Цуды падчас пілігрымак здараюцца часта. У адной толькі пілігрымцы
Мінск-Будслаў іх адбылося даволі шмат. Варта ўзгадаць дождж, які
прынеслі з сабой пілігрымы, калі праходзілі праз адну з вёсак, дзе
дажджу не было даўно. Пасля Імшы ў вёсцы Альховічы над касцёлам
з’явілася невялікая вясёлка ў форме ўсмешкі. Маці Божая выслухоўвала
інтэнцыі і дапамагала яшчэ ў дарозе: хтосьці не мог знайсці месца
начлегу, а пасля малітвы знаходзіў, камусьці выпадкова (або не)
траплялася лішняя пара зручнага абутку…
Аб тым, якія цуды здзяйсняліся дзякуючы апецы Маці Божай Будслаўскай, распавядаюць удзельнікі пілігрымкі Мінск-Будслаў.
Марыя Чарняўская:
“Кожная
пілігрымка – гэта цуд. Па-сапраўднаму цуд – як туды пайсці, бо не
заўсёды гэта зусім вольны час, але самае галоўнае – гэта сустрэча з
Богам, а сустрэча з Богам – гэта заўсёды цуд. Можа быць, не заўжды
заўважны, можа быць, не адбываецца штосьці такое звышнатуральнае, але,
напэўна, перамяненне сэрца, магчымасць пабыць адзін на адзін з Богам,
забыцца пра нейкія свае справы, пра справы на працы, трошкі адарвацца,
можа, нават ад сваёй сям’і, якую я, канешне, вельмі моцна люблю…
Адна
з дзяўчын расказвала, што ў пілігрымку ішла з такой інтэнцыяй: у яе на
руцэ былі бародаўкі. І яна атрымала цуд аздараўлення. І ў мяне таксама
была такая праблема. Я падумала, што таксама магу аб гэтым папрасіць. І
сапраўды, я іх выводзіла да гэтага рознымі сродкамі – не атрымлівалася, а
пайшла ў пілігрымку з такой інтэнцыяй – і яны сапраўды прайшлі. Я
думаю, што Маці Божая паказвае, што для Яе няма няважных справаў, за
якія Яна б не прасіла свайго Сына. Яна бачыць кожную справу і хоча
маліцца аб усім за нас. Ёй можна даручыць усё – і маленькія, і вялікія
справы”. rІрына Юрынок:
“Дзесяць гадоў я хаджу і аздараўляюся і душой, і целам. Ідзеш, і нейкая радасць з’яўляецца.
Падчас
першай пілігрымкі ў мяне балелі калені, а як толькі я прайшла на
каленях да абраза Маці Божай, выйшла ўжо са здаровымі каленямі. Пасля
пілігрымак я станаўлюся лепшай – і па характары, і на працы лепей, і
нават людзі гэта заўважаюць...” rГанна Афоніна:
“У
пілігрымку іду шосты раз. Калі мы ішлі ў Будслаў у пяты раз, да нас
перад Будславам далучылася сям’я, якая везла маленькае дзіцятка ў
калясачцы. І калі скончылася святая Імша, гэтая жанчына з такой радасцю
падыйшла да нас і кажа: “Ведаеце, мая ўнучка сёння села першы раз”. Яна
нам расказала, што яе дачка, якая нарадзіла гэтую ўнучку, таксама доўга
не хадзіла, ёй ужо было два гады, і першы раз яна пайшла менавіта ў
Будславе.
Упершыню я пайшла ў пілігрымку, калі захварэў мой
муж. Пасля таго, як яму зрабілі першую аперацыю. Я маліла Маці Божую
Будслаўскую, каб Яна яму дапамагла. І Яна дапамагла. Ён пражыў яшчэ
чатыры гады. Год таму яго не стала. У мінулай пілігрымцы я прасіла Маці
Божую, каб у майго мужа была лёгкая смерць, каб ён не мучыўся, як
анкалагічныя хворыя. Так і адбылося. Памёр ён пры сваёй памяці, без
болю. Пан Бог і Маці Божая дапамаглі”. rМар’яна Буркут:
“У
Будслаў іду другі раз. Калі ўпершыню ішла ў Будслаў, ішла з той
інтэнцыяй, каб вызначыцца, куды мне паступаць пасля 11 класа. І Маці
Божая Будслаўская дала мне такую ласку, і я зразумела, што буду
паступаць у медыцынскі ўніверсітэт”. r
Арцём Кір’янаў:
“Аднойчы
я паехаў у Будслаў цягніком, бо мяне з працы не адпускалі. Вось такая
была чыгуначная пілігрымка. Да гэтага я праходзіў абследаванне ў
бальніцы, і мне сказалі, што ў жоўцевым пузыры знайшлі паліп. Да гэтага я
хварэў на рак, таму вельмі спужаўся. Пасля гэтага я паехаў у Будслаў,
памаліўся перад Маці Божай. Праз некаторы час зноў праходзіў
абследаванне, і мне сказалі, што ўсё ў парадку”. r Аляксандр Абуховіч:
“Мы
зараз з жонкай пайшлі другі раз у пілігрымку. Два гады таму на
юбілейную пілігрымку, прысвечаную чатырохсотгоддзю абраза Маці Божай
Будслаўскай, упершыню пайшлі з Мінска, з катэдры. Падчас пілігрымкі на
трэці дзень, проста адпачываючы, мы ўбачылі ў аблоках слова “Бог”. Яно
было не проста размыта, а канкрэтна напісана. Ішлі, канешне, стаміліся,
але ў душы анёлы спявалі. Нават учора ногі вельмі балелі, а як толькі
Цела Хрыста прынялі – усё прайшло.
А жонка дадае, што падчас начлегу ў Альховічах ёй было вельмі холадна. А ў касцёле якраз была цёплая хусцінка”. rГанна Міхалевіч:
“У
пілігрымку іду восьмы раз. Мабыць, самай першай інтэнцыяй у пілігрымцы
была добра скончыць школу і знайсці сваё пакліканне. Да пілігрымкі пасля
дзявятага класа я не бачыла сябе ў матэматыцы, а пасля пілігрымкі
зразумела, што гэта маё. На сёння я ўжо скончыла мехмат БДУ і вельмі
рада, што знайшла сябе ў гэтым”. rВіктар Ведзень:
“Гэта
мая другая пілігрымка. Спачатку ў мяне не атрымлівалася пайсці, бо
сесія планавалася да 4 ліпеня. Потым так здарылася, што яе нечакана (а
можа, і не) скарацілі на чатыры дні, таму атрымалася далучыцца да
пілігрымкі на трэці дзень. Напэўна, самы вялікі цуд, які адбыўся падчас
яшчэ першай пілігрымкі, – гэта калі мы трапілі пад лівень. Неба было
чыстае, а тут рэзка хмары наляцелі. І проста гром, маланка: гэта было
незвычайна для нас, але ўсе радаваліся, спявалі. Цуды адбываюцца кожны
дзень. Гэта не абавязкова глабальныя рэчы. З усяго маленькага і
складваецца нашае жыццё. Галоўнае – памятаць пра гэта і заўважаць іх”. rТаксама,
пакуль рыхтаваўся да друку гэты матэрыял, здзейсніўся яшчэ адзін цуд – у
Мінску і ваколіцах прайшоў добры дождж, аб якім пілігрымы прасілі ў
Маці Божай.
Марына Валасар