«Зараз на трох кіруючых пасадах якраз прадстаўнікі ўсходу, цэнтру і захаду. Гэта вельмі добра. Мы павінны адзін аднаму дапамагаць і вопыт адной дыяцэзіі пераносіць у другую», — адзначыў новы Старшыня ККББ, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, у інтэрв’ю для catholic.by.
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 3 чэрвеня быў абраны Старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Разам з новым Старшынёй з’явіліся новы Віцэ-старшыня, якім абралі біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, і Генеральны cакратар, якім стаў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
— Ваша Эксцэленцыя, што сабой уяўляе Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі як орган касцёльнай улады? Якія выконвае функцыі?
— Калі хтосьці вывучаў гісторыю Каталіцкага Касцёла, ці прынамсі прачытаў уважліва Новы Запавет, асабліва Дзеі Апосталаў, то адразу мог заўважыць, што, калі ўзнікалі складаныя пытанні, то апосталы збіраліся разам. Той момант, калі яны сабраліся разам у Ерузалеме, называюць першым саборам. На тым першым саборы яны вырашалі пытанні, якія ўзніклі, і ведалі, што з імі прысутны Святы Дух. Яны ведалі, што дзякуючы дапамозе Святога Духа могуць прымаць рашэнні і кіраваць Касцёлам. І пазней гэта практыка рэалізоўвалася найчасцей праз калегіяльнае кіраўніцтва Касцёлам — праз саборы, а пасля Другога Ватыканскага Сабору асабліва была звернута ўвага на калегіяльнасць біскупаў у пэўнай краіне ці краінах. Гэта калегіяльнасць выражаецца ў Канферэнцыі Біскупаў.
Канферэнцыя Біскупаў засноўваецца Апостальскім Пасадам. Існаванне Канферэнцыі — гэта не жаданне саміх мясцовых біскупаў.
Такая Канферэнцыя існуе і ў Беларусі, у яе ўваходзяць усе біскупы. Калі б у Беларусі быў біскуп грэка-каталіцкага абраду, то ён таксама згодна са статутам нашай Канферэнцыі ўваходзіў бы ў яе.
У розных краінах па-рознаму, напрыклад, ва Украіне ёсць Канферэнцыя Біскупаў рыма-каталіцкага абраду, а таксама асобная грэка-каталіцкага.
Канферэнцыя Біскупаў, як калегіяльны орган, паклікана да таго, каб каардынаваць працу ўсіх біскупаў у Беларусі і вырашаць найбольш агульныя пытанні для ўсяго Касцёла ў краіне, развіваць стратэгію, пастырскія планы.
Трэба падкрэсліць вельмі важную рэч, што кожны біскуп з’яўляецца аўтаномным.
Канферэнцыя Біскупаў не можа імі кіраваць, аднак маюцца агульныя планы для выканання. Напрыклад, зараз мы рыхтуемся да 100-годдзя Фацімскіх аб’яўленняў, таму была прынята праграма са згодаю ўсіх біскупаў аб трохгадовым цыкле падрыхтоўкі: першы год — Год навяртання, другі — Год малітвы, а трэці — надзеі.
Разам з тым мы з’яўляемся часткаю Паўсюднага Касцёла, таму наш мясцовы пастырскі план дастасоўваем да плану агульнага. У гэтым годзе ў Паўсюдным Касцёле адзначаецца Год кансэкраванага жыцця. Такія ўрачыстасці, як Будслаўскі фэст, ці Дні моладзі ў Івянцы, уключаюць у сябе шмат рэчаў, якія адпавядаюць тэме кансэкраванага жыцця.
Таксама ў гэтым годзе прыпадае 50-годдзе заканчэння Другога Ватыканскага Сабору, у сувязі з чым у Будславе будзе зачытаны тэматычны даклад.
Усе гэтыя рэчы вырашаюцца і ўзгадняюцца Канферэнцыяй.
У гэтым годзе ў Ватыкане будзе праходзіць Сінод Біскупаў аб сям’і, што будзе разглядаць пытанні і праблемы, на парозе якіх стаяць сучасныя сем’і.
Падчас апошняга пасяджэння Канферэнцыі было вырашана, каб кастрычніцкую малітву Ружанца зрабіць у інтэнцыі гэтага Сінода. Беларусь павінна аб’яднацца ў гэтай малітве.
— Хто звяртаецца ў ККББ?
У Канферэнцыю Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі можа звяртацца кожны з рознымі прапановамі і пытаннямі. І трэба, каб звярталіся.
— Гэта тычыцца не толькі святароў, але і свецкіх вернікаў?
— Так, канешне. Напрыклад, сёння вельмі шмат размоў ідзе пра кананізацыю Францішка Скарыны. У свецкіх медыя з’яўляюцца такія заявы, што Праваслаўная Царква выступае супраць, а Каталіцкі Касцёл дае згоду. Але так нельга сцвярджаць і пісаць, бо Канферэнцыя Біскупаў не атрымала аніякай прапановы, аніякага ліста, ніхто не звяртаўся, каб пачуць агульнае меркаванне Касцёла.
І калі хтосьці скажа, нават калі і святар выкажа меркаванне, то гэта будзе толькі яго прыватнае меркаванне. Бо голасам Каталіцкага Касцёла з’яўляецца Канферэнцыя. Толькі тады можна гаварыць, што Каталіцкі Касцёл “за” ці “супраць”, калі свой адказ агучыць Канферэнцыя.
Асабіста кажучы, было б вельмі добра, каб мы мелі яшчэ аднаго беларускага святога, але існуе яшчэ шмат пытанняў, з якімі найперш трэба працаваць гісторыкам.
