Пошук

19.12.2014 15:00  

Гісторыі, якія распавядае экзарцыст айцец Ян Бялецкі з Севастопаля, здаюцца неверагоднымі. Кожны раз, калі ён прыязджае ў Рыгу, на прыём да яго выстройваюцца чэргі ў некалькі сотняў чалавек.

І можна было б колькі ўгодна адмахвацца і не верыць у тое, што экзарцызм (выгнанне дэманаў) не казачныя страшылкі, а абсалютная рэальнасць, калі б не сведчанні відавочцаў, якія на ўласныя вочы бачылі, якія страшныя рэчы адбываюцца з апантанымі людзьмі падчас чытання а. Янам пэўных малітваў і як многія з іх змяніліся пасля іх завяршэння...

Прапануем вашай увазе інтэрв'ю з а. Янам Бялецкім, святаром-экзарцыстам з Севастопаля. Пераклад Grodnensis.by.

Асцярожна: знакі задыяку!

Апынуўшыся ў сценах рэдакцыі, а. Ян адразу кінуў позірк на вялікага металічнага скарпіёна, які мірна жыў — дакладней, вісеў — у калідоры:

— Гэта трэба зняць са сцяны і вынесці адсюль. Дрэнны знак, ён прыносіць у дом сваркі і скандалы!

Угаворы, што гэта падарунак, зроблены добрымі людзьмі з лепшых меркаванняў, не дапамаглі. Айцец Ян быў непахісны і нават не дазволіў схаваць сувенір у шафу.

— У свеце існуе вялікая колькасць выяў і знакаў, якія простым людзям здаюцца бясшкоднымі, а сатаністы тым часам рэгулярна здзяйсняюць над імі рытуалы.


— А ўпрыгожванні з іншымі знакамі задыяку можна насіць?

— Нельга! Вы ж не ведаеце, што яны могуць азначаць. Той жа знак панны, напрыклад, з'яўляецца сімвалам распусты. І ў мностве іншых знакавых малюнкаў ёсць аднясенні да язычніцтва. Напрыклад, упрыгожванні ў выглядзе скарабеяў і намаляваныя на тканінах чэрапы сімвалізуюць смерць, а перавернутыя зоркі — цёмныя сілы.

— Але ж не спецыяльна падобнымі сімваламі ўпрыгожваюць сябе і свае дамы...

— Вядома, што не спецыяльна, але Люцыфера прыцягваюць.

Я на днях убачыў у вас у продажы з выгляду бяскрыўдную кнігу пра драконаў, якую выпусціла для дзяцей адно паважанае латвійскае выдавецтва, — гэта сапраўднае практычнае кіраўніцтва па сатанізме, падручнік чорнай магіі. Добрыя малюнкі — а на апошняй старонцы ў закамлюфаванай форме дзіцяці прапануюць заключыць пакт з цёмнымі сіламі. Для гэтага ўсяго толькі трэба ўпісаць у спецыяльныя графы прозвішчы бацькоў, сваё імя і падпісацца. Гульня, бачыце, такая. А на самой справе гэта заклік да страшнага ўчынку, наступствы якога паўплываюць на многія будучыя гады.

Чаму нельга хадзіць да экстрасэнсаў?

— Айцец Ян, Вы хочаце сказаць, што цёмныя сілы сапраўды існуюць і ёсць людзі, якія ўмеюць імі кіраваць?

— Буду казаць проста: кожная моц мае крыніцу, з ніадкуль яна не з'яўляецца. І «аўтарам» чорнай сілы можа быць толькі д'ябал.

Нядаўна да мяне ў Севастопаль прыязджаў адзін салідны палкоўнік з сям'ёй. Яго сын-студэнт аднойчы ўбачыў у сне сатану, пасля чаго юнака стала пераследваць нячыстая сіла: у інтэрнаце сярод белага дня нехта здаваўся, па начах мучылі кашмары...

