– Не заўважыць tirówkę (з польск. – дарожная прастытутка) на трасе немагчыма, – гаворыць кс. Марэк Порыжала. – Яны бачны здалёк – у яскравым адзенні, “галасуюць” на дарогах, перакрыжаваннях, чакаюць на паркінгах. А толькі сцішыш ход, як падбягаюць да твайго аўто і без усякай сарамлівасці прапаноўваюць сексуальныя паслугі, называюць свой “тарыф”. І мне аднойчы прапанавалі. Здзівіліся, што адмовіўся. Пачаставаў іх яблыкамі і памаліўся за іх.
Колькі пасля гэтага было падобных сустрэч у душпастыра tirówеk кс. Марэка? Аб гэтым і іншым – наша з ім гутарка.
– Ксёндз Марэк, а як усё ж прыйшла да Вас думка – працаваць з такою незвычайнай катэгорыяй людзей?
– Выпадак, пра які расказаў, адбыўся ў 2010 годзе, недалёка ад горада Томашув Мазовецкі, калі я вяртаўся з Варшавы да Чэнстахова, дзе служыў у парафіі. Я быў здзіўлены і адначасова “замураваны”: відаць, не заўважылі калараткі.
Самі маладыя, прыгожыя, у кожнай, напэўна, дома бацька, маці, родныя… Мне стала жудасна і прыкра: што прымусіла дзяўчат гандляваць сваёю годнасцю, жаноцкасцю, целам? Якая будучыня чакае іх? Сваім роздумам падзяліўся з біскупам, і біскуп благаславіў мяне на душпастырскую працу з гэтымі людзьмі.
Павінен прызнацца, што благаслаўленне іерарха супала з яшчэ адным вельмі важным момантам: справа ў тым, што незадоўга перад гэтым я зрабіў сваю старонку ў інтэрнэце пад назваю grzechy.com (назва аказалася трапнай), і моладзь – у асноўным яна бавіць час у інтэрнэце – паспела напісаць мне свае водгукі, даслаць пытанні, больш за тое, маладыя папрасілі, каб больш падрабязна апісаў розныя грахі, залежнасці наркатычныя, сексуальныя, ад музыкі, алкаголю, мастурбацыі, парнаграфіі і інш. Усё гэта супала па часе, і я стаў душпастырам tirówеk, ездзіў па трасах, каб сустрэць іх і пагутарыць з імі пра той лад жыцця, які яны выбралі. На дзвярах майго аўто з’явіўся надпіс: www.grzechy.com.
– Як рэагавалі яны, заўважыўшы незвычайны надпіс і чалавека ў сутане?
– Па-рознаму. Некаторыя здзіўляліся, што імі наогул цікавіцца духоўная асоба; што гэтая духоўная асоба – мужчына і не патрабуе іхніх паслуг; што размаўляе з імі ў нармальным тоне, без зневажання, па-людску. А я не ставіў сваёю мэтаю пачынаць катэхізацыю з першай хвіліны (вопыт душпастырства з цяжкай моладдзю ўжо меў, на працягу некалькі гадоў працаваў катэхетам). Першае пытанне, якое задаваў кожнай: чаму яна тут? Што прывяло на трасу?
І абсалютная большасць з іх адказвала, што прычына ў цяжкіх жыццёвых умовах, з якіх не маюць выйсця. Часам гэта былі дастаткова доўгія іх расповеды, з якіх высвятлялася, што абсалютная большасць tirówеk – з сем'яў маральна параненых, у якіх ніколі нават размовы не было пра Бога, пра хрысціянскую мараль.
У некаторых было так: мама п’е, тата п’е, уладкавацца на працу немагчыма, і ніхто на іх не звяртае ніякай увагі. Куды пойдзе такая непаўналетка? На вуліцу. Былі дзяўчаты, згвалтаваныя яшчэ ў юным узросце, нават родным бацькам, і яны неслі гэты боль у сабе. Былі выхаванцы дзіцячых дамоў. Сустрэўся нават з выпадкам канкубінату – гэта была сям’я з Балгарыі, якая жыла ў Польшчы; мужчына меў працу на рынку, а яго жонка рэгулярна “выходзіла” на трасу. Так ці інакш, у абсалютнай большасці выпадкаў гэта былі зламаныя жаночыя лёсы, іх неўпарадкаванае ўнутранае жыццё. Найбольш было балгарак (60%), полькі (30%) і 10 % іншых (у тым ліку украінкі, беларускі, расіянкі). Па рэлігійнай прыналежнасці – таксама розныя: каталічкі, праваслаўныя, мусульманкі і ніякія. Некаторыя з жанчын мелі дзяцей – па адным, рэдка – двое і болей. Але была адна, якая пакінула на радзіме пяцёра!
– А ці мелі жаданне вярнуцца дадому?
– Мелі, некаторыя так проста і казалі: каб хутчэй зарабіць грошай і хутчэй дамоў. Прасілі: памаліся, ксёндз, каб было болей (!) у нас кліентаў. Адзінае, што абяцаў ім у такіх выпадках, што буду маліцца за іх здароўе і здароўе іх родных. Слухаў іх, не асуджаў, разважаў пра іх мінулае і будучыню, пра тое, што першаснае ў нашым жыцці і чаго хоча ад чалавека Бог. Частаваў яблыкамі або іншым з таго, што на той час меў, пасля нават рыхтаваў калядныя і велікодныя падарункі, каб адаслалі сваім дзецям на радзіму: як жа, яны тут працуюць – у магазінах, у барах, прадаюць кветкі, посуд (так кожная з іх паведамляла сваім родным). На самой справе была траса. Я маліўся за іх у іх прысутнасці, даваў ім крыжыкі, абразікі з выяваю Езуса Міласэрнага, св. Бэнэдыкта, медальёнчыкі з Маці Божай Безаганнай, духоўныя кніжкі, тэксты малітваў і пры гэтым тлумачыў, што выйсці з прастытуцыі цяжка, гэта адна з самых цяжкіх залежнасцяў, але магчыма.
