Пошук

16.05.2015 10:45  

Да Міжнароднага дня сем’яў мы ўзялі інтэрв’ю ў Святланы Радкевіч-Манько – шматдзетнай маці з Заслаўя. Святлана Казіміраўна – маці шасці дзяцей, верніца парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Заслаўі і парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску.

— Спадарыня Святлана, у сярэднестатыстычнай беларускай сям’і лічыцца «нармальным» мець аднаго-двух дзяцей. Калі дзяцей трое – сям’я лічыцца шматдзетнай. Вы, па беларускіх мерках, маці-гераіня, якая мае 6 дзяцей…

— «Маці-гераіня» – смешная назва. Для мяне вялікая сям’я – гэта ніякі не подзвіг, гэта тое, аб чым я заўсёды прасіла ў Айца Нябеснага. Па-іншаму я сябе ніколі і не ўяўляла. З самага дзяцінства я марыла мець вялікую сям’ю, вялікі дом, сваю зямлю.

— Але сёння гучаць самыя розныя аргументы супраць стварэння шматдзетных сем’яў… Кажуць і пра недахоп часу, і пра складанасці ў пытаннях дабрабыту, і пра абмежаванасць уласнай свабоды бацькоў. Як Вы самі спраўляецеся з усімі выклікамі для Вашай сям’і?


— Не смяшыце. Якія «аргументы»могуць быць супраць дзяцей? (усміхаецца)

Па-першае, я ніколі не была адна, нашых дзяцей мы выхавалі разам з мужам. Я лічу, быць бацькам – галоўная кар’ера для любога мужчыны, і я ўдзячна Вінцэсю за тое, што заўсёды быў побач, за яго падтрымку.



 

Па-другое, старэйшыя дзеці заўсёды дапамагаюць нам па гаспадарцы, і на іх можна разлічваць пры размеркаванні хатніх абавязкаў. У гэтым якраз хутчэй нашая перавага, а не наадварот. У нас пяць дачок і адзін сын: Александрына, Яніна, Стэфанія, Караліна, Урсуля і Марыян. Сыну Марыяну – 11 год, ён нарадзіўся акурат на Звеставанне Пана – 25 сакавіка. Нашай старэйшай дачцэ Александрыне – 29 год, малодшай Урсульцы – 9 год.

Па-трэцяе, менавіта дзякуючы дзецям мы адчуваем усю паўнату жыцця і Божую ласку. Мы моцныя, мы багатыя, мы маладыя і мы шчаслівыя якраз дзякуючы нашым дзецям, якраз таму, што нас шмат і мы разам. Калі сям’я павялічваецца, яна ўзбагачаецца, яна ўмацоўваецца, у тым ліку і ў духоўным жыцці. Усё, што трэба было нашай сям’і, Бог заўсёды даваў, я заўсёды адчувала сябе пад абаронай Айца Нябеснага. Калі выконваеш бацькоўскія абавязкі, калі ёсць аб кім клапаціцца, гэта сапраўднае шчасце – шчасце жыцця, якое дорыць Бог. З нараджэннем кожнага новага дзіцяці мы з Вінцэсем адчувалі сябе ўсё больш і больш шчаслівымі. Бацькоўства выводзіць сужэнцаў на зусім іншы ўзровень кахання. Мы з маім мужам на шостым узроўні (усміхаецца). Я лічу, што каханне без дзяцей – няпоўнае. Дзеці нараджаюцца ад вялікага кахання.

— Святлана Казіміраўна, мы ведаем, што Вашыя маці і бацька разам выхавалі восем дзяцей, яны жывуць у Баранавічах і пражылі няпростае жыццё. Раскажыце, калі ласка, пра Вашых бацькоў.


— Я ганаруся і дзякую Богу за маіх бацькоў, за нашу вялікую сям’ю. Мае бацькі  заўсёды былі прыкладам для мяне ў жыцці.



 

Тыдзень таму мой бацька Казімір Радкевіч адзначыў свой 70-ы Дзень Перамогі. Яму 89 год, столькі ж і маёй маці — Ганне Міхайлаўне, у якой не так даўно з’явілася прапраўнучка Ульяна. У шлюбе мае бацькі пражылі 66 год!

Іншым людзям даводзіцца маліцца і прасіць аб ласцы Божай, а маім бацькам Бог даў сваю ласку і апеку ад нараджэння. Мой бацька нарадзіўся ў час Божага Нараджэння і быў ахрышчаны напрыканцы 1925 года ксяндзом з навасадскага касцёла. Праз чатыры месяцы, на праваслаўнае Дабравесце, 7 красавіка 1926 года, на Севершчыне, пад Бранскам, на свет з’явілася і мая маці Ганна.

