«У мінулым, калі адкрытае вызнанне веры ў Беларусі ўскладнялася, многія людзі захавалі свой рэлігійны скарб у сем’ях. Пры гэтым вельмі ўражвае аднаўленне хрысціянскага жыцця ў апошнія 25 гадоў», — такую думку выказаў намеснік генеральнага дырэктара дабрачыннай каталіцкай арганізацыі «Рэнавабіс» Герхард Альберт.
Працоўная паездка па рэгіёнах Беларусі кіраўніка «Рэнавабіс» завяршылася ў сакавіку. У яе межах намеснік генеральнага дырэктара «Рэнавабіс» сустрэўся з прадстаўнікамі шэрагу партнёрскіх арганізацый Беларусі.
«У Беларусі я быў ужо шмат разоў, а ўпершыню наведаў краіну ў 1992 годзе, — прыгадаў нямецкі госць. — З таго часу Беларусь моцна змянілася, асабліва яе сталіца, якая была пашырана да адмысловага мегаполіса. Горад расце вялізнымі тэмпамі — вельмі адчуваецца прыток людзей у сталіцу з усіх частак краіны».
— Якой была Ваша паездка ў Беларусь гэтым разам?
— Як Вы ведаеце, задача Рэнавабіс — праз падтрымку Каталіцкага Касцёла ў Германіі аказваць падтрымку хрысціянам ва ўсходняй частцы Еўропы і дапамагаць братам па духу. Гэтай мэце служаць розныя сустрэчы з партнёрамі «Рэнавабіс» па праектах, а перадусім — з каталіцкімі біскупамі Беларусі, а таксама з Мітрапалітам Праваслаўнай Царквы.
Я суправаджаў у паездцы Марціна Ленца, які ў нашай арганізацыі адказвае за сувязі з Беларуссю. Асабліва мяне ўразілі прыходы і парафіі ў Мінску, а таксама «Карытас» і іншыя ўстановы хрысціянскай адукацыйнай працы. Пры гэтым мы сустрэлі шмат прыкладаў сапраўднага апостальскага служэння і моц веры — гэта тыя складнікі, якіх на захадзе Еўропы сёння ўсё больш бракуе.
На фота: прадстаўнікі беларускага «Карытас» з Гродна ў гасцях у «Рэнавабіс». У прысутнасці Герхарда Альберта (першы злева) і Марціна Ленца (другі справа)
— Як бы Вы ацанілі Беларусь у рэлігійным плане?
— У мінулым, калі адкрытае вызнанне веры ўскладнялася, многія людзі захавалі свой рэлігійны скарб у сем’ях і невялікіх групах. Пры гэтым вельмі ўражвае аднаўленне хрысціянскага жыцця ў апошнія 25 гадоў. Сёння гаворка вядзецца пра тое, каб у святле гэтай веры адказаць на новыя пытанні: дзе знайсці Бога сярод патрабаванняў, якія ставіць нам сучаснае жыццё?
Як мы, як хрысціяне, ставімся да чалавечай годнасці, створанай па Божым падабенстве? Гэта тыя пытанні, якія стаяць перад усімі веруючымі людзьмі сучаснасці. На гэтыя тэмы мы — хрысціяне Еўропы — павінны паміж сабой размаўляць.
— Як даўно Вы працуеце ў «Рэнавабіс»? Распавядзіце крыху пра сябе.
— У «Рэнавабіс» я з 1996 года. А з 2003 года я стаў членам дырэктарату і пастаянным прадстаўніком савета дырэктароў, на чале якога — святар (сёння гэта айцец Стэфан Дартман SJ). Перад тым, як прыйсці ў «Рэнавабіс», я працаваў у сакратарыяце Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Германіі ў Боне (з 1982 па 1995 гг.); ужо ў гэты час у мяне былі кантакты ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, у прыватнасці ў сёння ўжо былым СССР.
Вучыўся я ва ўніверсітэтах Эрлангена і Бона, вывучаў гісторыю і класічную філалогію. Па гісторыі ў 1981 годзе я абараніў дысертацыю. Нарадзіўся я 19 жніўня 1952 года ў біскупскім горадзе Бамбергу. У 1979 годзе ажаніўся з маёй жонкай Аннамарыяй. У нас чацвёра дзяцей, якія сёння ўсе ўжо самі трывала стаяць у жыцці.
— Якую ролю адыгрывае Беларусь у тых тэмах, якімі займаецца «Рэнавабіс»?
— Адну з важнейшых. Тэрыторыя сучаснай Беларусі з даўніх часоў з’яўляецца месцам сустрэчы паміж усходнімі і заходнімі традыцыямі культур і рэлігій у Еўропе.
Калі прыязджаеш сюды, разумееш, што якраз тут і можа расці надзея святога Яна Паўла ІІ, які казаў пра тое, што аднойчы Еўропа зноў пачне дыхаць «двума лёгкімі». Сёння ў нашай рэчаіснасці мы бачым, што да гэтага пэўны кавалак дарогі нам трэба яшчэ пераадолець. Тым больш патрабуецца ад нас увагі і пошуку сумесных крокаў. З гэтага пункту гледжання ў Беларусі мы зноў сустракаем прыклады мірнага ўзаемадзеяння ў Цэрквах і ў культуры, якія натхняюць.