– А ці самі яны хацелі пакінуць заняткі гэтым “промыслам”? Ці шкадавалі аб тым, што трапілі сюды?
– Пад сваёю душпастырскаю апекаю я меў каля 400 чалавек, таму сустракаліся сярод іх розныя. У асноўным гэта была моладзь, найчасцей – дзяўчаты 20–25 гадоў; самая малодшая – 17; былі жанчыны і пасля 40. Тыя, якія сапраўды з-за цяжкага матэрыяльнага становішча апынуліся на трасе, тыя разумелі сваю амаральнасць, прызнаваліся ў сваім граху, хацелі як мага хутчэй (!) зарабіць грошай і завяршыць сваю “працу” ў Польшчы. І калі даваў ім на выбар ружанцы (чорны ці белы), то гэтыя ахвотна бралі белага колеру – як вяртанне да жыцця ў чысціні, вяртанне ў час, калі гэтым “промыслам” яшчэ не займаліся. Але сустракаліся і такія, хто не толькі дзеля грошай надзяваў суперкароткую спаднічку і прыбіраўся ў глянцавыя боты: 20% tirówеk атрымоўвалі ад гэтага задавальненне, ператварылі гэта амаль ў сваё “хобі” – а гэта ўжо цяжкая форма сексуальнай залежнасці.
– Вы працавалі з імі, ксёндз Марэк, быццам сексапатолаг…
– З такімі людзьмі інакш нічога не атрымаецца, з некаторымі з іх сустракаўся неаднаразова. І калі ўявіць сабе працу з імі схематычна, то напачатку мая дапамога насіла нейкі тэрапеўтычна-псіхалагічны характар, а пасля я займаўся імі як душпастыр.
Але вельмі хутка зразумеў, што мне патрэбны яшчэ і іншыя веды, і я атрымаў паслядыпломную адукацыю ў вобласці клінічнай сексапаталогіі ў Варшаўскай Вышэйшай школе сацыяльнай псіхалогіі, каб гаварыць ім пра такія абавязковыя рэчы, як уздзеянне іх паводзінаў на псіхічнае здароўе, небяспека пры сексуальных зносінах, гігіена і інш., выдаў некалькі кніжак аб залежнасцях.
Таксама набыў сабе непрыяцеляў з ліку так званых альфонсаў (суценёраў).
– Ойча, Вы сапраўды былі ў небяспечных умовах. Вам ніхто не пагражаў?
– Чаму не – пагражалі, колькі разоў: праз тэлефон, інтэрнэт, даганялі на аўтамабілі; менавіта яны – альфонсы, суценёры.
– Ксёндз Марэк, а ці не адчулі расчаравання ў тым, што рабілі? Ці мелі падтрымку асабіста, з якога боку?
– Мяне падтрымлівалі касцёльныя ўлады. Падтрымлівалі свецкія веруючыя і казалі аб гэтым пры асабістых сустрэчах і на старонцы ў інтэрнэце, праз е-mail і тэлефон. Некаторыя з падапечных, пакідаючы краіну, прыходзілі на генеральную споведзь і давалі зарок больш ніколі не займацца прастытуцыяй. Прасілі аб малітве за збаўленне ад залежнасцяў, куплялі крыжыкі сваім дзецям і прасілі аб малітве за дзяцей. А Магда, якая жыве зараз у Нарвегіі, былая прастытутка, даведаўшыся пра душпастырства з tirówkami, пачала прыязджаць, каб сустракацца з жанчынамі з трасы, тлумачыць ім, якія цяжкасці перажывае асоба, калі ў сваёй маладосці займалася прастытуцыяй. Магда зрабіла для іх атлас венерычных захворванняў, дапамагала збіраць падарункі дзецям гэтых параненых жанчын. Аднак павінен прызнацца, што мае калегі ксяндзы і сёння неадназначна ацэньваюць маю душпастырскую працу. Некаторыя з іх паціскаюць плячыма: што тут супольнага з дзеяннем Езуса Хрыста? Іншыя лічаць, што гэтым я прынізіў сябе як святар.
Сам я перакананы, што наадварот, тут патрэбна вялікая, як у Езуса Хрыста, міласэрнасць, тады погляд святара на свет будзе больш адкрыты і больш шчыры, а любоў будзе не фразаю, а сутнасцю.
– Ксёндз Марэк, але зараз Вы прыпынілі сваё душпастырства на дарогах?
– Так, зараз я прызначаны на службу ў парафію (г. Бонкова Гура) Чэнстахоўскай дыяцэзіі.
– А ці вернецеся ў будучыні, ці з’яўляюцца ў Вас такія думкі? А можа, ужо і праблемы такой няма?
– Прастытуцыя, як і іншыя залежнасці, – праблема не польская, а сусветная, і змагацца з імі павінен Паўсюдны Касцёл, увесь сусвет. Дарэчы, аб гэтым казаў Святы Айцец у сваёй гаміліі 15 лютага бягучага года. Папа Францішак узгадаў словы Езуса: “Не здаровым патрэбны лекар, а хворым. Я прыйшоў заклікаць да пакаяння не праведнікаў, а грэшнікаў” (Лк 5, 31-32). І калі Бог зноў пакліча мяне да гэтай працы, дам Яму станоўчы адказ, бо я – гатовы.
Раіса Сушко, культурна-рэлігійны часопіс "Дыялог".
Здымкі з польскага выдання Tygodnik Powszechny. (АлГ)