Пошук


Сёння ў свеце даволі распаўсюджаны розныя формы акультызму і магіі. Многія хрысціяне займаюцца пэўнымі акультнымі рэчамі, не задумваючыся аб іх шкодзе. Аб тым, якую небяспеку нясе чалавеку акультызм, мы паразмаўлялі  са святаром-харызматыкам Аляксандрам Фаміных.

– Ксёндз Аляксандр, Вы займаецеся харызматычнай малітвай. Што гэта такое?

– Гэта малітва з ускладаннем рук, калі святар моліцца больш сваімі словамі. Але любая малітва, калі чалавек з верай моліцца, можа з’яўляцца харызматычнай. “Ойча наш” можна прачытаць, і яна будзе харызматычнай малітвай, ці які-небудзь псальм, або праз заступніцтва св. Міхала папрасіць аб розных рэчах: аб вызваленні ад алкаголю і г. д.

У першым пасланні апостала Паўла да Карынцянаў (1 Кар 12, 8-12) мы чытаем, што харызматы – гэта дар. Гэта дары пазнання, прароцтваў, дар веры, дар моваў і дар тлумачэння моваў. Бог дае гэтыя дары для служэння Касцёлу. І я гэта выкарыстоўваю. Гэта не мой дар, але дар Бога.

Калі я навярнуўся, то пачаў маліцца за людзей. Падчас вучобы ў семінарыі  ездзіў у Польшчу на рэкалекцыі. Духоўны айцец пастаянна запрашаў мяне дапамагаць маліцца, а ў Мінску ксёндз Ірэнэуш, праз якога я навярнуўся, запрашаў маліцца. І ўжо калі быў дыяканам, а пасля святаром, таксама маліўся.

Бог паказвае праз гэтую малітву, што Ён дзейнічае, што Ён жывы. Я ведаю святароў, якія маліліся праз пасрэдніцтва Багародзіцы… Святы Джавані Боско, напрыклад, маліўся праз Багародзіцу Успамогу хрысціянаў… Ён быў таксама свайго роду харызматыкам.

– Значыць, заступніцкая малітва і экзарцызм – гэта розныя рэчы?


– Канешне. Ёсць заступніцкая малітва, а ёсць малітва вызвалення, аб вызваленні ад зла. Ёсць такая спецыяльная форма малітвы. Гэтая малітва мае святарскую сілу, якую святар атрымаў ад біскупа пры пасвячэнні.

На малітву ж экзарцызму патрэбны абавязковы дазвол біскупа. Можна  атрымаць разавы дазвол, але ёсць і экзарцысты, якіх біскуп спецыяльна прызначае.

– Нядаўна пачула таксама такое сцверджанне, што некаторыя Айцы Касцёла лічылі святароў-харызматыкаў свайго роду ерассю, што харызматыкі – гэта новае цячэнне ў Касцёле… Як ставіцца да такой версіі?

– Калі людзі прызнаюць харызматыкаў ерассю, то, мабыць, яны не прызнаюць тое, што напісана ў Дзеях апосталаў і ў Першым пасланні  святога Паўла да Карынцянаў, а таксама ў Пасланнях да Эфесцаў і ў 12-й главе Паслання да Рымлянаў.  

У Ватыкане ёсць Рада па справах свецкіх, і пры гэтай Радзе ёсць аддзяленне, якое займаецца харызматычным рухам. Мы там былі на рэкалекцыях. Гэта дазволена.

Папы Ян Павел ІІ і Бэнэдыкт ХVI сустракаліся з харызматыкамі, і я думаю, што Папа Францішак зараз таксама сустракаецца.

Гэта зацверджана Касцёлам. Нельга казаць, што калі заступніцкую малітву  доўга не практыкавалі ў такім выглядзе, як зараз, то яе і няма. Гэтая малітва была заўсёды, толькі ў іншай форме. Святы Аўгустын таксама Айцец Касцёла, і ён піша аб гэтай малітве.

