Кожны ідзе ў пілігрымку са сваёй інтэнцыяй. Але, безумоўна, гэты час не праходзіць дарма. Для адных гэта час суцішэння і малітвы, для іншых – час сустрэцца з сябрамі і разам памаліцца і паспяваць – праславіць Бога праз Марыю, а для кагосьці, як для ўдзельніка руху “Легіён Марыі” Уладзіміра Вайцяховіча, – гэта крок навяртання.
– Вы расказвалі, што раней былі праваслаўным. Калі менавіта Вы вырашылі змяніць сваё веравызнанне?
– Гэта адбылося пасля смерці майго дзеда. Ён быў глыбокаверуючым чалавекам і вельмі любіў Бога. Ужо на яго пахаванні я зразумеў, што атрымліваю гэтую веру ў спадчыну. Проста так. У майго дзеда не было ніякага срэбра і нерухомасці, а была вера – гэты скарб, які ён атрымаў ад сваіх бацькоў, тыя атрымалі ад сваіх бацькоў… З кожным пакаленнем гэтая вера трошкі багацела, і вось, калі дзед паміраў (я ўжо быў крыху падрыхтаваны Богам, ужо верыў у Яго), я зразумеў, што маё месца ў Касцёле. Потым адбыліся пэўныя крокі, я стаў католікам і ні кроплі не шкадую аб гэтым, таму што гэта мая спадчына. Гэта талент, які я павінен павялічваць.
– Калі Вы ўпершыню пайшлі ў пілігрымку да Маці Божай Будслаўскай?
– Першая пілігрымка была першым крокам на шляху да Бога. Гэта былі першыя гады майго знаходжання ў Касцёле. Яны былі вельмі радыкальнымі.
Калі я пасля навяртання прыйшоў у Касцёл, першае, што захацелася зрабіць – гэта паехаць да Маці Божай Будслаўскай і Ёй за ўсё аддзячыць – за маю веру, таму што я ўсведамляў, што карані маёй веры ў Будславе.
Мае продкі паходзяць з Мядзельшчыны. Я зразумеў, што вера, якую я ў сабе адкрыў – гэта плён апекі і любові Маці Божай Будслаўскай. Пасля гэтага мне ўжо захацелася схадзіць пешшу. Тады адбылася першая пілігрымка. Але Будслаў заўсёды прыцягвае, таму раз на год абавязкова іду на фэст. Гэта як штогадовае аднаўленне прысвячэння, адданасці Марыі на цэлы год, каб Яна ўвесь год апекавалася.
– Уладзімір, гэта ўжо дзявятая пілігрымка да Маці Божай Будслаўскай, у якой Вы ўдзельнічаеце. Які плён у Вашым жыцці прынеслі гэтыя пілігрымкі?
– Кожная з пілігрымак была своеасаблівай. Які плён? Калі чалавек зрываецца з месца і з аднаго месца пераходзіць на іншае, то сам пераход – гэта нейкая перамена. Вось так па аналогіі можна ўзгадаць Абрагама, які пакінуў Ур Халдэйскі і перайшоў у Ханаанскую зямлю. Тое ж самае, калі зрываліся з месца юдэі, калі выйшлі з Егіпта і пайшлі ў Абяцаную зямлю. Гэта дапамагае пераадолець сябе, стаць вышэй над звыклым ладам жыцця, прыносіць нейкую перамогу над самім сабой.
– З якой інтэнцыяй Вы ішлі ў гэтай пілігрымцы?
– На кожную пілігрымку павінен быць пэўны духоўны штуршок, нейкая ласка Божая. Чалавек, як кажа св. Людовік дэ Манфор, павінен супрацоўнічаць з ласкай Божай. Калі ён сам па сабе будзе штосьці рабіць, то Бог яго не будзе благаслаўляць. На гэтую пілігрымку я бачу, што Бог дае такую ласку. Вось у нас група легіянераў. Ён даў нам семярых дзяцей. Гэта мае хрышчоныя і пляменнікі. Я зразумеў, што Бог хоча, каб мы звадзілі гэтых дзяцей да Маці Божай, каб гэтая пілігрымка прынесла плён менавіта ў іх сэрцах, а ўвогуле, у мяне так атрымліваецца, што, якія б у мяне інтэнцыі ні былі, яны па волі Божай зводзяцца толькі ў адну інтэнцыю – мне хочацца рабіць усё, каб наша краіна, наш народ былі больш шчаслівымі і больш благаслаўлёнымі. Думаю, што гэта натуральнае прагненне таго раю, які мы страцілі. Калі ты жывеш на гэтай зямлі і адчуваеш сябе часткай гэтага народа, ты хочаш разам з гэтым народам жыць шчасліва. Усе мае інтэнцыі менавіта вось такія. Інтэнцыі маюць такі намер – маліцца за ўсю краіну. У пілігрымцы адчуваеш, што Бог такую ласку дае. Пілігрымка ідзе, а адбываюцца пэўныя размовы, малітвы, досведы, якія таксама дадаюць нешта да гэтай інтэнцыі.
– Якія цуды ў Вашым жыцці здзейсніла Маці Божая Будслаўская?
– Апошні цуд – сёлетняя пілігрымка. Я ніколі з такой інтэнцыяй не ішоў, але ў гэтай пілігрымцы я поўнасцю аддаў сваё сэрца Марыі. Гэта апошні цуд. А ўвогуле, кожная пілігрымка была благаславенствам для мяне. Кожная пілігрымка – гэта быў крок да сёлетняга благаславенства. Чаму гэта так важна? Таму што ў гэтай пілігрымцы, калі былі нейкія перашкоды, я ўсвядоміў, што злы дух за мяне чапляецца і будзе чапляцца ўсё жыццё, ён будзе старацца цябе рабіць нешчаслівым. Каб гэтага пазбавіцца, каб атрымаць канчатковую перамогу над ім, трэба цалкам аддаць сябе Марыі. Тады станеш шчаслівым, тады ўсё зло, якое ёсць, проста страціць над табой уладу.
Размаўляла Марына Валасар