Бацька быў упэўнены, што сын проста выдумляе. Але весці яго да ўрача не рызыкнуў: маладога чалавека адназначна паклалі б у псіхіятрычны шпіталь, — на гэтым кар'ера ваеннага скончылася б. Таму перш за ўсё яны вырашылі прыехаць да мяне.

Пайшлі мы ўсе разам маліцца ў капліцу. Палкоўнік ўсім сваім выглядам паказваў, што да рэлігіі і канкрэтна да экзарцызму ставіцца вельмі несур'ёзна. Бог паказаў яму, што ёсць праўда, а што хлусня. Справа ў тым, што ў святыню ў гэты дзень прывялі апантаную жанчыну. І калі я пачаў маліцца, яна ў страшнай злосці стала на мяне кідацца, а ў кульмінацыйны момант раптам паднялася ў паветра.

Палкоўнік як убачыў гэтую карціну, так з жахам коркам вылецеў з капліцы. Так хацелася яму ўслед крыкнуць: «Абаронца Айчыны, куды ты уцякаеш?»

Але галоўнае — убачыўшы на свае вочы дзеянне нячыстай сілы, гэты чалавек змог паверыць у існаванне Бога. І ў касцёл ён пачаў хадзіць рэгулярна, і хлопчыка яго мы вымалілі і вярнулі да нармальнага жыцця.

— А з дапамогай якой сілы, на Ваш погляд, дзейнічаюць экстрасэнсы і так званыя белыя магі, якія таксама выкарыстоўваюць абразы і малітвы і ратуюць людзей ад самых розных захворванняў?

— Я асабіста нікога ні ад чаго не ратую. Я проста звяртаюся да Бога з малітвамі аб дапамозе для канкрэтных людзей. І, дзякуючы малітвам, аздараўленне да людзей прыходзіць не ад мяне, а ад Бога.

Калі я хоць на момант прыпішу сабе заслугі чыйго-небудзь аздараўлення, Бог адразу ж перастане слухаць мае просьбы. Невыпадкова экзарцызмам святар можа займацца толькі з благаслаўлення біскупа.

А што тычыцца экстрасэнсаў, лекараў і ўсіх тых, хто нібыта валодае нейкімі адмысловымі энергіямі, то хадзіць да іх - смяротны грэх, за які прыйдзецца потым адказваць, калі не вам, то вашым дзецям ці ўнукам. Таму што ўсе яны працуюць з дапамогай адкрытага трэцяга вока, якое па волі Бога ў нармальнага чалавека павінна быць закрытым.

Па гэтай жа прычыне чалавек не мае права адкрываць сабе ці іншаму чалавеку чакры, працаваць з энергетыкай і аўрай, а таксама даваць магчымасць бачыць, нібыта, мінулыя падзеі з жыцця.

Гэтак жа небяспечна гадаць пра будучыню.

— І вясковыя бабулі, якія загаворваюць дзіўную хваробу пад назвай рожа, таксама, значыць, дзейнічаюць не па-Божаму?

— Іншая справа, калі тая ж вясковая бабуля дапамагае людзям з дапамогай траў, якія яна сама збірае і ведае, як імі лячыць. І горача моліцца Богу за хворага чалавека. Яна не праводзіць ніякіх рытуалаў і загавораў — адпаведна, не ўступае ў змову з нячыстай сілай. Галоўнае, трэба дакладна ўсвядоміць: магія не можа быць чорнай або белай. Любая варажба — гэта мярзота ў вачах Бога.

[Чытайце таксама: У чым зло акультызму і магіі?]

— Што хаваецца за снамі? Ці можна давяраць снам?

— Сны, у якіх нам паведамляюць нейкую ісціну, даюцца ад Бога. Святы Юзаф бачыў прарочыя сны. А страхамі, вядома, мучыць людзей толькі сатана.

— А разгадваць незразумелыя сны можна?

— Не! Як гаворыцца, чым далей у лес, тым больш дроў. Калі часта сняцца незразумелыя сны, то бясконцыя іх разгадванні могуць захапіць настолькі, што можа і дэпрэсія пачацца, і захворванні псіхікі.