Гэта ўсё для дабра Касцёла, для дабра Божага. Таму людзі, якія выказваюць такія думкі – гэта нязгодныя з навучаннем Касцёла. Калі такія людзі кажуць, што гэта ерась, то яны тады называюць ерэтыком і Яна Паўла ІІ, і Бэнэдыкта ХVI, і Папу Францішка за тое, што яны сустракаюцца з харызматыкамі.

– Ксёндз Аляксандр, сёння адкрытым застаецца пытанне: чаму нельга хадзіць да бабуль-шаптух, народных лекараў і знахарак?

– Будзем спасылацца на Святое Пісанне. У Кнізе Другазаконня, 18-й главе, мы пра гэта чытаем… Зварот да знахараў, бабулек, магаў не тое што ставіць Бога на другое месца, але і зусім Яго задвігае. Гэтае ідалапаклонства – парушэнне першай запаведзі. У гэтым выпадку з’яўляецца хтосьці іншы, а не Бог.  

Шмат хто ведае, што да розных лекараў і знахараў хадзіць нельга, але ўсё роўна людзі ідуць, кіруючыся тым, што здароўе фізічнае вышэй за ўсё.

Фізічнае здароўе, канешне, важнае, але самае важнае – здароўе духоўнае.  Зварот жа да розных бабулек – вялікая пагроза духоўнаму здароўю.  

– Ведаю прыклад, калі ў адной вёсцы бабулька шаптала і казала пры гэтым, што мясцовы ксёндз ёй дазволіў маліцца над людзьмі, але не браць за гэта грошы. Дык ці ёсць выпадкі, калі Касцёл можа дазволіць чалавеку маліцца над іншымі?
 

– Кожны можа маліцца, калі, напрыклад, гэта заступніцкая малітва. Але гэта пажадана рабіць у прысутнасці святара, таму што так напісана ў  дакументах Касцёла.



 

Не ведаю, хто там каму даў дазвол, але для мяне гэта ўсё пад сумнівам. Ніколі нельга назваць малітву шаптаннем. Для мяне шаптанне – гэта штосьці, што знаходзіцца на парозе магіі. Нельга таксама кіравацца тым, што ў гэтага чалавека ў хаце вісяць абразы. Я чуў такое параўнанне: дапусцім, што чалавек заходзіць у банк з пісталетам у руцэ і з іконай, і страляе… Тое самае і тут. Невядома, адкуль гэтыя абразы, асвечаныя яны ці не…  

Я часта чую таксама ад людзей, што яны ўзялі вадзічку ў бабулькі, у якой бачылі абраз, а сама яна малілася над гэтай вадзічкай…

Па-першае: па кананічным праве асвячаць ваду можа толькі дыякан, святар або біскуп, але ніякая не бабулька, не дзядулька і г. д. Па-другое: людзі часцей за ўсё не чуюць, што канкрэтна гэтая бабулька кажа над вадой. Калі пытаю, што яна яшчэ рабіла пасля таго, як шаптала над вадой, то адказы часцей за ўсё такія: яечка катала, зернейка сыпала, воск вылівала і г. д.…

Звароты да людзей, якія не маюць нічога агульнага з Богам, прыводзяць да вельмі вялікіх духоўных праблем.

Напрыклад, у адной жанчыны былі вялікія праблемы. У яе былі дэпрэсіўныя станы. Яна ноччу прачыналася і бегала на возера тапіцца. Пастаянна плакала па начах. Аказваецца, калісьці яна хадзіла да радыёстэтаў. Яны там нейкімі ківачамі памахалі над ёй, здаецца, і вылечылі хваробы, таму што жанчына раней не магла хадзіць, але з пазваночніка хвароба перайшла ў духоўную сферу. З’явіліся думкі аб самазабойстве, пастаянныя дэпрэсіі.

Д’ябал падманвае заўсёды. Ён сам ацаляць не можа, а пераносіць хваробу ў іншую сферу. Са сферы фізічнай у сферу духоўную. У чалавека з’яўляецца страх, ён перастае спаць, думае аб самазабойстве і г.д.

– Выходзіць, што зварот да бабулек, варажбітак прыводзіць да свайго роду апантанасці?