У 1939 годзе мой бацька паспяхова скончыў 7 класаў валахвянскай школы, а ў часы нямецкай акупацыі хадзіў у баранавіцкую медыцынскую школу, дзе пазнаёміўся з будучым святаром Аляксандрам Надсанам, з захапленнем слухаў лекцыі айца Льва Гарошкі, доктара Вайтэнкі…

У 1944-м 18-гадовым юнаком быў прызваны на фронт. У часы вайны служыў стралком-наводчыкам амерыканскай зенітнай батарэі Першага Беларускага фронта. Узнагароджаны медалямі «За вызваленне Варшавы» і «За ўзяцце Берліна».

Адразу пасля вайны накіраваны на службу ў нямецкі медыцынскі шпіталь, дзе змагаўся з сухотамі. Потым — два гады службы ў Расіі, дзе служыў санітарным інструктарам.

«У пасляваенныя гады служба ў Расіі была асабліва цяжкай, бо быў сапраўдны голад. Бохан хлеба мог каштаваць 100 рублеў пры кошце ў краме крыху больш за рубель, і тое не заўсёды можна было знайсці. За два гады службы пад Масквой стаў важыць амаль напалову менш — 45 кілаграм», — узгадваў бацька.

У 1937 годзе майго дзеда Міхаіла Пятровіча Лаўрухіна прысудзілі да васьмі год зняволення ў ГУЛАГу пад Магаданам за антысавецкую прапаганду, дзе ён і загінуў. Дзяцінства маёй маці Ганны, якая з 11 год выхоўвалася без бацькі,  было вельмі цяжкае. Падчас вайны, калі ішлі баі пад Курскам, немцы сагналі ў вялікі абоз жыхароў Браншчыны, Арлоўшчыны, Чарнігаўшчыны і пагналі іх на захад. У гэтым абозе маленькая Ганна разам з маці, сястрой і братамі прайшлі сотні кіламетраў пад гул бамбардзіроўшчыкаў… Позняй восенню 1943 года яны апынуліся ў канцэнтрацыйным лагеры «Шталаг 337» пад Баранавічамі. Адтуль маю маці, як старэйшую сярод дзяцей, немцы забралі на прымусовыя працы ў Германію.

Астатнюю сям’ю ўратаваў католік-хутаранін Мітрафан Юрчык, які з сястрой Надзеяй прыйшоў у канцлагер і, выдаўшы маю бабулю Алену Мікалаеўну і яе дзяцей за сваякоў, забраў у свой маёнтак. З нямецкага палону маці вярнулася ў 1945 годзе і пачала шукаць сваіх сястру і братоў, знайшла іх у вёсцы Валахва пад Баранавічамі, дзе і засталася жыць. У 1948 годзе маці пазнаёмілася з будучым мужам на танцах у клубе, а ў 1949 годзе – пабралася шлюбам. Але каб не вайна, бацькі маглі б і не сустрэцца.

Вайна, голад, цяжкая фізічная праца на працягу ўсяго жыцця — усе выпрабаванні, праз якія давялося прайсці маім бацькам, толькі ўзмацнялі іх веру, былі для іх яскравым сведчаннем Божай любові і рабілі нашу сям’ю яшчэ больш шчаслівай. Вера і апека Божыя заўсёды дапамагалі ім выжываць у самых неймаверных жыццёвых сітуацыях.

— У Міжнародны дзень сем’яў зычым Вашай вялікай сям’і моцнага здароўя, мірнага неба, непахіснай веры і Божай ласкі.


Сёння бацькі Святланы Радкевіч-Манько, Казімір Станіслававіч і Ганна Міхайлаўна, на жаль, ужо не могуць хадзіць. Але, дзякуй Богу, глядзець за бацькамі ёсць каму: Ганна Міхайлаўна, як і яе дачка – таксама шматдзетная маці, у яе восем дзяцей. У вялікай і дружнай сям’і Радкевічаў ёсць і будаўнікі, і мастакі, і нават фізік-ядзершчык. Дзеці Казіміра Станіслававіча і Ганны Міхайлаўны ўдзячны бацькам за тое, што навучылі працаваць, за любоў, за мір і за веру.

Размаўляў Павел Пракаповіч

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.