 гадоў стала прыблізным, за гэты час мы ўжо не можам ісці дакладнымі сцежкамі Хрыста, але кожная дарога максімальна набліжана да таго, каб пілігрым адчуў атмасферу месцаў, якія згадваюцца ў Евангеллі ў сувязі з дзейнасцю Хрыста.
Пілігрымкі, дарэчы, адыгрываюць вялікую ролю ў падтрыманні хрысціянскага духу мясцовых хрысціян у рэгіёне.
— Якія парады адносна бяспекі Вы маглі б даць пілігрымам? Рэгіён усё ж такі дастаткова неспакойны…
— Па-першае, калі б гэта было небяспечна, то наш рэйс быў бы адменены і мы нікуды не паляцелі б. Па-другое, Ізраіль робіць усё, каб пілігрымкі былі бяспечнымі і пілігрымы прыязджалі на Святую Зямлю. У гэтым зацікаўленыя не толькі ізраільцяне, але і палесцінцы.
Да таго ж намі заўсёды апякуюцца не толькі айцы францішкане, якія маюць там сваю Кустодыю, але і ізраільскія, а таксама палесцінскія турыстычныя арганізацыі. Паездка будзе бяспечнай і спакойнай, хвалявацца не варта.
— Арганізуе Нацыянальную пілігрымку створаны нядаўна пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Цэнтр пілігрымак, якім Вы кіруеце. Распавядзіце пра яго больш падрабязна.
— Пры кожнай Канферэнцыі Біскупаў у Еўропе ёсць свой адмысловы пілігрымкавы цэнтр, які дапамагае арганізоўваць пілігрымкі для вернікаў з тых парафій, дзе пілігрымкі па тых ці іншых прычынах не арганізоўваюцца. Ёсць такая ініцыятыва і ў нас пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
Нацыянальная пілігрымка на Святую Зямлю выпрацуе далейшую форму дзейнасці нашай ініцыятывы. Магчыма, выпрацуецца і новая структурная форма: «прадстаўніцтвы» ў дыяцэзіях. Ужо распачаў працу наш сайт catholicpilgrim.by, дзе мы будзем размяшчаць графік пілігрымак на ўвесь год, неабходныя ўмовы для ўдзелу (віза, білет і г.д.) і іншую важную інфармацыю.
Хочацца таксама стварыць асобны форум для пілігрымаў, які служыў бы для абмену ўражаннямі і ўспамінамі.
Ёсць, вядома, дастаткова актыўныя парафіі, якія сваімі сіламі ладзяць такія паездкі (напрыклад, парафія Свв. Сымона і Алены ў Мінску або парафія Св. Язафата Кунцэвіча ў Расонах, парафіі на Гродзеншчыне, а таксама шэраг іншых). Арганізоўваюць пілігрымкі і некаторыя манаскія супольнасці.
Кожная парафія на падставе Устава мае права арганізоўваць пілігрымкі як група людзей, якія маюць агульныя цікавасці. Так, напрыклад, рабіла наша парафія, калі я быў пробашчам парафіі Св. Станіслава ў Магілёве. У 2005 годзе мы арганізавалі парафіяльную пілігрымку ў Рым. Паглядзелі тады і Польшчу, і Германію, і Аўстрыю, і Італію...
— Распавядзіце пра запланаваную пілігрымку на Святую Зямлю, якую ўжо назвалі Нацыянальнай.
— Вынікам пілігрымкі стане ўсталяванне памятных дошак «Magnificat» і «Benedictus» з тэкстам на беларускай мове. Пілігрымка стане трэцяй па ліку Нацыянальнай пілігрымкай беларускіх католікаў на Святую Зямлю (першая адбывалася з нагоды ўсталявання дошкі «Ойча наш», другая — падчас усталявання мазаікі з выявай Маці Божай Будслаўскай).
Усталяванне дошак пройдзе ў двух касцёлах: у Горнай святыні, дзе сустрэліся Марыя і Альжбета, будзе ўсталявана дошка «Magnificat», а ў месцы нараджэння св. Яна Хрысціцеля ў Айн Карэм — дошка «Benedictus».
Пілігрымка будзе мець пакутны характар — мы праводзім яе ў абвешчаны ў Беларусі Год навяртання. Падарожжа мае рэлігійны і духоўны аспект. Гэта не толькі святая Імша штодня, але і канферэнцыі, чытанні Бібліі. Ужо складзена адмысловая праграма для паездкі.
Нацыянальная — гэта значыць з усіх дыяцэзій, таксама да нас далучацца пілігрымы з Беларусі, якія ў гэтыя даты (21-28 верасня) будуць знаходзіцца на Святой Зямлі ў складзе іншых пілігрымкавых груп.
— Самі памятныя дошкі таксама павязуць на Святую Зямлю разам з Нацыянальнай пілігрымкай?
— Іх вырабяць ужо там на месцы. У гэтым пытанні мы шчыльна супрацоўнічаем з апекунамі Святой Зямлі — айцамі францішканамі. Там працуе іх адмысловая Кустодыя Святой Зямлі, якая апякуецца мясцовымі католікамі і дапамагае пілігрымам.
Выраб і ўсталяванне дошак, а таксама арганізацыйныя пытанні мы ўзгадняем перадусім з Кустодыяй.
На здымку: арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падчас пілігрымкі на Святую Зямлю з нагоды ўсталявання там дошкі з малітвай «Ойча наш» на беларускай мове
— Якое значэнне будзе мець для Беларусі ўсталяванне гэтых дошак?
— Беларусь будзе мець яшчэ адно памятнае месца на Святой Зямлі, дзе будзе змешчаны надпіс на нашай роднай мове. Для кожнага пілігрыма магчымасць убачыць словы з іх роднай мовы на Святой Зямлі — вялікі гонар, які дае зразумець моц свайго народа.
— Ці можна яшчэ запісацца ў Нацыянальную пілігрымку?
— Так, запіс трывае да 20 жніўня. Больш падрабязна пра гэта можна даведацца на нашым сайце, дзе таксама ўказаны кантактныя тэлефоны. Cпяшайцеся!
Гутарыў Ілья Лапато