— Як праяўляюцца сурокі (порча)? Чаму да адных людзей пастаянна ліпне ўсялякая гадасць у выглядзе сурокаў, а да іншых — ніколі?

— Гэта залежыць ад маральнага стану, як самога чалавека, так і ўсяго яго роду ў цэлым. Калі стан слабы, нават самы прымітыўны рытуал падзейнічае на яго імгненна. Як правіла, з часам такому чалавеку пачынаюць сніцца кашмары, затым ён упадае ў дэпрэсію, перыядычна чуе нейкія галасы, а часам сілай погляду нават рухае прадметы.

Іншыя праявы сурокаў — пастаянныя хваробы, няўдачы, разбурэнне планаў. Здараецца, што ў немаўлятаў напярэдадні хрышчэння рэзка падымаецца тэмпература. Усё гэта сігналы таго, што нехта «папрацаваў». Асноўнымі ахвярамі рытуальных дзеянняў часцей за ўсё становяцца жанчыны і дзеці.

Мне даводзілася праводзіць экзарцызм нават над аднагадовым дзіцём. Па начах яно крычала, як велізарны мядзведзь, і гэты роў людзі чулі на вялікай адлегласці. Цікавая асаблівасць: калі людзі чуюць, як раве апантаны, яны падаюць на калені...

Быў выпадак, калі падчас набажэнства адну апантаную жанчыну не маглі ўтрымаць на месцы шасцёра дарослых мужчын. З боку гэтая карціна нагадвала карыду: жанчына, як раз'юшаны бык, падкідвала ў паветра «тарэадораў».

А калі яна зараўла, здаровыя мужыкі, не змаўляючыся, упалі на калені і пачалі маліцца. Потым да мяне падышоў адзін прафесар і сказаў, што калі б на свае вочы не ўбачыў гэтай карціны, то ў жыцці не паверыў бы ў рэальнасць таго, што адбываецца.

Як выганяюць дэманаў?

— Я нядаўна паглядзела дакументальны фільм пра тое, як у далёкай расійскай правінцыі святар выганяе з апантаных людзей дэманаў. Дзве ночы потым спаць не магла — страшна!

— У мяне быў выпадак, калі да мяне прыстаў сусед-кадэбэшнік. Варта было яму трохі выпіць, як ён уставаў пад маім акном і пачынаў здзекавацца: «Гэй, вар'ят! Ты навошта сабраў іншых вар'ятаў і молішся?» Аднойчы я не вытрымаў. Усё, кажу, ты мяне дастаў. І ледзь не сілай павёў яго ў храм. Стаў маліцца, каб Пан яго навярнуў. І раптам гэтага чалавека так скруціла, так стала кідаць з боку ў бок! З цяжкасцю ўдалося ўсё гэта спыніць.

На наступны дзень выходжу з хаты - сядзіць на лавачцы і пакорліва так мне кажа: «Добрай раніцы, дарагі айцец Ян! Прабачце мне, дурню».

— Якая ж у Вас усё-такі складаная місія!

— Так, місія цяжкая. Але што зробіш, адступаць нельга. Калі ў вас у Прыбалтыцы мяне таемна пасвячалі ў святары, сказалі: «Ты можаш праводзіць экзарцызмы, але не маеш права нідзе пра гэта аб'яўляць». І адправілі служыць у Афганістан, дзе неўзабаве да мяне сталі прыводзіць дзіўных людзей...

Я страшна баяўся: ці магу нешта зрабіць для іх, выкарыстоўваючы экзарцызм? Ці спытае з мяне Бог за тое, што я карыстаўся ці не карыстаўся гэтым правам?

А потым зразумеў: сумнявацца нельга. Таму што выганяць з апантаных людзей дэманаў - гэта місія ўсіх святароў. Хрыстус так і сказаў апосталам: ідзіце навучайце, выганяйце дэманаў, лячыце.

— Ці можа ахрышчаны чалавек стаць апантаным?

