«Святарства — гэта мара, якая надае сэнс майму жыццю», — дзеліцца сваімі думкамі і развагамі пра сваё пакліканне да святарства Уладзіслаў Мінько, які паходзіць з Мінска, а зараз вучыцца на трэцім курсе Вышэйшай Духоўнай семінарыі ў Ломжы (Польшча).
Рэдакцыя catholic.by з нагоды тыдня малітваў аб пакліканнях да службы ў Касцёле знаёміць чытачоў з гісторыямі некаторых маладых людзей, якія ўжо адказалі сваё «так» на служэнне Богу і распачалі шлях падрыхтоўкі да святарства альбо манаскага жыцця.
— Як Вы распазналі сваё пакліканне да святарства?
— Няспынна яго распазнаю і выбіраю. Быў, аднак, момант, калі я зразумеў, што хачу яго распазнаваць. Яму папярэднічала шмат, як здавалася, выпадковых выбараў, здарэнняў, сустрэч, сяброўстваў… Цяпер, азіраючыся, бачу, што мала было выпадковасці: Хтосьці як бы далікатна падштурхоўваў мяне, каб я Яго ўрэшце заўважыў. Памятаю таксама, што падчас майго вяртання да Касцёла найвялікшае ўражанне, а можа і вырашальнае, зрабілі на мяне дзве рэчы.
Па-першае, гэта вочы хрысціянаў, якія незвычайным бляскам заўсёды выдаюць сваіх уладальнікаў. О, як я прагнуў, каб і мае вочы так зіхацелі! А другая рэч, якая з’яўляецца «бомбай» для маладога сэрца — гэта, канешне, любоў. Евангельская, радыкальная, да канца… Чытаў пра яе ў жыццях святых, бачыў у маіх тады яшчэ новых веруючых сябрах – і не разумеў, і хацеў таксама, бо адчуваў, што іх думкі і мары вышэйшыя і глыбейшыя за мае. І нешта іх усіх яднала… Гэта любоў ахвярная, не такая, пра якую раней марыў. Не раз лавіў сябе на тым, што, стоячы на каленях, малю Бога аб ласцы паклікання да святарства, каб мог так поўнасцю даць сябе… «Дык калі ж так прагну — можа, гэта яно і ёсць?» — падумаў я ў пэўны момант.
— Чым для Вас з’яўляецца святарства?
— Марай, якая надае сэнс майму жыццю. У святарстве спадзяюся рэалізаваць найглыбейшыя прагненні свайго сэрца, а гэта: любіць як мага дасканалей, несці Радасную Вестку там, дзе пра яе забыліся альбо не чулі, і зрабіць як найбольш для сваёй Маці-Радзімы. Яна больш за ўсё патрабуе сёння Хрыста. Святарства, да якога я імкнуся, — гэта быццё сведкам Езуса Уваскрослага, сведкам перамогі любові над нянавісцю, абыякавасцю і ўласнай слабасцю. А таксама шчырай усмешкай і чулым сэрцам для братка-беларуса. Во як! Карацей, святарства – яно цудоўнае…
— Семінарыя — час фармавання чалавека. Якія этапы трэба пераадолець, каб стаць святаром?
— Хіба немагчыма ў поўні адказаць на гэтае пытанне, будучы толькі на трэцім курсе. Разам з братамі згаджаемся з кс. Янам Твардоўскім: прыходзячы ў семінарыю, выглядаеш і паводзіш сябе, як «святы», але ім не з’яўляешся; потым і не з’яўляешся, і зусім не выглядаеш; далей пасля трывалага супрацоўніцтва з Божай ласкай з’яўляешся святым, але ім ну ніяк не выглядаеш; а ў дзень прыміцыі — і з’яўляешся, і выглядаеш! Галоўнае, а як жа цяжкае — гэта дазволіць Богу ачысціць сваё сэрца ад усялякіх планаў на сябе і святарства, а напоўніць даверам да Настаўніка і прагненнем Яго волі.
— Чаму хацелі б Вы навучыцца ў семінарыі менавіта ад святароў для сваёй будучай паслугі?
— Малітве і вернасці. Айцоўскай любові, каб кожны спатканы чалавек адразу адчуваў сябе патрэбным і любімым. Я хацеў бы, каб святары паказалі прыкладам, як перажываць святарства як пасію — «стаць усім для ўсіх, каб уратаваць прынамсі некаторых». І, канешне, хачу бачыць радасных святароў!
— Як заахвоціць сёння маладых людзей пайсці за Хрыстом і ахвяраваць сваё жыццё на службу ў Касцёле?
— Для гэтага не трэба многа выдумваць. Каб запаліць маладое сэрца, трэба самому гарэць! Трэба, каб вочы блішчэлі. Трэба проста кожнаму, хто завецца хрысціянінам, па-сапраўднаму ісці за Хрыстом.
Гутарыў кс. Юрый Марціновіч