Год таму, 18 студзеня 2014 года, кс. Алег Буткевіч з рук Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці атрымаў біскупскую сакру. Як прайшоў першы год біскупа Віцебскага Алега Буткевіча? На гэтыя і іншыя пытанні іерарх адказаў у інтэрв’ю для Сatholic.by.
«Маё адчуванне паўсюднасці Касцёла і яго культурнай разнастайнасці паглыбілася»
— Ваша Эксцэленцыя, дазвольце павіншаваць Вас з першай гадавінай біскупскай сакры. Якім стаў для Вас гэты год?
— Для мяне перадусім гэта быў год уваходу ў якасна новае служэнне Касцёлу. У сувязі з гэтым не маглі не адбыцца, зразумела, і пэўныя перамены ў асабістым жыцці — ад звычайных побытавых спраў і да душпастырска-адміністратыўных.
Ва ўсім гэтым, трэба адзначыць, найбольш адчувальным было павелічэнне абавязкаў і прынятай на сябе адказнасці.
— Ці шмат даводзілася падарожнічаць за апошні год? Якія месцы і якія візіты можаце ўзгадаць?
— Мінулы год фактычна стаў пачаткам маіх падарожжаў па свеце. Дагэтуль найбольш далёкім замежжам, куды даводзілася выязджаць, была Польшча. Пасля біскупскага пасвячэння амаль адразу мне пашчасціла наведаць Святую Зямлю і ўбачыць месцы, звязаныя з жыццём Езуса Хрыста — узысці на Галгофу, памаліцца пры Магіле Збаўцы і нават адслужыць святую Імшу ў Вячэрніку.
Не менш адметнай была і першая паездка ў Рым. Сярод базылік горада, канешне, найбольшае ўражанне на мяне, як таго, хто бачыць гэтую веліч і прыгажосць упершыню, зрабіла катэдра св. Пятра.
Для мяне ж гэты візіт супаў з удзелам ва ўрачыстасці кананізацыі Папаў Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ. Гэта былі незабыўныя ўражанні! У дадатак варта дадаць і сустрэчу з Папам Францішкам — сучасным наступнікам св. Пятра. Яна адбылася ўжо крыху пазней, у верасні, з нагоды фармацыйнай сустрэчы маладых біскупаў усяго свету, якая таксама праводзілася ў Рыме.
— Наколькі змянілася Ваша ўяўленне пра Касцёл, калі Вы сталі біскупам?
— Радыкальных зменаў у маім уяўленні пра Касцёл не адбылося. Але магу сказаць, што паглыбілася маё адчуванне паўсюднасці Касцёла і разумення важнасці культурнай і нацыянальнай разнастайнасці, якія яго ўзбагачаюць.
Гэткага разумення часта яшчэ не хапае нашаму асяроддзю, дзе паняцце «католік» усё яшчэ атаясамліваецца выключна з паняццем «паляк» і вельмі моцна «прыстае» да беларусаў, украінцаў, латышоў і нават рускіх.
— Ці давялося штосьці змяніць у распарадку дня або звычках?
— Новая пасада вымагае большай дысцыплінаванасці, а для гэтага патрэбна больш радыкальнае падпарадкаванне распарадку дня. Жыццё ўносіць, аднак, часта свае карэктывы, таму вяртанне да распарадку — гэта амаль няспынны працэс. Ва ўсім гэтым пачынаеш асабліва цаніць прызначаны на малітву і адпачынак час, бо «ненармаванасць працы» пакідае яго няшмат.
— Гледзячы на Віцебскую дыяцэзію вачыма біскупа: якія заданні яшчэ чакаюць свайго вырашэння?
— Спачатку я адзначыў бы тое каласальнае развіццё Віцебскай дыяцэзіі за пятнаццаць гадоў яе існавання. Пабудавана і ўзнята з руін вялікая колькасць святыняў, створаны і ўзноўлены парафіі — асабліва ва ўсходняй частцы дыяцэзіі, дзе разбурэнне было найбольш трагічным.
Штуршок наперад быў дадзены вельмі моцны. Але час зноў і зноў ставіць перад намі выклікі, на якія Касцёл павінен адказаць.
Першапачатковым заданнем для мяне, як біскупа, застаецца ўпарадкаванне службы святароў у дыяцэзіі згодна з патрабаваннямі не толькі Кананічнага права, але і дзяржаўнага. Побач з гэтым і рэгуляванне пытанняў, звязаных з касцёльнай маёмасцю, — гэтыя пытанні ад пэўнага часу паспяхова вырашаюцца. І, канешне, клопат пра душпастырскую працу з дзецьмі і моладдзю, а таксама з маладымі сем’ямі і тымі, хто плануе іх стварыць. Гэта вельмі важна.
Заданняў шмат, але досвед першага года дапамог мне яшчэ раз упэўніцца, што чалавек — гэта толькі прылада. Здзяйсняе справы сам Бог, а для Яго няма нічога немагчымага.
Падрыхтаваў Ілья Лапато
фота Аляксандры Шчыглінскай