– Апантанасць – гэта калі чалавек цалкам добраахвотна аддае душу д’яблу. А тут можа быць абцэсія. Д’ябал можа пастаянна праз гэта атакаваць. Чалавек, напрыклад, не можа маліцца падчас святой Імшы, праяўляюцца блюзнерскія думкі, а таксама думкі аб самазабойстве…  

– А як ставіцца да розных забабонаў, народных прыкмет і абрадаў?     

– Розныя прыкметы (кот перабег дарогу, папляваць трэба ці яшчэ штосьці, у люстэрка паглядзецца) – гэта так званая вера наадварот, вера негатыўная. У што мы верым, тое і атрымліваем. У Новым Запавеце таксама апостал Павел у Пасланні да Галатаў кажа, што ідалапаклонства з’яўляецца грахом. Верыць патрэбна ў Бога і звяртацца да Бога, а не да людзей незразумелых. Патрэбна проста падыйсці да святара і спытаць. На жаль, людзі баяцца, не прыходзяць да нас і не пытаюць.

А яшчэ зараз такі бізнес робяць. З Ізраіля прывозяць ніткі. Гэтыя ніткі каштуюць 300 тысяч. Іх прадаюць нібы з прычыны таго, што яны са Святой Зямлі. Гэта забабон, што нітка ахоўвае. Не нітка ахоўвае, а Бог ахоўвае чалавека. Нітка – гэта свайго роду талісман. Талісманы, абярэгі – гэта ўсё язычніцтва, ідалапаклонства, якое замяняе Бога, а Бог з’яўляецца шчытом.

– Чаму нельга займацца ёгай, чытаць гараскопы і глядзець “Бітву экстрасэнсаў”?    

– Адкуль гэты дар у экстрасэнсаў бярэцца? Будучыню ведае толькі Бог. Чалавек можа ў гэта ўлезці і потым не вылезці.

Кожны рух ёгі нясе рэлігійны сэнс, нават калі гэта гімнастыка. Чалавек, не разумеючы гэтага, адкрываецца на дзеянне зла. Гэта не мае словы, гэта словы Жан-Жака Верле, які доўгі час правёў у ашраме ў Непале. Над ім экзарцысты маліліся доўгі час. Зараз ён лідар супольнасці св. Юзафа ў Францыі. Яшчэ ёсць шмат сведчанняў людзей, якія былі калісьці інструктарамі ёгі, а потым навярнуліся. З усім усходнім патрэбна быць вельмі акуратным.

Гараскопы – гэта пакланенне молаху. Што можа сказаць зорачка – тварэнне?  Зноў жа, гэта ідалапаклонства. Бог – гэта Творца. Нельга пакланяцца стварэнню. У нас знак адзіны – Хрыстус.

– Такім чынам, скажыце, што трэба рабіць тым людзям, якія адчуваюць сябе дрэнна, таму што звярталіся да варажбітак, бабулек, знахараў ці займаліся іншымі акультнымі рэчамі?         

– Першае, што трэба зрабіць, – гэта падчас споведзі адрачыся ад тых акультных рэчаў, якімі чалавек займаўся, у імя Езуса. І прыйсці да святара, каб ён памаліўся.

Ёсць святары, якія моляцца аб вызваленні, аб вырашэнні праблемаў. Я адзін з такіх святароў. Вось ужо шмат гадоў у мінскім Чырвоным касцёле малюся, і да мяне гэтай малітвай ужо даволі доўгі час таксама маліліся святары. Я пачаў маліцца па нядзелях, пасля Імшы на 19.00.



 

Такую малітву называюць малітвай благаслаўлення, або заступніцкай. Гэтай малітвай святар, не будучы экзарцыстам, можа маліцца над людзьмі.

Часта не абавязкова праводзіць экзарцызм, а можна папрасіць святара памаліцца заступніцкай малітвай. Аднак бывае, што гэта доўгі працэс, і патрэбна памаліцца некалькі разоў. Самім людзям таксама абавязкова патрэбна маліцца, спавядацца і прымаць святую Камунію, а калі не дапаможа, то тады можна звярнуцца да экзарцыста.

Размаўляла Марына Валасар

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.