— Вядома. Да мяне адна жанчына прыходзіла ўся ў слязах. Кажа, што ў яе на пару з братам у жыцці ўсё развальваецца па зусім незразумелых прычынах. Я пачаў маліцца, потым кажу: «Ці праліў хто-небудзь з твайго роду шмат нявіннай крыві?»

Жанчына ўвесь тыдзень высвятляла дробныя падрабязнасці жыцця свайго роду. І потым бабулька ёй прызналася, што аднойчы яе бацька знішчыў цэлы цыганскі табар...

Быў выпадак, калі да мяне прывезлі зусім маленечкую дзяўчынку, якая пакутуе на эпілепсію. Паглядзеў я на малую і гавару яе маці: «Вы шмат абортаў, напэўна, зрабілі». Яна абурылася: «Што Вы! Ніколі ў жыцці!» Тлумачу: «Значыць, іх рабілі іншыя жанчыны з Вашага роду». Праз пару дзён яна, плачучы, прыйшла зноў. Даведалася, што яе мама зрабіла трынаццаць абортаў, а свякроў... семнаццаць!

Пасля мяне папрасілі дапамагчы іншай жанчыне: яна некалькі месяцаў не магла справіцца з рыданнямі пасля таго, як атрымала вестку пра тое, што яе адзіны любімы сын загінуў на вайне ў Чачні.

Я нахіліўся да яе і зразумеў: гэты сын быў яе другім дзіцём. А першае дзіця, якое ёй паслаў Бог, яна вырашыла забіць яшчэ да з'яўлення на свет. Тады страшную боль за яе ўчынак адчуў сам Бог, зараз надышла яе чарга зразумець, што адчувае Бог, калі чалавек забівае Яго дзяцей...

Мы часта думаем: чаму з намі адбываюцца гэтыя прыгоды, за што мы атрымліваем ўдары лёсу? Прычыны заўсёды ёсць. І адказы абавязкова даюцца праз некаторы час.

Аборт — гэта забойства дзіцяці. Страшны грэх, за які трэба адказваць.

Як адмаліць грэх аборту?

— Што, паводле вучэння Касцёла, трэба рабіць жанчынам, якія па няведанні або ў сілу нейкіх іншых прычын рабілі аборты?

— Па-першае, трэба чытаць малітвы "Ойча наш", "Biтай, Марыя" і "Веру". Па-другое, вызнаць грэх на споведзі і папрасіць у Бога прабачэння.

Па-трэцяе, трэба ад аднаго да пяці разоў прыняць Святую Камунію ў інтэнцыі свайго ненароджанага дзіцяці, молячыся: «Праз заступніцтва Найсвяцейшай Багародзіцы Дзевы Марыі прашу Цябе, Айцец і Дух Святы, даруй мне грахі. Дзеці мае, прабачце мне. І як узнагароджанне, Пане, прымі ад мяне ахвяру - Камунію за выратаванне душы забітага праз аборт дзіцяці».

Трэба разумець, што душы забітых ва ўлонні маці малых пераходзяць у іншы свет з першародным грахом. 

Я да гэтага часу памятаю, з якім замілаваннем адна жанчына мне распавядала, як пасля прыняцця Камуніі за сваё ненароджанае дзіця ёй ноччу прысніўся дзіўны сон. Малюсенькая дзяўчынка танцавала ў яе на далоні, смяялася і казала: «Дзякуй».

— Айцец Ян, а ці трэба наогул баяцца цёмных сіл?

— Трэба давярацца Пану.

І не трэба побач з крыжыкам насіць кулон са знакамі задыяку або іншымі незразумелымі знакамі, талісманамі. Дзе ў Евангеллі ёсць указанні на гэтыя выявы? Трэба думаць пра тое, для чаго яны наогул сёння прапагандуюцца. Для таго, каб адвесці чалавека ад знакаў Хрыста і хрысціянства ў цэлым.

Паводле ўкраінскага партала Рух Святло-Жыццё (пераклад Grodnensis.by), (IL)

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа