Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у эксклюзіўным інтэрв’ю для Catholic.by распавёў пра першы дзень працы ІІІ Надзвычайнай сесіі Сіноду Біскупаў, у якім ён прымае ўдзел, і адзначыў асаблівыя моманты сёлетняга Сіноду.
— Ваша Эксцэленцыя, як Вас сустрэў Рым? Ці адчуваецца там атмасфера набліжэння надзвычайнай сесіі Сіноду?
— Рым сустрэў небывалым цяплом, тут каля 25 градусаў. Паўсюль адчуваецца атмасфера Сіноду: шмат пытанняў, на якія пакуль што няма адказаў. Такой напружанасці за ўсе мае папярэднія сем Сінодаў, у якіх я прымаў удзел, яшчэ не памятаю.
На Сінодзе я адзін з Беларусі. На адкрыцці Сіноду прысутнічаў таксама біскуп Антоні Дзям'янка, які прымае ўдзел у пленарным пасяджэнні Рады Біскупаў Еўропы.
— Як арганізаваны начлег?
— Я жыву ў вельмі жывапісным месцы ў Рыме — у адным з пакояў універсітэта Урбаніянум. З акна майго пакоя Рым бачны як на талерцы.
— Якія ўмовы для працы біскупаў на Сінодзе?
— Біскупы падчас Сіноду прабываюць у зале Сінодаў. Падчас перапынку можна схадзіць на каву ў атрыум залы Паўла VI. Кожны біскуп мае адпаведнае месца ў зале Сінодаў, якое нельга змяняць. Даклады ідуць на італьянскай, англійскай, іспанскай, французскай і нямецкай мовах з сінхронным перакладам. Поруч са мной падчас пасяджэнняў сядзіць арцыбіскуп з Бухарэста.
Прамовы біскупаў не публікуюцца, чаго раней не было. Таксама нельга агучваць тое, аб чым гаворыцца на Сінодзе. Аднак штодзень у прэс-цэнтры праходзіць адмысловы брыфінг.
Таксама ў зале Сіноду нельга мець пры сабе ніякіх прыстасаванняў для запісу. Як я ўжо ўзгадаў, адзіная інфармацыя даецца на штодзённых брыфінгах. Аднак інтэрв'ю даваць не забаронена.
— З чым звязаныя такія абмежаванні?
— Гэта зроблена для таго, каб біскупы адчувалі сябе больш свабоднымі ў выказваннях. Прыстасаванні для запісу часам могуць бянтэжыць.
Сярод пытанняў Сіноду — новыя выклікі часу
— Якія тэмы стануць найбольш гарачымі падчас працы?
— Я ўжо сустрэў шмат біскупаў, якія моляцца ў чаканні таго, што гэты Сінод дапаможа ў вырашэнні праблем сям'і. Тэма Сіноду вельмі актуальная.
На жаль, сёння чалавек часта не ведае вучэння Касцёла аб сям'і, а калі і ведае, то не выконвае яго, асабліва ў галіне адзінства і непарушнасці сям'і. Аднак гэтае пытанне не павінна паддавацца дыскусіі.
Сям'я павінна быць пратаганістам Евангелля праз малітву і сведчанні. У той жа час Касцёл павінен быць адкрытым домам для ўсіх і лячыць раны ўсіх — нельга выключаць з Касцёла і яго апекі тых, хто перажывае цяжкасці.
Вельмі нямногія католікі паздзяляюць ідэалогію гомасексуальных саюзаў і ідэалогію гендару, хоць СМІ і пастаянна пра гэта кажуць. Тут жа — пытанне сексуальнай фармацыі моладзі.
Таксама новым выклікам з'яўляецца сумеснае жыццё мужчыны і жанчыны як без грамадзянскага шлюбу, так і без касцёльнага благаслаўлення. Касцёл павінен памятаць аб пастырскай апецы разведзеных асобаў і тых, хто ўступіў у шлюб у другі раз.
Пытанне аб Камуніі для такіх людзей неабходна шукаць у адпаведнай падрыхтоўцы да сужэнства, каб тыя, хто мае намер заключыць шлюб, разумелі яго значэнне, як Богам усталяванага інстытута. Апошнім часам шмат гавораць і аб неабходнасці спрашчэння практыкі прызнання несапраўднасці шлюбу. Усе гэтыя аспекты будуць абмеркаваны на Сінодзе.
— Як прайшоў першы дзень Сіноду?
— Праца Сіноду мае свой графік — 9.00-10.30, 11.00-11.30, 16.30-19.00. Першы тыдзень (ад панядзелка да пятніцы) будзе прысвечаны так званым «генеральным кангрэгацыям», падчас якіх будуць выступаць удзельнікі Сіноду. Напачатку галоўны дакладчык, затым выступаюць біскупы згодна з тэмай, якую яны выбралі з так званага «Instrumentum laboris» («Працоўнага дакументу»).
Біскуп рыхтуе сваю прамову, якая не павінна перавышаць сямі тысяч знакаў з прабеламі, і высылае яе ў Ватыкан. На Сінодзе біскуп можа прамаўляць толькі адзін раз. Пры гэтым яго даклад не павінен перавышаць чатырох хвілін, таму свой даклад трэба адаптаваць. Звычайна ў дзень адбываюцца дзве «кангрэгацыі»: ранішняя і вечаровая. Розніца палягае на тым, што вечарам «кангрэгацыя» праходзіць у выглядзе свабоднай дыскусіі.
— Ці ёсць ва ўдзельнікаў Сіноду магчымасць падысці і пагутарыць з Пантыфікам?
— Пра гэта я магу сказаць, абапіраючыся на першы дзень працы Сіноду. Сёння прыблізна за паўгадзіны да пачатку, калі біскупы яшчэ знаёміліся адзін з адным, нечакана прыбыў Папа. У сваёй простасці ён падышоў да біскупаў і кожнага з нас прывітаў за руку, у тым ліку і тэхнічных супрацоўнікаў.
Таксама падчас паўзы на каву Пантыфік не пайшоў адпачываць, а знаходзіўся з удзельнікамі Сіноду. Зразумела, што да яго выстраілася вялізная чарга і Святому Айцу было не да кавы. Не ведаю, як Папа прыбыў на распачацце Сіноду, але з Сіноду ў гасцініцу ён ішоў пешшу і без суправаджэння. Гэта вельмі прыемныя знакі сціпласці і адкрытасці Папы, што было ацэнена ўдзельнікамі Сіноду.
Падрыхтаваў Ілья Лапато