Апрача таго, звяртаючыся ў Канферэнцыю, можна звяртацца да прадстаўнікоў пэўных канкрэтных радаў, камісій, якія створаны пры ёй: напрыклад, Рада па справах моладзі, па справах апостальства свецкіх, Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла і г.д.
Канферэнцыя павінна не толькі каардынаваць працу біскупаў, рыхтаваць пастырскі план, але яна таксама мае абавязак хутка адказваць на выклікі часу. Напрыклад, як тады, калі Канферэнцыя Біскупаў шматразова выказвалася па праблеме Украіны.
Трэба абавязкова рэагаваць на пытанні, якія сёння чакаюць адказу ці заклікаў да малітвы.
— Наколькі меркаванне Канферэнцыі ўлічвалася на дзяржаўным і грамадскім узроўні ў нашай краіне?
— Некалькі год таму, напрыклад, была зменшана колькасць прычын, па якіх дазваляецца рабіць аборты. Аднак гэта была ініцыятыва многіх канфесій, у тым ліку і Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Гэта рэакцыя мела не проста супольны аспект, але нават і экуменічны. Мы ўбачылі, што дзяржава прыняла гэта. У галіне абароны жыцця, вырашэння праблем у сям’і, розных сацыяльных праблем назіраецца даволі плённае ўзаемадзеянне з дзяржаваю.
— Калі звяртацца да пытанняў нашага соцыуму, а дакладней да моўнага пытання, то зараз – на этапе, калі беларуская мова пачынае заваёўваць сваё месца ўсё больш новымі, а дакладней «моднымі» спосабамі – тыпу праектаў “Мова нанова”, “Мова ці кава” і г.д., то што ў дачыненні да моўнага пытання мае ККББ?
— Я мяркую, што з усіх канфесій, якія існуюць у краіне, Каталіцкі Касцёл зрабіў вельмі шмат. У нас перакладзены і выдадзены ўсе літургічныя кнігі, фундаментальныя тэксты, дакументы Другога Ватыканскага Сабору. Падчас падрыхтоўкі апошняга з’явілася новая тэрміналогія, бо падчас перакладу многіх слоў не існавала ў беларускай мове. Вельмі хутка ў нас перакладаюцца энцыклікі, што з’яўляецца ўкладам не толькі ў жыццё Касцёла, але і ў беларускую культуру, бо гэта культура абагачаецца рэлігійным зместам.
Як успрымае беларускую мову грамадства –— іншая справа. Мы бачым, што ў краіне існуе не такая вялікая колькасць беларускамоўных школ і гімназій. Я сустракаюся са студэнтамі, з размовы з якімі магу заўважыць, што існуе недахоп у выкладанні прадметаў на беларускай мове. Але з боку Касцёла мы робім усё магчымае, бо, напрыклад, набажэнствы ў нас праводзяцца ў асноўным на беларускай мове.
Нядаўна адбываўся VI Міжнародны кангрэс беларусістаў; на жаль, Каталіцкі Касцёл не быў запрошаны на яго.
Я не ведаю, чым кіраваліся арганізатары кангрэсу, аднак мяркую, што, улічваючы тое, што Касцёл ці Царква займае вельмі важнае месца ў жыцці грамадства, асабліва Каталіцкі Касцёл, які зрабіў так шмат, каб развіваць беларускую мову ў духоўным, рэлігійным напрамку, прадстаўнікі рэлігійных канфесій павінны былі мець дачыненне да кангрэсу таксама.
Разам з тым, часцей за ўсё, Касцёл запрашаецца на такія мерапрыемствы.
— Якім можна лічыць узровень супрацоўніцтва Касцёла і навуковага асяродку ў нашай краіне?
— Асабіста мне неаднаразова прыходзілася прысутнічаць на канферэнцыях у БДУ, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце РБ. Я напісаў прынамсі два артыкулы, якія былі выдадзены ва ўніверсітэцкіх зборніках.
Таксама склаліся цёплыя адносіны з Інстытутам Кірыла і Мятода ў Мінску, Інстытутам філасофіі НАН РБ.
Некаторыя інстытуты, якія займаюцца пытаннямі сям’і, таксама прапануюць супрацоўніцтва і запрашаюць да ўдзелу ў сваіх мерапрыемствах.
Таксама паступіла ініцыятыва ад супрацоўніка Інстытута філасофіі НАН РБ аб сумеснай арганізацыі і правядзенні навукова-практычнай канферэнцыі, якая будзе прысвечана асобе святога Яна Паўла ІІ.
Ідзе праца над тым, каб падпісаць пагадненне паміж Каталіцкім Касцёлам і Акадэміяй Навук аб сумеснай працы.
Напэўна, хацелася б, каб супольнага і сумеснага было больш, але, як вядома, кожная вялікая дарога пачынаецца першым крокам. Я думаю, што першы крок якраз ужо адбыўся, а робіцца другі і трэці.
— ККББ складаецца са спецыяльных камісій, ці плануюцца «кадравыя змены» ў іх?
— Я ўпэўнены, што змены адбудуцца, бо ўсе кіраўнікі гэтых камісій са старога складу.
Зараз замест мінулых чатырох біскупаў у нас сем. На бліжэйшых пасяджэннях гэтае пытанне аб змене кадраў будзе паднята.
Мы бачым, што ў нас у Канферэнцыі цалкам новы склад. Магчыма, у гэтым таксама ёсць знак. Разам з тым мы ўдзячныя біскупам, якія працавалі да нас.
Мы ведаем, якая розніца існуе паміж Касцёлам на захадзе і ўсходзе краіны. Зараз на трох кіруючых пасадах якраз прадстаўнікі ўсходу, цэнтру і захаду. Гэта вельмі добра. Мы павінны адзін аднаму дапамагаць і вопыт адной дыяцэзіі пераносіць у другую.
Гутарыла Аксана Ючкавіч